Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
— Жывём, тата,— паспрабавала ўсміхнуцца дачка.
— Ага, вунь у тым доме, што за зламаным трактарам,— махнуўшы рукой некуды за спіну бацькі, дадаў Васілёк.
Антон азірнуўся. Свежы вецер сцебануў па твары, раскудлаціў валасы, у якія ўжо закралася павуціннем сівізна.
Ён убачыў Тэрэзу, якая шпарка ішла да іх. Правай рукой яна прыціскала да сябе чырвоную сумку, а левай раз-пораз адкідал a за вуха кудзеркі светлых валасоў, якія ўвесь час падалі на вочы.
Убачыўшы, як хлопчык павіс на шыі ў мужа, яна здагадалася, што гэта Антонавы дзеці ад першай жонкі.
— Добры дзень, Аленка! — з перайгранай зычлівасцю павіталася жанчына і спынілася каля мужа.— Добры дзень, Вася! — кіўнула яна хлопчыку.
Яе твар расчырванеўся, зеленаватыя вочы з цікаўнасцю і затоенай узбуджанасцю ўзіраліся ў дзяцей.
Аленка не адказала на прывітанне, а толькі з непрыязню, нават варожасцю паглядзела, зразумеўшы, кім даводзіцца гэтая расфранчаная цётка іх бацьку.
— Здрасце,— азваўся Васілёк і насцярожліва зірнуў на незнаёмку.
Некалькі хвілін стаялі моўчкі. Сонечнае святло, адбіўшыся ад вады, трапяталася на тварах. Дарослыя і Аленка адчулі сябе неяк няёмка, і толькі Васілёк ззяў радасцю.
Тэрэза павярнулася да мужа і адразу пляснула ў далоні, ад чаго сумка ледзь не звалілася на зямлю.
— Ты паглядзі на сябе! — з весялосцю ў голасе ўскрыкнула яна.— I ў гэткім выглядзе ты збіраешся сесці за святочны стол?
Белая кашуля ў Качана была запэцкана граззю, якая, відаць, засталася ад брудных ног і шортаў сына.
Жанчына, задаволеная тым, што знайшла сабе занятак, пачала выціраць белай хусцінкай гразкія плямы.
— Дарэмна гэта,— адсунуў жончыну руку Качан,— трэба змяніць кашулю.
— Дык паехалі,— адразу ўсхапілася Тэрэза.— Паехалі, Антоша, памяняеш,— замітусілася яна, вінавата зазіраючы мужу ў вочы.
■— А як жа ўваходзіны, твая сяброўка... Вось і дзяцей сустрэў!..
— Нічога, Антоша, не здарыцца, калі сёння мы і не пабудзем на ўваходзінах,— паспяшалася адказаць яна.— Потым, калі-небудзь... на машыне нядоўга пад’ехаць...
Аленка ў гэты момант, задзірліва пазіраючы на Тэрэзу, прашлёпала напрасткі цераз лужыну да брата і стала побач, узяўшы яго за руку.
— I да дзяцей мы яшчэ прыедземпрацягвала Тэрэза і, звярнуўшыся да хлопчыка, з усмешкай папыталася: — Праўда, Вася?..
Ён, не адводзячы шчаслівага позірку ад бацькі, згодна кіўнуў галавой.
А Тэрэза спяшалася. Ёй здалося, што муж пасля сустрэчы са сваімі дзецьмі іначай, не па-бацькоўску, пачне адносіцца да яе сына, дзевяцігадовага Андрэя. Паміж імі адносіны нарэшце наладзіліся, і сын прызнаў Антона за бацьку. У Аленцы з Васільком Тэрэза ўбачыла яўную перашкоду, якая ў адно імгненне можа разбурыць сям’ю, парушыць яе лад. Ёй шкада было мужавых дзяцей, але невыразны страх за сябе, за лёс Андрэя ўзрушылі спакой. Захацелася зараз жа апынуцца ў сваёй хаце, у звычных умовах займацца якой-небудзь кухоннай справай, абы толькі не бачыць гэтых дзіцячых вачэй, не адчуваць сябе вінаватай...
-— Паехалі, Антоша,— напружана варухнуліся вусны Тэрэзы, і яна паціху пацягнула мужа за рукаў кашулі.
Васілёк убачыў гэта і, спяшаючыся, загаварыў, быццам хацеў затрымаць бацьку:
— Татка, а я восенню ў школу пайду, у першы клас...
— Малайчына, Васька! — раскудлаціў яму чупрыну Качан.— Вялікі ўжо вырас... Вучыся добра ды старэйшых слухай...
