Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
хусцінак, саступілі ёй дарогу. У наступны момант знізу ад ракі пачуўся жахлівы жаночы крык...
Там, куды праз некалькі хвілін праціснуліся Цімка з Віцькам, раскінуўшы рукі, у неймавернай паставе ляжаў Петрусёў бацька. Вакол уся зямля была перакапаная, быццам дзірванне рвалі рукамі. Калі хлопцы глянулі на рукі дзядзькі Пятра, то зразумелі, што так яно і было. Хутчэй за ўсё ён, перасільваючы невыносны боль, чапляўся за зямлю, на пальцах, сініх да неверагоднасці, пазногці былі садраныя. Яны былі болып падобныя да кіпцюроў каршуна, які ўпаляваў здабычу... Ён ляжаў неяк бокам, увесь сіні, і вялізнымі чырвонымі вачыма мёртва глядзеў у адну кропку, туды, дзе валялася пустая бутэлька...
Цётка Марыя дрыготкімі рукамі абхапіла мужаву галаву, паклала сабе на калені і, ківаючыся з боку ў бок, загаласіла. Каля яе моўчкі стаяў збялелы, як снег, Пятрусь. Хтосьці з мужчын нарэшце прагаварыў:
— Фельчара трэба было б паклікаць...
— Ужо паклікалі,— адказаў другі голас.
— Страшна памёр Пятро,— са скрухаю прагаварыў першы голас.
— Згарэў ад гарэлкі,— усхліпнула Пачопчыха і, крыху счакаўшы, дадала: — He было блізка чалавека, можна было б выратаваць...
— А ўсё праз гэты спірт кляты,— загаласіла старая Іваніха,— ён на нашу галаву...
Старая не дагаварыла. На яе голас азірнуўся Пятрусь.
— Як гэта згарэў? — дрыготкімі вуснамі прашаптаў хлопец.— Хіба ж можна згарэць без агню?
— Агонь быў усярэдзіне твайго бацькі, мая ты сіраціначка,— старая пацягнулася зморшчанымі, счарнелымі рукамі да Петруся.
У гэты момант на другім беразе ракі радасна, бы святкуючы перамогу, загудзеў заводскі гудок і з вялікага, складзенага з чырвонай цэглы коміна вырваліся чорныя клубы дыму. Вецер гнаў іх сюды, на гэты бераг, дзе ляжаў дзядзька Пятро.
Пятрусь адпіхнуў Іваніху, падбег да бацькі і, ухапіўшы за руку, пацягнуў.
— Татачка, родненькі, уставай! —душачыся слязьмі, крычаў ён.— Гэта няпраўда, ты не мог згарэць, гэта ж не пажар...
— Ды забярыце вы дзіця, мужчыны,— не вытрымала цётка Фрося,— адвядзіце дадому.
Дзядзька Коля, Цімкаў сусед, кінуў у раку недакурак і паклаў цяжкую, парослую чорнымі валасамі руку на плячо хлопцу.
— Пойдзем са мной, Пеця, што ўжо зробіш, калі так выйшла...
Пятрусь так і не змог адарваць бацькаву руку ад дзірвану, гэтак моцна ўчапіліся пальцы ў зямлю. Ён узняў невідушчыя, поўныя слёз вочы на дзядзьку Колю:
— Дзядзечка, скажыце хоць вы, што гэта няпраўда, быццам бацька згарэў агнём з сярэдзіны, скажыце!..
— Вядома, няпраўда, сынок, бабам абы плявузгаць. Пойдзем ужо.
3 таго дня сябры не сустракаліся. Вядома, Цімка з Віцькам былі сёння на могілках і здалёк бачылі Петруся, але гаварыць не давялося, дый, папраўдзе, не ведалі, як суцешыць сябра. Вось і цяпер ім вельмі шкада Петруся. Віцька таксама плача, Цімка трымаецца яшчэ хвіліну-другую і не вытрымлівае, плюхаецца ля цяпельца, закрывае вочы далонямі, і толькі ўздрыгваюць ва ўсіх трох худзенькія плечы. Першы супакойваецца Пятрусь.
— Я ўсё роўна адпомшчу! — рашуча рассякае ён рукой паветра.
Віцька, яшчэ ўсхліпваючы, падкідвае дроў у цяпельца.
— Каму ты будзеш помсціць і за што? — узняў Цімка заплаканыя вочы.
— Спіртзаводу! — у Петрусёвых вачах з’явіўся гнеў.— Гэта праз спірт бацька памёр, ад сырцу... Я чуў, дарослыя так казалі. I яшчэ дзядзька Коля казаў, што татка не першы, з Прагулянкі кожны год хтосьці гіне праз той сырэц.
