• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Ужо не мог я нават рукой варухнуць, ужо ад холаду думкі адна за адной заміралі, і ўвесь я быццам у лядовую брылу ўмёрз.
    Апошняя думка ў гэтым лёдзе кволілася — пра сына. Чаму Тамаш, нямко мой родны, развітацца не прыйшоў? Няўжо знелюбіў бацьку? Няўжо пракляў за Кацярынку і за безгалосасць сваю? Няўжо на тым усе нашыя пакуты і скончацца, што нас — на палю ды на шыбеніцу, a дзяцей нашых нямымі зробяць і ненавідзець нас навучаць?
    Пачула смерць, што клічу яе, і прыйшла. I ў астатнюю хвіліну — не ведаю, што гэта было: ява ці мроя — 128
    убачыў я ўнізе свайго Тамаша. «Сынок! — закрычаў яму.— Сынок!» Але не было ўжо ў мяне мовы, адно вусны ледзь-ледзь варухнуліся. I ў яго, у сына, бачу: таксама вусны варушацца, ён, нямко мой, таксама крычыць нешта, а я пачуць не магу.
    I тады абняў Тамаш палю, на якой я канаў, упаў на калені і закалаціўся ў сваім бязгучным крыку. I тады лёд, што душыў мяне, а можа, не лёд, а сам купал нябесны раскалоўся, і пачуў я:
    — Та-тка-а!!!
    1987
    КАХАНАК ЯЕ ВЯЛІКАСЦІ
    Вадзіму Лабковічу
    Першы раз гэта здарылася вось тут, на мядзведжай шкуры, якая зараз лашчыць яе босыя ногі. Згадка адгукаецца прыемным скразнячком паміж выпушчаных на волю грудзей і салодкім паколваннем у зацвярдзелых смочках.
    Мядзведзь быў велізарны: амаль чорная, з бурымі падпалінамі шкура займае ўсю прастору ад алькова да вакна, за якім — толькі высокая пасля апошніх залеваў Дзвіна. Учора рака ўзбунтавалася, за нейкую гадзіну ўзарвала наведзены для яе, імператрыцы, вышэй Полацка мост, і генерал-губернатар распарадзіўся знайсці надзейную шлюпку.
    Яна бярэ з талеркі чырванабокі яблык, які, колькі сябе памятае, нязменна з’ядае перад сном, і згаладала ўпіваецца ў яго зубамі. Толькі пятая гадзіна, але імператрыца ведае: ужо не засне, бо цела перапоўненае не стомаю, а пенлівай, як шампанскае, лёгкасцю, што хутка вяртае вастрыню і свежасць успрымання. Свечкі ўжо даўно непатрэбныя, аднак яна чамусьці не спяшаецца тушыць амаль празрыстыя агеньчыкі, быццам іх жывая прысутнасць тут, у спальні, яшчэ дзеля нечага патрэбная.
    Імператрыца спрабуе акрэсліць свой унутраны краявід. Ён сугучны заваконнаму: тая ж ціхая раніца і бяссонная, там-сям яшчэ захінутая пасмамі туману плынь успамінаў пра зусім блізкае і пра задаўненае, але раптам вернутае прыхамаццю памяці.
    Ёй падабаецца думка, што прэлюдыяй гэтае ночы сталася навальніца, якая шалела над горадам у першы полацкі вечар.
    Наогул, усе баўленыя тут дні зліліся для яе ў адзін — доўгі дзень, які папярэднічаў сённяшняй шчаслівай (імператрыцы не належыць так думаць, але зараз яна думае менавіта так) ночы, чыя рука ўпэўнена сцерла вобразы і адчуванні астатніх полацкіх начэй.
    Хіба гэта не ўчора яна ўязджала ў горад пад мелодыі аркестра, што граў на ўзведзенай у яе гонар трыумфальнай браме, і пад салют з расстаўленых на гарадскіх валах гарматаў? Яна ехала праз шчодрую цеплыню травеньскага вечара, праз залітыя белай, ружовай і жаўтлявай квеценню сады, праз шматгалоссе званоў і натоўпы яе падданых, якім кланялася са сваёй пазлачонай карэты з апушчанымі вокнамі. Наперадзе на раскошна прыбраных конях гарцавала найбольш знакамітая полацкая шляхта, за ёю — паштмайстар з паштальёнамі і пікінёры пры поўным парадзе. За брамаю абапал вуліцы стаялі ў святочных строях рамесніцкія цэхі са сцягамі і барабанамі, а на пляцы перад прысутнымі месцамі чакала чынавенства ў белых камзолах і чырвоных, з белымі гузікамі каптанах з палевым падбоем...