— А мамку ён не слухае,— умяшалася ў размову Аленка.
— А вось і слухаю,— крыўдліва азваўся брат,— А ты нагаворшчыца.
— А чаму тады спіш з машынай? — не здавалася сястра.— Мамка кажа, каб не клаў у ложак машыну, а ты ўсё роўна спіш з ёю.
Васілёк, нешта мармычучы сам сабе пад нос, апусціў долу галаву і ўтаропіў позірк на свае запэцканыя ногі.
Антон паглядзеў на бялявыя, даўно не стрыжаныя сынавы валасы і зазначыў, што яны ў Васілька таксама, як і ў яго, непаслухмяна віхурацца на самай макушцы. «Раней не заўважаў»,— падумаў Качан, а ўслых даравальна прагаварыў:
— He трэба, дачка, не сварыся,— ён правёў жорсткай далонню па Аленчыным плячы.— Няхай Васька спіць з машынай, калі падабаецца.
— Падабаецца, татка,— адразу павесялеў хлопец.— Машына прыгожая, гоншчыцкая... Ты мне яе падарыў ужо даўно... У ёй і шафёр сядзіць у чырвоным шлеме.
Ён ірвануў руку, якую трымала сястра, і, вызваліўшы яе, задаволена, з гонарам дадаў:
— Я, як вырасту зусім вялікі, таксама шафёрам буду...
— Антоша, паехалі,— зноў пацягнула за кашулю Качана жонка.
Ён згодна кіўнуў галавой.
— Ну, дзеці, да пабачэння,— паспрабаваў усміхнуцца бацька.—Я яшчэ прыеду...
Ён паціснуў Аленцы і Васільку рукі і порсткай хадой напрасткі пайшоў да машыны. За ім, крыху збоку, спяшалася Тэрэза. Раптам яна спынілася, адкрыла сумку і, нешта шукаючы, пакорпалася ў ёй. Заклапочаны твар жанчыны неўзабаве прасвятліўся, і яна вярнулася.
— Гэта вам ад бацькі,— сказала яна, усунула ў рукі дзецям па некалькі цукерак ды дзве рублёвыя паперкі і з выглядам чалавека, які выканаў свой абавязак, пайшла да машыны.
«Жыгулі» паварочваліся на дарозе, калі Аленка горка прамовіла:
•— He, не прыедзе больш бацька!
— Як гэта не прыедзе? — са спалохам паглядзеў на яе брат.
— А так,— зірнула з пагардай на машыну Аленка,— не прыедзе, і ўсё. He пусціць яго да нас цётка, што была разам з ім, ды і нумар кватэры, у якой жывём, татка не спытаў.
Хлопчык у адно імгненне рвануўся ўслед за машынай, якая павярнулася ўжо і набірала хуткасць. Васілёк бег за «Жыгулямі» да таго часу, пакуль яны не зніклі на скрыжаванні ў канцы вуліцы.
Роспач і крыўда ахінулі хлапчукова сэрца. Ён чакаў сённяшняга дня. Яму здавалася, што трэба толькі ўбачыць бацьку, пагаварыць з ім, і той зноў будзе яго таткам. Кожны дзень думкі пра сустрэчу вярэдзілі душу Васільку. Ён не верыў ні маці, ні бабцы Шуры пра нагаворы на бацьку. Неяк ноччу яму прыснілася, што яго татка паехаў будаваць новы горад. 3 хваляваннем і дзіцячым даверам ён раніцай расказаў пра сон маці, і тая не стала яму пярэчыць. 3 таго часу, калі размова заходзіла пра бацьку, Васілёк з ахвотай расказваў пра новы горад, які будуе яго татка. Дзеці верылі яму, а дарослыя, якія ведалі праўду, згодна ківалі галовамі, але ў вочы хлопчыку не глядзелі. А колькі разоў Васілёк уяўляў сабе бацьку за рулём вялізнай, шматтоннай машыны?! Ён чакаў яго, каб разам з Аленкай і маці паехаць на гэтай машыне ў новы горад... А сёння яго спадзяванні, яго вера разбіліся. Васілёк адчуваў сябе падманутым, бездапаможным, ён не ведаў, што цяпер рабіць, і горка заплакаў...
— He плач, Вася,— суцяшальна прамовіла сястра, якая бегла ўслед за ім, і, цяжка дыхаючы, дадала: — Мо татка і прыедзе... Ён жа абяцаў. Давай лепш цукеркі пакаштуем.
