• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    дым канкурэнтам, і аднойчы яна, імператрыца, здолела ўбачыць ці, праўдзівей, праз усю залю адчуць тую ледзяную ўсмешачку, што празмяілася па князевых вуснах, на імгненне прыадкрыўшы бездань ягонае нянавісці. Перад тым, як пераключыць увагу на беларускага афіцыяла Паслоўскага, яна спакойна падсумавала: не будзе нічога дзіўнага, калі неяк увечары пецярбургскі Гамлет бесклапотна вып’е келіх таго віна, якое каштуюць толькі раз.
    Ксёндз Паслоўскі заняў пазіцыю каля высокіх вокнаў, за якімі на ілюмінацыйнай вежы быў вытканы агнямі яе, Кацярынін, партрэт. Да афіцыяла па чарзе падыходзілі ваявода берасцейскі Ян Зыберг, полацкі кашталян Фадзей Жаба, скарбовы пісар літоўскі Юллян Шчыт, ваявода люблінскі Ігнацы Твардоўскі... Пра што маглі гутарыць з афіцыялам гэтыя фанабэрлівыя палякі і літвіны? Можа, усе разам атрымалі ад папы новы загад паўплываць на непакорлівы ордэн? Няхай афіцыял раскажа ім пра кіслую міну апошняга пасланага з Варшавы нунцыем Аркеці сакрэтнага агента, што не паспеў ступіць па дзвінскім беразе і двух крокаў, як з туману выйшаў сам полацкі гараднічы са сваімі людзьмі, якія ветліва пасадзілі няпрошанага візітанта назад у човен і паабяцалі, што наступнага разу давядзецца вяртацца наўплаў.
    Твардоўскага змяніў стараста інфлянцкі Язэп Плятэр, а таго — кашталян троцкі Андрэй Агінскі... Яна засталася задаволенаю, што беспамылкова памятае, хто ёсць хто ў гэтай жывой мазаіцы твараў, але разам з тым адзначыла, што ніхто з суразмоўцаў ксяндза Паслоўскага так і не павярнуўся тварам да вокнаў, у якіх ззяў яе партрэт у атачэнні гербаў галоўных гарадоў імперыі. Яна ўжо мелася палічыць падкрэсленую няўвагу палітычнай дэманстрацыяй, як яе позірк спыніўся на гнуткай, яна сказала б, празмерна гнуткай постаці Станіслава Панятоўскага, пляменніка і цёзкі караля і вялікага князя. Апошняга караля і вялікага князя,— думаючы пра былога фаварыта, дадавала яна ўжо не адзін год.
    Аднак інтэрас у яе выклікаў не сам пляменнік — асоба, ствараючы якую Госпад відавочна адпачываў, хоць, зрэшты, і падкінуў ёй за картачны столік неблагога партнёра. Яна весела злавіла сябе на тым, што прагна разглядвае спадарожніка Панятоўскага.
    3 гэтае хвілі яе ўжо не цікавілі ні бестурботны Гамлет з развар’яваным князем Пацёмкіным, ні чарада літвінаў і палякаў, што, як восы вакол спелае грушы, круціліся Ka-
    ля афіцыяла (яны дачакаюцца часу, калі яе партрэт будуць аздабляць гербы і іхніх гарадоў), ні цэлы рой маладых іншаземцаў-езуітаў, што размаўлялі адначасова на чатырох ці пяці мовах, з цыркавой лёгкасцю пераскокваючы з французскай на лаціну і з нямецкай на ангельскую.
    Ён выглядаў на паўгалавы вышэйшым за Ланскога і, відаць, пражыў на свеце ці не ўдвая болей за яго, што між тым ані не адбілася на па-маладому станістай постаці. Яна, імператрыца, была пэўная, што ў яго на галаве не парык, а ўласныя, густыя і нават на позірк шорсткія валасы, якія ёй у мужчын нязменна падабаліся. На ягоным выштукаваным без лішняга мудрагельства твары ляжала пячатка адлучанасці. Яна зразумела, што гэты мужчына, як і яна сама, не паддаўся святочнай мітусні і застаецца ў яе віхуры сам-насам з сабою.
    Ёй захацелася ўбачыць яго зблізку, пачуць ягоны голас, даведацца, якія ў яго вочы. Губернскі маршалак Корф, што не адыходзіўся ад яе далей чым на тры крокі, схіліўшыся да вуха, патлумачыў: былы земскі суддзя Полацкага ваяводства Каспар Буйніцкі, нашчадак старажытнага тутэйшага роду, удавец і заўзяты паляўнічы.
