Шлях да Галгофы  Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 254с.
Мінск 2003
58.78 МБ
— Вілі, не трэба лішняй мітусні, у акадэміі на пляцы будзеш нагамі чачотку адбіваць, а тут давай працаваць спакойна.
— Жанчыну трэба затрымаць, дапрасіць і пасадзіць у турму,— хвалюючыся, ускрыкнуў Загіраў і рашуча секануў рукой паветра.
— Добра, лічы, што затрымалі і дапрасілі,— пагадзіўся Зубенка,— а Вярбіцкая адмовілася ад усіх нашых абвінавачванняў, і што далей? Памятай, у нас толькі ўскосныя доказы! Адзіны сведка ў рэанімацыі ў беспрытомным стане, і невядома, ці застанецца старая жыць.
— He, у нас ёсць яшчэ сведка,— запярэчыў Загіраў,— нават больш чым сведка — гэта Альховік! Трэба эксгуміраваць труп, правесці экспертызу...
— Прымаецца,— прысмальваючы цыгарку, задаволена зазначыў Смаляк,— будзем лічыць, што экспертыза пацвердзіла факт смерці Альховіка ад атруты.
— Значыць, Вярбіцкая вінавата, будзем дапытваць, пакуль не прызнаецца...
Зубенка і Смаляк пераглянуліся.
— Што, я не правы? — неяк разгублена спытаў стажор і таропка, быццам баючыся, што яму не дазволяць выказаць сваё меркаванне, дадаў; — Калі ў трупе няма атруты, Вярбіцкая невінаватая, і ўсё тут,— Загіраў паклаў руку на папку з матэрыяламі,— лухта, забойства не было!
— Усё правільна,— супакоіў Загірава Смаляк і дастаў з шуфляды стала дакумент,— вось пастанова на эксгумацыю трупа, так што, Вілі, ты разважаеш правільна.
— Як я зразумеў, мы едзем на могілкі? — засяроджана спытаў Зубенка.
Смаляк зірнуў на гадзіннік і згодна кіўнуў:
-— Праз дваццаць хвілін выязджаем, судзебна-медыцынскі эксперт а дванаццатай гадзіне будзе чакаць на Паўночных могілках.
Зубенка таксама невідушча, хутчэй па звычцы, паглядзеў на свае камандзірскія, устаў, задуменна прайшоўся па кабінеце. Смаляк чакаў гэтага моманту, ён добра ведаў маёра, таму падчас размовы наўмысна больш маўчаў, яму было неабходна ведаць, што думае сышчык, у чым іх погляды супадаюць, а ў чым разыходзяцца. Маёр спыніўся ля акна, стаў так, каб бачыць і Смаляка, і Загірава.
— Паслухай, Васіль, а табе не здаецца, што тут прысутнічае нейкая незразумелая штучнасць, а часам нават надуманасць, а, калі прасцей, нехта спрабуе павесіць на вушы лапшу?
Смаляк не адказаў, ён з цікаўнасцю сачыў куды прывядуць разважанні маёра, але ў душы ўзрадаваўся, бо менавіта гэткія пачуцці апошнім часам бударажылі думкі.
— Калі Альховік і сапраўды быў атручаны,— працягваў Зубенка,— то я згодны з Вілі і не сумняваюся, што гэта зрабіла Вярбіцкая, толькі...— сышчык замаўчаў на паўслове і ўважліва паілядзеў Смаляку ў вочы,— Толькі незразумелая прычына. У сітуацыі, якую мы маем, калі разважаць лагічна, завяшчанне -— не асноўнае, складваецца ўражанне, што менавіта вакол гэтай паперкі хтосьці наўмысна стварыў мітусню і паніку. Ну скажы, як расцаніць паводзіны Вярбіцкай. Спярша яна ўсё зрабіла, каб завалодаць маёмасцю Альховіка, а праз пэўны час ад усяго адмаўляецца, ды яшчэ на карысць Шчэрбаў! Дапусцім, што яна спужалася іхніх пагроз, тады чаму толькі цяпер?
-— А багаты муж? — падахвоціў Зубенку Смаляк.
— Вось! — маёр ускінуў угору ўказальны палец.— А з мужам і зусім нявыкрутка атрымоўваецца, няма аніякай логікі. Ён багаты бізнесмен, і гэтае завяшчанне нічога, акрамя непрыемнасцей, не абяцае, і ўсё ж амаль два месяцы глядзіць на жончыну валтузню са Шчэрбамі ды з Шашкамі.
У чым прычына? Ён жа гэткіх хатак, калі захоча, можа мець сто і болей... Незразумела...
