Слуцкія паясы: адраджэнне традыцый
Барыс Лазука
Выдавец: Беларусь
Памер: 127с.
Мінск 2013
нія месяцы на вольнае паветра, тыя расліны, з якіх фарміраваліся кветкавыя партэры, павінны былі падкрэсліваць інтэр’ерны характар паркаў, сведчыць аб шырыні інтэлекту і адукаванасці гаспадароў маёнткаў.
Асаблівай папулярнасцю карысталіся кітайскія матывы ў аздабленні разнастайных паратэатральных прадстаўленняў. Так, у час прыёму С. Зоры- чам у Шклове ў 1780 г. Екацярыны II і Іосіфа II дрэвы парка былі ўпрыго- жаны кітайскімі ліхтарыкамі. Іх таксама выкарыстоўвала ў сваіх спектаклях У. Ф. Радзівіл, як, напрыклад, у «Дасціпным каханні», пастаўленым у Нясвіжы ў 1746 г.
Але ў большай ступені прысутнасцю японскай, кітайскай тэматыкі вызначаўся быт самога сядзібнага дома, палаца, прадметнае асяроддзе інтэр’ераў. Па сутнасці, кожны больш-менш заможны шляхціц, не гаворачы ўжо аб магнатах, імкнуўся мець рэчы, ці прывезеныя з Далёкага Усходу, ці пэўным чынам звязаныя з ім. Набор прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва павінен быў у вачах шляхты радніць паміж сабой і сціплае жыл- лё людзей сярэдняга дастатку, і пакоі палацаў, ствараючы ілюзію еднасці прадстаўнікоў аднаго саслоўя. Гэтая з’ява ў нечым нагадвала ўжо перажытую сітуацыю моды на ўсходнія рэчы (турэцкія, персідскія, сірыйскія) у XVII ст. Мэбля, драпіроўкі, дэкаратыўныя вазы, панелі сцен, шырмы, фарфоравы по- суд, дробная пластыка, а таксама прадметы, якія не мелі прамога ўтылітар- нага прызначэння, большай часткай імпартаваліся. Натуральна, што купляць дарагія прывазныя рэчы мела магчымасць толькі эліта.
Масавы попыт павінна была задаволіць мясцовая вытворчасць, спробы наладзіць якую прадпрымаліся неаднаразова. Трэба адразу адзначыць: мно- гае з таго, што тады выраблялася, як, напрыклад, тыя ж вазы, дэкаратыўныя талеркі, сталовы посуд на варшаўскай, целеханскай фарфорнях, абівачныя тканіны на ткацкіх мануфактурах у Гродне, Слуцку, Карэлічах, ніякіх адносін да сапраўднага «хінскага» мастацтва не мела. Гэта былі стылізаваныя вырабы пад кітайскія ці японскія ўзоры, у якіх пэўнае месца знаходзілі і мясцовыя традыцыі. Часцей за ўсё ў арыстакратычных інтэр’ерах такія творы выступалі ў якасці акружэння, у якое ўключаліся сапраўдныя прывазныя рэчы. Аднак менавіта іх візуальная злітнасць нараджала новыя якасці, багатыя асацыяцыі, станавілася пэўным саслоўным і інтэлектуальным сведчаннем асобы гаспа- дара.
Афіцэры гусарыі.
Фрагмент Стакгольмскага скрутка. 1605 г.
Харунжы надворны Себасцьян Сабескі з Вялікай харугвай Каралеўства Польскага.
Фрагмент Стакгольмскага скрутка. 1605 г.
Пояс.
Персія. XVIII ст.
Шоўк, ткацтва
Пояс.
Першая палова XVIII ст.
Шоўк, ткацтва.
Армянская майстэрня ў Галаце (Стамбул)
Пояс кунтушовы.
1775 г. Шоўк, залотныя ніці, ткацтва.
Гродзенская мануфактура
Інвентары і апісанні палацаў, сядзібных дамоў даносяць да нас толькі сла- весныя пацвярджэнні іх колішняга пышнага ўбрання. У адных выпадках яго складалі асобныя рэчы, быццам рассыпаныя шчодрай і ўмелай рукой па ўсяму дому, у другіх — ствараліся асобныя куткі: асабістыя пакоі, гасцёўні, кабінеты, спальні, будуары, дзе кожны твор, кожны прадмет павінен быў несці пячатку ўсходняга каларыту, яго вытанчанай пяшчоты і дастатку. Менавіта так буда- валіся асобныя інтэр’еры палацаў Радзівілаў у Нясвіжы, Т. Агінскага ў Гануце, гетмана Я. Браніцкага ў Беластоку, Сангушак-Радзівілаў у Ракаўскім замку.
