Сны імператара
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 383с.
Мінск 2001
Яна не заўважыла, калі перайшла на расійскую мову. Ён працягваў адказваць па-французску.
«Няўжо, вы думаеце, можна забыць...»
«Усё,— абсекла яна,— усё трэба забыць, літвін. Забыць дзеля міру, спакою і любові».
«Дзеля любові...»
Ён паўтарыў апошнія словы, як рэха, і пацягнуўся да яе.
Цяпер яна чула ў ім не толькі грымучую сумесь звера і паляўнічага. Яе пачуццё не паспела акрэсліцца ў думку, проста яна, імператрыца, ужо ведала, што — незалежна ад таго, ці прысягнуў літвін расійскаму трону — ён не быў яе падцаным. Яна адчувала ў ім небяспеку, і гэта адно
мацней распальвала яе. Напэўна, штосьці падобнае адчуваў і ён — літвін, вядзьмак, паляўнічы, вораг...
А можа, думаецца імператрыцы зараз, ёю кіравала ілюзія? Можа, блізкасць была неўсвядомлена абраная як галоўны аргумент у неспадзяванай спрэчцы, што пагражала стаць каламутным сном іхняе бяссоннае ночы?
Яна не пярэчыла, калі ён рашуча сцягваў яе з ложка на падлогу. Вусны і рукі паляўнічага зноў ператвараліся ў дзесяткі вуснаў і рук, якія абдымалі і лашчылі яе беспамылкова і таленавіта, але ў яе істоце нараджаўся пратэст. 3 такой адлучана-халоднай жарсцю, з такім самым майстэрствам ён мог бы любіць недзе пад стогам захудалую шляхцянку з пасагам з дзесяці прыгонных душ. I ўсё ж жаданне перамагала, і не шляхцянка, а яна, імператрыца, мусіла гаймаваць сябе, адтэрміноўваць імклівае набліжэнне таго моманту, калі, ужо незалежна ад яе волі, з грудзей вырвецца вызвалены шчаслівы стогн...
Блізкасць сталася не фіналам, як яна спадзявалася, a ўсяго пярэрваю ў размове, нітку якой ён звязаў адразу, як толькі яны прылеглі на ложак,— быццам проста на нейкі час пакідаў спальню і вось вярнуўся.
«Ваша вялікасць, у мяне двое сыноў, і я сумняваюся, што ў іх кароткая памяць...»
«Памянь, літвін, аблудная, а гісторыя — заўсёды хлуслівая. Ты ведаеш, ёсць безліч азначэнняў навукі Кліо. Мне даспадобы вось гэтае: кніга, якую пішуць пераможцы».
Ён азваўся не адразу.
«Яшчэ гісторыю называюць плоццю часу. Яна ўмее супраціўляцца. Яна можа быць зброяй».
Ей праглася хутчэй скончыць размову, што з кожнай хвілінаю рабілася ўсё болып няўтульнаю, і, разам з тым, яна ведала, што трэба дагаворваць да канца.
«Людзі ва ўсе часы хочуць, каб ім паўтаралі прыгожыя казкі...»
Ён зноў памарудзіў з адказам, аднак засталося ўражанне, што яму няцяжка знайсці патрэбныя словы, проста ён лічыць, што ўсё ўжо сказана раней.
«Так, хочуць. Але не ўсе. Будуць і тыя, хто не захоча верыць казкам».
«Іх заўсёды будзе меншасць, літвін».
Гэтым разам ён зрэагаваў імгненна.
«Але яны заўсёды будуць, ваша вялікасць. Як бы вам ці мне ні хацелася іншага. I яны ніколі не пагодзяцца з лёсам, які абралі не самі. Ніколі, ваша вялікасць».
У ягоным голасе ёй прымроіўся сум. Аднак, седзячы за бюро над няскончаным лістом, яна разумее, што памылілася.
Трэці раз паляўнічы смяяўся, калі яна запыталася, якую ўзнагароду ён хацеў бы атрымаць на памяць пра сённяшнюю ноч: гэты збудаваны адмыслова дзеля яе прыезду палацык, грошы, пярсцёнак з дыяментам?..
Ён хутка абарваў смех. Яму будзе досыць успамінаў пра шчасце дзяліць ложак з імператрыцаю.
Яна не ўзялася б сцвярджаць, што шчырасць гэтых слоў была разбаўленая нечым іншым, аднак якраз пасля іх яна і вырашыла застацца сам-насам з сабою...
Сонца даўно ўзышло. Гадзіннік паведамляў, што да ранішняга дакладу менш за гадзіну, а на восем раніцы прызначаны ад’езд.