— А чаму спірт называюць сырцом? — падаў голас Віцька.
Пятрусь з Цімкам паціснулі плячыма.
— Мо ад таго, што ядавіты, людзі паміраюць? — нарэшце азваўся Цімка і са скрухай у голасе дадаў: — Вось каб гранату туды кінуць!
— Гранату, канешне, добра, але ж дзе ўзяць? — горка ўздыхнуў Пятрусь.— Я ўжо вырашыў: спалю завод, хай згарыць гэты чортаў сырэц!
Віцька з Цімкам пераглянуліся.
— Чаму ты? — паглядзеў Віцька ў вочы Петрусю.— Мы ж сябры і павінны ўсё рабіць утрох.
Наступныя тры дні сябры быццам забыліся пра лукавіну, пра начныя стогны, што чуліся з багны, пра свае трэніроўкі. Усе дні яны сядзяць з вудамі супраць спіртзавода і вывучаюць становішча. Гэта Цімка настаяў не лезці няведама куды, на злом галавы, а агледзецца, усё вывучыць, а потым дзейнічаць, як партызаны, беспамылкова. Але за гэтыя дні нічога надзвычайнага хлопцам у вочы не кінулася. На тым беразе ракі, за старым, метры тры вышынёй, плотам ішло сваё, невядомае ім жыццё. Чуліся крыкі, ездзілі машыны, рабочыя смяяліся. Сябры як ні кожную гадзіну купаліся, вывучалі рачное дно. Канешне, месца тут не для адпачынку, тым больш не для таго, каб нырца даваць — адны карчы,— але ж калі сярэдзіну пераплыць, то ў адным месцы можна зусім блізка падабрацца да плота, за якім нейкая вялікая будыніна. Паўз плот такіх будынін некалькі, але ж толькі адна драўляная. I менавіта супроць яе рачны бераг быў настолькі размыты вадой, што пад плотам мог пралезці не толькі хлапчук, але і дарослы. На ўсялякі выпадак Цімка прынёс рыдлёўку, яшчэ больш пашырыў лаз і заваліў яго ламаччам, каб не кідаўся ў вочы. Цяпер засталося толькі пачакаць спрыяльнага моманту.
Спярша сябры вырашылі, што лепш падпаліць спіртзавод на досвітку, калі ўсе спяць, менш падазрэнняў, і бацькам маглі б сказаць, што пайшлі на рыбу. Але само жыццё памяняла іх планы, ды так, што лепшага і жадаць не выпадала. Ванька-марак, так звалі сына дзядзькі Антося, вясковага каваля, жаніўся, і на суботу было прызначана вяселле. Вядома, там будзе ўся вёска, акрамя Петрусёвай радні.
Пятрусь так і сказаў, што ягоныя ўсе будуць дома і ўвечары з хаты не выпусцяць.
— Дык мы і без цябе справімся,— адразу знайшоў выйсце Віцька.
— Правільна,— падтрымаў сябрука Цімка,— нават добра, што ты застанешся дома, меней будзе розных падазрэнняў.
— He, я сам абавязаны за татку адпомсціць! — абурыўся Пятрусь.— Урэшце, гэта я прыдумаў...
— Тады трэба, каб цётка Марыя адпусціла цябе начаваць да мяне ці да Цімкі,— памяркоўна прагаварыў Віцька.— Папрасіся, не першы ж раз.
Цётка Марыя не працівілася, каб Пятрусь начаваў у Цімкі. У суботу а адзінаццатай гадзіне, калі на другім канцы вёскі вяселле было ў самым разгары, чулася музыка, песні, хтосьці нават запусціў некалькі сігнальных ракет, ля старой кузні, пад вялізнай чаромхай сустрэліся Цімка, Пятрусь і Віцька.
— Во даюць! — узрушана прагаварыў Віцька.
— Ім весела, ракеты нават запускаюць...— сцішана дадаў Цімка.— Цікава, у каго яны ёсць?
— Вядома, у жаніха, у Ванькі-марака,— азваўся Пятрусь.— Ён, калі з войска вярнуўся, вечарамі ўсё запускаў іх у неба.
— Вось каб нам хоць адну! — з зайздрасцю ў голасе прашаптаў Віцька.— Мы б бензінам завод аблілі, а потым нацэліліся з ракетніцы, і ба-ба-бах!..
— Запраста можна і прамазаць,— вытрасаючы пясок з сандалета, прашаптаў Цімка: — Запалкамі надзейней.
Сябры замаўчалі і яшчэ некалькі хвілін глядзелі ў бок кавалёвай хаты.
— Мабыць, і заводскае начальства на вяселлі,— уздыхнуў Віцька.
