Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Да таго ж дайшла да астрога чутка, што гусары ягоную жонку сілай узялі і ўпяцёх здзекаваліся.
Але ўсё роўна нейкі цень на маёй душы ляжаў, бо калі чалавек не на полі, не навідавоку ва ўсіх, а адзін на адзін з тым ворагам, што ў ім самім сядзіць, тады стакроць чалавеку цяжэй. He стрываў я і гукнуў шэптам Андрэя. He азваўся ён, ды гэтак ціха ў тым кутку зра-
білася, што зразумеў я: не спіць, а гаварыць не хоча. Затое Сымон Варона голас падаў, хоць мне здавалася: гэты ўжо трэція сны бачыць.
— Што,— пытаюся,— Сымон? He спіцца?
— Ды не,—адказвае.— Спіцца. Гэта я з табой адтуль, са сну, гаманю. Хочаш, магу і показку табе адтуль збаяць?
— He трэба,— кажу,— спі далей.
Васіль Вецер, чую, стагнаў, стагнаў ды і захроп, a гэтыя двое, як і я, без сну ляжаць. Можа, і ім тую самую цану Радзівіл прызначыў і ноч на роздум пакінуў? Можа, і яны цяпер мучацца: каго ратаваць? — а пра тое, чым за гэтыя жыцці ўратаваныя заплаціць трэба, не думаюць?
Зноў я Авдрэя паклікаў, і зноў ён перамаўчаў. Тады да Вароны зашаптаў, але і ён гэтым разам не азваўся. I разважыў я так, што ўсё адно здрайцу словам не запыніш, а моцнай душы праўда сама адкрыцца .мусіць, і памаліўся, каб даў Бог іхнім душам моцы. Аднак самому, чую, гэтае моцы не стае, бо заварушылася ў душы падумка: а ці захочуць мяне, Карпача, сябрукі мае ўратаваць, калі на тое іхняя воля будзе? Абагнаўся я ад такой падумкі ганебнай, а тут новая ў голаў лезе: а як захочуць? Няўжо жыццё, чужой здрадаю купленае, прыму? Ну а калі ўсё ж дзверы адчыняць ды скажуць: ідзі на чатыры бакі — тады што рабіць?..
Адно пад раніцу мяне сон адужаў, і прыснілася, што мы з Сымонам і з Андрэем у Сажы целяшом купаемся і, як некалі, ракаў на плыткаводдзі ловім. I чуем: кліча нас нехта. Глядзім, а гэта князь Геранім у чоўне плыве і тую немачку кучаравую на каленях трымае. «Гэй, вы,— крычыць,— баламуты! Усіх на волю адпускаю!» Закрычалі і мы штосьці, але што — не паспеў я пачуць, бо загрымелі астрожныя дзверы, і ўжо стаяў на парозе паручнік з паходняй, а за ім жаўнеры тоўпіліся.
Пачалі мы да смерці рыхтавацца, ажно паручнік аднаму Андрэю Костку збірацца загадаў. Зірнуў я Андрэю ў вочы, і Сымон Варона на яго пільна паглядзеў, і Васіль Вецер на саломе прыўзняўся. Пабрацімец жа наш вачэй не адвёў і ўсім нам на ростань усміхнуўся гэтак лёгенька.
А потым доўга мы не чакалі. Андрэя назад не вялі, ды замест яго сам палкоўнік Пястжэцкі, боўдзіла вусаты, з хеўраю сваёй у камору заявіўся, і новы крычаўскі містр, а былы наш сябрук Саўка Маўчун за іхнімі спінамі аціраўся, акурат такі, як ва ўчарашнюю ноч мне прымроіўся — у кунтушы чырвоным, у шапцы з баранком і
з шабляю на баку. Палкоўнік указ княжы чытаць стаў, і, паводле гэтага ўказу, я, Сымон Варона, Васіль Вецер і Ігнат Малунёнак, што калісьці мяне ў асеці хаваў, a таксама яшчэ чацвёра нашых мусілі сёння памерці, a астатнім васьмярым і самому Костку загадваў Радзівіл чакаць і на ягоную літасць спадзявацца.
Мы з Варонам пераглянуліся і ўсё дарэшты зразумелі. У першую хвілю я ўсцешыўся нават, што памерці наканавана, а не дзячыць за жыццё Косткавай здрадзе. Але адразу сэрца сціснулася: а як жа пабрацімцы мае, тыя, якіх Радзівіл на волю адпусціць? Так і не ўведаюць, якой цаною за іхняе жыццё заплочана? А палкоўнік ужо рукою махнуў, каб мы васьмёра выходзілі.
