Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Заставайся на ўваходзе,— сцішана кінуў Загіраву маёр і, трымаючы ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай — пісталет, пераступіў цераз брудныя анучы і боты.
Зубенка апынуўся ў невялікім пакойчыку. Злева на ўсю шырыню быццам ўрасла ў падлогу прыземістая, закопчаная печ з гэткімі ж чорнымі чыгункамі на прыпечку. Супроць, ля акна, на шырокай драўлянай лаўцы, падклаўшы пад галаву ватоўку, хроп чалавек. Маёр накіраваў прамень на падлогу так, каб разгледзець спячага і не патрывожыць. Гэта быў не Куклазе-Вітаўс. На ватоўцы ляжала кудлатая галава з вялікім, тоўстым носам-бульбінай, доўгая сіваватая барада пры кожным уздыху дыбілася на грудзях. На невялікім стале-тумбачцы стаяла раскаркаваная, напалову парожняя бутэлька гарэлкі, побач пустая, з-пад каньяку
«Напалеон», і два гранёныя двухсотграмовікі. У алюмініевай місцы і на патэльні валяліся недаедкі хлеба, каўбасы, зялёнай цыбулі.
«Барадаты для сябе каньяк купляць не будзе,— у думках зазначыў Зубенка.— Значыцца, сустракаў гасцей і, раз гаспадар спіць на лаўцы, ягоны ложак можа быць заняты!..»
Маёр хацеў запаліць святло, але перадумаў вырашыў спярша агледзець астатнія пакоі. Ён, крадучыся, накіраваўся да дзвярэй, што аддзялялі кухню ад другой, як лічыцца на вёсцы, чыстай палавіны. Пад нагамі глуха, па-здрадніцку зарыпелі масніцы, і адразу на лаве, быццам пачуўшы гэтае рыпенне, заварушыўся гаспадар. Зубенка выключыў ліхтарык, сцішыўся. Барадаты перастаў храпці, перавярнуўся на бок і, гучна пацмокаўшы вуснамі, з прысвістам засоп. Маёр, напружана затаіўшы дыханне, прыслухаўся, сілячыся ўлавіць хоць якіянебудзь рухі за перагародкай, але ўсё было ціха, толькі з вуліцы данеслася далёкае, прыглушанае конскае ржанне. Зубенка навобмацак знайшоў дзверыну, паціху прачыніў і, жвава прашмыгнуўшы ў пакой, уключыў ліхтар. Ён імгненна агледзеўся. Пасярод пакоя высілася круглая металічная грубка, насупраць, паміж вокнамі, уладкавалася вялікая шафа з люстэркам на ўсю дзверыну, у якім Зубенка нечакана ўбачыў чалавечую постаць з пісталетам у руцэ. Сэрца ад нечаканасці здрыганулася, ён ледзь не стрэліў у сваё адлюстраванне... Уздоўж сцен стаялі тры металічныя ложкі з гарой падушак на кожным. У пакоі было пуста, і, як ні дзіўна, ён вылучаўся чысцінёй і парадкам, адчувалася жаночая рука. Мерна цікаў насценны гадзіннік, і гэтае ціканне навявала спакой і ўтульнасць. Зубенка слізгануў промнем па сцяне, каля якой стаяў, убачыў выключальнік, запаліў святло. Ён зразумеў, што зноў спазніўся, Куклазе-Вітаўс быў у глуханямога, але гадзін пяць таму.
— Нікога? — прыілушана, напаўголаса спытаў Загіраў.— Але ж відавочна: ён тут быў! Калі не схавацца, не залегчы на дно, дык дзеля чаго? Што яму трэба ад глуханямога?
— Праўду кажаш,— пагадзіўся Зубенка,— не такі Куклазе-Вітаўс чалавек, без прычыны не пацягнецца за некалькі
соцень кіламетраў, каб моўчкі каўтануць шклянку каньяку. А што глуханямы?
— П’яны, спіць як пшаніцу прадаўшы.
— Прыгані сюды машыну.— Зубенка схаваў у кабуру пісталет, дастаў з кішэні ключы, працягнуў Загіраву.— А я паспрабую растармасіць барадатага, толькі якая з гэтага карысць, усё роўна нічога не скажа.
Застаўшыся адзін, Зубенка яшчэ раз абышоў хату, патармасіў глуханямога за плячо, але той нават не паварушыўся. Маёр сеў на табурэтку пасярод кухні, задумаўся.