    Падзеі трох прысвечаных Полацку дзён яе падарожжа ўзнікалі перад вачыма, нібы стракатыя каляровыя малюнкі з дзіцячай кніжкі пра іншыя краіны і народы, якую яна чытала тады, калі яіцчэ гаварыла і сніла сны па-нямецку.
    Сабор святога Стэфана, дзе айцы-езуіты падрыхтавалі ёй пышна аздоблены трон... Стоячы на ім, яна ўпершыню ў жыцці слухала каталіцкае набажэнства і назірала ўрачыстую працэсію са спевамі Те Deum, пасля чаго граф Чарнышоў адрэкамендаваў ёй ордэнскіх навіцыяў*...
    Увечары быў маскарад, і ўвесь горад — рынак, вуліцы, манастыры — ззяў ілюмінацыяй. Перад езуіцкім саборам — чатыры залітыя залатым святлом драўляныя піраміды, роўныя вышынёю самому храму, а пад яе вокнамі — пятая піраміда з агністым надпісам «Страх ворагаў, апірышча сяброў, любоў падданых»...
    I зноў у калейдаскоп уражанняў урываецца ноч.
    Ён быў не надта шчодры на кампліменты; пасля традыцыйных галантных формулаў ягоны позірк спыніўся на шкуры каля алькова, і ён нечакана, быццам толькі што вярнуўся з лесу і ні пра што іншае гаварыць проста не можа, узяўся расказваць пра паляванне на мядзведзяў.
    Навошта ёй, імператрыцы і жанчыне, было ведаць, што тут, у прыдзвінскіх лясах, вядуцца тры пароды гэтага звера — мурашнікі, аўсянікі ды сцярвятнікі — і што, калі за адну аблаву здабываюць меней пяці мядзведзяў, гэта лічыцца няўдачаю? Якім ветрам яму ў га-
    * Навіцый — новапрыняты ў манаскі ордэн.
    лаву магло занесці бязглуздую думку, нібы ёй будзе цікава чуць, што мядзведзяў не толькі абкружаюць у асочаным мярлозе, але яшчэ і ловяць сілом або жалезнымі пасткамі ў атворах борцяў, калі, прасунуўшы галаву да пчол, мішка ўжо не можа выцягнуць яе назад?
    Але ён, гэты літвін, гэты полацкі паляўнічы, не памыліўся: ёй напраўду зрабілася цікава, і яна, імператрыца, гатовая была слухаць далей — як на дно адмысловай яміны ставяць місу з разведзеным гарэлкаю мёдам і прываблены смачным пахам лясны ласун адважна «бярэ чарку», а потым соладка засынае і робіцца лёгкай здабычаю.
    Ягоны невысокі, густы, з утульнай хрыпкаю голас зачароўваў, абуджаў у глыбінях свядомасці штосьці таемнае, неспасцігальнае, першабытна-спрадвечнае. Такія галасы, пэўна, былі ў ведзьмароў, што выклікалі, як яна чытала ў старых хроніках, бясконцыя дажджы, калі дзвесце гадоў таму Полацк трымаў у аблозе вялікі князь і кароль Стэфан Баторы...
    У нейкі момант яе душа паўстала; ёй захацелася скінуць мярэжку чараў і ўзяць размову ў свае рукі, але...
    Але ёй на памяць недарэмна прыйшлі ведзьмары: наступнае хвілі ягоныя вочы робяцца ўтрапёнымі і яна, не паспеўшы ні словам, ні рухам запярэчыць, апынаецца ў дужых руках, якія ашчадна, аднак з катэгарычнай уладнасцю пераносяць яе з алькова на неспадзявана мяккую шкуру, а яшчэ праз тры ўдары сэрца ён ужо авалодвае ёю цалкам, перакульвае ў вір страсці, азарту і шаленства, якія, відаць, можна параўнаць адно з тымі, што кіпяць у мужчынскай душы на паляванні.
    Шкура пахне зверам, аднекуль з зялёных нетраў даносяцца гукі ражкоў і сабачы брэх, дзікія лесавыя пахі зліваюцца з хмельнай водарнасцю ягонага поту... Яна заплюшчвае вочы, і ў якімсьці кутку яе розуму ўспыхвае вар’яцкая думка, што гэты літвін насамрэч здолеў ператварыць іх, сябе і яе, у мядзведзя і мядзведзіцу. Каб пазбыцца наслання, яна расплюшчваецца, бачыць у святле кандэлябра свае белыя рукі і хоча засмяяцца над недарэчным страхам, ды смех захрасае ў горле абарваным птушыным клёкатам, бо яе, імператрыцу, даганяе і накрывае з галавою хваля, што цягне за сабой, прымушае вырывацца, крычаць і нарэшце застагнаць у шчаслівай бездапаможнасці, захлынуцца радасцю, не, не радасцю, a нязмерна складанейшым пачуццём, падобным да кароткатэрміновае смерці, да імклівай экспедыцыі ў нябыт.