Арыенталістычная плынь у мастацтве і матэрыяльнай культуры знайшла ў далейшым свой лагічны працяг у эпоху неастыляў канца XIX ст. Больш таго, можна без сумнення сцвярджаць, што ўсходняя тэматыка, традыцыі якой за- ставаліся дастаткова моцнымі ў той час у творчай практыцы, аказала значнае ўздзеянне і на культуру мадэрну.
Усходнія тавары, якія траплялі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўска- га ў выніку гандлю, а таксама ваенныя трафеі, падарункі шматлікіх усход- ніх пасольстваў пачынаюць шырока ўваходзіць у быт каралеўскага і веліка- княжацкага двароў, а затым арыстакратыі, сярэдніх слаёў грамадства. Ціка- ва, што гандлёвыя шляхі, як і дыпламатычныя стасункі, выяўляюць шэраг важных геапалітычных накірункаў.
Асноўнымі цэнтрамі, адкуль паступала прадукцыя ўсходняй вытворча- сці, былі турэцкія, іранскія і сірыйскія гарады, асобныя рэгіёны Індыі і Кітая. Гандаль з імі ажыццяўляўся напрамую або праз пасрэдніцтва купцоў, якія мелі свае прадстаўніцтвы (факторыі) у розных рэгіёнах Еўропы. У XVII— XVIII стст. большая частка тавараў прывозілася ў венецыянскі, генуэзскі, амстэрдамскі і гданьскі парты, адкуль потым сухапутнымі, рачнымі шляхамі дастаўлялася на рынкі гарадоў ці непасрэдна заказчыкам.
3 XVII ст. вялікае значэнне ў развіцці гандлю мелі Астрахань і Кафа (Фе- адосія), дзе знаходзіліся факторыі і нават кампаніі купцоў з розных краін. Менавіта ў гэтых гарадах перасякаліся гандлёвыя патокі, якія ішлі з Поўдня (Сярэдняя, Цэнтральная Азія) і Усходу, а затым транзітам накіроўваліся ў За- ходнюю Еўропу, у Рускую дзяржаву. Продажам тавараў, пасрэдніцкімі паслу- гамі займаліся купцы з Індыі, Бухары, Стамбула, Смірны (Ізміра), Ісфахана, Багдада, Тэбрыза, Дамашка (Дамаска). Разам з імі лаўкі, склады, рамесніцкія майстэрні трымалі яўрэі і армяне.
Трэба прызнаць асобую ролю армянскіх купцоў, якія вялі гандаль усход- німі таварамі на тэрыторыі практычна ўсёй Еўропы, а таксама краін Азіі і Аф- рыкі, дастаўляючы іх нават да Ноўгарада, Архангельска, Марсэля і Стакголь- ма. Яны мелі буйныя калоніі ў Галаце (каля Стамбула), Новай Джульфе (каля Ісфахана), у Астрахані, на Корсіцы, Мальце, пражывалі асобнымі квартала- мі ў Львове, Станіславе, Кракаве. Для Вялікага Княства Літоўскага важным асяродкам усходняй (хутчэй армянскай) камерцыі быў Львоў. Займаючы выгаднае геаграфічнае становішча, гэты горад садзейнічаў свайго роду на- бліжэнню і дапасаванню дзвюх культур адна да адной — усходняй і заходняй. Трэба ўлічваць таксама і хрысціянскае веравызнанне армян, з якімі, на думку жыхароў Рэчы Паспалітай, можна было без асобай асцярогі будаваць узаема- адносіны, што мела зусім не апошняе значэнне. Акрамя купецтва ў Львове пражывала вялікая колькасць рамеснікаў-армян. Менавіта ў іх рукі аддавалі асобныя рэчы, як, напрыклад, зброю, зробленую ў беларускіх і польскіх май- стэрнях, для канчатковай апрацоўкі з мэтай надання ёй асаблівага ўсходняга каларыту.
Рынак прывазных усходніх тавараў у XVII—XVIII стст. быў дастаткова шырокі. Акрамя прадуктаў харчавання закуплялі тканіны, дываны, скуры, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, фарбавальнікі, садавіну, духмянасці, зёл- кі. Сярод іх тэкстыльныя вырабы займалі дамінуючае становішча. У асарты- мент акрамя шаўковых, баваўняных, шарсцяных тканін уваходзілі дываны, спецыяльнага вырабу скуры, якія завозілі не толькі з краін Усходу і Азіі, але і з Венецыі, Ліёна, Кардовы, Барселоны, Севільі.
