Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Вельмі прыемна,— кіўнуў Раман і стаў чакаць, што будзе далей.
— Я хачу сказаць, што ён будзе правяраць вашу работу,— кашлянуў у кулак Кульбека.
— Работу крымінальнага вышуку ці асабіста маю?
— Толькі вашу,— нейкім ненатуральна ціхім голасам не сказаў, а нібы прашаптаў Навіцкі.
-—Я павінен паведаміць непасрэднаму начальніку...
— Няма патрэбы! — рэзка перапыніў Рамана Навіцкі.— У мяне прадпісанне ад самога генерала Тоўсціка.
— Але ж маё начальства павінна ведаць,— настойліва даводзіў Бярозка.— I потым, мяне цікавіць, па якіх накірунках маёй дзейнасці вы будзеце весці праверку?
— Па ўсіх... I гэта адзначана ў прадпісанні,— умяшаўся ў гаворку Кульбека.
Сустрэўшыся з ім вачыма, Раман заўважыў радасныя агеньчыкі, якія, бы светлячкі, штоімгненна ўспыхвалі ў шэрых Кульбекавых вачах. На ягоным твары блукала ўсмешка. Бярозка зразумеў, што не апошні ў гэтай справе нампаліт. Сам ён, вядома, не мае права ўмешвацца ў аператыўна-вышуковую работу, значыцца, спатрэбіўся чалавек, які можа зрабіць тое, што трэба. I канешне, гэты падпалкоўнік з патлівымі рукамі, якія ўвесь час выцірае насоўкай, зробіць на сто працэнтаў сваю справу. Але пры чым тут Кульбека? I раптам Бярозка зразумеў паводзіны нампаліта, гэтую помслівую радасць, бляск у вачах. Так, Кульбека не забыў, як ён, Бярозка, калісьці выставіў яго за дзверы свайго кабінета.
2
Гэта было ў 1991 годзе, калі ў Беларусі пасля маскоўскіх падзей таксама забаранілі дзейнасць камуністычнай партыі. Недзе праз месяц у аддзел быў прызначаны новы нампаліт, гэта і быў былы райкамаўскі работнік Фрол Францавіч Кульбека.
На пачатку сваёй міліцэйскай дзейнасці Кульбека ніяк не мог уцяміць, чаму яму нельга ўмешвацца ў работу аператыўных служб. Яму вельмі карцела ведаць, чым там займаюцца гэтыя негаваркія хлопцы, якія ўвесь час носяць пад пінжаком пісталеты. Яму вельмі хацелася, каб і ягонае прозвішча мільгала на старонках газет, а вышэйшае начальства, не шкадуючы, прэміравала яго за раскрыццё складаных злачынстваў. Апошняе турбавала больш за ўсё: што ні кажы, а той жа Бярозка кожны месяц меў, акрамя зарплаты, яшчэ і прэміі. Кульбека для сябе засвоіў адно правіла: калі
хочаш хутка авалодаць навыкамі, якіх не маеш, вучыся справе ў лепшых, глядзі, слухай, запамінай...
I ён пачаў дзейнічаць. Заходзіў у кабінет да Бярозкі і назіраў за ўсім, што той робіць, вечарамі пачаў чытаць дэтэктывы. Праўда, калі Бярозка вылятаў, як не на крылах, на чарговае злачынства, Кульбека не спяшаўся, ды й навошта было, калі пра ўсё, што там адбудзецца, ён даведаецца ад аператыўнага дзяжурнага ці тут, у кабінеце маёра, дзе той будзе весці допыт злачынцы. Але праз колькі дзён такіх назіранняў маёр Бярозка выставіў Кульбеку за дзверы, ды яшчэ прыгразіў напісаць рапарт начальству, што ён перашкаджае працаваць. Вось з тых часоў Кульбека і затаіў злосць на Бярозку.
Паступова новы нампаліт уцягнуўся ў работу і зразумеў, што ягоныя абавязкі амаль нічым не адрозніваюцца ад тых, якія ён выконваў раней, калі працаваў у райкаме: галоўнае, своечасова выкрыць хібы ў рабоце аддзела, рапартаваць начальству, а калі зусім справа дрэнь — мянці языком, бічуй самога сябе перад начальствам, абяцай выправіць становішча. Знікла і жаданне самому раскрываць злачынствы, хоць раней лічыў што калі ён — міліцыянер, то павінен гэта рабіць. Ён цяпер ведаў, што людзей, якія не займаюцца аховай правапарадку і раскрыццём злачынстваў, у міліцыі ў тры разы болей, а грошы атрымліваюць усе аднолькава. Зрабіўшы такую выснову, Кульбека расправіў крылы. Ён зразумеў, з каго трэба «здымаць стружку», хто не будзе выстаўляць яго за дзверы, хто будзе дрыжэць перад ім, як ліст на ветры.
