• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Там, за Дзвіной, іншая дзяржава.
    Дзяржава, якая належыць таму, хто калісьці ўмеў дарыць ёй амаль такія ж шалёныя, дзівосныя ночы. Таму, без каго яна — як і ён без яе — няздольная была вытрымаць да вечара. Таму, хто, не будучы мастаком, пакінуў нашчадкам яе найдасканалейшы партрэт. Ён увасобіў яе аблічча ў словы, і, калі на гэтым свеце ёсць каханне, ягоным пяром кіравала менавіта яно.
    Ужо колькі гадоў яна не разлучаецца з яго падарункам — мініяцюрнай, пераплеценай у зялёны кітайскі ядваб кніжкай-нататнікам. Каб уваскрасіць у памяці тыя натхнёныя радкі, ёй не трэба гартаць старонкі з залатым адлівам. Імператрыца ведае свой занатаваны былым каханкам партрэт як «Ойча наш». «Яна брунетка з асляпляльна белаю скурай. Бровы ў яе чорныя і вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост можна назваць высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас і вясёлы, як і характар, смех. Яна лёгка пераходзіць ад гарэзлівай гульні да сур’ёзнай табліцы лічбаў, якія яе зусім не палохаюць...»
    Імператрыцы здаецца, што, дзякуючы полацкаму ведзьмару, сёння яна выглядае гэтаксама, як і ў дні, калі яе вобраз увекавечыў Станіслаў Аўгуст. Але яна гасіць імкненне падысці да люстра ў багатай асадзе, у якім магла б паўстаць на поўны рост, як на палотнах прыдворных жывапісцаў.
    Там, на далёкім беразе прамінулых з таго часу дваццаці гадоў, яна была яшчэ вялікай князёўнаю, а ён —
    усяго толькі паслом Саксоніі і Рэчы Паспалітай, напачатку нават не паслом, а сакратаром пасольства.
    Яго не было побач тады, у чэрвені 1762-га, калі яна наперадзе верных ёй палкоў ехала верхам у гвардзейскім мундзіры старога пятроўскага крою і ў капелюшы з зялёнай дубовай галінкаю ў Пецяргоф, куды ў той самы дзень мусіў прыехаць імператар, якому лёс адлічваў апошнія дні. Яго, Станіслава Аўгуста, не было з ёю ў яе зорны час, калі яна кіравалася насустрач фартуне, каб ужо заўтра ўрачыста ўступіць у Пецярбург. Побач былі княгіня Дашкава, граф Мікіта Панін, браты Рыгор і Аляксей Арловы, гэтыя куміры моладзі, непераўзыдзеныя майстры наладжваць на сталічных ускраінах кулачныя баі да смерці...
    3 тых, хто дзеля яе ўзыходжання на трон рызыкаваў кар’ераю і жыццём, яна не забыла нікога. Мікіта Панін атрымаў Калегію замежных спраў. Кацярыну Дашкаву яна паставіла на чале Акадэміі навук. Рыгор Арлоў ужо праз нейкі год стаў генерал-фельдцэхмейстарам...
    Яна ўзнагародзіла кожнага, але найдаражэйшы падарунак быў прызначаны яму. Найвышэй узляцеў ён, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Праз два гады яна ўмяшалася ў барацьбу Чартарыйскіх з Патоцкімі і зрабіла яго каралём і вялікім князем літоўскім, уладаром Рэчы Паспалітай.
    Імператрыца адчувае на твары ўсмешку. Хтосьці з замежных зласліўцаў падлічыў, што яна заявілася ў Расію, маючы ўсяго тры сукенкі, паўтузіна кашуляў і столькі ж насовак. Ну, дапусцім, сукенак было ў яе гардэробе на пару болей, але сутнасці гэта не мяняе. Цяпер яна — гаспадыня найвялікшай у свеце дзяржавы, і яе імперыя няўхільна прырастае новымі і новымі землямі. Восем гадоў таму яна адрэзала сабе ад краіны былога каханка Інфлянты і абшар да Дзвіны, Друці і Дняпра.
    Ён, Станіслаў Аўгуст, дастаткова разумны, каб усведамляць, што былое каханне — не аргумент у мастацтве палітыкі. Але дыпламаты паведамляюць, нібыта надзеі ў яго наіўным сэрцы не пагаслі, а толькі прыцярушаныя попелам...
    Яна не можа стрымаць смеху. Кожнаму цвярозаму палітыку відавочна, што гэтая мяжа — часовая. Зусім хутка галасістыя зарэчныя пеўні будуць і на тым баку Дзвіны будзіць яе падданых.