«Кроў з носу, а трэба разгадаць, чаго сюды прыязджаў Куклазе-Вітаўс,— разважаў Зубенка.— А што б ты сам зрабіў на ягоным месцы, маючы на руках пятнаццаць кілаграмаў золата? Дзеля чаго сюды пхнуцца? Схавацца, залегчы на дно?.. Магчыма. Толькі ён гэтага не зрабіў, выходзіць, ёсць больш надзейнае месца. Што прывабіла прайдзісвета? Хутар у лесе, за кіламетр ад дзяржаўнай мяжы... Стоп, дзяржаўная мяжа! — Зубенка ўскочыў на ногі і зашпацыраваў па пакоі, тры крокі да печы, тры да стала.— Нелегальны пераход?.. Магчыма, толькі Куклазе-Вітаўс рызыкаваць золатам не стане, пры пераходзе ўсялякае можа здарыцца... У такім выпадку застаецца адно — схаваць золата тут, на хутары ці непадалёк, а потым, калі ўсё сціхне, ён прыедзе за ім, і хутчэй за ўсё, з-за мяжы, бо больш надзейнай схованкі для сябе ён не знойдзе».
Да хаты ўсутыч пад’ехала машына, і праз хвіліну ў дзвярах узнік Загіраў.
-— Што рабіць з Іўчык? — заклапочана спытаў стажор.— У яе істэрыка, з машыны выходзіць катэгарычна адмовілася.
— Няхай сядзіць,— адмахнуўся Зубенка,— менш клопату. Ты вось што, нясі вады, трэба будзіць гэтую спячую статую.
Але вада не спатрэбілася, глуханямы раптам расплюшчыў вочы і, убачыўшы невядомых яму людзей, ускочыў на ногі. Ён быў аднаго росту з Зубенкам, гэткі ж шырокі і моцны, пад цеснаватай кашуляй, якая пагражала ў любы момант трэснуць па швах, угадвалася мускулістае цела. У правай руцэ
барадаты трымаў сякеру. Дзе ён яе хаваў, заставалася толькі здагадвацца. Барадаты моўчкі, неяк па-звярынаму ашчэрыўся, шэрыя вочы глядзелі з-пад касматых брывоў з лютай нянавісцю. Зубенка выхапіў пісталет. Іх позіркі сустрэліся. Маёр не ўбачыў у вачах глуханямога нават і намёку на страх, толькі адно — рашучую нянавісць.
«Ён прымае нас за кагосьці іншага, толькі не за міліцыянераў»,— раптам мільганула ў думках, і Зубенка левай рукой выцягнуў з кішэні службовае пасведчанне і падаў барадатаму. Той нерашуча пераступіў з нагі на нагу, зрабіў крок уперад і, трымаючы сякеру напагатове, асцярожна ўзяў дакумент, хутка прабег вачыма. У наступны момант сякера паляцела на падлогу, гаспадар адпіхнуў яе нагой як мага далей і, вінавата паглядзеўшы на маёра, паляпаў сябе па плячах, развёў рукі, паказваючы, што не ведаў, хто яны такія. Зубенка ўсміхнуўся, схаваў пісталет, кіўнуў на лаўку, прапануючы глуханямому сесці. Барадаты запусціў пяцярню ў кудлатыя валасы, паспрабаваў іх прыгладзіць і прагна паглядзеў на бутэльку з гарэлкай. Зубенка заўважыў гэты позірк.
— Вілі, налі паўшклянкі, няхай апахмеліцца.
Загіраў наліў роўна палову двухсотграмовіка і паставіў шклянку перад глуханямым. Барадаты з удзячнасцю паглядзеў на яго і, выказваючы задаволенасць, узняў вялікі палец угору. Зубенка гаспадара не прыспешваў, дастаў блакнот, самапіску і моўчкі чакаў, пакуль той вып’е і закусіць. Барадаты таксама не спяшаўся, ён выпіў і паволі засоўгаў сківіцамі, захрабусцеў прывялым агурком, раз-пораз макаючы яго ў насыпаную на стале соль. Ён аб нечым засяроджана думаў, і зразумець гэтыя думкі было няцяжка. Нечакана цішыню парушыў сігнал машыны. Загіраў імпэтна крутнуўся на выхад. Гаспадар схамянуўся, паспешліва зірнуў на гадзіннік — і адразу яго быццам падмянілі. Ён замітусіўся, кінуў недаедзены агурок у алюмініевую місу, спужаўшы добры дзесятак мух, якія жыравалі ў недаедках, і запытальна ўставіўся Зубенку ў вочы. Маёр чакаў гэтага моманту, ён зразумеў, што гаспадар хаты хоча ведаць прычыну начнога візіту, і адразу працягнуў фотаздымак Куклазе-Вітаўса. Барадаты па-
нура паілядзеў на фота і адмоўна закруціў галавой, маўляў, не ведаю. Ён відавочна маніў. Зубенка захваляваўся, ягоная задача ўскладнялася, але адступаць не было куды. Маёр хутка, але разборліва, вялікімі літарамі напісаў у блакноце: «Мы дакладна ведаем пра вашае даўняе знаёмства, так што раю гаварыць праўду. Чаго ён учора ўвечары прыязджаў?»