I вось — вышэйшае начальства зацікавілася Бярозкам. Цяпер у яго, Кульбекі, пытаюцца, што маёр за чалавек, цяпер зляціць з яго пыха: бач, лепшы сышчык! Цяпер успомніць ён Кульбеку, і неаднойчы...
з
Падпалкоўнік Навіцкі папрасіў Бярозку вылажыць з сейфа ўсе паперы, адчыніць шуфляды стала, даць сшытак для службовай падрыхтоўкі. Калі сейф і шуфляды апусцелі, Навіцкі задаволена пацёр рукі.
— Ну, маёр, прыступім!
— Калі ласка, працуйце, таварыш падпалкоўнік,— хітравата ўсміхнуўся Раман.— Толькі хачу папярэдзіць, што я сёння ў аператыўнай групе. Калі што якое здарыцца, вы паедзеце са мной, каб паілядзець маю работу на практыцы...
— He, не,— замахаў рукамі Навіцкі, і ягоныя вусны пачалі расцягвацца ва ўсмешцы, ажно пакуль замест іх не засталася вузенькая, моцна сцятая палоска.
Ад такой усмешкі Раману зрабілася непрыемна, быццам дакрануўся да нечага гідкага.
— Вы, маёр, бачыце, колькі ў вас папер,— дастаючы акуляры, неяк па-дзіцячы радасна піскнуў падпалкоўнік. — Да вечара трэба паспець, для мяне гэта асноўная работа! — Навіцкі пляснуў далоняй па паперах і дадаў: — А вы займайцеся сваімі справамі за суседнім сталом, толькі потым, напрыканцы дня, даложыце, што напрацавалі.
Ад слоў «займайцеся за суседнім сталом» Раману стала смешна, адразу знікла хваляванне, напружанасць. «Займацца за сталом!» — у думках паўтарыў ён словы падпалкоўніка. Хіба ён бухгалтар ці сакратар-машыністка? Вось людзі, якія пішуць нам інструкцыі і рыхтуюць загады! У гэтага падпалкоўніка мысленне чыноўніка, а не аператыўнага супрацоўніка, ён, мабыць, за сваё жыццё ніводнага злачынства асабіста не разблытаў, таму і ўяўляе работу ў міліцыі «за сталом».
Старадаўні тэлефонны апарат зазвінеў так, што падпалкоўнік ажно падскочыў на крэсле.
Ён адсунуў ад сябе паперы і вымучана засмяяўся:
— Ну і апарат, яго толькі ў музей крыміналістыкі!
— Я не аддаў! — беручы трубку, адказаў Бярозка.— Тут французы месяц таму на экскурсіі былі, давалі за яго сто франкаў, сказаў — падумаю.
Званіў дзяжурны па аддзеле. Бярозка моўчкі выслухаў паведамленне пра ўзброены налёт на кватэру і коратка адказаў:
— Зараз буду.
Навіцкі неяк падазрона пазіраў на Бярозку. У гэты момант стала асабліва заўважнай ягоная касавокасць, бо ў
размове з начальствам, з дапамогай правільна абранай паставы, павароту галавы, нават асвятлення, ён навучыўся рабіць свой дэфект зроку нябачным для субяседніка, але ў размове з падначаленымі на гэта ўвагі не звяртаў.
— Кажаце, сто франкаў? — здзіўлена перапытаў ён.
— Тры дні таму зноў званілі з французскага пасольства, прапанавалі сто пяцьдзесят,— напусціўшы на сябе сур’ёзнасць, удакладніў Бярозка і дадаў: — Мне трэба на выезд, узброены налёт на кватэру...
— Едзьце, калі ласка, Раман Станіслававіч, едзьце,— паспешліва прагаварыў Навіцкі.— Я тут буду да вечара, гэта ж столькі трэба пералапаціць!
4
Аператыўная група працавала на месцы злачынства хутка і зладжана, ніхто ні ў кога нічога не пытаўся, кожны ведаў сваю справу. Бярозка на кухні размаўляў з пацярпелай, кідка прыгожай жанчынай, на выгляд гадоў трыццаці. Яе зеленаватыя вочы пачырванелі ад слёз, раз-пораз нервова ўздрыгвалі вейкі, кончыкі пальцаў біла дрыготка. Відавочна, што да прыезду аператыўнай групы пацярпелая паспела прывесці сябе ў парадак, падмаляваць вусны, вейкі. Прыгожыя белыя валасы спадалі на плечы, блакітны халат падкрэсліваў яе стройную фігуру.
