Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Ты страшны чалавек,— гледзячы ў вочы сыну, прамовіла яна.— А можа, і зусім не чалавек?..
Нервовая ўзбуджанасць ахапіла Лявоніху, цела біла дрыготка.
— Мне сорамна перад людзьмі, што нарадзіла і выгадавала такога нікчэмнага чалавека.
— А-а! — азвярэла закрычаў Васіль.— Вось як ты загаманіла?! Відаць, на старасці гадоў зусім з глузду з’ехала! — Ён нервова забегаў па пакоі.— Але я цябе правучу, мо паразумнееш!
Васіль схапіў маці за руку і пацягнуў у залу. He паспела яна апамятацца, як ён адчыніў дзверы і выштурхнуў яе на балкон. Потым зашчапіў дзверы на кручок і п’яна замітусіўся па пакоі, махаючы рукамі ды нешта гаворачы сам сабе.
Аб чым ён гаварыў, Лявоніха не чула, яна не прасіла сына, каб пусціў яе ў хату, не стукала ў дзверы. Шквальны вецер
наляцеў на жанчыну, шкуматаў лёгкую сукенку, раскудлаціў валасы, калючым, халодным снегам біў па твары. Сцюдзёныя колікі раптам працялі цела, дыхаць не было чым. Лявоніха села на нешта цвёрдае, засыпанае снегам, падцягнула калені да грудзей, заплюшчыла вочы і сцішылася.
Раптам аднекуль здалёк да яе даляцеў да болю ў сэрцы знаёмы голас: «Алеся, Алесечка...» Лявоніха расплюшчыла вочы і падняла галаву. Ёй здалося, што гэта сын кліча яе. Жанчына азірнулася на дзверы. Праз шызае ад марозу шкло ўбачыла, што Васіль, выцягнуўшы доўгія ногі, спіць у крэсле супраць балкона. «Не, не ён,— пранеслася ў думках.— Яму я даўно не патрэбная. Хто ж тады так ласкава клікаў мяне, хто назваў амаль забытае імя?» Яна заплюшчыла вочы і праз некалькі хвілін зноў пачула той самы голас, які ласкава шаптаў: «Алеся, дзе ж ты так доўга была? Ідзі хутчэй, я чакаю цябе...»
«Гэта ж Лявон, мой любы Лявонка, ён кліча мяне, ён чакае мяне, адзіны на ўсім свеце, толькі яму я патрэбная. Чаму я тут, а не з ім? Чаго я чакаю? Хутчэй да яго, хутчэй...» — праз заслону туману, які агортваў усю істоту, мільганула ў думках.
Холаду Лявоніха больш не адчувала, па целе пачала расцякацца прыемная гарачыня. Ёй стала ўтульна і добра, пачуццё міжвольнага страху знікла. Заслона туману пачала развейвацца, і Лявоніха ўбачыла мужа, які стаіць на ўскрайку поля ля дубровы і кліча, кліча сваю Алесю. А яна, маладая і шчаслівая, бяжыць насустрач і весела смяецца. Лявон кідаецца да яе, падхоплівае на рукі і кружыць, кружыць вакол сябе. I вось яны ўжо ідуць разам па мяккай зялёнай траве, ім радасна і лёгка, яны ідуць насустрач зыркаму сонцу, якое запаліла ўвесь небасхіл цёплымі промнямі, песціць і абараняе іх ад усяго благога...
Праз тры дні суседзі хавалі Лявоніху. Яна ляжала ў труне ў чорнай сукенцы, на галаве белая хусцінка, у нагах вялікі букет чырвоных і белых кветак. Смерць амаладзіла яе, на спакойным твары не відаць было зморшчын. Чорныя, зусім не сівыя бровы і доўгія вейкі як бы падкрэслівалі былую пры-
гажосць. Вусны былі крыху прыадкрытыя, і здавалася, што нябожчыца сіліцца нешта сказаць, быццам не хоча, каб яе таямніцу пахавалі разам, бо тое, што стала вядома ёй у апошнія хвіліны, павінны ведаць і жывыя.
Калі труну вынеслі на вуліцу, да Палікарпаўны падышла незнаёмая жанчына.
— Каго хаваеце? — шэптам запыталася яна.
— Гаротніцу,— сцішана адказала старая.
— Што, цяжка хварэла? — дапытвалася жанчына.
— He, не хварэла. Сын хварэе, а памерла яна...
ХТО НАСТУПНЫ?
