Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
Мікалай трасянуў галавой, часта заміргаў, быццам не верачы ўбачанаму.
— Каця, што тут такое, чаму ты голая, што за людзі? — прагаварыў ён і зноў паглядзеў на каўказцаў.
— Кто этот слнзняк? — тузануў Кацярыну за валасы чарнявы.
— Як хто! — устаючы на ногі, цверазеючы, рашуча ўскрыкнуў Мікола і стукнуў сябе кулаком у грудзі.— Я муж, а вось ты хто?
На нейкі момант у пакоі ўсталявалася цішыня, было чуваць, як на кухні мерна цікаў гадзіннік, каўказцы, што прыйшлі пазней, раптам утаропіліся ў Ашота. Той, што трымаў Кацярыну, па ўсім, галоўны, злосна закрычаў нешта незразумелае. Прышчаваты Ашот, вінавацячыся, нешта буркнуў у адказ і рэзкім ударам нагі спыніў Мікалая, калі той хацеў адштурхнуць ад Кацярыны незнаёмца, у якога на правай шчацэ змяёй заварушыўся барвяны шнар. He звяртаючы ўвагі на Мікалая, які як нежывы паваліўся на падлогу, той пагрозліва прашаптаў ёй у твар:
«Ты нас обманула, сука, дэньгн взяла н прнвела к мужу. Мы так просто нэ платнм, отработаешь, а муж будэт на тебя смотреть, пусть знает твой промысел...»
Ён яшчэ нешта сказаў, і адразу двое, што з ім прыйшлі, замітусіліся, падхапілі Мікалая пад рукі, усадзілі ў крэсла насупраць ложка. Ашот прынёс вады і плюхнуў яму ў твар. Калі Мікалай ачомаўся, яму закруцілі рукі за спінай і моцна прывязалі да крэсла. Той, што трымаў Кацярыну, задаволена ўсміхнуўся:
«Теперь посмотрнм, что ты умеешь...»
Гэтая ноч для Кацярыны ператварылася ў кашмарны сон. Напачатку яна спрабавала супраціўляцца, але сілы былі няроўныя, і праз некалькі хвілін, зняможаная, заплакала, час для яе спыніўся...
П’яная оргія працягвалася да самай раніцы. Кацярыне сілком залівалі ўрот гарэлку, аблівалі шампанскім, прымушалі танцаваць, білі, калі яна спрабавала адмаўляцца рабіць тое, што ад яе патрабавалі... Калі Мікалай стаў крычаць, яму
кляпам заткнулі рот, падсунулі з крэслам да ацяпляльнай батарэі і прывязалі за шыю да трубы. Яны хацелі, каб ён усё бачыў, калі, унікаючы глядзець на жонку, ён заплюшчыў вочы, яму ў іх уставілі запалкі. Так да самай раніцы ён нерухома і адседзеў. Пакідаючы кватэру, каўказцы зрабілі Кацярыне нейкі ўкол. Яна страціла прытомнасць і ачомалася толькі праз два дні ў бальніцы.
Сваім выратаваннем Кацярына абавязана была Мікалаю. Яму, як і ёй, увялі вялікую дозу наркотыку і, каб не пакідаць слядоў гвалту, развязалі, паклалі ў ложак побач з жонкай, але Мікалай пад наркатычным уздзеяннем скокнуў з балкона. Калі міліцыянеры выламалі дзверы ў кватэру, знайшлі Кацярыну, і дактары, як кажуць, выцягнулі яе за вушы з таго свелу...
Потым было следства. Кацярына нічога не ўтойвала, расказала, як было. Яе некалькі разоў выклікалі ў пракуратуру, задавалі блытаныя пытанні, не маглі паверыць, што яна так адпомсціла мужу, але Кацярына стаяла на сваім, і дзесьці праз паўгода пра яе забыліся. Часцяком пачаў наведвацца сусед Федзька. Яна не працівілася: ён прыносіў віно, і пасля некалькіх кілішкаў Кацярына забывалася пра ўсё. Потым пачалі заходзіць і іншыя, Кацярыне было ўсё роўна, абы прыносілі гарэлку...
Кацярына прачнулася з адчуваннем, што яна не адна ў пакоі. Яна села і трывожна агледзелася. У гэты момант у акно з-за чорнага воблака сарамліва зазірнула поўня, і адразу на сцяне заварушыліся цені. Кацярына сцялася, адчула, як па целе прабеглі нервовыя дрыжыкі, і ў наступны момант убачыла Ашота. На ягонай галаве тырчалі вялізныя, чырвоныя, іскрыстыя рогі, прышчаватая морда свяцілася сінім светам. Ён, заклаўшы рукі за спіну, хітравата пазіраючы на Кацярыну, прайшоўся ўзад-уперад па сцяне, падміргнуў чырвоным вокам, ухапіў сябе за доўгі хвост і какетліва замахаў ім. Кацярына паціху, не адводзячы спалоханага позірку ад Ашота-чорта, прашмыгнула на кухню, але рагаты ўжо хадзіў па падаконні. Ён лёгка пераскочыў з газавай пліты на стол і, не зважаючы на гаспадыню, прыстукваючы капытамі, пачаў адбіваць чачотку.