— А шантаж Шашкоў? — насцярожана зазначыў Baripay— Вярбіцкая, калі верыць сыну старой, вельмі рызыкавала.
— He згодны,— запярэчыў Зубенка,— якраз у сітуацыі з шантажом Вярбіцкая, па-мойму, паступіла правільна, дакладней, яе дзеянні маюць сэнс і лагічнае тлумачэнне. Даведаўшыся, што рэшткі атруты трапілі да Шашкоў і старая нават бачыла, як яна выкідвала бутэлечку, Вярбіцкая занервавалася. Што ні кажы, а гэта — доказ. Яны сустрэліся і сышліся на дваццаці тысячах даляраў. Заўважце, Вярбіцкая не таргавалася, а паабяцала ўсё аддаць, але крыху пазней. Гэтае пазней расцягнулася на два месяцы, і пакуль што я не магу патлумачыць прычыны. Магчыма, не было такіх грошай, а хутчэй за ўсё трэба было пацягнуць час, па ўсім, закавыка не толькі ў далярах. Заплаціўшы, Вярбіцкая прызнаецца ў злачынстве, a гэта ні ў якім разе не ўваходзіць у яе планы. I потым, дзе гарантыя, што сквапны да грошай Шашок не пачне зноў выстаўляць рахункі? Значыцца, надалей яна павінна жыць пад страхам выкрыцця? Калі трымацца гэтай версіі, лагічна, што на вуліцы Талбухіна адбылося не выпадковае дарожнае здарэнне! Пазбавіўшыся старой Шашок, Вярбіцкая выходзіць сухой з вады, ніхто нічога не зможа даказаць.
— Што ты прапаноўваеш? — спытаў Смаляк, які быў поўнасцю згодны з разважаннямі Зубенкі.
— Па-першае, стаўлю пад сумненне вынікі разбірацельства, праведзенага па дарожнаму здарэнню на вуліцы Талбухіна. Па-другое, трэба ўсё яшчэ раз пераправерыць, больш дэтальна папрацаваць з вадзіцелем, пашукаць сведак, акрамя тых, што ўжо далі паказанні.
— Згодны,— падтрымаў маёра Смаляк,— толькі як на гэта паглядзіць тваё начальства?
Зубенка не адказаў. Маёр у гэты момант адхінуў на акне фіранку, позірк зачапіўся за вялікага рудога ката, які цікаваў за двума вераб’ямі. Вераб’і біліся, ніяк не маглі падзяліць скарынку хлеба і не зважалі на драпежніка, які, хаваючыся ў
траве, на пузе поўз па клумбе, гатовы ў любы момант скокнуць і схапіць птушак. I ўсё ж у нейкі момант вераб’і быццам адчулі небяспеку, імгненна ўспырхнулі і зніклі ў зялёнай лістоце бэзу. Кот устаў, лянотна пацягнуўся, быццам птушкі яго зусім не цікавілі, падышоў да кінутай хлебнай скарынкі, панюхаў, але есці не стаў.
«Зусім як у справе Альховіка,— задумліва ўсміхнуўся Зубенка,— браты Шчэрбы, Шашкі, быццам тыя вераб’і, накінуліся, шкуматаюць спакусліва смачны кавалак, а нехта трэці цікуе, выбірае, каб іх сцапаць. А калі няўдача, то і кавалак, з-за якога біліся, трэцяму не патрэбны... Чаму так?..»
— Ты нешта спытаў? — ускінуў на Смаляка вочы Зубенка.
— Так, мне цікава, як адрэагуе тваё начальства, усё ж пераправяраць работу калег — не зусім прыемная справа.
— Для міліцыі гэта — звычайная з’ява,— адмахнуўся Зубенка,— і не ламай галаву, мы з Вілі ў тваім распараджэнні, так што камандуй.
— Добра,— згодна кіўнуў Смаляк.— Эксгумацыя, канешне, справа важная, толькі ваша прысутнасць там — чыстая фармальнасць, хопіць мясцовага ўчастковага. Вы ж дэтальна адпрацоўвайце версію замаху на жыццё Шашок.
— А як жа з Вярбіцкай? — нясмела, з хлапечай цікаўнасцю ў голасе спытаў Загіраў.— Калі будзем браць?
— Трохі пацярпі.— Зубенка адчыніў дзверы і, прапускаючы на выхад стажора, напаўжартам прашаптаў: — Загадае начальства браць — будзем браць, а цяпер, брагок, ногі ў рукі і айда факты збіраць...