Глуханямы прачытаў і нечакана прыгожым почыркам напісаў: «Чалавека не ведаю... Мне трэба даіць карову!»
У хату ўвайшоў Загіраў і, прытуліўшыся спінай да дзвярнога касяка, прагаварыў:
— У сакратаркі Лескаўца істэрыка,— і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Віднее, хутка чатыры гадзіны.
Зубенка не адказаў, быццам і не чуў. Ён зразумеў, што больш нічога ад глуханямога не даб’ецца, той будзе стаяць на сваім.
«Дай свой пашпарт і ідзі даіць карову»,— напісаў Зубенка ў блакноце.
Барадаты прачытаў, цень заклапочанасці, нават разгубленасці прабег па твары. Ён нерашуча ўзняўся на ногі, пратупаў вакол стала і, увесь час азіраючыся на маёра, накіраваўся на чыстую палавіну хаты.
— Вілі, прыглядзі за гаспадаром,— загадаў Зубенка.
Ён быўу роспачы, цяпер заставалася адно: выклікаць аператыўна-следчую групу і шукаць золата.
— Вось ягоны пашпарт,— працягнуў чырвоную кніжачку Загіраў.
Глуханямы зноў сеў на лаўку, на якой спаў. Зубенка абыякава паілядзеў на гаспадара хаты, узяў у рукі дакумент.
— Вілі, скажы яму ці пакажы, каб ішоў даіць сваю карову, і сам прыглядзі, каб не задаў лататы. А я тут пашастаю, золата, можа, і не знайду, а вось самагонны апарат — точна. Будзе чым адбрахацца перад пракурорам...
Загіраў падышоў да барадатага, паляпаў па плячы і сціснутымі кулакамі зашморгаў зверху ўніз, як гэта робяць, калі дояць карову. Глуханямы зразумеў, згодна заматляў галавой, згроб ватоўку, на якой спаў, і таропка пашкандыбаў на выхад. 3 ватоўкі звісаў і цягнуўся па падлозе даўгаваты ску-
раны раменьчык. Зубенка прытупленым, невідушчым позіркам глядзеў у спіну барадатаму, потым перавёў позірк на раменьчык, на ногі Загірава, які ішоў следам і ў любы момант мог наступіць на яго.
«Наступіць ці не?» — быццам гуляючы ў нейкую гульню, толькі падумаў Зубенка, як Загіраў наступіў...
Рэмень выструніўся, ірвануў ватоўку з рук глуханямога, і яна бразнулася аб падлогу. Барадаты спыніўся, спалохана азірнуўся, нахіліўся, каб падняць, але Загіраў апярэдзіў. Ен ужо трымаў у руках тое, што вывалілася з ватоўкі. Гэта было нешта падобнае да панчохі, сшытай са шкуры нейкага ляснога звера. «Панчоха» мела даўжыню крыху больш метра, a шырыню — каля трыццаці сантыметраў. Пасярэдзіне і па канцах матляліся прышытыя даўгаватыя раменьчыкі.
3 грудзей глуханямога вырваўся нейкі звярыны рык, ён кінуўся на Загірава, спрабуючы завалодаць «панчохай». Яны паваліліся і пакаціліся па падлозе. Зубенка падаспеў своечасова, якраз у той момант, калі барадаты асядлаў Загірава і, трымаючы адной рукой «панчоху», указальны палец другой рукі нацэліў стажору ў вока. Маёр перахапіў руку глуханямога, закруціў за спіну, кляцнулі бранзалеты.
Сумнення не было: у гэтай скураной «панчосе» было золата, усе пятнаццаць кілаграмаў. Зубенка ажно свяціўся радасцю: золата будзе вернута дзяржаве, а што не ўдалося затрымаць усіх злачынцаў — справа звычайная, такіх, як яны, тысячы. Аб’явіцца вышук, і нікуды гэты Куклазе-Вітаўс з Лескаўцом не дзенуцца. Галоўнае зроблена...