I тады я кашулю на грудзях ірвануў і да тых, што княскай міласці чакаць заставаліся, закрычаў:
— Браты мае! Слова вам перад смерцю мовіць хачу! Прадаў нас Костка! I вас, і нас, што на смерць зараз пойдзем, і тых, што пад замкам ды пад Царковішчамі палеглі, і тых, каму Саўка Маўчун галовы сцяў, і тых, што па лясах і за кардонам уратаваліся! Усіх прадаў! Ведаеце вы, што па Вашчылавым загадзе Кузьма, Стэсеў сын, усё пра паўстанне запісваў, каб праўда пра нас да ўнукаў і праўнукаў дайшла. Дык ведайце, што князь іэтую праўду спаліў, а Костка яе па-новаму перапісаць згадзіўся! Ведайце, што ён Радзівіла родным бацькам нашым і абаронцам назаве і правы ягоныя на нашу спрадвечную зямлю пацвердзіць! За гэта князь вас на волю і адпускае!
Палкоўнік ачомаўся і да мяне:
— Маўчаць, ваўчынае мяса!
I да жаўнераў:
— Вязаць яго!
— Браты мае! — крычу.— Гонар у нас адбіраюць. Апошняе...
Скруцілі мяне і ў рот саломы напіхалі. А Навум Буян, з тых васьмярых, якім чакаць загадана было, і пытаецца, нібыта я яму адказаць магу:
— А можа, брэшаш ты, Карпач? Хочаш, каб весялей паміраць было? Каб усім кагалам на той свет пайшлі?
Мыкаю я, а палкоўнік і хеўра ягоная бакі рогатам ірвуць. Аж раптам Сымон Варона кажух скінуў і закрычаў, што святую праўду я кажу. Яго, Варону, князь таксама спакушаў.
— Памрэм, браты, разам,— у грудзі сябе ўдарыў,— a гонару не прадамо!
I Сымону саломай рот заторкнулі, а Навум:
— Бач ты, раскрычаліся!..
Але ўжо з сумневам гэтак прамовіў.
Тут Васіль Вецер кашулю на сабе задраў і спінаю да нас павярнуўся.
— Глядзіце, браты! — А спіна ў яго спаласаваная, ажно глядзець страшна.— Глядзіце! Гэта за тое, што сказаў князю: хоць у с... цалуй, а хлусню па тваім указе пісаць не буду. Праўду Карпач кажа! Памрэм усе, а гонару не прадамо! Няхай кроў наша Косткаву хлусню пераважыць!
Накінуліся на Васіля жаўнеры і тварам да падлогі прыціснулі.
— Выводзьце! — палкоўнік камандуе.
I ў гэтую хвілю Навум:
— Браты,— крычыць,— веру я Карпачу! Прадаў нас Костка! He хачу з д’яблавай пячаткаю жыць!
I ўслед за ім яшчэ пабрацімцы мае з гых Косткавых ратаванцаў закрычалі, што разам з намі на смерць пойдуць. Пэўна ж, паміраць, калі воля бліснула, ніхто не хацеў, але цяпер і іхнія душы акрыялі. Палкоўніка такое дзіва ўзяло, што вус сабе на палец накруціў, а што далей чыніць — не ведае. Паслаў паручніка да князя. Крываносы ўмомант і назад.
— Ну, ваўчынае мяса,— нагой палкоўнік тупнуў,— няхай па-вашаму будзе. Усім у пекла захацелася — лезьце!
Сымон, Ветра за плечы абняўшы, каб той ісці мог, першы да дзвярэй пайшоў.
— Дазволь, пане палкоўнік,— каля Пястжэцкага прыстоіў,— показку табе на адвітанне расказаць.
— Ну што там у цябе, ваўчынае мяса, за показка?
— А такая, няхай пан выбачае, показка, што спаў адзін чалавек тры дні і тры ночы, пакуль яго швагра не ўстурыў. Ну, кажа, і паспаў ты, братка! А ён яму: от галава! Ці ж той свет пад бокам? А хіба ж ты на тым свеце быў? Анягож! I ў раі быў, і па пекле пахадзіў. A што ж там у пекле? А не бойся, швагра, нашых там нікога не бачыў.
Сымон замаўчаў, а Пястжэцкі не вытрымаў ды пытаецца:
— Ну і каго ён там, ваўчынае мяса, бачыў?
А Сымон:
— Няхай пан палкоўнік выбачае, адных чыста палкоўнікаў! Паўнюткае пекла!
...Была гэта апошняя Сымонава показка, бо адкацілася на пляцы перад ратушай галава ягоная на снег, а ўслед за ёю і ў Ігната Малунёнка галава, і ў Івана Крывулі, што некалі ў мяне грошы пазычыў і аддаць не паспеў. I ў кожнага Саўка Маўчун перад тым, як сякеру з-за пляча апусціць ці пятлю зашмаргнуць на шыі, даравання прасіў. Усе адварочваліся, адзін Сымон у вочы яму глянуў.