    Яна любіць вяртацца з такога падарожжа не адразу. Тая самая хваля, ужо спакойная і лагодная, павінна прынесці яе назад і непрыкметна адступіць, знікнуць, як вымуштраваная пакаёўка, знайшоўшы яе раскунежанаму целу прытульнае месца на пустэльным беразе гукаў, адчуванняў і дотыкаў, з якіх народзіцца, набываючы плоць і кроў, ненадоўга пакінуты свет.
    Тут, у старасвецкім драўляным палацыку над Дзвіной, дзе яна спынілася, адмовіўшыся ад вільготных пакояў закончанага — гэта ў яе імперыі старая завядзёнка — у апошні дзень мураванага палаца на рынку, усё атрымалася іначай.
    Ей не ўдалося падпарадкаваць гэтага ведзьмара свайму рытму і змусіць яго перажыць зліццё з абсалютам уадначас з ёю. Полацкі паляўнічы не наталіўся, ім кіравала ранейшая неўтаймоўная жарсць, і ён не адпусціў яе ў жаданую ціхую завань. Ён толькі напачатку дазволіў ёй, імператрыцы, аддацца той хвалі, а ў астатняе імгненне ўтрымаў і зрабіў сваёй пахолкаю, хутка вяртаючы жаданне ёй самой.
    Гэты літвін прымусіў яе спярша легчы на стол, потым укленчыць на падлозе і зноў падняцца. Ягоныя рукі, вусны, язык упэўнена і бессаромна блукалі па ўсім яе целе; досыць было апусціць павекі, каб здалося, што яна маркітуецца з некалькімі мужчынамі адначасова. Ён абуджаў пакрыёмую, падземную прагу, што дрэмле, магчыма, у сутарэннях свядомасці кожнае жанчыны і можа так ніколі і не вырвацца з вязніцы,— цалкам, да апошняе часцінкі трапіць у абладу мужчынскае сілы, адчуць гвалт над сабою, ператварыцца ў наложніцу, у рабыню.
    Ён абыходзіўся з ёю ўсё больш бесцырымонна, але ад гэтага жаданне ставала адно вастрэйшым, завалодваючы ёю ад карэньчыкаў валасоў да пазногцяў. Ён рабіў ёй балюча, ды боль не выклікаў пратэсту, а ўпырскваў у вены новую порцыю таго хмелю, які яна ставіла непараўнальна вышэй за любы іншы напой.
    Яна, імператрыца, паслухмяна і ўдзячна выконвала ўсе ягоныя прамоўленыя і непрамоўленыя загады. Мужчына загадваў, і яна цалавала цвёрдыя гаркавыя смочкі яго налітых жалезнай сілаю грудзей. Мужчына загадваў, і яна кусала і грызла іх, чуючы, як ён распальваецца яшчэ болей. Мужчына загадваў, і яна паварочвалася тварам да начной ракі і клала локці на падваконне...
    Яна зноў і зноў стагнала ад асалоды, а потым... потым ён змусіў яе зрабіць тое, што ўжо шмат гадоў яна
    рабіла адно тады, калі хацела сама... Толькі тады яна, выснажаная, як загнаная аленіха, здолела вызваліцца і самнамбулічна дабрысці да ложка. Але ў ім, у полацкім паляўнічым, выкіпела не ўся жарсць, і ён здагнаў яе, імператрыцу, і яшчэ раз паслаў ёй хвалю, што аглушае і збівае з ног...
    Нарэшце і ён выцягнуўся побач — як звер, што адарваўся ад пагоні і цяпер мае права перавесці дыханне і наталіць смагу з цёмнай лясной рачулкі.
    Яны пілі бардоскае, якое ўвачавідкі вяртала сілы, і маўчалі...
    Імператрыца адчыняе вакно і, упусціўшы ў пакой ручаіну вогкай ранішняй свежасці, глядзіць на раку. На тым баку ўжо вынырнулі з туману жоўтыя муры бернардзінскага кляштара. Вада ўзмацняе гукі, і зарэчных пеўняў чуваць так, быццам іхні хор уладкаваўся адразу за вартоўняй з гвардзейцамі.