    Ніколі дагэтуль імперыя не была такой магугнаю, a яна, яе ўладарка, такой шанаванаю ў свеце. Ей пісаў
    Вальтэр. 3 ёю лічыць за гонар ліставацца Дэні Дзідро. Праўда, яе славуты французскі карэспандэнт паўсюль бачыць дэспатызм і марыць пра канстытуцыю, а пад старасць і наогул, кажуць, шыецца ў рэспубліканцы. Колькі гадоў назад, прыехаўшы ў Расію, ён угаворваў яе, імператрыцу, скасаваць прыгон. Ха-ха-ха...
    Крыху пагуляўшы, нібыта з забаўнымі цацкамі, з успамінамі, яна пераходзіць да думак больш паважных.
    Усё, што прапануюць такія разумнікі,— гэта лекі для Еўропы. А тут пачынаецца іншы кантынент, іншы свет. Петрарка ўжо складаў санеты, Батычэлі маляваў «Вясну», а тут па гарадах і вёсках скакалі, збіраючы даніну, ханскія баскакі.
    He, у Беларусі баскакаў не было, але тое ўжо не істотна, бо яна прырасціла гэтую зямлю да свайго кантынента.
    Там, у Еўропе, яны з іхняй «Энцыклапедыяй» і рэспубліканскімі ідэямі, відаць, так ніколі і не здолеюць уцяміць, што яе падданым энцыклапедыі і канстытуцыі будуць не патрэбныя яшчэ не адно стагоддзе.
    Нейкі прастадушны французік, хтосьці з вучняў Дзідро, прыслаў ёй, самай арыстакратычнай з еўрапейскіх імператрыц, ліст з просьбаю падараваць на знак спачування вальтэр’янскім ідэям свой партрэт.
    Яна весела смяецца.
    Месье Дзідро яна ўдзячная не за такіх вучняў, а за іншае. У адзін цудоўны дзень ён парэкамендаваў яе паслу ў Парыжы скульптара Фальканэ. Яшчэ год ці два, і першы расійскі імператар уздыбіць масянжовага каня над Нявой, назаўжды ўвекавечыўшы і яе, Кацярыну Другую.
    Тут, недалёка ад палаца, што даў сёння прытулак яе шчаслівай ночы, ёй паказалі мураванку — два ляпныя геніі над уваходам,— дзе спыняўся Пётр. Трэба прызнаць, што ў Полацку ён мог бы паводзіцца і больш абачліва. Гэтае забойства вікарыя з уніяцкімі манахамі... У Сафійскім саборы ды яшчэ ў час прычасця... Колькі непажаданых размоў пры еўрапейскіх дварах... I парахавое сховішча ў саборных сутарэннях...
    Можа, ведаючы, што праз семдзесят пяць гадоў яна атрымае ад полацкіх базыльянаў запрашэнне наведаць адбудаваны сабор, імператар трымаўся б больш дальнабачна. Учора яна палічыла за лепшае ўхіліцца ад візіту, не забыўшы — яна тонка ўсміхаецца — разыграць пры гэтым сцэну незадаволенасці праваслаўнымі манахамі з
    Богаяўленскай царквы, якія, ведама ж, зусім выпадкова зацягнулі набажэнства...
    He дзіўна, што ён, полацкі паляўнічы, таксама ўспомніў Пятра. Зрэшты, ёй чамусьці не надта хочацца згадваць іх начную размову.
    Настоеная на пахах і водарах ночы світальная свежасць запаўняе спальню, і імператрыца накідвае на плечы стары ўтульны шлафрок, што памятае шмат яе вандровак і таямніц.
    Ранішні даклад яшчэ далёка, і яна сядае да бюро, каб напісаць сыну. Добра распісанае пяро лётае па паперы з такой самай вясёлай лёгкасцю, як некалі ў дзяцінстве яна, ловячы расшпіленым футэркам вецер, лётала на галандскіх каньках па замерзлай сажалцы.
    «Паміж вокнамі маімі і Польшчаю адна толькі не вельмі шырокая Дзвіна... 3 таго часу, як я тут, заўсёды куртаг. Безліч мужчын і жанчын найвышэйшага палёту, што прыехалі з Польшчы. Паўсюль стужкі блакітныя ды чырвоныя і духоўныя асобы ўсялякага крою. Учора я была ў езуітаў і ўражаная іх бляскам. Усе астатнія каталіцкія ордэны ў параўнанні з імі — свінні. Адно толькі шкада, што гэтыя людзі не танцуюць. У іх тут найраскашнейшая царква. Ах, якія сярод іх трапляюцца круцельскія фізіяноміі!..»