— Раіса Сяргееўна, папрашу падрабязна расказаць пра ўсё, што адбылося,— аглядаючы шыкоўную кухонную мэблю з чырвонага дрэва, сказаў Бярозка.
Жанчына прыкурыла доўгую цыгарэту з залацістым фільтрам, і на яе выразныя вочы навярнуліся слёзы: цяжка было нават прыгадваць пра тое, што з ёю адбылося.
— Супакойцеся, Раіса Сяргееўна,-— напружана прагаварыў Раман,— мы знойдзем бандытаў, але нам патрэбна ваша дапамога.
— Пазванілі ў дзверы,— цяжка ўздыхнуўшы, загаварыла жанчына.— Калі я спытала хто, адказалі, што прынеслі пасылку ад мужа.
— Дзе ваш муж?
— Ён камерсант і цяпер у Аўстрыі, па справах фірмы.
-— Так, зразумела, і што далей?
•— Я адчыніла... He паспела і слова сказаць, як двое мужчын у масках упіхнулі мяне ў кватэру, адзін прыставіў пісталет...
Як ні трымалася жанчына, а ўсё ж усхліпнула, дзве буйныя цяжкія слязінкі выкаціліся з куточкаў вачэй і пацяклі па шчоках. Раман маўчаў, ён ведаў, што ў такіх выпадках прыспешваць чалавека — марная трата часу. 3 практыкі ён ведаў, калі страх у жанчыны пройдзе. калі яна зразумее, што ёй нічога не пагражае, яна раззлуецца па-сапраўднаму, пабабску. Вось тады толькі занатоўвай інфармацыю.
— Другі адразу палез у секцыю, дастаў шкатулку з каштоўнасцямі, потым вырваў шнур відзіка з разеткі.
— Так, добра,— падахвочваў пацярпелую Раман,— што было далей?
— Гэты, з пісталетам, звязаў мне рукі і заляпіў рот пластырам...
— Што яшчэ з каштоўных рэчаў яны забралі?
Жанчына нахмурылася, сілячыся прыгадаць, страсянула попел з цыгарэты ў попельніцу і сцішана прагаварыла:
— У чамадан яны запхнулі маё скураное паліто, відэамагнітафон, чатыры бутэлькі каньяку, два батоны сухой каўбасы...
— Каньяк якой маркі? — удакладніў Бярозка.
— «Напалеон».
Відавочна, што страх у пацярпелай праходзіў, цяпер яна пачала ўсведамляць, што магло адбыцца і горшае, на яе твары прамільгнула нешта накшталт усмешкі.
—Цяпер, калі ласка, апішыце, якяны выглядалі,— папрасіў Бярозка.
Кал і жанчына «малявала» партрэт таго, хто лазіў па секцыі, даставаў шкатулку з каштоўнасцямі, прынёс з бара каньяк, Бярозка ўлавіў у яе словах пэўную заклапочанасць, адчувалася, што яна нешта недагаворвае, вагаецца.
— Вы сказалі, што налётчыкі былі ў масках? — перапытаў Раман,— А вам нічога ў іх паводзінах не здалося пада-
зроным? Напрыклад, той, каторы знайшоў шкатулку. He падалося, што ён дакладна ведаў пра яе існаванне і нават месца захоўвання? А потым каньяк? Ён жа, як я зразумеў, стаяў у бары, адчыніць які не так проста, калі не ведаеш сакрэту.
—Так...— нервова сашчапіла пальцы жанчына.— Я ўвесь час пра гэта думаю.
— У вас ёсць падазрэнні? Мо злачынцы называлі сябе? Мо хто з тых двух падаўся знаёмым?
Бярозка адным духам выпаліў пытанні, якія турбавалі, і цяпер, гледзячы пацярпелай у вочы, чакаў адказу.
— Я не ўпэўнена, але...
— Што? -— рэзка ўзвысіў голас Бярозка. Ён зразумеў: калі жанчына перадумае сказаць пра свае падазрэнні цяпер, то потым ужо не скажа.— Што, Раіса Сяргееўна, вы хацелі сказаць?
—Я не ўпэўнена, але скуранка ў таго, што шастаў па секцыі, была зацыравана на спіне, злева, пад самай лапаткай.