Імператрыца перачытвае ліст да сына і застаецца незадаволенай. Ды часу што-небудзь дадаваць няма: у спальню вось-вось увойдуць слугі.
Канчаткова развітваючыся з ноччу і пачынаючы новы дзень, яна падыходзіць да вакна. На Дзвіне, бліжэй да «польскага» боку, з’яўляецца рыбацкая лодка.
Нейкі момант імператрыца чуецца самотнай і стамлёнаю. Але яна з дзяцінства асвоіла навуку не папускацца хвілінам слабасці, калі жыццё раптам выдае марнай мітрэнгаю.
Страпянуўшыся, як вялікая птушка, яна вяртаецца да бюро і ставіць на лісце дату: 22 траўня 1780 года.
Час выклікаць слуг. Аздоблены двума купідончыкамі званок-лілея стаіць на кансолі каля высокіх цяжкіх дзвярэй. Імператрыца бярэ яго, і яе рука замірае.
Пад лілеяй ляжыць срэбны сігнет.
Яна ставіць званок і разглядвае знаходку. Ювелір быў не з горшых: конны рыцар на пячатцы захаваў усе дэталі — ад астрогаў да шасціканцовага крыжа на тарчы. Сумневаў наконт уладальніка сігнета ў яе не ўзнікае.
Дык, значыць, адмовіўшыся ад яе падарунка, ад яе платы за ноч, ён, гэты мяшанец, гэты шляхціч-вядзьмак, меў смеласць і нахабства заплаціць ёй самой...
3 глыбіняў яе «я» ўсплывае пякучае цёмнае жаданне пакараць, паказаць літвіну яго сапраўднае месца, давесці, што ён, няхай сабе ягонаму роду хоць тысяча гадоў, усяго толькі казурка. Такіх, як ён, і яшчэ болын радавітых у яе ў імперыі нялічаныя тысячы, і кожнаму ў любы дзень лёс па яе волі можа ўсміхнуцца, а можа і...
Там, у Рэчы Паспалітай, яны прывыклі да беспакаранасці...
Яна, як пацеркі, перабірае найбольш вытанчаныя пакаранні і раптам імпэтна бярэ пазалочаную лілею і звоніць.
На ранішнім дакладзе, выслухоўваючы сабраныя пра горад і намесніцтва звесткі, яна дазваляе сабе быць не надта ўважлівай.
Жыта каштуе ад рубля да паўтара рубля за чвэрць... Пуд сена — меней за дзесяць капеек... Мяса — дзве капейкі за фунт...
Усё значна таннейшае, чым ва ўнутраных губернях, адзначае яна і ўспамінае, якія мядзведзі водзяцца ў полацкіх лясах.
Мяшчане ўсім задаволеныя, але скардзяцца на адсутнасць медных грошай і недахоп залатых ды срэбных манет на размен асігнацыяў...
He забыць распарадзіцца забраць тую мядзведжую шкуру з сабой...
Каменныя магазіны пад збожжа гатовыя, шпіталі будуюцца, жабракі сабраныя ў багадзельні...
Трыста рублёў яна дае на жабракоў...
Ён быў такі салодкі...
Пяцьсот рублёў на праваслаўны Богаяўленскі манастыр...
А потым салёны...
Недабор падаткаў складае ўсяго дваццаць рублёў...
Такія ночы нячаста выпадаюць і ў імператрыц...
Сто рублёў на гарадскія школы...
«Людзі хочуць, каб ім паўтаралі прыгожыя казкі...»
Адганяючы сон, імператрыца трэ ўказальнымі пальцамі скроні і абмахваецца вахлікам.
У намесніцтве спакойна, няма ніводнага калодніка...
«Кніга, якую пішуць пераможцы...»
Пяць чырвонцаў на багадзельні...
«Мае сыны не забудуць...»
Дрымота адступае, і яна дыктуе сакратару першы сённяшні ўказ: зрабіць ва ўсіх далучаных гарадах вопісы ўмацаванняў з мэтаю іх паляпшэння.
Сёння ўначы ён не быў яе падданым. Такія, як ён, не стануць падданымі ніколі.
Роўна а восьмай імператрыца выходзіць з пакояў на палацавы ганак. Гарадскія цэхі са сцягамі, мяшчанства і габраі ўжо стаяць усцяж вуліцы да самай трыумфальнай
брамы. Звоняць званы. Гарматы даюць першы развітальны залп.
Імператрыцы мусяць быць велікадушнымі.
Яна абводзіць вачыма натоўп прыдворных, шляхты і іншаземцаў. Каспар Буйніцкі — каб успомніць яго імя, ёй не трэба намагацца.