— Дарую, калі следам за намі Костку на той свет адправіш!
Махнуў Саўка астатні раз сякерай, а тады нас да паляў павялі...
Гэй, Васіль Вецер! Гэй, Стэсь Бочка! Гэй, Навум Буян! Адляцелі і ад іх душы, люты мароз хутчэй за палю забіваў. Усе мае пабрацімцы адышлі, адзін я яшчэ за жыццё чапляўся, бо спраўдзіў князь абяцанне — пасадзілі мяне на палю, каб мучыўся даўжэй, у кажуху ды ў валёнках. Але і мне мала заставалася, мароз пад апранаху лез, і ад холаду боль гэты нясцерпны, што мае вантробы рваў і вочы раз-пораз цемраю асланяў, ужо адпускаў пакрысе, толькі думка не адпускала: ці пераважыць кроў наша Косткаву хлусню? Ці не забудуцца ўнукі, якія мы пакуты за волю прымалі?
А Саўку Маўчуну і гіцлям ягоным усё спачыну не было. 3 людзьмі ўправіліся — узяліся звон з Параскевы Пятніцы смерцю караць за тое, што званіў, калі мы на замак прыступам ішлі. Язык звону вырвалі, шчокі алебардамі пасеклі і да палонкі пацягнулі, каб давеку безгалосы на дне ляжаў.
Тым часам людзі па хатах грэцца разышліся. А за імі і казакі, што вакол нас, дзіды скрыжаваўшы, стаялі, у карчму пацягнуліся. Цяпер, хто прыпазніўся, зусім блізка да паляў падысці мог. I падыходзілі, і кожнаму казаў я: глядзі!
Глядзі, баба з рэшатам кнышоў! Глядзі, хлопча! I ты, чалавек лёзны ў лапленым кабяняку, таксама глядзі! He кожны дзень крычаўскіх бурмістраў на палю саджаюць! Глядзіце ўсе! Смейцеся, плачце, ды не забывайце! Глядзі і ты, грубая! Потым сыну раскажаш, як мы памерлі. Можа, і ён захоча некалі гаспадаром на сваёй зямлі быць. А не сын, дык унук. Глядзі, запамінай!
I думаў я скрозь боль свой, што такі, пэўна, на гэтай зямлі няпісаны закон: каб людзі не забыліся, што яны ўсё ж людзі, а не рабакі, мусіць нехта ісці на вогнішча, на вісельню, на палю. I калі тыя, за каго ён смерць пры-
мае, гладзяць на ягоныя пакуты з радасцю, як глядзелі калісьці на Хрыста на Галгофе, усё роўна нельга іх ненавідзець, а трэба верыць, што не за быдла паміраеш, a за людзей. Усё роўна трэба любіць іх — хаця б за тое, што прадоўжаць род чалавечы, і праз дваццаць ці праз сто гадоў будзе на гэтым месцы паміраць перад натоўпам яшчэ нехта.
I тады, калі ўжо болю нізвання не чуў, калі толькі холад застаўся, убачыў я, што ідзе да мяне князь Геранім у гарнастаевым футры, а за ім палкоўнік Пястжэцкі з астатнім почтам. Пад самую палю толькі Радзівіл з палкоўнікам падышлі. Палкоўнік вус на палец накруціў і маўчыць, а князь рагоча:
— Ну што, Карпач, не ўзнёсся яшчэ? Відаць, і на небе дурні не трэба. Ты вось варон палохаеш, а твой сябрук вашу гісторыю перапісвае. Цешыцца, што сябе і яшчэ восем душ ад смерці збавіў. Што глядзіш? Няхай піша. Напіша, тады мы яго сюды і прывядзём. А подпіс твой паставіць. Чуеш, гарматнік? Твой!
Хацеў адказаць яму, што звон крычаўскі ў рацэ ўтапіць можна, а памяць людскую не ўтопіш. He патоне яна, пакуль хоць адна жывая душа на нашай няшчаснай зямлі волі хоча. Хацеў адказаць так, ды не здолеў, бо мароз ужо ў мяне мову адабраў.
А Радзівіл, нібыта думкі мае прачытаўшы, уніз, на бераг, зірнуў, дзе Саўка Маўчун каля звона завіхаўся, і кажа:
— Глядзі, Карпач' Вашымі ж рукамі ў вас і жыццё, і гонар адбіраем. Было так і будзе давеку!
Павярнуўся і пайшоў. I такая мяне роспач узяла, што пачаў я смерць клікаць, хоць яна і без таго зусім блізка стаяла.