Шлях да Галгофы
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
I ўсё ж сапраўднай радасці не было, нешта перашкаджала, шчыміла і вярэдзіла душу, не давала спакою думкам. Зубенка не мог зразумець, чаму Куклазе-Вітаўс даверыў золата глуханямому? Чаму сам не схаваў, не закапаў? I потым, гэтыя дзівацтвы са скураным мехам...
— Я баюся,— з крыкам уляцела ў хату перапужаная Іўчык, якая ўся дрыжэла ад страху.— Яны зараз прыедуць і мяне заб’юць!..— Дзяўчына ўбачыла звязанага, ляжачага на падлозе глуханямога, прыкрыла далоняй рот, усхліпнула і бязвольна апусцілася на табурэтку.
— Вера,— як мага спакайней прагаварыў Зубенка,— мы зараз паедзем дадому, табе ніхто і нішто не пагражае. Ты, наогул, малайчына.
— Мы не паспеем,— умольна паглядзела на Зубенку Іўчык,— яны завуць... Нам трэба ўцякаць!..
Нядобрае прадчуванне ахапіла маёра. Ён глядзеў на сакратарку Лескаўца, і яму раптам здалося, што ў дзяўчыны дрэнна з галавой, яна на мяжы зрыву.
— He глядзіце на мяне так! — істэрычна завішчала Іўчык.— Я нармальная, выйдзіце на вуліцу і паслухайце. Яны завуць!..
— Вілі, схадзі паслухай,— толькі каб супакоіць дзяўчыну, адправіў на вуліцу Загірава Зубенка.— А мы зараз паедзем... Можа, гарэлкі на дарожку, ад нерваў памагае.
— Ага,— пагадзілася Іўчык,— вып’ю...
Яна наліла ў той самы двухсотграмовік, з якога піў глуханямы, і маленькімі глыткамі, моршчачыся, доўга скрозь зубы цадзіла гарэлку. Выпіла, пацягнулася за кавалкам хлеба, але, убачыўшы на стале мух, закусваць не стала, папрасіла цыгарэту. Рукі ў дзяўчыны дрыжэлі.
У хату вярнуўся Загіраў, кінуў здзіўлены, спачувальны позірк на Іўчык, перасмыкнуў плячыма.
— У лесе хтосьці трубіць.
■— Вось, а што я гаварыла! — усхапілася Іўчык. Гарэлка пачала дзейнічаць, дзяўчыну крыху павяло ўправа, яна ўхапілася за край стала.— Яны зараз сюды прыедуць.
— Вера, пра каго ты гаворыш? — сілячыся зразумець, хто можа ў такую рань трубіць у лесе, спытаў Зубенка.
У гэты момант да слыху даляцеў далёкі працягла-патрабавальны гук трубы, падобны да таго, якім паляўнічыя падзываюць сабак.
— Чуеце, гэта Лескавец ці Альберт Пятровіч лася завуць,— выдыхаючы воблака шызага дыму, зноў ускрыкнула Іўчык.— Таго, якога бачылі ў загародцы ў панадворку. Яго так прывучылі, што адкуль ні патрубяць, туды і бяжыць... I цяпер вар’яцее, можа, ужо і загародку разлупіў капыцішчамі.
Зубенка раптам усё зразумеў: лось глуханямога быў кантрабандыстам. Ён на сабе пераносіў праз мяжу любы тавар у
«панчохах», наўмысна сшытых са шкуры, колерам ворсу падобнай да ласінай. Здалёк не разіледзіш, а блізка ён чужога не падпусціць. I памежнікі вялікіх прэтэнзій не маюць, як з аднаго боку, так і з другога.
— Толькі сёння ў вас, шаноўныя кантрабандысты, прамашка выйшла,— услых прагаварыў Зубенка.
— Вы пра што, Анатоль Пятровіч? — спытаў Загіраў.
— Я, Вілі, разгадаў іх тактыку,— усміхнуўся Зубенка.— Лось пераносіць праз мяжу кантрабандны тавар як у адзін бок, так і ў другі. Чуеш, трубяць? Гэта Куклазе-Вітаўс законна перайшоў мяжу і цяпер у Польшчы чакае лася з гэтай «панчохай» золата. Цяпер зразумеў? Лось перабег, прынёс, яго нечым добрым пачаставалі, і да пабачэння. Дадому ён вернецца. Вось я і кажу, што сёння Куклазе-Вітаўс ні лася, ні золата не дачакаецца.
— Вы так спакойна гаворыце,— захваляваўся Загіраў.— Там жа забойцы! Мы ведаем гэта і нават чуем іх!
— Што праўда, то праўда, ведаем, чуем, а затрымаць не можам.
— А калі паспрабаваць?! — заіскрыліся вочы ў Загірава.
— He паспеем папярэдзіць польскіх калег.
— Я не пра тое. Давайце выпусцім лася, няхай бяжыць, a мы следам на кані...
— Удвух на адньіхМ? — прымаючы ўсё за жарт, усміхнуўся Зубенка.— Ды я ў жыцці ні разу на каня не садзіўся. Гэта—па-першае, а па-другое, нас памежнікі могуць запраста падстрэліць... I нават калі паспяхова перасячом мяжу, ды не затрымаем злачынцаў, уяўляеш, што будзе?
— Тады дазвольце мне, я на скачках першы прыз заваяваў у чатырнаццаць гадоў,— настойваў Загіраў.
— Вілі, ты гэта сур’ёзна? — няўпэўнена спытаў Зубенка.
— Сур’ёзней не бывае,— адчуваючы, што Зубенка на раздарожжы, засвяціўся Загіраў і таропка пачаў пераконваць начальніка: — Анатоль Пятровіч, нельга адмаўляцца ад шанца, мы павінны паспрабаваць затрымаць злачынца.
— Як ты сабе гэта ўяўляеш?
— Мы выпускаем лася, а я ■— на кані следам. Лось прывядзе да Куклазе-Вітаўса. А вы тым часам на заставу да памежнікаў... Ну, Анатоль Пятровіч, вырашайце, час бяжыць!
— He, Вілі, не магу цябе аднаго адправіць.
— Вы ж на кані не ўмееце, а потым, хто на заставе паверыць стажору, ды яшчэ з маім каўказскім акцэнтам? А я толькі прасачу, ні ў што ўмешвацца не буду, дачакаюся вас. Радыёстанцыі ёсць, таму праблем не будзе.
— У Мінск, дадому трэба ўцякаць,— п’яным голасам, ікнуўшы, абыякава прагаварыла Іўчык і пацягнулася за бутэлькай.
— Табе ўжо хопіць,— прыняў са стала гарэлку Зубенка і паглядзеў на звязанага глуханямога.
— He хопіць,— прысмальваючы цыгарку, прабурчала дзяўчына.— Мне трэба ад нерваў...
Загіраў зразумеў, пра што падумаў маёр.
— А яго,— кіўнуў ён на звязанага,— занясём у машыну, памесціцца на заднім сядзенні. На заставе будзе каму прыглядзець.
— Маёр, канчай базар,— хістаючыся, устала Іўчык,— давай ключ, я сама паеду, не хачу тут заставацца.
— Ідзі, Вера, у машыну, зараз паедзем,— рэзка скамандаваў Зубенка, было відавочна, што ён прыняў рашэнне.— Згодзен, Вілі, трэба рызыкаваць...
Сакратарка Лескаўца, трымаючыся, каб не паваліцца, за сцяну, пасунулася на выхад, кінуўшы на хаду:
— Перш чым ехаць, мне трэба зрабіць пі-пі...
16
Праз некалькі хвілін усё было падрыхтавана да ад’езду Зубенкі. Глуханямы напаўляжаў на заднім сядзенні машыны, Іўчык драмала на пярэднім. Загіраў знайшоў у хляве аброць і ўжо вершкі пад’язджаў да хаты на невысокім жвавым рудым коніку з белай плямай на лбе. 3 боку дзяржаўнай мяжы зноў даляцеў, ужо бліжэй, чым раней, працяжны гук трубы, і
адразу за агароджай, высока задзіраючы рагатую галаву, занерваваўся лось. Ён уставаў на дыбкі і пярэднімі капытамі лупіў у агароджу, спрабуючы вырвацца.
— Пара, Анатоль Пятровіч,— азіраючыся на ляснога прыгажуна волата, крыкнуў Загіраў і, паляпаўшы каня па караткаватай шыі, усцешна дадаў: — У нас ногі карацейшыя, але ў рэзвасці не ўступім.
Зубенка падышоў да каня, узяў яго за аброць і знізу ўверх паглядзеў на Загірава нейкім вінаватым позіркам.
— Мне трэба скакаць за ласём самому, можа, не зваліўся б, толькі ты кажаш праўду, на заставе не павінна ўзнікнуць пытанняў, у хуткасці наш поспех... А ты, Вілі, дзейнічай, як дамовіліся,— заклапочана, з трывогай у голасе папрасіў Зубенка.— Твая задача — толькі вызначыць месца знаходжання Куклазе-Вітаўса і перадаць каардынаты па радыёстанцыі. Памежнікі, як нашыя, так і польскія, дапамогуць. А я на заставу, тут рукой падаць, калі ехалі сюды, я прыкмеціў указальнік. Ну, ні пуха...
— К чорту! — задзірыста крыкнуў Загіраў і, усміхаючыся, дадаў: — Паспяшайце, Анатоль Пятровіч, як толькі вы паедзеце, выпускаю лася.
— Вазьмі на ўсялякі выпадак,— Зубенка працягнуў стажору пісталет,— і памятай: толькі каардынаты...
Як толькі шум рухавіка машыны, на якой паехаў Зубенка, растварыўся ў бярозавым гаі, Загіраў адчыніў браму. Лясны волат, быццам не верачы, што яго выпускаюць, яшчэ некалькі хвілін гарцаваў у загароджы, потым з перасцярогаю наблізіўся, мінуў браму і, зразумеўшы, што ён нарэшце вольны, з месца рвануў наўгалоп. Ен імчаў, ганарыста адкінуўшы галаву з цяжкімі рагамі назад, тонкія, прыгожыя ногі, здавалася, не датыкаліся да зямлі. Загіраў не паспеў і вокам міргнуць, як лось-прыгажун знік у лесе.
— Ну, канёк, даганяй,— прашаптаў Загіраў і галопам пусціў каня ўслед за ласём.
Конь і сапраўды быццам зразумеў словы вершніка. Па збітай, прымятай траве было відаць, што ён імчыць след у след за лясным волатам. Адкуль Загіраву было ведаць, што
конь і лось яшчэ малымі жарабяткамі ганяліся адно за адным, і цяпер гэты малады, шустры конь з завязанымі вачыма знойдзе даўняга сябра. У лесе Загіраў амаль ляжаў на конскай спіне, галінкі дрэў хлёстка білі па твары, спіне, і ён вымушаны быў сцішыць бег, прытрымаць каня. Ён паспрабаваў углядацца ў зямлю, шукаючы сляды лася, але гэта быў пусты занятак, унізе слаўся густы туман.
Гук трубы каторы раз парушыў ранішнюю лясную цішыню, конь трусіў якраз у тым напрамку, і Вілі даверыўся жывёліне.
«Як бы там ні было, а на арыенцір, гук трубы, мы выскачым»,— супакоіў сябе Загіраў. Прайшло дзесяць хвілін, дваццаць, а Вілі ўсё яшчэ шукаў вачыма дзяржаўную мяжу, не ведаючы таго, што з-за туману не ўбачыў, як яе перасек. Увесь гэты час не чуваць было і гуку трубы. Загіраў хваляваўся, але напрамку не мяняў. Раптам непадалёк, за густым ельнікам, пачуліся галасы, і не паспеў Загіраў нацягнуць аброць, як конь радасна заржаў. Галасы сціхлі, да слыху даляцеў тупат, хтосьці бег ад ельніку. Вілі нічога не заставалася, як прышпорыць каня. Ён праз некалькі секунд абмінуў ельнік і ўбачыў у метрах сарака ад сябе дваіх, якія, прыгінаючыся, беглі да машыны. За ўцекачамі няспешна трусіў лось.
— Стой, Вітаўс! — закрычаў Загіраў і, выхапіўшы пісталет, стрэліў у паветра.
Адзін з уцекачоў рэзка спыніўся, ускінуў руку. Загіраў усё зразумеў і з усёй моцы нацягнуў аброць, конь узвіўся на дыбкі за імгненне да таго, як прагучаў стрэл. Каня захістала, ён ірвануўся ўперад, зрабіў некалькі крокаў і пачаў валіцца набок. Чалавек стрэліў яшчэ і яшчэ... Куля цвіркнула каля самага вуха, і Загіраў, амаль не цэлячыся, стрэліў у адказ два разы. У наступны момант ён зваліўся з каня, стукнуўся галавой аб дрэва... У вачах адразу ўсё закруцілася, замільгацела, неба і зямля памяняліся месцамі. Ён бачыў, як да яго нагамі ўверх, а галавой уніз набліжаўся вельмі знаёмы чалавек. Вілі сіліўся прыгадаць яго і не мог, нешта перашкаджала, і раптам пазнаў схілены над сабой твар падпалкоўніка Ігнацьева.
«Што ж я хацеў сказаць падпалкоўніку?..» — напружана падумаў Вілі і праваліўся ў чорную пустэчу...
Вілі адкрыў вочы, агледзеўся і нейкі момант сіліўся зразумець, як ён апынуўся ў ложку. Ён добра памятае, што павінен перадаць Зубенку каардынаты месца знаходжання Куклазе-Вітаўса і таго другога, што страляў у яго...
У гэты момант дзверы рыпнулі, неяк нерашуча адчыніліся, і ў пакой увайшоў Зубенка, за ім Смаляк. Яны былі ў белых халатах, і Вілі зразумеў — ён у бальніцы. Зубенка са Смаляком на дыбачках падышлі да ложка, маёр зірнуў на Загірава, іх вочы сустрэліся. Твар у Зубенкі засвяціўся радасцю.