У фарміраванні ўсходняга акружэння ў побыце шляхты галоўную ролю адыгрывалі дываны, якія служылі для ўцяплення і ўпрыгожвання сцен па- мяшканняў, закрывання паміжпакаёвых праёмаў, імі пакрывалі мэблю, карысталіся ў транспартных сродках. Сфера іх ужытку была дастаткова шырокай, нягледзячы на вялікі кошт. Асабліва цаніліся каберцы (дываны, з пол. kober, kowier), якія ў канцы XVI — XVII ст. галоўным чынам прывозілі з Турцыі, Персіі і Афганістана.
Вялікую папулярнасць мелі «анаталійскія каберцы», на якіх у медальё- нах сярэдніка ў геаметрызаваных формах паказваліся зааморфныя матывы, а бардзюры складаліся з куфічных арнаментаў. Як правіла, фоны такіх выра- баў былі глыбокага чырвонага або жоўтага колеру. 3 XVIII ст., але асабліва ў XIX ст., у сувязі з пашырэннем моды на ўсходнія дываны і прыкладамі ка- піравання такіх рэчаў на еўрапейскіх мануфактурах, іх сталі называць «галь- бейн» і «лота» (асобныя ўзоры паказалі ў сваіх творах мастакі Адраджэння Ганс Гальбейн Малодшы і Ларэнца Лота).
На каберцах, якія вырабляліся ў гарадах Персіі (сучасны Іран; Тэбрыз, Ісфахан, Кашан, Шыраз), дамінавалі стылізаваныя раслінныя (дрэвы, лісты, кветкі) і зааморфныя (птушкі, звяры) матывы, нават выявы людзей, занятых пераважна на паляваннях або ў ваенных сцэнах. Вырабы вызначаліся тонкімі колеравымі суадносінамі, светлай пяшчотнай гамай, мяккім малюнкам, у іх дамінавалі светла-зялёныя, залацістыя, жаўтаватыя, кармазінавыя і граната- выя фарбы.
У XVII ст. для аздобы парадных пакояў у замках і палацах пачалі ўжываць «курдыбаны» («кордыбаны») — тонка вырабленыя, ціснёныя казліныя, яг- нячыя скуры з нанесеным на рэльеф ці на фон золатам, серабром, роспісам. Арнаментамі служылі раслінныя матывы (буйныя кветкі і лісты), арабескі («марэскі»), выяўляліся вазы, экзатычныя птушкі, пуцці, гербы. Падабраныя па малюнку і злучаныя паміж сабой скураныя пласціны маглі поўнасцю закрываць сцены або ісці фрызамі ці бардзюрамі ў іх асобных месцах. У гісторыі еўрапейскага дэкаратыўнага мастацтва і матэрыяльнай культуры
Фрагмент шалі.
Кашмір. Індыя.
Першая палова XVIII ст.
Шоўк, ткацтва
Каберцы.
Тэбрыз. Іран.
XVIII ст.
яны вядомы таксама пад назвамі «гвадамасіле», «гуадамасіл», «гамаша» (з ням. Gamasche, франц. Gamache, праз ісп. Guadamaci, ад араб. Gadamasi — «скура з Гадамеса»).
Славутымі цэнтрамі вытворчасці курдыбанаў у канцы XVI — XVII ст. былі іспанскія гарады, адкуль такія вырабы паступалі на продаж у Францыю, Італію, Фландрыю, Галандыю, праз гарады Ганзейскага саюза і перш за ўсё Гданьск, — на нямецкія, польскія і беларускія землі. У Іспанію сакрэты выка- нання асаблівага гатунку тонка вырабленых скур з ціснёным распісным ар- наментам, друкаваных золатам, былі прывезены арабамі (маўрамі) з фінікій- скіх калоній, якія знаходзіліся на паўночным захадзе Афрыкі (сучасная Лівія) у VIII—IX стст.
Асноўнымі іспанскімі цэнтрамі вытворчасці курдыбанаў сталі гарады Барселона, Севілья, Вальядалід, але асабліва Кардова ў Андалусіі, што абу- мовіла іх назву на беларускіх і польскіх землях. У XVII ст. ціснёная арнамен- таванымі матывамі скура ішла на абіўку не толькі сцен у арыстакратычных інтэр’ерах, але і мэблі. Ёю былі аздоблены «варгуэны», якія прывозіліся з Іспаніі, — масіўныя бюро, кабінеты; сакрэтнікі — у той час скрыні з пад- столлямі, а таксама крэслы іспанскай і фламандскай вытворчасці, у якіх абабітыя скурай сядзенні, спінкі і падлакотнікі выдатна спалучаліся з характэрнымі радамі вялікіх галовак латунных (з аўрыкалкуму) цвікоў. Значнай галіной выкарыстання курдыбанаў заставаліся куфры мясцовай работы.