Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Бяжым! — крычыць ён і першы нырае ў лаз.
Праз хвіліну тры дзіцячыя галавы несліся па цячэнні ракі да павароткі, да паваленага дрэва. Сябры хутка апранаюцца і бягуць да кузні.
Агонь шугае ўсё вышэй і вышэй, на вадзе мільгаюць вялізныя цені, ноч быццам адступіла, усё наўкол відаць, як удзень. Сябры чакаюць, што вось загудуць пажарныя сірэны, пачуюцца крыкі, але нічога такога не адбылося, толькі над кавалёвай хатай зноў рознакаляровым феерверкам сыпанула з паднябесся, паволі паплылі да зямлі агні ракеты. Хлоп-
цы беглі і ўсё чакалі, што вось-вось пачнуць узрывацца цыстэрны са спіртам, але ніякіх выбухаў не было, толькі зарніца над заводам асвятляла вялізныя ліпы, што раслі паўз дарогу над ракой. Калі ўжо былі дома, ад месца пажару пачуліся звонкія ўдары аб чыгуначную рэйку...
На другі дзень стала вядома: на спіртзаводзе ноччу, хутчэй за ўсё ад праводкі, загарэлася старая заводская канюшня. Яе даўно збіраліся зламаць — і вось сама згарэла. Дырэктар загадаў, каб міліцыю не выклікалі і ніякага следства не праводзілі, бо драўляная канюшня была такая старая, што ніякай вартасці для гаспадаркі не мела.
Віцька, Цімка і Пятрусь узлезлі на старую чаромху ля кузні і моўчкі пазіралі на чырвоны заводскі комін, з якога высока ў неба поўз чорны дым, быццам насміхаючыся з хлопцаў: маўляў, нічога вы мне не зробіце, тут я гаспадар...
3 тае пары мінула трыццаць год. Цёплым красавіцкім днём у Прагулянцы ля хаты старой цёткі Фросі спыніліся блакітныя «Жыгулі». 3 машыны выйшаў па-гарадскому апрануты высокі чарнявы мужчына. Ён незадаволена, спадылба агледзеў вуліцу, зачыніў машыну і прайшоў у панадворак. Дзверы ў хату былі замкнёныя, мужчына запусціў руку ў адтуліну паміж бярвёнамі, выцягнуў стары ржавы ключ, пакруціў яго ў пальцах, але замка не адмыкаў, паклаў яго на месца. Падышоў да суседняй хаты, там таксама нікога не было. Па вуліцы тарахцеў «Беларус», ззаду матляўся прычэп. Дзверцы трактара былі адарваныя, за рулём сядзеў малады, гадоў семнаццаці, хлопец. Чарнявы махнуў трактарысту, і трактар, бы нехаця, спыніўся, ледзь не зачапіўшы скасабочаны суседскі плот.
— Добры дзень! — павітаўся чарнявы.
— Добры,— з цікаўнасцю разглядаючы незнаёмага, адказаў хлопец.
— Прыехаў у госці, а вёска бы вымерла, усе хаты на замках,— падыходзячы бліжэй, гучна, каб перасіліць шум рухавіка, загаварыў мужчына.
— Усе на могілках, Петруся Каламіцкага хаваюць,— саскочыў на зямлю хлапчук-трактарыст і ледзь не паваліўся.
Чарнявы падтрымаў хлопца за руку і толькі цяпер заўважыў, што той на добрым падпітку.
— Петруся? — усхвалявана перапатаў чарнявы.
— Яго, гаротнага...— і, каб папярэдзіць наступныя пытанні, хуценька дадаў: — Утапіўся дзядзька Пятро, лішку хапянуў.
— А ты чаму не на могілках?
— Левы заробак трымае,— у п’янай усмешцы расплыўся твар хлопца.— Пакуль там начальства, я пару прычэпаў гною і закінуў. Глядзіш—літроўку сырцу і зарабіў. А дзядзьку Пятру я ўжо нічым не дапамагу.
— I чый жа ты будзеш? — дапытваўся чарнявы.
— Я Івана-марака сын,— палез па цыгарэты трактарыст.— А мо і табе гной трэба, яшчэ прычэп паспею затарабаніць,— прыплюшчыўшы вока, напусціўшы на сябе самавітасць, дадаў трактарыст.
-— He, хлопец, не трэба. I табе раю заглушыць трактар і паспаць.
Трактарыст хістануўся да трактара, залез у кабіну і, ужо ад’язджаючы, нешта злосна крыкнуў чарняваму, але той з-за шуму рухавіка не пачуў. Ён залез у сваю машыну і праз хвіліну гнаў яе да вясковых могілак.