— To й добра, хай п’юць, хай гуляюць, а мы тым часам іхняе пітво, сырэц гэты кляты, дымам пусцім!..— зласліва прагаварыў Пятрусь і патрос запалкамі.
— Добра, хопіць балбатаць,— узяў на сябе кіраўніцтва Цімка і начальніцкім голасам дадаў: — Паўторым яшчэ раз, хто што будзе рабіць. Давай ты, Пятрусь.
— Сто разоў казаў, што я адказваю за запалкі, іх павінен даставіць на той бераг сухімі,— абурыўся Пятрусь.
Цімка, не зважаючы на гэтае абурэнне, дапытваўся:
— Як ты будзеш запалкі перапраўляць цераз раку?
— Вось,— Пятрусь задраў кашулю,— там у мяне другі карабок, укручаны ў цэлафан, мяшэчак правяраў, вады не прапускае. А з гэтым паплыву, буду трымаць у руцэ над галавой, калі раптам вымакне, дастану з цэлафану запасны.
— Добра,— задаволена буркнуў Цімка,— а на мяне не злуй, жэрабя цягнулі ўсе, я не вінаваты, што мне выпала быць за камандзіра.
— Я павінен прывязаць каністру з бензінам да дошак і плыць побач, прытрымліваць рукой, каб каністра не перакулілася,— шэптам адрапартаваў Віцька.— Бензін і дошкі на месцы, сёння правяраў.
— Ты што, адзін хадзіў? — утаропіўся ў сябра Цімка.
Віцька засунуў рукі ў кішэні караткаватых штаноў і нехаця адказаў:
— Ну, адзін. Я загадзя прывязаў каністру, паспрабуй гэта зрабіць ноччу.
— Ладна,— махнуў рукой Цімка,— разбярэмся заўтра, a цяпер нагадаю ўвесь план аперацыі...
Сябры, як было задумана, распрануліся на беразе ракі, апратку схавалі пад тоўстым паваленым і напалову спарахнелым дрэвам. Подбегам, толькі мільгалі ўначы іх белыя, не кранутыя сонцам ногі, дабраліся да месца, дзе быў прыхаваны невялікі плыт, раскідалі ламачча, якім ён быў прыкрыты ад старонняга вока, і спусцілі на ваду.
Пачаў накрапваць невялікі дожджык. Другі бераг здаваўся чорнай непрыступнай сцяной-крэпасцю. Далекавата, недзе ў сярэдзіне заводскай тэрыторыі, мільгацелі некалькі ліхтароў, але будыніна, якую меліся падпаліць сябры, надзейна прыкрывала месца высадкі «дэсанту». Цімка, ці то ад хвалявання, ці ад холаду, пачаў заікацца.
— Пятрусь, п-плыві п-першы,— падштурхнуў ён у плячо сябра і па шыю прысеў у ваду.
Віцька таксама акунуўся. Вада была халодная, адчувалася, што адыходзяць апошнія цёплыя летнія дні, і ўсё ж у ёй было цяплей, чым пад дажджом. Петруся не відаць, толькі лёгкі плёскат чуецца недзе ля другога берага, каля самага плота. Нарэшце некалькі разоў кракае качка, гэта Пятрусь падае знак: можна плысці, і Віцька з Цімкам разам штурхаюць плыт уперад. Цячэнне іх зносіць, але недалёка, усяго метраў на пятнаццаць ніжэй патрэбнага месца. Віцька адвязвае каністру, перадае яе Цімку, а сам з усёй моцы нагой піхае плыт далей ад берага, каб яго падхапіла цячэнне і панесла ўніз па рацэ, ён саслужыў сваю службу і болып не патрэбны.
Чуецца шамаценне, гэта Пятрусь раскідае ламачча, што закрывае ўваход у лаз. Сябры адзін за адным пралазяць на тэрыторыю завода. Дождж пагусцеў, але хлопцы гэтаму толькі радыя — менш застанецца слядоў. Цімка дакранаецца рукой да Віцькавага пляча, і яны ўдвух, прыгінаючыся, бягуць да будыніны, што чорнай зданню навісла над плотам, над ракой. Праз хвіліну Пятрусь чуе рэзкі пах бензіну, і адразу ля лаза з’яўляецца Цімка, за ім Віцька з пустой каністрай у руках.
— Аблілі бліжэйшы вугал,— шэпча Віцька Петрусю ў самае вуха.
Пятрусь не адказвае. Ён рашуча падхопліваецца, сігае да будыніны, і адразу начная цемра праглынае яго. Сябры кладуцца на зямлю, чакаюць хвіліну, другую, трэцюю. Раптам вялізны слуп агню разрывае цемру, і адразу на Віцьку і Цімку аднекуль збоку наляцеў Пятрусь.