Вячэрні змрок хутка наступаў на Заблудную лукавіну. Некалькі хвілін таму вершаліны векавых дубоў яшчэ іскрыліся жаўтаватым жнівеньскім лісцем у сонечных промнях, і вось цені-шчупальцы ад галінак цягнуцца да зямлі. Кусты, што запаланілі гэты ўскраек зямлі, пачалі проста на вачах распаўзацца, расплывацца, ператварацца ў зменлівыя хісткія прывіды. 3 бакоў Заблудную лукавіну ўзяла ў клешчы рака Мнюта. Яе чыстая празрыстая вада адгарадзіла невялікі лапік зямлі як ні ад усяго свету, пакінуўшы толькі вузкі праход у адным месцы.
Пасярод векавых дубоў ураслі ў зямлю два вялікія камянівалуны. Адзін, што крыху меншы, быў над самым берагам ракі і, падточаны знізу паводкамі, кожную вясну мог зваліцца ў раку. Другі, большы, падобны на калматага агромністага мядзведзя, які толькі ўзняў морду, каб агледзець наваколле пасля зімовай спячкі, ды, бы зачараваны, так і застыў на стагоддзі. Камень-мядзведзь — зялёны, з нейкім бурштынавым адлівам. Праўда, адзін бок чорны, але не ад прыроды, а ад дыму вогнішчаў, што кожны вечар палілі тут сябры — Віцька, Цімка і Пятрусь. Заблудная лукавіна, гэтыя валуны, векавыя дубы, рака — усё было іх месцам, іх маленькім патаемным куточкам, дзе можна было рабіць усё, што хочацца... Сюды ніколі не хадзілі дарослыя, лічылі Заблудную лукавіну месцам нядобрым, нават небяспечным.
3 надыходам вечара, як толькі знікала за Замкавай гарой сонца, Заблудная лукавіна ажывала. 3 боку невялікага балота, куды сябры ніколі блізка не падыходзілі, калі-нікалі
даносіліся глухія гукі, бы хтосьці цяжка ўздыхаў і клікаў на дапамогу. У гэтыя моманты сябры бліжэй падсоўваліся да цяпельца, гаварылі толькі шэптам. Часам здавалася, што разам са стогнам сіліўся ўзняцца на лапы і камень-мядзведзь, але нешта вельмі моцна трымала яго, не адпускала. Сябры ведалі, што гэта стогне багна. Як кажуць старыя з Прагулянкі, тут некалі заблудзіў і ўтапіўся малады хлопец. Раней сябры ніколі не заставаліся да ночы на лукавіне, баяліся. Але ж паляцелі ў космас Гагарын, Цітоў, а яны баяцца ноччу быць на Заблудцы... Пад вялікім сакрэтам вырашылі таксама рыхтаваць сябе да палётаў у космас і перш-наперш выхаваць у сабе смеласць, пазбавіцца ад розных страхаў. Вырашана — зроблена. Апошні тыдзень хлопцы пад рознымі прычынамі сыходзілі вечарамі з дому, сустракаліся на ўскрайку вёскі і моўчкі сунуліся да каменя-мядзведзя.
Сёння прыйшлі толькі Віцька і Цімка. Яны загадзя падрыхтавалі цяпельца і з паўгадзіны назіралі за апошнімі сонечнымі промнямі ў вершалінах дубоў. Сонца знікала, і ноч апускалася на зямлю, галінкі-шчупальцы пачалі цягнуцца да зямлі, кусты-прывіды заварушыліся і падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Віцька чыркнуў запалкай, і ў наступны момант ажыў камень-мядзведзь. Ягоны агромністы цень заварушыўся сярод дубоў і знік дзесьці на другім беразе ракі, заварушылася задраная ўгору морда, цені дрэў, бы нечыя рукі, дакраналіся да яго, імкнучыся выцягнуць з зямлі. Усё наўкол хістаецца і танцуе. Раптам з гушчару чуецца працяглы стогн:
— У-у-ух...
Сябры ашалелымі вачыма азіраюцца, туляцца бліжэй адзін да аднаго.
— А тут ноччу не т-т-так і страшна...— першы кажа Цімка і чамусьці заікаецца.
— Пятрусь сёння не прыйдзе,— неўпапад гаворыць Віцька і падкідае ў агонь сухога ламачча.
— Трэніровак кідаць нельга,— шэпча Цімка і напружана сціскае вусны.
3 выгляду сябры зусім розныя. Цімка чарнявы, з жорсткім непаслухмяным чубам, чорнымі вачыма, якія па-даросламу
глядзяць з-пад высокага лба. Віцька, наадварот, бялявы, нават рыжы. Цяпер на яго вяснушкаватым кірпаносым твары адбіваецца смутак, блакітныя вочы поўняцца слязьмі, і немагчыма зразумець чаму, ці то ад дыму цяпельца, ці то ад успаміну пра Петруся...
— Сёння нашыя бацькі занятыя,— азіраецца на кусты Цімка,— можна ўсю ноч трэніравацца...