    Маршалак зрабіў знак, і праз хвіліну радавіты літвін стаяў перад ёю.
    3 валасамі яна не памылілася: густыя, цёмна-каштанавыя, ледзь-ледзь кранутыя плацінавай сівізной, яны — вядомае яшчэ старажытным грэка.м сведчанне пароды — розніліся з жарай барадой і гэткага ж колеру вусамі геданіста. Літая постаць дыхала спакойнай, утаймаванаю сілай. Выразны, буйны, але ў класічных межах, нос паведамляў пра цвёрдасць характару. Аднак першае, што яна ўбачыла, калі ён ці не занадта лёгкім паклонам павітаўся з ёю, былі зусім маладыя зялёныя вочы, якія то цямнелі і ўвачавідкі рабіліся карымі, то зноў святлелі амаль да колеру травеньскае лістоты, але незалежна ад гэткіх хуткіх зменаў у іх, не гаснучы, ігралі небяспечныя агеньчыкі.
    Так, ужо тады, на бале, ягоная блізкасць павеяла на яе небяспекаю. I ўддначас яна, імператрыца, адчула сілу ягонага мужчынскага прыцягнення, сілу, якую яна ўмела цаніць, як ніхто.
    Яна ўжо ведала, хто прашэпча ёй сёння «зоренька».
    Але тут яна памылілася: ён, хоць і быў папярэджаны пра асвечанае традыцыяй імператрыцына жаданне, не назваў яе так ні разу.
    Яна адно зараз асэнсоўвае юта, і адкрыццё аніяк нельга назваць прыемным. Раздражненне ўвасабляецца ў тонкім звоне камара, які мерыцца паснедаць, апусціўшыся ёй на шыю.
    Імператрыца выводзіць камара з гульні, але ёй здаецца, што прыкры звон у спальні не сціхае. Каб адпрэчыць замарачэнне, яна вяртаецца да ліста сыну.
    «Жыхарства тут самае разнастайнае: вельмі часта побач жывуць праваслаўныя, католікі, уніяты, габрэі, рускія, палякі, чухонцы, немцы, курляндцы, карацей, не ўбачыш двух сялянаў, каб тыя былі аднолькава апранутыя і правільна гаварылі на адной мове; змяшэнне плямёнаў і моў нагадвае Вавілонскае стоўпатварэнне...»
    Ёй узгадваецца дарога з Пецярбурга: натоўпы святочна прыбраных прыгонных рабоў з хлебам-соллю, карагоды баб з іхнімі простанароднымі песнямі... Часам, каб пацешыць ёй вока, усцяж гасцінца ставілі бутафорскія вёскі-дэкарацыі: багатыя чыстыя хаты, каровы з вялізнымі вымямі, што нязменна абуджалі ў яе жаданне...
    Адзін з мазілак-бутафораў саграваў яе на апошнім начлезе перад Беларуссю. Яна спакусілася ягонымі грэнадзёрскімі ростам і паставаю, але ў ложку вонкавыя мужчынскія вартасці таксама ператварыліся ў бугафорыю. «Грэнадзёр» відочна баяўся яе, мітусіўся, у самы недарэчны момант ні з пушчы ні з поля кінуўся дзякаваць за ўказ, што дазваляў мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела на жывых мадэлях. «А сёння, бацюхна, на гасударыні натуру спасцігаць будзеш»,— засмяялася яна і бесцырымонна ўзяла яго за прычыннае месца. Ды ўсе старанні натхніць бутафора скончыліся канфузам, і яна мусіла пасылаць па Ланскога.
    Імператрыца пераводзіць позірк на алькоў, і яе вочы затуманьваюцца.
    Другі раз ён, полацкі вядзьмак і паляўнічы, авалодаў ёю вось там, на ложку, абрынуўшы на яе піраміду падушак і падушачак. I зноў яго ласкі нагадвалі ласкі дзікага звера. Зноў штосьці лясное, нетравае таілася ў руках, што блукалі па яе целе, не ведаючы аніякіх забаронаў. Яна не назвала б свае адчуванні прыемнымі, але прыхаваная трывога, што пульсавала ў іх лабірынтах, несла з сабою непаўторную слодыч.
    Гаспадаром з першага імгнення блізкасці, як і раней, быў ён, і ў нейкую хвілю яе ўжо тады ўтнула здагадка, што ён апынуўся ў спальні не па волі яе, імператрыцы,
    a — згодна з уласным, не зусім зразумелым ёй планам... Але ён быў геніяльным каханкам, і тое, што адбывалася сярод раскіданых падушак, ужо не пакідала месца думкам, якія імкліва адносіла ўдалеч паводка асалоды.
