• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сны імператара  Уладзімір Арлоў

    Сны імператара

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 383с.
    Мінск 2001
    88.01 МБ
    Вырашай сам, ці варта паказваць гэты ліст маці, бацьку ці дзядзьку Канстанціну. Ты ведаеш іхнія адносіны да мяне пасля арышту. Але не будзем надта сурова судзіць іх: цяжка знайсці чалавека, якому сваяцтва з дзяржаўным злачынцам прынесла б радасць. Лепш за ўсё — спалі гэты ліст. Тады сумленне маё будзе спакойнае.
    Наогул маім адрасатам не шанцуе. Ліст да маёй сястры, а тваёй маці, сваё кароткае падарожжа закончыў у следчай справе. Нядаўна з літасцівага дазволу я пісаў да яго вялікасці. Здавалася, я быў сама добранамернасць (хіба што дазволіў сабе сказаць на адрас вялікасці дватры словы, якія не рызыкну паўтарыць тут), але наш самадзержац таксама не дачакаўся вестачкі ад аднаго са сваіх удзячных падданых.
    I ўсё ж я жыву вераю, што ты прачытаеш гэты ліст. Ён пойдзе іншым шляхам. Мне выпала шчаслівая карта, Ежы. Сярод турэмшчыкаў з’явіўся наглядчык з неза-
    цверджанай дубейкаўскай шляхты, з тых самых Дубеек, што на паўдарозе паміж стольным Нясвіжам і маім маёнткам.
    Калі бачыш гэтага чалавека ўпершыню, міжволі прыгадваюцца гісторыі пра ведзьмакоў і атручальнікаў, аднак у яго ў грудзях б’ецца шляхетнае сэрца.
    — Пане,— ціха загаварыў ён да мяне аднойчы, паставіўшы на падваконец турэмную вячэру,— я памог бы вам уцячы, ды вы ўжо не дойдзеце і да дзвярэй. Што я магу зрабіць дзеля вас?
    Спачатку я вагаўся, але калі ён сказаў, што ягоны бацька ваяваў пад штандарамі Касцюшкі, я даверыўся яму.
    У яго вялікая сям’я, а я меў сто рублёў срэбрам: іх пераслаў нядаўна твой дзядзька Канстанцін (ці не ў якасці кампенсацыі за тое, што быў занадта гаваркі на допытах?). Урэшце мне ўдалося пераканаць свайго дабрадзея, што мне грошы ўжо не прыдадуцца, а павялічваць прыбыткі пана каменданта і ягонай хеўры я не імкнуся.
    — Вашы грошы будуць апякаць мае рукі,— сказаў ён.
    Я вельмі разлічваю на яго, бо нам з табою шмат аб чым трэба пагутарыць.
    На Усходзе я чуў ад аднаго мудраца: калі хочаш доўга жыць, як мага часцей глядзі на зялёную траву, на цякучую ваду і на прыгожых жанчын.
    Паўтара года я пазбаўлены ўсяго гэтага. Ці не таму я так хутка выпраўлюся ў апошняе падарожжа?
    He, гэта не пра мяне сказана: «Felix opportune mor­tis» — «Шчаслівы, хто памірае ў час», апе, далібог, сёння я ў добрым гуморы. Я стаў такой важнай птушкай, што мяне баяцца генералы. Аб маім лёсе рупіцца шэф жандараў, галоўнакамандуючы дзейнага войска і нават сам Нерон*, з якім я так няўдала спрабаваў наладзіць ліставанне.
    Тут, у Вільні, ужо атрымаўшы прагонныя, другі тыдзень сядзіць сталічны фельд’егер, каб суправадзіць мяне ў слаўны горад Табольск. Кат павінен зламаць над маёй галавой шпагу, затым мяне чакаюць пазбаўленне маёмасных правоў і сібірскія капальні. Так у нашай імперыі судзяць самых небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Ну як, табе яшчэ не захацелася схавацца пад ложак, як у той калядны вечар, калі я апрануўся ў мядзведзя?
    * Так Незабытоўскі называў у сваіх лістах цара Мікалая I.
    Толькі гэтым разам кат, відаць, застанецца без працы (вядома, ненадоўга), а бравага фельд’егера пецярбургскія прыяцелі павіншуюць з хуткім вяртаннем. Суддзі адмералі мне дваццаць гадоў катаргі, аднак і цяпер ім не ўдасца пацерці рукі, бо ў мяне засталося не дваццаць гадоў, а ў лепшым разе дваццаць дзён.
    Але для такой размовы мне проста неабходна ўявіць свайго візаві. Мы развіталіся, калі табе было ўсяго дзесяць летаў і зім, і, пакуль я падарожнічаў з Еўропы ў Афрыку, а потым з кута ў кут маёй каморы (восем з паловаю крокаў), ты неўпрыкмет ператварыўся з хлопчыка ў юнака.
