• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    He трэба было вялікага таленту, каб здагадацца параўнаць почыркі ў маім прашэнні аб паездцы за мяжу і ў захопленых жандарамі рукапісах. Да таго ж у мемуарах я імкнуўся быць зусім праўдзівым, і следству было вельмі проста суаднесці ананімныя мемуары з жыццём нясвіжскага памешчыка Незабытоўскага. Карацей, Явецкаму мроілася, што не сёння, дык заўтра ён пачуе маё поўнае прызнанне і будзе трыумфатарам. Сапраўды, яго доказы было немагчыма абвергнуць.
    Затое, Ежы, іх можна было не прызнаваць.
    Уяві сабе гнугкага смуглявага мужчыну гадоў на сорак, які нечым нагадвае цыркавога артыста. На ім бездакорны светла-шэры сурдут, пашыты ў найлепшага варшаўскага краўца, на гальштуку бялее вялікая перліна, і наогул ён пакідае прыемнае ўражанне чалавека, задаволенага сабою і іншымі.
    Сёння Явецкі яўна ў гуморы, а ў такія дні за сталом яму не сядзіцца.
    — Ну-с, пане Незабытоўскі,— весела гаворыць ён, пахаджаючы па кабінеце,— раніцою я скончыў чытаць адзін надзіва займальны раман пад назваю... хм... «Мары пра славу, каханне і свабоду». Спадзяюся, з гэтае прычыны размова ў нас атрымаецца больш змястоўная, чым мінулым разам.
    — Мне заўсёды цікава пагаварыць з чалавекам, які чытае кнігі,— адклікаюся я.
    — А яшчэ цікавей звесці знаёмства з чалавекам, які іх піша, ці не так?
    — Каго пан следчы мае на ўвазе?
    — У вашай нездагадлівасці сапраўды няма межаў. Але вернемся да справы. У нас цяпер тысяча восемсот
    сорак восьмы год. Такім чынам да прадказанай вамі рэвалюцыі застаюцца лічаныя гады, калі не месяцы...
    — He зусім разумею вас, пане следчы. Аб якім прадказанні ідзе гаворка? Мяне ніколі не вабіла роля аракула.
    — Аб вашым, пане Незабытоўскі.— Сашчапіўшы за спінаю дагледжаныя кароткія рукі, ён працягвае мераць кабінет. Ход гугаркі яму пакуль відочна даспадобы.— Я гавару аб прароцтве, якое вы робіце ў сваім рамане.
    — Але я ніколі не пісаў раманаў. Прызнаюся, нават лісты да сяброў даюцца мне з цяжкасцю.
    — Тым не менш почырк рукапісу,— ён ківае на дзве пульхныя папкі на стале,—супадае з почыркам вашага дзённіка.
    — На жаль, пана следчага ўвялі ў зман. У мяне няма звычкі заводзіць дзённікі.
    — Цудоўна, цудоўна...— Явецкага не так проста вывесці з яго настрою.— А што васпан скажа наконт гэтага аркушыка паперы? Між іншым, на ім пералічваюцца назвы раздзелаў памянёнага рамана. I, між іншым, аркушык я знайшоў у вашай спальні. У следчай практыцы гэта называецца рэчавым доказам.
    — Вы ўжо дабраліся да маёй спальні? Віншую, віншую... Значыцца, на думку пана следчага, я склаў змест невядомага мне рамана. Прабачце, але гэта пярэчыць элементарнай логіцы.
    Шэры сурдут на імгненне застывае, а потым сядае за свой засланы зялёным сукном стол.
    — Тады як вы растлумачыце з’яўленне паперкі ў вашым маёнтку?
    — Васпан жа дзеля нечага лётаў такімі маразамі за дзвесце вёрст у мае Смалічы...
    Ён адкідваецца ў крэсла — яшчэ адзін знак, што яго настрой мяняецца. У сувязі з гэтым у мяне мільгае бяскрыўдная ідэя.
    — Прабачце, пане следчы... Раман, пра які вы гаворыце, заняў у размове такое вялікае месца, што я насмелюся прасіць вас хоць у двух словах акрэсліць яго сюжэт і ідэю.
    — 3 вялікай прыемнасцю, пане падследны,— адказвае шэры сурдут з іроніяй, якая сведчыць, што птушка трапіла ў маё сіло.— У рамане апісваецца жыццё ў заходніх іубернях пасля перамогі нейкай, з дазволу сказаць, народнай рэвалюцыі. Вядомы вам, напэўна, сэр Томас Мор мусіць недзе там, на Парнасе, пасунуцца, каб
    даць месца аўтару новай утопіі. Толькі яго фантазія, на вялікі жаль, скіраваная не на ўдасканаленне жыцця дзяржавы, а на падрыў яе святых асноў. Вось ідэя гэтага невядомага вам рамана. Вы задаволілі цікавасць?
