Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Такі дзень ёсць і ў мяне. Мне было сем ці восем гадоў, якраз той узрост, калі чалавек яшчэ неўміручы і жыве ў суладнасці з усім светам. Я гойсаў па маёнтку і забег на псярню пагуляць са сваім сетэрам. Ежы, тое, што я ўбачыў, і цяпер стаіць уваччу. На псярні секлі прыгоннага хлопа. Ён быў распнуты на шырокай лаве, і па спаласаваных рамёнах бег тонкі чырвоны струмок.
Колькі разоў я чуў потым свіст таго бізуна і бачыў прывязанае да нахілёнай лавы маладое цела! Сон паўтараўся шмат разоў, нібы нехта дбаў, каб я заўсёды памятаў той дзень і чорныя ад болю і нянавісці вочы таго чалавека... Ён ненавідзеў і мяне, дагледжанага паніча, які ў жаху знерухомеў на парозе.
Можа, цяпер я заслужыў ягонае дараванне?
Я пабадзяўся па свеце, Ежы, але нідзе не бачыў большага здзеку з чалавечае годнасці, чым у гэтай імперыі. За самае мізэрнае непаслушэнства чыноўніка — на гаўптвахту, студэнта — у салдаты. Гэта, так бы мовіць, свабодных падданых А што казаць пра рабоў?
Ты не чуў, як аднаму тамбоўскаму памешчыку прыйшло ў галаву пажыць турэцкім пашою? Завёў сабе сераль з трыма дзесяткамі прыгожых сялянак, выпісаў аднекуль еўнухаў, а вёску пачаў пераварочваць у магаметанства. Дзякаваць Богу, суседзі скаргу ў сінод падалі.
А ў нашых губернях хіба нашмат лепей?
Уніятаў у праваслаўе перахрысцілі з-пад палкі. Неяк зайшоў я на казань у царкву — трохі з цікаўнасці, трохі з ахвоты пацвяліць прававерных католікаў. Паслухаў бы ты, як святар распінаўся, даводзячы, што пад царом нашаму мужыку вальней жывецца, чым пад каралём. Я ледзьве сам не паверыў. А адзін з гэтых ашчасліўленых мужыкоў потым на цвінтары другому кажа: «Даўней хаця ў салдаты не бралі, а цяперака ГІетрачка майго на дваццаць гадоў у рэкруты павялі. Толькі на небе з сынком і ўбачымся».
Ежы, ужо два разы свой дзень анёла я сустракаў у няволі. Восенню мне споўніцца трыццаць... Прабач, я 164
агаварыўся... Я не ўбачу не толькі восені, але і гэтай вясны.
Трыццаць гадоў... Здаецца, у такім вяку ўзышоў на эшафот смаленскі шляхціц Кахоўскі. Той самы, што на Сенацкай плошчы ці не адзіны з паўстанцаў адважыўся націснуць на курок. Столькі ж было Канарскаму* і Францішку Савічу**. Спадзяюся, ты ведаеш гэтыя імёны.
Герой — не той, хто зрабіў больш, чым іншыя. Герой — той, хто зрабіў усё, што мог. Таму я не магу назваць сваё жыццё незвычайным. Што я паспеў? Напісаў праект вызвалення сялян і не паспеў даць вольную сваім прыгонным. Склаў план чыну нелегальнага таварыства і не паспеў заснаваць яго. Марыў узяць у рукі зброю, а цяпер ледзьве трымаю пяро...
I ўсё ж, Ежы, я без сораму зірну ў вочы хлопчыку, што прачынаўся сярод ночы ў пансіённай спальні.
Уяўляю, як дзесьці ў салоне паміж дэсертам і вістам узнікае размова пра маю асобу і нехта, прыкрываючы далонню позех, падрахоўвае: «Я не разумею, панове, дзеля чаго пражыта жыццё...» Ежы, я веру, што ты змог бы...
Хлопчык мой, я пішу пасля доўгага перапынку. Тры дні і тры ночы мяне як быццам не існавала. Прадчуваю, што наступны раз магу ўжо не вярнуцца з гэтага чорнага прадоння, а мне яшчэ трэба сказаць табе нешта важнае.
У мяне эйфарыя, але розум мой ясны. Менш за ўсё я хачу, каб ты бачыў у гэтым лісце штосьці ментарскае. Сёння ў мяне зноў быў капелан. Я адмовіўся ад споведзі. Калі хочаш, лічы ўсю нашу размову споведдзю табе.
Ежы, не перапыняй мяне і даруй, калі сёння ў маіх словах не будзе той паслядоўнасці, да якой ты прывык.