    Яны гаварылі па-французску, аднак у ложку ў яго вырваліся словы на іншай мове. Гэта была не польская, а мова яго дзяцінства, гэтых прыдзвінскіх лугоў і пушчаў. Прамоўленыя на ёй словы нарадзіла не пяшчота, не цеплыня. У іх, як і ва ўсім тым, што ён рабіў з яе целам, гучала ўладная грубасць, якая між тым заставалася не пакаранаю, бо ўваходзіла ў правілы гульні, якія яна, імператрыца, прымала не вымушана, а з усцехаю, цалкам падпарадкоўваючыся ягонай уладзе, яго дыханню і яго мужчынскаму crescendo.
    Ейную свядомасць толькі злёгку зачапіла крылом зайздрасць да тых, каго ён любіў да яе і каго будзе любіць пасля.
    Ён і яна ўскрыкнулі адначасова.
    Потым яны ляжалі ў празрыстай, прапахлай іх любоўю цемры і размаўлялі.
    Размова атрымалася нядоўгаю, але зараз у імператрыцы ўзнікае ўражанне, што яны прагаварылі цэлую ноч.
    Яска ўквеленасці, што ўспыхнула, калі яна згадала ўпартае нежаданне літвіна назваць яе «зоренькой», не гасла, а наадварот — разгаралася і асвятляла падзеі прамінулае ночы ўжо крыху іншым святлом.
    Тады, у прыліве жаночае ўдзячнасці, яна запусціла пальцы ў гушчар ягоных кудзераў, кудлаціла іх і дрымотна думала, як добра было б узяць полацкага паляўнічага з сабою ў дарогу: можа, да Магілёва, дзе яе чакала сустрэча з аўстрыйскім імператарам Іосіфам, а можа, і далей, у Пецярбург... Прамоўленыя ёю словы сталіся вынікам не асэнсаванага рашэння, а толькі працягам адчуванняў напоўненага шчаслівай стомаю цела, але яна, імператрыца, не выключае, што раніцой словы-мроі маглі — цікава было б паназіраць за Пацёмкіным і кампаніяй — увасобіцца ў яву.
    «Хадзі да мяне на службу, літвін. Я вазьму цябе ў сталіцу».
    Яна вяртала сабе становішча гаспадыні, але голас яшчэ быў афарбаваны цеплынёю, і зараз з гэтае прычыны яна чуе ніякаватасць.
    Адказам стаўся смех — вясёлы, здаецца, шчыры і густы, як і валасы яго гаспадара.
    Толькі адсмяяўшыся, ён сказаў «не».
    «Я ўмею быць шчодрай...»
    Ён меў адвагу перапыніць яе.
    «Ваша вялікасць, магчыма, тое, што я скажу, будзе смешным ужо для вас.— Голас літвіна зрабіўся непрыемна сур’ёзным, у ім не ацалела ні іскрынкі смеху.— Сентыментальны юнак памёр ува мне так даўно, што я ўжо не памятаю, на якой ростані аплакваў яго. Але гэтаксама даўно я зразумеў, што не змагу жыць без гэтае зямлі. Без Дзвіны, без маіх лясоў, без магільных скляпоў нашага роду. Без таго, што той чуллівы юнак называў радзімай...»
    «Цяпер і назаўсёды гэта частка маёй дзяржавы,— суха адказала яна.— Для тваіх дзяцей і ўнукаў радзімаю будзе ўжо Расія».
    I зноў спальня пачула смех, але іншы: у ім гучала не толькі адмаўленне.
    «Ваша вялікасць, няўжо вы насамрэч уяўляеце, што ўсё гэтак проста? Душа не можа ў адну цудоўную раніцу прачнуцца падданаю іншай дзяржавы».
    «Ёсць розныя душы, літвін. Як ты ведаеш, шляхта, што прынесла мне прысягу, атрымала поўныя правы расійскага дваранства».
    «Калі чалавека пазбаўляюць шляхецтва, ён не перастае быць шляхцічам».
    «Ты павінен зразумець, што і тыя землі,— яна паказала на вакно, за якім плыла начная рака,— таксама будуць належаць Расіі. Праз год ці праз дзесяць — для гісторыі гэта імгненне. Людзі народзяцца, а землі — не. Я хачу, каб нашы ўнукі былі аднолькава рускімі і жылі, як родныя...»