— А помнншь, Катька, как ты голая плясала?..
Кацярына, робячы выгляд, што ўважліва слухае, дрыжачаю рукою ўзяла са стала нож і, калі няпрошаны госць наблізіўся да яе, з усёй моцы ўдарыла яму ў грудзі... Лязо слізганула па сцяне, зламалася і параніла руку.
— Так гостя не встречают! — пачула Кацярына голас над галавой.
Чорт хадзіў па столі і смяяўся. Яна запусціла ў брыдкую морду пустой бутэлькай, у адказ пачуўся грамавы рогат. Другая бутэлька паляцела ўслед за чортам у акно... Раз’юшаная Кацярына бегала па кватэры, шпурляла чым папала ў чорта, кідалася са зламаным нажом на сцены і ніяк не магла дагнаць агідную пачвару...
Калі ўзламалі дзверы, Кацярына кінулася на «чорта», апранутага ў белы халат, другі «чорт» у міліцэйскай форме спрытна закруціў ёй рукі за спіну...
ЦУКЕРКІ АД БАЦЬКІ
Машына скрыгатнула тармазамі і спынілася сярод дарогі, ля вялікай дажджавой лужыны. Двое дзяцей стаялі басанож у жаўтаватай вадзе і тонкімі дубчыкамі падпіхвалі папяровыя караблікі, якія здалёк вылучаліся сваёй белай чысцінёй, Хлопчык і дзяўчынка заўзята боўталі ў вадзе худзенькімі нагамі. Хвалі беілі ад іх ва ўсе бакі і былі для маленькіх караблікаў «штармавымі». Яны бездапаможна гойдаліся на вадзе, і калі адзін з іх ці два, ці ўсе тры затапляла, вясёлы гучны смех успуджваў невялічкую чараду вераб’ёў, якія ўладкаваліся непадалёку на бярозцы. Вераб’і весела цвіркалі, трапяталі крыламі, узляталі, але абранага месца не пакідалі, бо ніякай небяспекі сабе не бачылі. Гульня так захапіла дзяцей, што яны нават не пачулі, як пад’ехала машына. I дождж, відаць, таксама не быў ім перашкодай. Іх адзенне было мокрае, і сонца, якое выглянула з-за хмары, блішчала ў валасах, на тварах, руках вадзянымі кроплямі.
Антон Качан хацеў пасігналіць ды пераехаць лужыну, але ў апошні момант перадумаў. Ён дакрануўся рукой да жончынага пляча.
— Звядзі з дарогі,— кіўнуў ён на дзяцей,— ды заадно папытайся, дзе дом нумар чатырнаццаць... Толькі хутчэй, мы і так познімся...
Тэрэза з дакорам паглядзела на мужа. Мясіць гразкую дарогу моднымі бліскучымі басаножкамі ёй не хацелася.
— А можа, аб’едзеш? — нясмела спытала яна.
— Можна і аб’ехаць,— і, разглядаючы новыя чатырохпавярховыя будынкі, незадаволена буркнуў: — На ўсёй вуліцы ніводзін дом не пранумараваны... Адгадай тут, у якім твая сяброўка спраўляе ўваходзіны?
Ён адчыніў дзверцы і, вылазячы з машыны, прымірэнча прамовіў:
— Ну добра, сам папытаюся. Толькі ты свае басаножкі ўсё ж запэцкаеш... Глянь, што робіцца ў дварах. Да пад’езда хіба толькі трактарам можна пад’ехаць.
Тэрэза і сама заўважыла, што ад дарогі да кожнага дома цягнуцца сцяжынкі, вымашчаныя дзе дошкамі, а дзе і цэглай. Пасля дажджу і гэтыя пераходы апынуліся ў вадзе. «Прыйдзецца, як гэтым замурзаным дзецям, скідаць абутак і шыбаваць напрасткі па гразі»,— падумала яна і міжволі адчула, як холад працяў ногі, быццам яны ўжо цяпер стаяць у вадзе.
Між тым Антон падышоў да хлопчыка і дзяўчынкі.
— А што, капітаны,— весела гукнуў ён,— можа, і майму «крэйсеру» пад назвай «Жыгулі» дазволіце пераплыць ваш акіян?