Памяць пераносіць мяне ў спякотны паўднёвы дзень. Мы са слугой адпачывалі ў халадку платана каля таверны. Побач спявалі некалькі маладых італьянцаў. He магу пахваліцца дасканалым веданнем італьянскай, але ўпэўнены, што жандары не ўхвалілі б гэтае песні. Яна была
* Сымон Канарскі (1808—1839) — чынны ўдзельнік паўстання 1830—1831 гг. Расстраляны ў Вільні.
** Францішак Савіч (1815—1845) — беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст. У Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі арганізаваў «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала ідэі філаматаў. Арыштаваны і высланы ў салдаты на Каўказ.
пра падарожніка, які марыць вярнуцца дадому, ды яго зямля ў няволі, і толькі птушкі там свабодныя.
Цяжка вытлумачыць, што адбылося са мною ў той момант. Я пачуў раптам зусім іншую песню. Я ведаў яе, але ніколі не лічыў сваёй. А цяпер мне здавалася, што я не змагу далей жыць, калі не заспяваю яе, гэтую песню, якую пяюць у нас простыя людзі.
— Рыгор, ты ведаеш такую песню? — страшэнна хвалюючыся, я напеў яму першыя словы.
— Анягож, паночку,— уразіўся ён.— У нас яе ўсе ведаюць.
— Спявай, Рыіор!
I мы спявалі, Ежы. Магчыма, гэта былі найлепшыя хвіліны майго жыцця, хвіліны, за якія не шкода аддаць гады.
Сакол, сакол, Высока лятаў, Высока лятаў, А што ж ты відаў? Ой відаў, відаў Зялёна жыта, А ў тым жыце Казака забіта. Забітага, несхаронена, Ой парасла трава Скрозь рабёрачкі, Ой адкіпела кроў Кругом сэрданька. Прыляцелі ой Да тры пташачкі, Тры пташачкі — Родны сёстрачкі. Адна пташачка Села ў ножанькі, Друга пташачка — У галованькі, Друга пташачка — У галованькі, А трэцяя каля сэрданька...
Я не заўважыў, як італьянцы абступілі нас.
— Grazia,— падзякаваў гаспадар таверны.— Мне невядома, якога народа гэта песня, але вы спявалі душой.
Сэрца так часта апярэджвае наш розум... Менавіта тады я ўпершыню засумняваўся: хто я?
Пасля я шмат думаў пра гэта. Я прыгадваў, як у варшаўскім пансіёне сябры кпілі з майго працяжнага вы-
маўлення, успамінаў, як выкладчык гісторыі заўсёды казаў пра вялікую Польшчу, быццам нашай зямлі проста не існавала. Я ўжо не мог заставацца спакойным, калі на нас глядзелі звысаку, калі гэтыя пыхлівыя паны велягурыста разважалі аб сваёй гістарычнай місіі. У такіх выпадках я пытаўся, а што рабіў бы пад Грунвальдам кароль Ягайла, калі б наш Вітаўт не прывёў свае сорак палкоў?
Мы называем сябе літвінамі, але з вуснаў аднаго чалавека я чуў іншае слова — беларусы. Ты не ўяўляеш, як бы я хацеў пагутарыць з ім цяпер. Калі не памыляюся, яго прозвішча было Марцінкевіч. Тады ён служыў у Менску, а я ў канцылярыі ігуменскага маршалка. Памятаю, на губернскім з’ездзе з пана Марцінкевіча пасміхаліся, што світка яму бліжэй да душы, чым сурдут. Ён пісаў вершы на сялянскай гаворцы. Чамусьці я пэўны, што, калі ён не пакінуў свайго занятку, ты пра гэтага чалавека яшчэ пачуеш.
Памятаю, за сталом ён сказаў тост папросту і была бура рогату.
Следчы Явецкі рабіў мне вочныя стаўкі з фурманам Янкам і слугамі з маёнтка. Якімі вачыма глядзелі яны на мяне, калі я таксама загаварыў на іхняй мове! Відаць, падумалі, што пан крануўся з розуму. А пан проста зразумеў, што ён адной з імі крыві, што ў яго ёсць свой народ, без якога чалавек падобны на матылька, якога нясе вецер...
Ежы, хлопчык мой, свечка дагарае, а дацягнуцца да новай сам я не змагу.
Я хачу, каб ты запомніў: нельга служыць чалавецтву, не служачы свайму народу...
Свечка пагасла. Пішу гэтыя словы ў цемры. Можа, заўтра мы яшчэ сустрэнемся, але я баюся пайсці, не развітаўшыся.