    Так, яе імперыя — гэта не Еўропа, а зусім іншы мацярык, але менавіта ёй, Кацярыне,— нявызнаныя шляхі твае, Госпадзі! — служыць забаронены папам Кліментам XIV ва ўсім каталіцкім свеце ордэн езуітаў.
    Яна адкладае ўбок пяро, і перад яе вачыма праносіцца цэлая ненапісаная пакуль кніга, вартая таленту выбітнага раманіста.
    Тады, калі двухгаловы арол распасцёр крылы над новымі губернямі, яна загадала графу Чарнышову і ўдзень і ўначы сачыць за езуітамі, як за найбольш падступным каталіцкім ордэнам. Хіба магла яна ўявіць, што рэляцыі з генерал-губернатарскай канцылярыі будуць штораз выклікаць у яе не трывогу, а захапленне? Што полацкія езуіты першымі складуць ёй прысягу і адслужаць у саборы святога Стэфана літургію ў гонар яе імянінаў?..
    Яна паставіла сабе на службу магутны ордэн і сімпатыі многіх новых падданых-католікаў. Яна, не трацячы ні рубля, захавала на далучаных землях езуіцкія школы і калегіумы, праграмы якіх, прынамсі, на стагоддзе апярэджваюць любую расійскую школу,— не дзіва, што зна-
    камітыя фаміліі з абедзвюх яе сталіц пачынаюць аддаваць дзяцей у навучанне не куды-небудзь, а ў Полацк, дзе Таварыства Ісуса мае найстаражытнейшы на гэтых землях калегіум.
    Яна абвяла вакол пальца самога папу, высачыўшы ягоных агентаў, што меліся публічна абвясціць у Полацку пастанову пра забарону ордэна, і цяпер на ўсе ўшчуванні і пагрозы з Ватыкана полацкія езуіты, сціпла апусціўшы вочы, адказваюць, што дзеля выканання загадаў з Рыма яны гатовыя ахвяраваць нават уласным жыццём, але гэтага не дазваляюць ім свецкія расійскія ўлады.
    Яна дазволіла адчыніць у Полацку навіцыят, а гэта значыць, што яе памежны горад зрабіўся сусветнай сталіцаю Таварыства Ісуса. Вестка пра тое разляцелася па Еўропе і дасягнула Новага Свету. Рэктар калегіума казаў учора ў прамове, што берагі Дзвіны замянілі ордэну берагі Тыбра.
    Цяпер сюды, пад абарону праваслаўнай імператрыцы, атрымаўшы ў расійскага пасланніка ў Вене пашпарты, едуць адукаваныя сябры ордэна з Італіі і Францыі, Нямеччыны і Швейцарыі... На абедзе — стол быў накрыты на сто кувертаў — ёй адрэкамендавалі двух прафесараў Сарбоны і амерыканскага мільянера, які перасек акіян і дзесятак краін, каб ахвяраваць ордэну свае мільёны. Там быў яшчэ фацэтны італіец, які пасля другой змены страў дэкламаваў уласную элегію да рыб ракі Палаты, што побач з яе палацам зліваецца з Дзвіною...
    He, на абедзе паляўнічага не было. Яна ўпершыню ўбачыла яго на балі, дзе ўчарашняга вечара танцавала паўтысячы гасцей.
    Яна ніколі не залічала сябе ў прыхільніцы баляў і ўжо даўно не дазваляла сабе з галавою акунацца ў легкадумны вір музыкі, шампанскага, фальшывых усмешак і навылёт хлуслівых прызнанняў і кампліментаў.
    Каб не марнаваць часу, яна, як зазвычай, даручыла вачам выбраць аб’ект назірання. Спачатку аб’ектамі аказаліся адразу два: князь Пацёмкін і падобны да Гамлета Ланской, якога ў Пецярбургу яна, хаваючы ад прыдворных дам і ашчаджаючы для сябе, здаралася, днямі трымала пад замком. Князь не быў бы самім сабой, каб не ведаў, хто шаптаў ёй у мінулую ноч «зоренька» — так, выконваючы ейнае жаданне, мусілі называць яе ўсе фаварыты.
    Князя як быццам магнэзам цягнула да Ланскога: ён колькі разоў здымаў з тацы два келіхі, загаворваў з мала138