Дзеці разам азірнуліся. Ад нечаканасці Антон скалануўся. На твары так і застыла, бы прыклеілася, усмешка. Вочы акругліліся, пашырэлі і ці то са спалохам, ці то з затоенай радасцю паўзіраліся ў загарэлыя твары хлопчыка і дзяўчынкі. На бацьку глядзелі родныя дзеці!
Старэйшая, Аленка, а ёй не так даўно споўнілася восем год, была вельмі падобная на Антона. Гэткія, як і ў яго, шэрыя вочы, шырокія чорныя бровы, а капрызна сцятыя вусны рабілі яе твар занадта сур’ёзным для дзіцяці. Яна моўчкі глядзела на бацьку, і па радасным агеньчыку ў вачах было відаць, што пазнала яго, але разгубілася і не ведае, як сябе паводзіць. Яе вусны варухнуліся, цела выструнілася, напружылася, і збоку здавалася, што дзяўчынка вось-вось з радасным крыкам кінецца да бацькі...
Менавіта цяпер, калі яна ўбачыла яго, супярэчлівыя пачуцці ахінулі яе маленькую душу. Яна ўспомніла, як доўга плакала, калі маці сказала, што бацька іх пакінуў і жыць з імі больш не будзе. «За што кідаюць бацькі сваіх дзяцей?» — часта пыталася яна ў сябе, але адказу не знаходзіла. Пасля доўгіх роздумаў усё ж вырашыла, што кідаюць непаслухмяных ды непрыгожых, і з гэтага часу, калі зазірала ў люстэр-
ка, шукала ў сабе заганаў, недахопаў... Аленка стрымала першае жаданне — не кінулася да бацькі і, толькі зрабіўшы некалькі крокаў да яго, спынілася і са стоеным нецярпеннем чакала. Востры халадок жалю да сябе і брата міжволі падступіў да сэрца.
Антон адчуў гэты халадок дзіцячай душы і цяжка, роспачна ўздыхнуў. А насустрач яму, уздымаючы слупы вадзяных пырскаў, у якіх гуляла вясёлка, бег сын — Васілёк.
— Та-та?! Та-тач-ка?! — усхвалявана закрычаў малы.— Ты вярнуўся да нас?! — Шчаслівая дзіцячая ўсмешка ззяла на яго твары. Кірпаты вяснушкаваты нос свяціўся радасцю, вочы акругліліся і нябесным блакітам глядзелі ў самую глыбіню Антонавай душы.
I ў Качана, які апошні час успамінаў дзяцей толькі ў дні, калі атрымліваў зарплату і шкадаваў грошай, вылічаных на аліменты, нешта абарвалася ўсярэдзіне. Невядомае дагэтуль пачуццё кінула яго насустрач сыну, і, прыцяўшы дыханне, Антон падхапіў на рукі худзенькае цельца. 3 затоенай асалодай і невыразным пачуццём палёгкі ён прыціснуў малога да сябе і на ўсю моц сваіх лёгкіх удыхаў з маленства забыты пах вады, сонца, дзяцінства, якім веяла ад хлопчыка.
Цераз плячо бацькі Васілёк убачыў сястру, якая заклала рукі за спіну і панура стаяла, боўтаючы адной нагой у вадзе. Яна з затоеным смуткам ці папрокам паглядала на іх, унікаючы позіркаў брата.
— Аленка, ты што, не пазнала? — здзіўлена запытаўся Васілёк.— Гэта ж наш татка!..— I з дзіцячай непасрэднасцю дадаў: — Бяжы дахаты і пакліч мамку... Татка ж вярнуўся?!
Сэнс апошніх сынавых слоў не адразу дайшоў да Качана. А калі ён зразумеў, аб чым просіць Васілёк сястру, кроў шыбанула ў скроні. У адно імгненне сышліся да пераносся кусцістыя чорныя бровы. Шэрыя вочы зноў пазіралі з затоенай падазронасцю, а заўчасныя маршчыны ды капрызна сцятыя вусны састарылі твар. Пачуцці, якія міжволі вырваліся з-пад кантролю і расчулілі Качана, зніклі за маскай жорсткасці і дзелавітасці. Ён апусціў сына на зямлю і з цвёрдасцю ў голасе папытаўся ў Аленкі:
— Што вы тут робіце, на гэтай вуліцы?
Дзяўчынка не чакала ніякіх пытанняў ад бацькі і таму, пачуўшы яго голас, здрыганулася. Мокрыя светлыя пасмачкі яе валасоў тырчма, быццам ледзяшы, звісалі на плечы, прыліплі да лба.