Дай мне тваю руку, Ежы!..
1985
ПЯЦЬ МУЖЧЫН У ЛЕСНІЧОЎЦЫ
Gloria victisl*
Травеньская навальніца нацешылася маладой сілай і пакацілася над пушчаю далей, але дождж па-ранейшаму шамацеў так заўзята, што ў ягоным шуме дазвання раставала таканне старых ходзікаў. У цеснаватай леснічоўцы было сутонна і плаваў слабы пах мяты і яшчэ нейкіх сухіх зёлак, што пучкамі віселі на шастку ў цёмным надпеччы. Падраная падушка з натрушаным на прыпеку пер’ем і луснуты гаршчок-спарыш у прыдзверным куце казалі воку, што гаспадары чамусьці пакінулі сваё жытло і калі вернуцца — невядома.
Аднак цяпер людзі тут былі. Двух зусім маладых і двух старэйшых мужчын у аднолькавых шэрых світках без шнуроў і ў высокіх, да каленяў, ботах з першага погляду можна было прыняць за паляўнічых. Здавалася, яны ад раніцы гойсалі па лесе, і цяпер пушча падаравала ім гэтую схоўню ад залевы.
Але гэта былі не паляўнічыя.
Каля халоднай печы стаялі ў пірамідзе чатыры штуцэры вайсковага ўзору, з якімі не ходзяць на лесавую зверыну, а за поясам кожны з чацвярых меў рэвальвер або пісталет.
Трое мужчын прымайстрыліся збоч вокнаў, куды разпораз кідалі насцярожаныя позіркі; чацвёрты дагары ляжаў на бурносе, пасланым на палку каля глухой сцяны. Яго правая рука была на тальмаху.
Апроч таго, у леснічоўцы быў пяты, і ён ужо ні на каліва не выдаваў на паляўнічага, бо на ім ладна сядзеў цёмна-зялёны мундзір з чырвонымі пагонамі капітана імператарскай арміі.
Пяты быў палонны.
Мужчыны маўчалі, і, хоць кожны з іх маўчаў на свой лад, можна было з пэўнасцю сказаць, што думаюць яны цяпер пра адно.
* Слава пераможаным! (лац.)
Нейкую пару гадзін назад шырокі ўтравелы падворак леснічоўкі быў повен чалавечых галасоў і конскага гігатання. Потым гоман аціх, і перад калодзежным зрубам замёр шыхт узброеных людзей. На абымшэлым зрубе вісеў на кароткай дзідзе, апускаючыся краем да самага долу, абцёрханы бела-чырвоны сцяг. Людзі па чарзе выходзілі, цалавалі яго — хто стоячы, хто на каленях — і знікалі за стаўбурамі змрачнаватых вячыстых ялін, што цесна абсталі галявіну. Адны, перш чым ступіць пад шаты лесу, яшчэ прыпыняліся і крычалі на адвітанне нейкія астатнія словы, другія не азіраліся і толькі наддавалі кроку або паганялі коней...
Тыдзень таму атрад інсургентаў цёмнаю ноччу ўвайшоў у павятовы гарадок Горы-Горкі на ўсходзе Беларусі. На пляцы ўжо чакалі колькі дзесяткаў студэнтаў тамтэйшага земляробчага інстытута. Тыя, у каго не было зброі, атрымалі стрэльбы і штуцэры.
Знячэўленая каманда ўнутранай варты супраціўлялася адчайна, але нядоўга. Паўстанцы ўзялі цэйхгауз, казармы і скарбоўню і без ніводнага стрэлу занялі інстытут. Даўжэй за ўсіх адстрэльваўся з вокнаў кватэры начальнік варты, але на досвітку, які прыспешвала паланіца пажараў, страляніна заціхла і ўвесь горад апынуўся ў руках у інсургентаў.
Камандаваў паўстанцамі высакалобы цёмна-русы чалавек у канфедэратцы, з навіслымі над вузкімі вачыма бровамі і прычасанымі данізу вусамі. Ён меў блізу сарака гадоў, адно плячо трымаў вышэй другога і адзываўся на мяно Тапор. Пад хмурным ранішнім небам ён сказаў прамову перад рэдкім натоўпам сабраных на пляц перапалоханых месцічаў. Пяць-шэсць чалавек у адзенні службоўцаў марна спрабавалі наладзіць авацыю. Тапор перасмыкнуў плячыма, саскочыў з параконкі, на якой стаяў, і аддаў атраду загад рыхтавацца да выступу.