Цімафей Фаміч Дудзін не паспеў. На паўдарозе сустрэў маці, якая вярталася ў вёску. Цётка Фрося павісла на шыі ў сына і доўга стаяла, уткнуўшыся тварам яму ў грудзі.
— Вось, сынок, і твой сябрук Пятрусь пайшоў...—усхліпнула старая.
— Як гэта здарылася, мама? — пагладзіў Цімафей Фаміч маці па плячы.
— Утапіўся Петрусёк якраз супроць таго месца, дзе бацька ягоны памёр. Праўду кажуць людзі, што бяда адна не ходзіць... Вось і Петрусёвага сына Міколку на лячэнне ў нейкае ЛТП адправілі, а на другі дзень ён і... Спярша, як выцягнулі з ракі, падумалі, што спірт на заводзе краў, бо да рукі была прывязана дваццацілітровая каністра. Участковага паклікалі. А ў ёй — хто б мог падумаць? — бензін. Яна, тая каністра,
і ўтапіла Петруся, так бы выкараскаўся. Ніхто зразумець не можа, навошта ён палез у раку з бензінам...
На вачах у Цімафея Фаміча з’явіліся слёзы. У адно імгненне згадалася тая ноч, калі яны, Віцька, Цімка і Пятрусь, помсцілі спіртзаводу...
Цімафей Фаміч міжволі азірнуўся і ўбачыў заводскі чырвоны комін, з якога высока ў неба падымаўся чорны дым. Там, у самым паднябессі, вецер калашмаціў яго, спрабаваў развеяць, але дым не паддаваўся, ён цягнуўся шлейфам да самага гарызонту, і Цімафей Фаміч раптам прачытаў на гэтым шлейфе словы: «Хто наступны?..» Гэта было так нечакана, што Цімафей Фаміч заплюшчыў вочы і страсянуў галавой, не верачы ўбачанаму. Калі зноў зірнуў на дымавы шлейф, насланнё знікла, ніякіх слоў на небе не было.
«Здалося»,— падумаў ён і, абняўшы маці за плечы, павёў да машыны.
БОЛЬ
Споведзь міліцыянера
Сплю дрэнна, за ноч прачынаюся па некалькі разоў ад болю ў галаве. Здаецца, што хтосьці нябачны быццам абручом сціскае патыліцу, скроні, і боль працінае цела, паралізуе волю і жаданне супраціўляцца. Робіцца крышачку лягчэй, калі адчыняю фортку і на поўныя грудзі ўдыхаю вільготную начную прахалоду. Думкі запаволена, без усялякай сувязі перакручваюцца, чапляюцца адна за адну, але нейкі час не магу думаць лагічна, перашкаджае толькі што бачаны сон... Бачыў сябе зноў у зоне... Снілася, што нёс каравул і галоўная задача—не прапусціць людзей у іх родную вёску, якая шэрымі дахамі паўставала за невялічкім пагоркам. Людзі спачатку дабром прасілі, потым пагражалі, затым плакалі ля шлагбаума, але я цвёрда стаяў на сваім — за дрот ніводнага чалавека,— гэткі загад. Сярод людзей бачыў і маці. Яна не напірала, як астатнія бабы, а моўчкі стаяла воддаль і ўвесь час пільна ўглядалася мне ў вочы, раз-пораз прыціскаючы да вачэй ражкі квяцістай хусцінкі — мой падарунак да дня нараджэння. За ўвесь час не пачуў ад яе ніводнага слова, дый непатрэбныя былі яны. Я бачыў, што маці няёмка за мяне, маю службу, маю прынцыповую пазіцыю і катэгарычнае «нельга». Дый не толькі маці, усе прысутныя ілядзелі на мяне так, быццам гэта я ва ўсім вінаваты, быццам з-за мяне не падоены каровы, не пазачыняны юшкі ў хатах, беспрытульна бадзяюцца па вёсках куры і свінні. Мне хацелася крыкнуць: няма маёй віны ў тым, што здарылася, але матчыны вочы не даюць зрабіць гэтага, я не мог і падысці да яе, каб хоць
павітацца, пацалаваць... Як укапаны стаяў сярод дарогі, не ссунуць... Людзі напіралі, але марна, мяне немагчыма было нават скрануць з месца, мяне трымаў загад. Бачыў як некалькі старэнькіх бабуль, дапамагаючы адна адной, па чарзе падымалі калючы дрот, прапаўзалі ў зону. Я ведаю, што бабулькі не марадзёры, не рабаўнікі — яны хочуць памерці на зямлі сваіх продкаў.