Па дарозе на могілкі Смаляк адчуваў сябе як не ў сваёй талерцы. Ён не быў слабанервным, даводзілася і раней эксгуміраваць мерцвякоў, але заўсёды незразумелае пачуцце душэўнай няўтульнасці прымушала часцей біцца сэрца, волю і нервы прыходзілася заціскаць у кулак. Такія мерапрыемствы хвалявалі, бударажылі думкі, здавалася, што яны, жывыя, парушаюць нейкія вышэйшыя законы, на што не маюць аніякага права. У такой сітуацыі заўсёды хочацца знайсці сабе апраўданне, і тады думкі міжволі цягнуцца да «Пастановы аб правядзенні
эксгумацыі», хочацца верыць, што гербавая пячатка ўсё дазваляе і абараняе цябе. Толькі не, дастаткова зірнуць на гэты дакумент, і ён увачавідкі ператвараецца ў нічога не вартую, недарэчную і нават нікчэмную паперку. Рабілася сорамна за сябе, за ўсіх жывых перад тымі, чый пакой нават тут даводзілася парушаць. Менавіта гэтыя думкі бударажылі Смаляка, і, каб пераключыцца, адцягнуць ад іх увагу, следчы прымусіў сябе ўзгадаць Вярбіцкую. Упэўненасць Зубенкі ў тым, што Вярбіцкая прыклала руку да забойства Альховіка і арганізавала замах на жыццё Шашок, цяпер чамусьці раздражняла, на душы было тлумна і прыкра. Ён адчуваў сябе падманутым, не мог паверыць у тое, што Вярбіцкая акруціла яго вакол пальца. Але чаму ён павінен з гэтым пагадзіцца? Прамых доказаў яе віны няма, і цяпер усё будзе залежаць ад экспертызы трупа Альховіка.
— Васіль Мікалаевіч,— парушыў маўчанне вадзіцель пракурорскай машыны, высокі чарнявы хлопец гадоў дваццаці,— нешта вы сёння не ў настроі, гаворыце самі з сабой... Мабыць, па важнай справе едзем?
— Па важнай,— цяжка ўздыхнуў Смаляк і, апусціўшы бакавое шкло, падставіў твар цёпламу ветру.
Злева ад дарогі яшчэ высіліся гмахі гарадскіх дамоў з плоскімі дахамі, на якіх тырчала мноства тэлевізійных антэн, a справа, як кінуць вокам, каласілася зеленаватая рунь. Сярод поля, уваліўшыся носам у нейкую нябачную яміну, стаяў трактар, на чорнай трубе якога, стоячы на адной назе, знерухомеў бусел. Птушка, схіліўшы галаву, быццам пад цяжарам доўгай дзюбы, пільна паўілядалася на зямлю, за нечым цікавала.
— Васіль Мікалаевіч, можа, анекдоцік расказаць? — настойліва спрабаваў палепшыць Смаляку настрой хударлявы вадзіцель.
— Валяй,— адмахнуўся следчы і, дастаўшы пачак цыгарэт, засмаліў.
— Цяпер па тэлеку анекдоты балакаюць,— засвяціўся твар у вадзіцеля, ён заўчасна, ад аднаго толькі ўспаміну пра анекдот, засмяяўся проста і адкрыта.— У перадачы «Белы папугай» пачуў. Прыходзіць, значыцца, мужык дадому, а жонка да яго: «Вася, прас перагарэў, адрамантуй». Ён у адказ: «Што
я табе — электрык?» На наступны дзень жонка просіць Васю адрамантаваць тэлевізар, а мужык: «Што я табе — тэлемайстра?» Потым зламаліся стол, водаправодны кран, а ў мужыка адказ адзін: «Я не цясляр і не сантэхнік!..» I вось неяк прыходзіць Вася дадому, рот адчыніў ад здзіўлення: святло гарыць, шкло ў акне ўстаўлена, водаправодныя краны адрамантаваныя, а жонка бялізну прасуе і ажно свеціцца ад шчасця. Мужык чухае патыліцу: «Маня, а хто гэта тут за мяне пагаспадарыў?» А Маня ў адказ: «Табе ж, Вася, усё няма калі, толькі праца ў галаве, вось і прыйшлося майстра наняць».— «А як ты разлічылася?» Сумелася жонка, вочы патупіла: «Ой, такі смешны чалавек трапіўся. Я прапаноўвала грошы, дык не ўзяў... Кажа, ты са мной, гаспадыня, разлічыся добрай песняй ці... натурай... Чуеш, што захацеў, каб я яму песні спявала. Ну, якая, Васечка, з мяне артыстка, ды яшчэ спявачка?»
Вадзіцель гучна зарагатаў, у вачах блішчэлі гарэзлівыя агеньчыкі.