    — Збольшага. Аднак, пане следчы, дазвольце заўважыць, што ў вашых паводзінах ёсць пэўная дзіўнасць. Спярша вы безапеляцыйна заявілі, што раман напісаў я, а потым згадзіліся расказаць аўтару яго сюжэт. Вы не адчуваеце тут супярэчнасці?
    Рабаціністы пісарчук, які, чакаючы паказанняў, ловіць мух, пакутліва моршчыцца, каб не засмяяцца. Следчы ўспыхвае, як дэвотка ад скаромнага слова, і колер сурдута падкрэслівае малінавую чырвань яго твару. Мінае не менш хвіліны, перш чым ён здольны весці допыт далей.
    — В таком случае...— Явецкі імкнецца гаварыць парасейску лепей за прыроднага русака, але ў раздражненні ў яго непазбежна вынырвае аднекуль польскі акцэнт, і гэта толькі прыспорвае пану следчаму зласлівасці.— У такім разе, міласцівы гасудар, я таксама адзначу адну дзіўнасць. У нататках нейкага падарожніка ёсць згадка, што па Егіпце ён вандраваў у турэцкім уборы. А сярод вашых рэчаў, адпраўленых у Смалічы пасля арышту, знайшлі дакладна такі ўбор. Вось шаравары, вось зялёны турбан, вось такія самыя похвы з зорачкамі...
    Ён выкладвае свае трафеі з шуфляды на стол, які робіцца падобны да прылаўка дзе-небудзь на ўсходнім базары.
    — На вашу думку, усё гэта з’явілася ў маёнтку таксама ў выніку майго візіту?
    — Цалкам магчыма.
    Пісарчук у кутку прыкусвае губу і адварочваецца да сцяны...
    Зразумей мяне правільна, Ежы. Я не строю з сябе героя, я проста хачу пераканаць цябе, што нават у самым цяжкім, невыносна цяжкім становішчы, калі ўжо, здаецца, няма і не можа быць ніякага выйсця, у чалавека абавязкова застаецца магчымасць змагання.
    Чую тваё пытанне:
    — А дзеля чаго, вуек, ты вёў гэтае змаганне? Ці не разумней было б прызнаць неабвержныя факты?
    Ты кажаш, што тады яны, прынамсі, пакінулі б мяне ў спакоі і не цягалі на бясконцыя допыты. А ведаеш, якую шалёную радасць чуў Мікалай, калі пасля Сенацкай плошчы сябры расейскіх таварыстваў давалі пака-
    занні? Мы з табой не маем права папракаць гэтых пакутнікаў, але я ні за якую ўзнагароду не згадзіўся б падараваць падобную радасць рыцарам з Трэцяга адцзялення. Лёс даў мне выпадак паказаць стаўпам прастола іх бяссілле, і адмовіцца ад такога шанцу было б злачынствам перад сумленнем.
    I потым, допыты падабаліся мне. He рабі круглых вачэй — сапраўды падабаліся. He толькі таму, што я бачыў перад сабой ворагаў і мог з імі змагацца. Наглядчыкам і канваірам забаранілі са мною размаўляць, і допыты сталі адзінаю ніткай сувязі са знешнім светам. Тут я мог уведаць хоць кроплю з таго, што чыніцца паза межамі маёй клеткі. Часам я чакаў допыту, як вандроўнік у пустэльні чакае глытка цёплай вады з амаль пустой біклажкі.
    Аднойчы новы ўжо следчы, відаць, маючы на мэце паказаць мне, які лёс чакае любое паўстанне, паведаміў, што ў Вене быў мяцеж, але войскі імператара ўзялі горад.
    — Думаю, у Венгрыі ім будзе цяжэй,— ва ўладзе нейкага натхнення заўважыў я, хоць насамрэч не меў аніякага ўяўлення аб тым, што адбываецца цяпер у Венгрыі.
    — Разгром угорцаў — справа самай блізкай будучыні,— адчаканіў чапурысты следчы.— Тым больш імператар Франц Іосіф звярнуўся па дапамогу да нашага гасудара.
    — Значыцца, у Венгрыі таксама рэвалюцыя?! — Я не мог дый не хацеў хаваць радасці.
