Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
— Как вы смелн, сударь, явнться в таком ввде?! Я сам, сам, сам острнгу вас!
У губернатара ёсць цудоўная звычка тупаць нагамі. Князёўне зрабілася млосна. I тут я шаркаю ножкай і гэтак ветліва адказваю:
— Да вашых паслуг, пане цырульнік...
Вось табе, Ежы, выдатны ўзор таго, якія людзі займаюць у нашай імперыі дзяржаўныя пасады.
Пасмейся, хлопчык мой, пасмейся, табе так пасуе смех...
Як у нас кажуць, зімовы дзень, што ў вераб’я дзюба. Час запальваць свечку. Ты не разумееш, Ежы, якая гэта раскоша —свечка. Уяві сабе дванаццаць, чатырнаццаць, шаснаццаць гадзін цемры са шкрабаннем у кутах, ад якога цемра робіцца яшчэ больш глухою. Уяві бясконцую ноч, калі пачынае здавацца, што ўжо ніколі не развіднее. А самае жахлівае, што можна заснуць і прачнуцца па-ранейшаму ў цемрыве, не ведаючы, доўжыцца вечар ці ўжо блізка раніца. Тады нараджаецца адчуванне, што цябе проста не існуе, што ты памёр або яшчэ не паспеў нарадзіцца. Такімі хвілінамі даходзіш да таго, што шалёна радуешся, пачуўшы крокі вартавога, бо яны, прынамсі, нагадваюць, што ты ў гэтым свеце не адзіны, што ёсць не толькі морак, але й цьмяны, аплецены павуціннем
ліхтар у калідоры... Аднак цяпер я — Крэз! Камендант нарэшце дазволіў перадаць мне шэсць фунтаў свечак. Цэлых шэсць фунтаў, Ежы!
Ну вось, свечка ўжо гарыць, робячы маё жытло такім утульным, і мы можам працягваць размову.
Ты, вядома, хочаш пачуць аб маіх прыгодах і ў цывілізаваных краінах, і ў краях, не вельмі кранутых сумнеўнымі выгодамі нашага часу. He, у палон да канібалаў я не трапіў, затое басконскія разбойнікі тры дні трымалі мяне ў пячоры, чакаючы выкупу. Калі застанецца час, неадменна раскажу пра гэта, а пакуль у нас ёсць больш важлівыя тэмы.
Давай перанясёмся з табою на паўтара года назад. Сядай у маю каляску! Яе верх падняты, і цёплы вецер абвявае нашы твары. Гэта вецер вяртання. Коні бягуць па дарогах Галіцыі, а ў думках я пад’язджаю да Клецка, я ўжо бачу з Ляхоўскай гары нашу дуброву і яліны смаліцкіх* прысадаў, ужо ўзбягаю на ганак...
I раптам сэрца сціскае трывога. Я зноў у Галіцыі. Шыбеніца на местачковым пляцы. Спаленая вёска. Мы з Рыгорам ехалі па мясцінах, дзе летась лілася кроў. Аўстрыйцы спярша дазволілі сялянам граміць шляхецкія атрады, а потым прыйшлі імперскія войскі... Божа, калі ўжо і туг, і ў нас паны рэвалюцыянеры даўмеюцца, што перамагчы без сялянскіх косаў гэтаксама проста, як спляжыць дуб без сякеры. Калі б у 1794-м ці ў 1830-м** нашы хлопы атрымалі зямлю і волю...
Аўстрыйскія жандары трапляліся нам літаральна на кожным кроку, усё паказвала, што на тым баку мяжы іхніх блакітнамундзірных сваякоў з расейскай палітычнай паліцыі будзе не меней. Мой неспакой перадаўся і Рыгору.
— Глядзіце, пане Волесь, каб не пад’елі мы з вамі верашчакі,— паўтараў ён ледзь не пры кожнай сустрэчы з гэтымі панамі.
У апошнім аўстрыйскім мястэчку Бродах я затрымаўся. Трэба было нешта рабіць з маімі кнігамі і рукапісамі. Хоць яны і былі ананімныя, усё адно везці іх у Расею легальна азначала б самахоць садзіцца ў турму.
* У вёсцы Смалічы (цяпер Нясвіжскі раён) быў маёнтак А. Незабытоўскага.
** Маюцца на ўвазе паўстанне Тадэвуша Касцюшкі і паўстанне 1830—1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве.