— У-у-ух...
Цяпер стогн чуецца быццам пад самымі нагамі, і адразу агонь паменшаў, ад ракі падзьмуў халодны вятрыска, замільгацелі, перамяшаліся ў адно кусты-прывіды.
Сябры, не згаворваючыся, кідаюць ламачча ў агонь.
— А ты верыш пра тапельца? — калі ўсё сцішылася, шэптам пытаецца Цімка.
— Веру, мне старая Пачопчыха расказвала, што даўнымдаўно, калі на Замкавай гары стаяў панскі маёнтак, туды пан забраў прыгожую маладую сялянку. А ў яе быў жаніх, яны кахалі адно аднаго, але пан вырашыў па-свойму, ён таксама хацеў ажаніцца з прыгажуняй. Ён загадаў спаймаць хлопца, выкалаць яму вочы і пусціць на ўсе чатыры бакі. Панскія халуі так і зрабілі. Але хлопец не мог далёка адысці, таму, казала Пачопчыха, і кружыў вось тут, дзе мы сядзім, пакуль не ўваліўся ў багну.
— Я таксама гэта чуў,— цяжка ўздыхае Цімка, і зноў сябры кідаюць назбіраныя ўдзень галінкі ў агонь.
— А яшчэ я чуў, што той хлопец і па сённяшні дзень начамі выходзіць з багны і блукае па Заблудцы, шукае сваю каханую.
Раптам з кустоў чуецца трэск галінак, шамаценне лісця, хтосьці ідзе. Віцька і Цімка са страхам глядзяць на кусты і не могуць вымавіць ні слова. Яны падхопліваюцца на ногі, гатовыя ў любы момант задаць лататы, але іх стрымлівае толькі адно: ніхто не хоча кінуцца наўцёкі першы. Шамаценне набліжаецца, Віцька не вытрымлівае, хапае з вогнішча вялікую, як узяць у руку, галавешку, Цімка — таксама. У наступны момант святло вогнішча выхоплівае з цемры Петруся. Некалькі хвілін усе стаяць моўчкі, Віцька і Цімка не
могуць паверыць сваім вачам, але Пятрусь разагнаў апошнія сумненні:
— Я прыйшоў сказаць, што не буду болып трэніравацца ў касманаўты...
— Ты прайшоў праз усю лукавіну наўпрасткі? — здзіўлена ўскрыкнуў Цімка.
— Я больш Заблудкі ноччу не баюся,— сядаючы ля цяпельца, абыякава адказвае Пятрусь, і ягоныя вочы напаўняюцца слязьмі.— Я больш нічога і нікога не баюся! — крычыць на ўсю моц Пятрусь і, уткнуўшыся галавой у калені, горка, наўзрыд плача.
Петрусю ішоў дванаццаты год, сябры былі аднагодкамі, але сёння ля вогнішча Віцька і Цімка ўбачылі невядомага дагэтуль хлопца. Вонкава ён быў такі ж: бялявы, гэткі ж падстрыжаны модна, пад «бокс». Але хлопцы раптам адчулі, што іх сябра Пятрусь за апошнія дні стаў іншым, маленькімі сэрцамі зразумелі, што ўжо не будзе ў іх ранейшых адносін. Яны ілядзелі на яго як на дарослага, а сябра плакаў і некаму невядомаму пагражаў:
— Я адпомшчу!.. Я адпомшчу!..
Хлопцы стаялі каля Петруся, і ім таксама не было страшна, з ягоным прыходам кудысьці прапалі жахлівыя стогны і прывіды. Віцька і Цімка маўчалі, яны не ведалі, што трэба рабіць у такіх выпадках, як дапамагчы сябру.
Няшчасце здарылася два дні таму. Яны ўтрох вяргаліся з Заблуднай лукавіны, дзе ўдзень назбіралі сухога хмызняку для сваіх вячэрніх трэніровак, і, ужо стоячы ля старой закінутай кузні, раптам убачылі Іваніху, далёкую Петрусёву сваячку. Старая бегла па вуліцы і галасіла. Што яна крычала, хлопцы не разабралі, але па тым, як яна шпарка забегла ў Петрусёву хату, па тым, як адразу выбегла на вуліцу ў расхрыстаным халаце ягоная маці і кінулася да ракі, зразумелі, што здарылася нешта благое. Пятрусь з усіх ног пабег наўздагон маці, Віцька з Цімкам пераглянуліся і таксама рванулі за Петрусём. Яны не дабеглі да ракі метраў дваццаць, як заўважылі купку вяскоўцаў. Мужчыны панура смалілі цыгаркі, бабы, убачыўшы Петрусёву маці, моўчкі, прыціскаючы да вачэй ражкі