    — Але ў Расеі мы яе не дапусцім, пане Незабытоўскі.
    Праз колькі дзён я неспадзявана змог выкарыстаць навіну. На мяне заманулася паглядзець усяму сінкліту. Я кажу пра Віленскую следчую камісію. Напачатку яе старшыня Чаваці — яўны угорац і прозвішчам і абліччам — дзеля праформы пацікавіўся, якія пытанні ёсць у падследнага. Тады я і спытаў, што пан падпалкоўнік адчувае ў дні, калі яго браты па крыві ваююць за свабоду. Трэба было бачыць, як ён ускочыў з крэсла. Дарэчы, той допыт фактычна пачаўся і скончыўся маім пытаннем.
    Ты змеціў, Ежы, што ў палове папярэдняй старонкі літары раптам пачалі падскокваць і напаўзаць адна на адну, нібы іх выводзіла чужая рука, а потым зноў выраўняліся. Я дапісаў тую старонку цяпер, а тады, учора, 162
    знячэўку праваліўся ў нейкі нязвычны сон, дзе мая свядомасць растала, як сняжынка на нечай далоні. Нам з табой пашанцавала: на варце быў якраз мой дабрадзей. Ён забраў спісаныя аркушы, а апошні схаваў у мяне на грудзях. Сёння я распароў край пярыны, і на будучае мы дамовіліся, што тут будзе наша схоўка.
    Гэтае глухое забыццё было так падобна на смерць... Затое зараз, быццам у адплату, я чую прыліў сіл, напэўна, здолеў бы нават падняцца і зрабіць колькі крокаў. Але не буду рызыкаваць, бо павінен закончыць гэты ліст. Суткі нябыту — папярэджанне, што трэба спяшацца.
    Яшчэ два словы пра следства. Пан Явецкі вярнуўся ў Варшаву залагоджваць нездаволенага патрона. Справу перадалі ў ваенны суд, я адмовіўся даваць паказанні, і абвінаваўчы акт стаўся ўадначас прысудам. Што-што, a судзіць у нашай імперыі ўмеюць. Аднак хопіць пра гэта.
    Дык вось, Ежы, сёння я прачнуўся з дзіўным адчуваннем, што ў сне рака часу зрабіла плаўны паварот і я зноў трапіў у блаславёную пару дзяцінства. Я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і быў дванаццацігадовым хлопчыкам, што часта прахопліваўся сярод ночы ад нейкай шчымлівай радасці. За вокнамі пансіённага дартуара гуляў вецер, сябры спалі, а я ляжаў пад цёплаю коўдрай і думаў, што мне наканавана незвычайнае, не такое, як у іншых, жыццё. Я не разумеў і не мог разумець, у чым яго незвычайнасць, трагічным ці шчаслівым яно будзе, але я і не прагнуў такога разумення — было дастаткова радасці, ад якой замірала душа.
    Сёння я зноў перажываў тыя хвіліны. I раптам час абрынуўся на мяне шалёным вятрыскам, і за адно імгненне пранесліся ўсе астатнія гады.
    Я адплюшчыў вочы: на цёмнай сцяне зімовы ранак ужо накрэсліў вакенца з кратамі. Дапусцім немагчымае, падумаў я. Той хлопчык у хвілю шчаснага бяссоння ўбачыў вязніцу і сябе самога на гэтых тапчагах. Як бы ён жыў далей?..
    Мне здаецца, у кожнага чалавека быў ці яшчэ будзе дзень, гадзіна або адзін момант, пра якія мы можам узгадаць часам толькі праз шмат гадоў, а мо і зусім не ўзгадаем, але менавіта ад іх і пачынаецца, па сутнасці, наша жыццё.
    У Італіі я быў знаёмы з невідушчым жабраком. Вінчэнца — так звалі гэтага старога, якому не было і сарака,— распавёў мне сваю гісторыю. У маленстве, гуляючы ў
    руінах замка, ён міжволі стаў сведкам расстрэлу. Каля абымшэлай сцяны аўстрыйскія салдаты расстрэльвалі трох італьянцаў. Самы малады з іх перад залпам крыкнуў: «Перадайце маёй маці, што я нікога не выдаў!»
    Вінчэнца рыхтаваўся атрымаць спадчыну ад дзядзькібанкіра і стаць добрапрыстойным буржуа. Замест гэтага ў няпоўныя пятнаццаць ён стаў карбанарыем. Сляпым яго зрабілі аўстрыйскія астрогі.