Заставалася дамова з кантрабандыстамі, а хачу табе сказаць, што гэтым паважным рамяством там не займаюцца хіба што немаўляты. Цэлы дзень я шукаў сярод тых мазурыкаў фізіяномію, якая выклікала б у мяне давер, і кожны спрабаваў мне нешта збыць. Прызнаюся, што не ўтрымаўся і купіў-такі літы слуцкі пояс, які праз тыдзень прысвоіў зухаваты паліцэйскі прыстаў.
Увечары ў бродаўскім шынку да майго стала асцярожліва падсеў чарнявы парабак, што ацразу прыйшоўся мне да душы нейкім наіўным дзіцячым паглядам. Я не стаў таргавацца, а накінуў да яго цаны пяць фларынаў.
Назаўтра мы пераехалі мяжу. Перад расейскім шлагбаўмам караннік спатыкнуўся. Рыгор спалатнеў і пачаў утрапёна жагнацца. Афіцэр варты звярнуў на гэта ўвагу, і я мусіў растлумачыць Рыгоравы паводзіны прылівам патрыятызму.
— У такія хвіліны,— з піэтэтам сказаў я,— кожны расейскі падданы перажывае нешта падобнае.
Афіцэр ветліва згадзіўся і ўзяўся трэсці мае саквы.
Ніякай крамолы там не было, і мытню я пакінуў, бесклапотна насвістваючы пад няўхвальнымі позіркамі Рыгора «Вэндруй, дзяўчына»...
Ад’ехаўшы дзесятак вёрстаў, мы спыніліся ў павятовым гарадку. Астатні багаж павінен быў прыбыць уначы.
На чацвёрты дзень чакання за нейкую гадзіну мне тройчы трапіў на вока вяртлявы чалавечак у зашмальцаваным лапсардаку. Цяпер толькі дурань мог сумнявацца, што мы з Рыгорам сапраўды пад’елі верашчакі.
Я не ведаў, што губернатар падпісаў ужо загад аб маім арышце. Мех з кантрабандай...
Прабач, Ежы, на сёння я развітваюся з табой. Старшы наглядчык загадаў гасіць святло. Аказваецца, вязні, прынамсі, палітычныя, павінны такой парою спаць. Цяпер каля шасці вечара. Вось і ўся ўсцеха ад маіх свечак...
Заходзь, хлопчык мой, заходзь. Я так рады зноў бачыць цябе ў сваім самотным прытулку.
Учора я забыўся абмаляваць яго. Акрамя чатырох сцен, у мяне ёсць тапчагі і кульгавае крэсла, якое паставілі, калі хвароба больш не дазволіла мне ўставаць. Наогул, ужо цэлы тыдзень я жыву, як ангельскі лорд. Замест голых дошак у мяне пярына і дзве пуховыя падушкі. На
мне ядвабны шлафрок, а каля тапчагаў стаіць пара чаравікаў, у якіх я нікуды не схаджу. Дарэчы, ад мяне толькі што пайшоў турэмны капелан. Ён прыносіў навіну, што Бог пачуў маю просьбу і мне вярнулі права на штодзённы шпацыр. Le bon Dieu envoye toujours des cullottes a ceaux, qui n’ont pas de derriere*.
Яшчэ ў мяне ёсць пыльнае вакенца ў глыбокай нішы. Раніцой на падвоканні звінелі сініцы, значыцца, маразы прыціснуць яшчэ мацней. Буду маліцца, каб не замерз атрамант і пяро не зрабілася бездапаможным. Цікава, ці чуваць на небе малітвы атэістаў?
Краты на вакенцы ты бачыш і сам.
У адзіночнай каморы, без кніг, без паперы і пёраў, якія з’явіліся ў мяне толькі днямі, розум заўжды павінен мець нейкі занятак, іначай ён трапіць у палон да хімераў. На шчасце, ніякім турэмшчыкам яшчэ не ўдавалася закратаваць вакно памяці. Таму мая цэля амаль ніколі не бывала бязлюднай. Я часта гутарыў з філаматамі**. Міцкевіч чытаў мне тут «Пана Тадэвуша». A часам мне робіцца цесна, і я зноў выпраўляюся падарожнічаць. У мяне багаты выбар. Бой быкоў у Кадысе. Калізей, які нагадвае, што ўсе імперыі раней ці пазней развальваюцца. Аднак ведаеш, Ежы, ужо даўно я найбольш люблю блукаць па смаліцкіх ваколіцах. Люблю сесці пад мэндлік і пагаманіць з людзьмі, якія ніколі не прачытаюць маіх кніг і наўрад ці зразумеюць, дзеля чаго я жыў на свеце. Ды хіба з гэтае прычыны я маю права любіць іх меней?