— А-а-а! Цукеркі,— працягла закрычаў раптам брат. Ён злымі вачыма ўтаропіўся на невялічкія пірамідкі ў бліскучых паперках. Потым з усяго маху пляснуў іх аб зямлю і пачаў таптаць нагамі, прыгаворваючы: — Вось вам усім, вось,— усхліпваў Васілёк.— He люблю я вашых цукерак, ад іх баляць зубы, ад іх плакаць хочацца. I грошы мне не патрэбны...
Ён выхапіў цукеркі з рук у сястры і таксама ўтаптаў іх у гразь...
Крыху супакоіўшыся, Васілёк глыбока засунуў рукі ў кішэні і моўчкі, сутулячыся, бы старэнькі дзядок, пайшоў дахаты. Аленка ішла ўслед за братам.
Качан гнаў машыну на павышанай хуткасці. Дажджавыя лужыны на дарозе з шыпеннем прапускалі праз сябе «Жыгулі», і тысячы пырскаў у гэты момант віхурыліся вакол машыны, залівалі шкло, заміналі добра бачыць дарогу. Муж і жонка ехалі моўчкі, думаючы кожны сваё. Здалёк даносіліся грымоты перуна. Вялізная чорная хмара, якая набрыняла, агрузла ад лішку вады, зіхацела бліскавіцамі. Яна захінула палову неба і, амаль чапляючыся за вершаліны дрэў, сунулася на ўсход. Наваколле, прыцішанае навальніцай, зноў ажывала...
Але Качан не заўважаў ні вясёлкі праз увесь небасхіл, ні мітусні ластавак на тэлефонных правадах абапал дарогі, ні насычанай водарам траў лёгкай пары, якая падымалася ад зямлі і, здавалася, па сонечных промнях спяшалася ў блакітную вышыню. Ён гнаўся ўслед за раз’юшанай стыхіяй, а думкі міжволі вярталіся назад, на вуліцу, дзе сустрэў дзяцей. Душу вярэдзіла, расчульвала нешта даўно забытае... I гэтае нешта да дрыготкі ў пальцах хвалявала Качана. Здалося, што колісь у яго быў гэткі стан душы.
Успамін нечакана перанёс Антона ў дзяцінства, і адразу ён зразумеў, адкуль ідуць гэтае хваляванне, гэты неспакой. Да дробязей прыпомніў той вясновы, па-летняму сонечны дзень, калі ў хаце адбылася звада. Маці сварылася на бацьку, а той моўчкі сядзеў на лаве і слухаў, утаропіўшы вочы на кірзачы. Потым устаў, моўчкі засунуў у кішэню камбінезона брытву і, гледзячы ў падлогу, выйшаў. Але праз хвіліну дзверьі адчыніліся, і бацька ўсхвалявана, аднымі вуснамі прашаптаў: «Усё, Надзея, нажыўся я з табой. Нагі маёй болей не будзе ў гэтай хаце».
Успомніў Антон, як ён нема роў, пачуўшы гэтыя словы, як бег за трактарам, на якім працаваў бацька, у поле. Успомніў, як кінуўся напярэймы да магутнай машыны і, калі баць-
ка вылез з кабіны, аберуч абхапіў яго за шыю, моцна прыціснуўся да няголенай шчакі і больш не адпусціў. Так і аралі разам да самага вечара. Антон нават не заўважыў, як і заснуў. А на другі дзень прачнуўся рана і зноў хацеў бегчы да бацькі і прасіць, каб не кідаў іх і вярнуўся дахаты. Але калі адчыніў дзверы на кухню і ўбачыў, што бацька і маці, абняўшыся, стаяць ля акна і ціха смяюцца, адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам ва ўсім свеце...
Машыну падкінула на невялікай калдобіне і крыху занесла ўлева. Качан нервова крутануў кола руля і скінуў хуткасць. На шчоках ходырам хадзілі жаўлакі, на душы было прыкра і горка.
Сэрца калацілася, яго кожны ўдар балюча аддаваўся ў грудзях. «Чаму яно так баліць? — падумаў Антон.— Чаму гэтак гулка аддаецца ў скронях?»
Разам з пачуццём спустошанасці, няёмкасці перад дзецьмі ўпершыню з’явілася пачуццё адказнасці за іх далейшы лёс. Сёння Антон зразумеў, што не толькі грошы, якія ён зарабляў на «шабашках», патрэбны дачцэ і сыну. Зразумеў, што перш за ўсё Аленцы і Васільку патрэбен бацька... Але ж грошы!.. Іх зарабляў Качан усюды: пасвіў аленяў у тундры і авечак у гарах Каўказа, працаваў на новабудоўлях, нават нейкі час лавіў змей у пустыні. Дэвіз сабе прыдумаў, які назваў «качаноўскім»: