Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
«А яна добра трымаецца,— у думках зазначыў Смаляк,— толькі ці надоўга гэтай цвёрдасці хопіць?»
Вярбіцкая чытала доўга, па некалькі разоў вярталася да прачытанага. Нарэшце паклала паперы на стол і ўзняла на Зубенку невідушчыя, заклапочаныя вочы.
— Па-першае, мяне на вуліцы Талбухіна не было, ніякага Лескаўца не ведаю і не ведала, і, каб пераканацца, што я кажу праўду, патрабую вочную стаўку. Пра сустрэчу са старой ніколі размовы не вяла, гэта па-другое. I апошняе, я сумняваюся, што тут напісана праўда,— Вярбіцкая адштурхнула ад сябе пратакол допыту.— Фальшыўка... Подпісу няма... He мае юрыдычнай сілы!..
«Калі патрабуе вочную стаўку, значыцца, ведае, дзе Лескавец»,— у думках зазначыў Зубенка, а ўслых прастадушна прагаварыў:
— Гэты запіс зроблены спецыяльна для вас, а для суда маем нешта іншае,— маёр расплыўся ва самаўпэўненай
усмешцы.— Усё, што вы прачыталі, запісана з касеты. Хочаце паслухаць голас з таго свету?
— Хачу,— з выклікам паглядзела Вярбіцкая на Зубенку.
Маёр дастаў з дыпламата невялікі партатыўны магнітафон, уставіў касету.
-— Жадаеце слухаць з самага пачатку ці толькі самае важнае?
— Толькі важнае! — не зважаючы на іронію ў голасе маёра, засяроджана прагаварыла Вярбіцкая,— Старая са сваім доўгім языком і курынымі мазгамі мне яшчэ пры жыцці надаела.
— Нядобра так гаварыць пра нябожчыцу,— падключаючы магнітафон, каб лепей было чуваць, спакойна зазначыў Зубенка,— але справа ваша...— Ён націснуў на кнопку, і адразу пакой напоўніўся слабым жаночым голасам.
Сведка гаварыла цяжка, часта перапынялася. Вярбіцкая сядзела напятая, быццам струна.
«...Я прыехала на вуліцу Талбухіна, дзе Таццяна прызначыла сустрэчу. Яе не было. Хвілін праз пяць да мяне падышоў малады хлопец і спытаў, ці не Вярбіцкую я чакаю. Я сказала, што яе. Тады ён узяў мяне пад руку і падвёў да машыны, прапанаваў сесці, бо Таццяна Фёдараўна затрымаецца і яго прыслала спецыяльна, каб сказаў мне пра гэта. Я ў машыну не села, пабаялася, а хлопцу сказала, што чакаць не буду, паеду дадому, і няхай Вярбіцкая прыедзе туды. Тады хлопец сказаў, што я павінна дачакацца Таццяну Фёдараўну, бо ён ведае, што яна паехала за грашыма, але калі я жадаю паехаць, то ён спыніць мне таксі. Я сказала, што на таксі няма грошай, а хлопец толькі пасмяяўся, маўляў, Таццяна Фёдараўна ўжо заплаціла. Я, старая дурніца, пагадзілася. Мы выйшлі на дарогу, і хлопец махаў рукой, але ніхто не спыняўся. Тады ён сказаў, каб паспрабавала я, мяне, старую, хутчэй падбяруць... Я стала сперадзі хлопца, узняла руку... У нейкі момант адчула моцны штуршок у спіну... Больш нічога не памятаю.
— Казіміра Францаўна, а ці пазналі б вы таго хлопца? — прагучаў голас Зубенкі.
— Каб убачыла, то, пэўна, прызнала б.
— Перад вамі пяць фотаздымкаў, ці ёсць сярод іх мужчына, пра якога вы гаварылі?
— Вось гэты быў на вуліцы Талбухіна і піхнуў мяне пад машыну...»
— Лескавец Яраслаў Іванавіч,— удакладніў маёр.
Зубенка выключыў магнітафон.
— Як вы разумееце, Таццяна Фёдараўна, магнітафонны запіс зроблены ў прысутнасці сведкаў. Дактары афіцыйна пацвердзілі, што Шашок Казіміра Францаўна на момант нашай размовы была ў нармальным стане і поўнасцю разумела сутнасць падзей і сваіх учынкаў.
— Што вы цяпер скажаце? — спытаў Смаляк.
Вярбіцкая маўчала, няспешна выцягнула з пачкі цыгарэту і доўга мяла ў пальцах, ажно пакуль не зламала. Пацягнулася за другой... Яна, відавочна, асэнсоўвала пачутае, шукала выйсця з сітуацыі.
— Я без адваката больш нічога не скажу,— нервова ўскрыкнула Вярбіцкая і кінула на падлогу зламаную цыгарэту.
— Добра, няхай будзе так,— устаў з-за стала Смаляк і, звяртаючыся да Зубенкі, дадаў: — Анатоль Пятровіч, выклікайце канвой і прасачыце, каб заўтра арыштаваную прывялі на допыт а дзевятай гадзіне.
Калі Смаляк і Зубенка засталіся адны, маёр з непрыхаванай крыўдай спытаў:
— Васіль, можа, раскажаш, што за сакрэтная камандзіроўка ў Маскву? Адну справу робім, і я разлічваю на большы давер.
— Цяпер ужо сакрэту няма. Вось пісьмы бацькі Вярбіцкай, прачытай і ўсё зразумееш,— Смаляк паклаў тоўстую папку перад Зубенкам.— I не крыўдуй, што толькі цяпер знаёмішся з гэтымі матэрыяламі. Па-першае, не хацелася, каб твае думкі былі занятыя нечым іншым, акрамя збору доказаў на Вярбіцкую ў выпадку з Шашок. А па-другое, ты ўсё ж маеш рацыю, трэба было, каб пра сапраўдную мэту камандзіроўкі ніхто не ведаў. Цяпер сітуацыя змянілася. Чытай, а я да шэфа, трэба дакласці і супакоіць...
Калі Смаляк праз паўгадзіны вярнуўся, узрушаны Зубенка шпацыраваў па кабінеце.
— Што ты думаеш? — адразу спытаў следчы.
— Неверагодна! — ускрыкнуў Зубенка.— Ты ўпэўнены ў праўдзівасці...
— Перакананы,— перапыніў маёра Смаляк,— бацька Вярбіцкай піша праўду, і першым чалавекам, які яму паверыў, была дачка. Для ўсіх ён псіхічнахворы, ды ён і сапраўды такі, але інфармацыя ў пісьмах праўдзівая.
— Я так разумею, што ў Маскве ты збіраў доказы словам Вярбіцкага?
— Так,— пагадзіўся Смаляк,— усё пацвердзілася.
— Чаму ты не прыпёр Вярбіцкую адразу? Навошта было сёння ўстрайваць маскарад?
— Канешне, можна было гаварыць з ёй інакш,— заклапочана ўздыхнуў Смаляк,— толькі застаецца некалькі нявысветленых пытанняў, і адно з іх — Лескавец. Без гэтага чалавека мы не зможам даказаць удзел Вярбіцкай у арганізацыі забойства старой Шашок. I яшчэ, мы павінны знайсці золата, а дзе яно, ведае толькі яна. Трэба ўлічваць нашыя суды, якія за дробязь могуць упячы за краты на дзесяць гадоў, а за сур’ёзнае злачынства, ды яшчэ, як у нашым выпадку, без прамых доказаў, ад сілы дадуць гадоў пяць, не болей. А там, на зоне, за добрыя паводзіны зменшаць тэрмін напалам. Значыцца, праз два-тры гады Вярбіцкая на волі.
— Пераканаў, здаюся,— жартаўліва ўскінуў рукі ўгору Зубенка.— Але мне здаецца, што ты ўпусціў адзін момант: магчыма, пра золата ведае і муж Вярбіцкай.
Пасля слоў маёра ў памяшканні надоўга запанавала цішыня. Смаляк утаропіўся ў Зубенку круілымі, устрывожаназдзіўленымі вачыма, быццам бачыў упершыню.
— Што я, саманадзейны дурань, натварыў! — нечакана ўскрыкнуў следчы і моцна пляснуў сябе далоняй па лбе.— Усё прапала!.. Гэтага Куклазе, пэўна, і след прастыў...
— Ды тут гэты Куклазе, у Мінску, сёння бачыў. Кожны дзень абівае парогі, просіць дазволу на сустрэчу з жонкай.
— Тут?! — радасна, як малое дзіця, падскочыў у крэсле Смаляк і, паціраючы долоні, устаў на ногі, замітусіўся.— Ёсць, значыцца, Бог на свеце!..
— Супакойся, Васіль,— паклаў руку Смаляку на плячо Зубенка.
— Кажаш, просіць сустрэчу?— крутнуўся Смаляк да маёра, вочы заблішчэлі хваравітым агнём.
— Так.
— Дазволіць! — думаючы пра нешта сваё, секануў рукой паветра Смаляк.— Дазволіць і адразу ўзяць пад нагляд. Цяпер разумееш?
— Дайшло,— таропка пагадзіўся Зубенка, узбуджанасць следчага перадалася і яму.— Куклазе пакуль што не ведае, дзе золата, але...
— Правільна. Пасля сённяшняй нашай размовы Вярбіцкая можа яму сказаць... Яна думае пра будучыню, пра дзяцей, а золата — гарантыя, што з імі ўсё будзе добра... Ды і ёй патрэбны добры адвакат... I наогул, што мы ведаем пра Куклазе? Толькі тое, што расказала Вярбіцкая?!
— Ужо зроблены адпаведныя запыты, чакаю адказу,— каб папярэдзіць магчымыя пытанні, удакладніў Зубенка.
— А як пачувае сябе вадзіцель, што наехаў на Шашок?
— Да яго ў нас пытанняў няма, тое, што ён сказаў пра Лескаўца, крыміналам не назавеш. Па ўсім, яго падставілі.
— Я думаю інакш,— не пагадзіўся Смаляк.-— Узнікае пытанне: чаму Лескавец штурхнуў Шашок менавіта пад ягоную машыну? Месца бойкае, машын дзесяткі, але не, выбіраў не выпадковую.
— Была дамоўленасць?
— Цяжка сказаць, але, відавочна, Лескавец на нешта разлічваў, тут не хапае звяна.
— Тады не разумею, навошта ён паведаміў нам пра тэлефонны званок і, практычна, здаў Лескаўца.
— Вось і папрацуйце з Загіравым, вам і карты ў рукі,— паблажліва паляпаў Зубенку па спіне Смаляк.—■ Пакуме-
кайце, пашукайце доказы. I яшчэ трэба знайсці сведкаў бойкі паміж Вярбіцкім і Альховікам ў бараўлянскай бальніцы, цікава, як усё адбылося, хто завадатар?
12
Наступныя некалькі гадзін было зацішна. Апоўдні Смаляку патэлефанаваў Зубенка і паведаміў, што Куклазе сустрэўся з Вярбіцкай, пасля чаго быў узяты пад нагляд, і цяпер кожны ягоны крок кантралюецца. Пакуль што нічога надзвычайнага ў паводзінах замежнага бізнесмена не заўважана. Пасля сустрэчы з жонкай Куклазе хвілін сорак ездзіў на машыне па горадзе, палуднаваў у рэстаране «Планета» і а трэцяй гадзіне зачыніўся ў нумары гатэля «Масква», дзе жыў. Hi з кім не сустракаўся, нікому не тэлефанаваў, акрамя адміністратара, якога прасіў, каб не турбавалі да сямі гадзін вечара.
Але з семнаццаці гадзін падзеі пачалі разгортвацца з неверагоднай імклівасцю і выйшлі з-пад кантролю. Пачалося з таго, што ў кабінет да Смаляка без папярэдняй дамовы куляй уляцеў Зубенка.
— Куклазе трэба срочна браць пад штык! — з парога крыкнуў маёр і залпам асушыў адну за адной дзве шклянкі вады.— Яшчэ не позна, пакуль ён спіць у гатэлі, вынось пастанову аб арышце...
Смаляку не спадабалася імпульсіўнасць, імпэтнасць калегі, ён сурова ссунуў бровы і хацеў нагадаць аднакашніку, што хоць яны і даўнія знаёмыя, але ператвараць пракуратуру ў прахадны двор не дазволіць. Толькі следчы не паспеў і слова сказаць, маёра было не спыніць.
— Я зрабіў афіцыйны запыт у фінскае пасольства наконт Куклазе. Сам ведаеш, колькі пройдзе часу, пакуль атрымаем адказ. А іут на днях Куклазе заходзіў і прасіў дазволу на сустрэчу з Вярбіцкай і, як толькі што я, папіў вады ў мяне ў кабінеце. Загіраў адбіткі ягоных пальчыкаў і перасняў, проста так, на ўсялякі выпадак...
— I што? — прадчуваючы нядобрае, паволі ўзняўся з-за стала Смаляк.
— He ведаю, радавацца нам ці наадварот, але камп’ютэр знайшоў у архіве дактакарту на Куклазе. Ён аказаўся Камаровым, Савіцкім, Эбергардтам, Вітаўсам. А на самай справе ён Вітаўс Эльдар Казіміравіч, адна тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят трэцяга года нараджэння. У восемдзесят пятым падчас судовага працэсу ўцёк з-пад варты з залы суда ў Таліне. Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці: два за махлярства, а апошні — за спекуляцыйную здзелку ў асабліва вялікіх памерах.
— Значыцца, знаходзіцца ў вышуку? — з надзеяй у голасе выгукнуў Смаляк і адразу схамянуўся: — Пра што гэта я, цяпер такога тэрміну, як спекуляцыя, няма... Выходзіць, ён чысты?