Тут я прачнуўся, і боль запаланіў усю маю істоту... Але ж бабулькі былі, і не ў сне!
Паціху, каб не разбудзіць жонку, сунуся на кухню, п’ю халодную ваду з-пад крана і смалю адну за адной цыгаркі, аж покуль жонка не забірае пачак з рук. Пра што яна гаворыць, не чую, але добра ведаю. Доўга ляжу з заплюшчанымі вачыма і чакаю, чакаю, калі зноўку абруч сцісне галаву.
Калі ўпершыню з’явіўся гэты боль? Здаецца, на трэці дзень службы ў зоне. Памятаю халаднаватую, слотную ноч. Каб крышачку сагрэцца і папіць кіпеню з цукеркамі, насек у невялічкім сасонніку дроў, распаліў цяпельца. Тут, ля вогнішча, упершыню растала ў вачах наваколле, усяго на якую хвіліну, але і гэтай хвіліны хапіла, каб кашуля прыліпла да спіны, a цела стала нейкім чужым, з ватнымі, непаслухмянымі нагамі, з галавой-званіцай. На другую ноч таксама паліў вогнішча і зноўку, бы той сноп, зваліўся на зямлю. Толькі цяпер зразумеў, што за дровы я паліў, і больш нават не падыходзіў да сасонніку, але таго, што ўхапіў, відаць, было дастаткова, бо боль не знік, ён, здаецца, назаўсёды абраў мяне за сваю ахвяру. Я навучыўся распазнаваць яго набліжэнне, кожны мускул, кожны волас адчувае яго блізкасць.
Хваляванне — першы знак. Потым праз некалькі хвілін чакай, як «свердзелы» ўвап’юцца ў скроні. Памятаю, як хадзіў да доктаркі.
— Што баліць? — не гледзячы ў мой бок, спытала жанчына ў белым халаце.
— Галава.
— Галава павінна балець, на тое і чалавек. А калі дакладней?
— Галава.
-— Зразумела, без аналізаў тут не абысціся,— усё яшчэ не гледзячы на мяне, прагаварыла доктарка і ўсунула ў рукі стос паперак.
Аналізы здаваў ажно тры разы, і толькі потым урач загаварыла больш-менш па-чалавечы.
— Ну вось,— з цікавасцю пазіраючы на мяне,— прагаварыла яна,— нарэшце падагналі... Я хацела сказаць, што вашы аналізы блізкія да нормы. Былі ў зоне?
— Быў.
— Зразумела. Галава ўсё яшчэ баліць?
— Баліць. Доктар, а ў мяне не падучая? — у сваю чаргу спытаў я.
— He. Сваю хваробу вы прывезлі адтуль... Цяпер вам патрэбны чыстыя прадукты, ікорка, ну і каб ніякіх хваляванняў.
Больш да іх я не звяртаўся, ікоркі, як сказала доктар, таксама не еў... Паспрабаваў сам пазбавіцца ад сваёй хваробы па сістэме ёгаў. Атрымалася, але не адразу, не мог падабраць слова-шчыт. Знайшоў выпадкова. Убачыў трактар, які капаў канаву, і яно само з’явілася. «Бульдозер» — вось ён, мой шчыт. Цяпер, калі адчуваю набліжэнне болю, змаўкаю і кажу сабе: «Я — бульдозер, я — бульдозер...» 1, дзіўная рэч, боль бы натыкаецца на нябачную перашкоду і часцяком адыходзіць, толькі хваляй страсяне галаву, і на гэтым канец.
Дзіўна, але людзі мяне пачалі разумець без слоў. Дый хоць бы ўзяць заўчора. Мужчына папрасіў дапамогі, яго абабраў рэкецір. Паказаў мне таго хлопца ў чорнай скуранцы. Я да яго, ён задаў лататы, толькі і бачылі. Я за ім... Праз тры крокі звалілася фуражка, праз дзесяць — левы чаравік. Мацюкнуўся на форму і пабег далей басанож па асфальце. Памятаю твары людзей: адны смяяліся, гледзячы на мяне і злачынцу, другія засяроджана маўчалі, хтосьці паспешліва адварочваўся, каб ні мяне, ні яго не бачыць. Толькі ў адным усе былі аднолькавыя — заўчасна разыходзіліся, саступаючы нам месца. Праўда, адна бабулька пашкадавала, калі бег паблізу, не надта голасна прагаварыла: «Не бяжы ты за ім, сынок, бачыш — смяюцца... Нікому гэта не патрэбна, на-