Яго няма.
Яна сядае ў экіпаж і развітальна ўзмахвае рукой. Да першай паштовай станцыі будзе час падрамаць.
За тры дні яблыневая квецень у садах амаль асыпалася.
Што ён сказаў на адвітанне?
«Ваша вялікасць, жадаю вам жыць і цараваць доўга». Націск на слове «доўга». Што ён можа значыць?
Перад сваім пажаданнем ён гаварыў пра тых, што ніколі не пагодзяцца з лёсам, які выбралі не самі.
«Ніколі, ваша вялікасць».
Значыць... Значыць, цараваць доўга, каб пераканацца... Дажыць да таго, калі яны возьмуцца за зброю...
Дзякуй, літвін. Яна сапраўды будзе жыць доўга. Яна перажыве былога каханка, якога звалі Станіславам Аўгустам. Куранты гісторыі хутка сыграюць ягонай дзяржаве рэквіем.
Яе, расійскую імператрыцу, будзе вітаць званамі і гарматамі Вільня. А іхні герб, той, што на сігнеце, які ляжыць у яе ў кішэні, яна пакіне яму, літвіну-паляўнічаму, упрыдачу да яго крозаў. Але гэта будзе адно герб горада. Заместа ранейшага, магдэбургскага, з караблём у блакітным полі на срэбнай вадзе...
Сон чамусьці не ідзе.
А тут яшчэ прыдарожны маёнтак уніяцкіх арцыбіскупаў і каля брамы — сам уладыка полацкі, назола з антычным імем Ясон і смешным прозвішчам Юнаша-Смагаржэўскі.
Цяпер адкруціцца ад візіту да уніятаў не ўдасца.
Паклоны, ліслівыя ўсмешкі. А што за імі? Якія думкі спеюць за ілбамі гэтых грэка-католікаў, што збудавалі пры браме дзве падобныя да мінарэтаў вежы і абнеслі рэзідэнцыю свайго ўладыкі мурам з дванаццаццю капліцамі, чые вокны болей выдаюць на амбразуры?
Навошта ім гэтая фартэцыя?
Арцыбіскуп, у адрозненне ад праваслаўных архірэяў, у тым ліку і сталічных, бездакорна гаворыць па-французску, што яе таксама раздражняе.
Яны ідуць да сажалкі з зялёнымі берагамі і блакітнай альтанкаю.
Імператрыцы знячэўку шчымліва-востра хочацца дадому, у Пецярбург.
Цестачкі да кавы зусім свежыя.
Альтанка, дзе сабраны стол, над самай вадою, адкуль яе, імператрыцу, незварушна разглядваюць залатыя рыбкі. He рыбкі, а ўкормленыя рыбіны, кожная з якіх узброеная пачварна вялікімі вачыма-тэлескопамі.
Адразу ад берага глыбока, што ёй таксама не падабаецца, бо нагадвае пра раскіданы паводкаю мост і неабходнасць перапраўляцца цераз Дзвіну ў шлюпцы.
Але ў гэтай глыбіні ёсць і выгода: імператрыца апускае руку за парэнчу, і арцыбіскуп не заўважае, як бліскае на сонцы срэбны пярсцёнак з пячаткаю і як рыбіны ўважліва праводзяць яго лупатымі вачыма.
7998
ПАКУЛЬ HE ЗГАСЛА СВЕЧКА
Прысвячаю Сцяпану Александровічу
Хлопчык мой! Дарагі Ежы!
Здарылася амаль неверагоднае. Я зноў магу сказаць табе: «Добры дзень!»
Хачу верыць, што ён для цябе сапраўды добры. Я так даўно ў турме, што мне часам здаецца, быццам на волі ўжо нікога няма. Толькі пра цябе я ніколі так не думаю.
У гэтыя хвіліны я спрабую ўявіць, дзе ты цяпер, чым займаешся. Калі зімовыя вакацыі не скончыліся, ты, напэўна, дома, у нашым ціхім кутку, дзе так часта вандруе мая душа. Бачу, як ты лётаеш на каньках па сажалцы, што за бераставымі прысадамі. Бачу, як ты, яшчэ расчырванелы ад марозу, сядзіш каля грубкі на плеценай канапцы з кнігаю на каленях. Мне хочацца зірнуць паўзверх твайго пляча: якая гэта кніга? Можа, том ГІлутарха з вашай бібліятэкі? Твая маці пісала мне ў Парыж, што ты захапіўся гісторыяй...
3 якім пачуццём чытаеш ты мае першыя радкі? Бадай, я згодны на любое, апрача страху.