Днямі я сустрэў у гэтых блуканнях маю няньку Хіму з Лявонавічаў. Адгадай, аб чым я папрасіў яе? Зноў расказаць мне казку пра цмока-трыгалова, што вартуе каралеўскі скарб. Каб ты быў меншы, хлопчык мой, я пасадзіў бы цябе зараз на калені, і ты таксама слухаў бы Хіміны казкі. Але ты ўжо дарослы, і ўчора мы спыніліся на загадзе аб маім арышце.
Той чарнявы кантрабандыст з бродаўскага шынка быў чалавекам мясцовага прыстава, а ў маім мяху разам з кнігамі і рукапісамі ляжала частка фамільнага архіва. Былі там і лісты на імя нейкага Аляксандра Незабытоўскага.
* Міласэрны Госпад заўсёды дае штаны тым, у каго няма зада (фр.).
** Таемнае студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце. У 1823 г. было разгромлена царскімі ўладамі.
Напачатку следства вёў штабс-капітан Мілер. He ведаю, дзеля чаго — каб выклікаць мяне на шчырасць ці каб пачуць пікантныя прызнанні ў адказ — гэты rondelet* сібарыт на допытах апавядаў пра свае поспехі ў жанчын.
Вось ён пускае блакітныя кольцы духмянага дыму ад дарагой цыгары, і яго ленаваты мяккі барытон гучыць зусім лагодна:
— Аляксандр Хрыстафоравіч, ну няўжо вы верыце, што ўсталяваны ў Расеі лад можна змяніць? Яшчэ ніколі манархія не была такой моцнай. Мне здаецца, вы паводзілі сябе проста несур’ёзна. Навошта вам рэвалюцыя? Хіба людзям нашага з вамі кола закрытыя якія-небудзь магчымасці паўнакроўнага жыцця?.. Вы хацелі, каб такія магчымасці былі ў кожнага? Але, згадзіцеся, тады іх не будзе мець ніхто...
Спрачацца з ім — усё роўна што прасіць ваўка не есці мяса, і таму я лічу за лепшае адмоўчвацца.
— Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч...
Ён знаходзіць прыемнасць у тым, каб лішні раз назваць мяне на свой капыл, відаць, здагадваючыся, што ў мяне гатае імя выклікае не самыя лепшыя пачуцці: не вялікі гонар быць аднайменнікам пана Бенкендорфа.
— Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч, да чаго прывяло вас ваша, мякка кажучы, неспакойнае пяро? Вы, адзін з самых багатых памешчыкаў павета, чалавек, звыклы да раскошы, бавіце час у сырой халоднай каморы. I гэта з вашым здароўем. Грубая ежа, нямытае адзенне, прабачце, насякомыя... Нават толькі дзеля захавання чалавечай годнасці я на вашым месцы зрабіў бы ўсё магчымае, каб аблегчыць свой лёс. Ужо адно прызнанне віны...
Але ў нас са штабс-капітанам былі розныя ўяўленні пра чалавечую годнасць і спосабы яе захавання.
Перамогі над віленскімі дамамі відавочна даваліся Мілеру лягчэй, чым над палітычнымі злачынцамі, і наша знаёмства не здоўжылася.
Наступнага следчага прызначыў сам генерал-фельдмаршал Паскевіч, граф Эрыванскі, святлейшы князь Варшаўскі і прочая і прочая. Пра гэтага пана Явецкага варта пагаварыць трохі падрабязней.
Калі Rondelet, нягледзячы на ўсе свае спагадныя словы, ставіўся да мяне, па сугнасці, абсалютна абыякава (і за гэта я яму па-свойму ўдзячны), дык стацкі саветнік Явецкі шчыра
* Кругленькі, пульхненькі (фр.).
любіў мяне. Так-так, любіў. Пратэжэ генерал-фельдмаршала любіў мяне за тое, што я так своечасова падвярнуўся яму для новага кроку ўгору. Ад стацкага саветніка да сапраўднага стацкага, ад св. Ганны з каронай да св. Уладзіміра. Напэўна, нешта падобнае адчувае да сваёй ахвяры кат, калі ведае, што пасля смерці асуджанага зможа пагрэць рукі. Хто асмеліцца назваць пачуццё ката няшчырым?
У дужках заўважу, што як літаратар я буду пану Явецкаму давеку ўдзячны. Такога адданага і ўважлівага чытача не меў, пэўна, і сам пан Бальзак.
Я хутка адчуў яго любоў і тады паставіў сабе за мэту: зрабіць усё, каб следчы знелюбіў мяне, каб я стаўся на ягоным шляху прыступкаю не ўгору, а ўніз.