    У маіх вандраваннях прыгады аб табе былі самым дарагім, што я меў. Вольнаю хвілінай я асцярожна перабіраў іх, як збіральнік бясконца разглядвае каштоўныя камяні са сваёй калекцыі. Вось гэты апал — той Вялікдзень, калі ты гасцяваў у мяне і мы з табой і фурманам Янкам наладзілі наезд на мой маёнтак. Заміж пісталетаў у нас былі петарды і ляскоткі, у цябе адклеіліся вялізныя чорныя вусы, а пан Янушэўскі, высакародна кінуўшы жонку, скочыў у брычку і з перапуду ледзьве не загнаў коней. А вось гэты гранат — дзень, калі мы знайшлі ў архіве пірацкую мапу з пазначаным на ёй скарбам. Апоўначы мы адкапалі каля стайні зусім новы гаршчок з пяццю залатымі. «Вуек Олесь,— шаптаў ты,— а піраты будуць нам помсціць, так?..» Прабач, я раблюся сентыментальным. Напэўна, гэта туга па сыне, якога ў мяне ніколі не будзе.
    Паўсюль ты быў маім невідочным спадарожнікам, у любы момант я мог выклікаць з памяці дзесяцігадовага гарэзніка з каштанавымі кудзеркамі і ў запэцканых зелянінаю нагавічках, якога лёкай толькі што зняў з бераста. Такім і яшчэ крыху незадаволеным, што цябе адарвалі ад вывучэння грачыных гнёздаў, ты быў у дзень нашай апошняй сустрэчы, калі ля ганка стаяў мой шасцярык. Але аднойчы я зрабіў не вельмі прыемнае адкрыццё. Я зразумеў, што такога цябе ўжо даўно няма. I вось тут адбылося нешта цікавае...
    Неяк у часы студэнцтва я ехаў з Дрэпта праз Пецярбург і ў доме, дзе спыніўся, убачыў некалькі карцін Аляшкевіча*. Мяне вельмі ўзрушыў адзін партрэт — дама ў блакітнай сукенцы з галінкаю лаўра ў руцэ і побач з ёю
    * Іосіф Аляшкевіч (1777—1830) — вядомы беларускі жывапісец.
    дзеці: дзве дзяўчыны і два юнакі. Уражанне было моцнае і свежае, аднак найглыбей чамусьці запаў у памяць адзін з юнакоў, злёгку кучаравы, амаль круглатвары, з разумнымі вачыма і пячаткаю летуценнасці на ўсім абліччы. Памятаю, я адразу падумаў: з такога ніколі не вырасце нягоднік. I вось праз шмат гадоў, спрабуючы ўявіць цябе, я раптам убачыў не мілае дзіця ў брудных штоніках, a таго летуценнага юнака ў гафтаванай кашулі з вялікім адкладным каўняром. Мо калі-небудзь ты зможаш спраўдзіць, ці нашмат памылілася маё ўяўленне, але для мяне ты застанешся такім да астатняй хвіліны.
    А зараз сядай бліжэй, вось сюды, на край майго ложка, і я гатовы адказваць на твае пытанні. Прадбачу, што іх нямала і некаторыя ўжо маглі пачуць твая маці ці дзядзька Канстанцін. Баюся, што іх адказы знаходзяцца ад ісціны прыкладна на такой самай адлегласці, як мой любы Нясвіж ад Парыжа.
    Даруй, Ежы! Я зусім забыўся на свой партрэт, а ты ж, пэўна, таксама хочаш бачыць свайго вуйка. У мяне барада ў пояс, расчасаныя пяцярнёй брудныя валасы да плячэй, вочы... He, лепей папрасі ў маці дагератып, які я прыслаў вам з Францыі (маю падазрэнне, што цяпер ён ляжыць у патайным прыскрынку бюро), і паглядзі на паважнага маладога чалавека з прычоскаю a la Sultan Mahmoud. Ён даволі саманадзейна трымае ў руцэ гусінае пяро, а локцем абапёрся на стосік аркушаў. На драпіроўцы можна разабраць слова «Liberte»* — дагератыпіст быў заўзяты рэспубліканец.
    Лепей уяўляй мяне такім...
    Цяпер я цалкам да паслуг васпана. Чытаю ў тваіх сініх вачах галоўнае пытанне: як я апынуўся ў адзіночнай турэмнай каморы?
    О, у абвінавачанні шмат пунктаў, аднак іх пералікам я займуся трошкі пазней.
    Адзін разумны чалавек сказаў, што ў Расеі два праваднікі: язык — да Кіева, а пяро — да Шлісельбурга. Гэта адказ на тваё першае пытанне, бо турма ў віленскіх дамініканскіх мурах мала чым розніцца ад шлісельбургскіх казематаў. Прынамсі, выйсці адсюль не менш цяжка.
    — Падсудны Незабытоўскі! Вы абвінавачваецеся ў тым, што... Пункт першы: ганьбавалі спосаб кіравання
    * Свабода (фр.).
    ў імперыі. Пункт другі: дзікімі лаянкамі зневажалі гасудара імператара і іншых асобаў дома Раманавых, як «ныне здравствуюіцнх», так і «почнвшнх в Бозе». Пункт трэці: заклікалі да стварэння таемных таварыстваў і паўстання жыхароў усіх плямён, станаў і веравызнанняў. Пункт чацвёрты: выяўлялі зацятую варожасць да манархіі і любоў да рэспублікі. Пункт пяты... Але досыць.
    Ну як, нябожа, нагнаў на цябе страху? Відаць, не надта, бо ў тваіх вачах толькі паболела цікавасці. Якім чынам я трапіў у рукі нашых доблесных жандараў? Між іншым, гэта сапраўды вельмі займальная і не менш павучальная гісторыя.
    Ты, магчыма, чуў, што я напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта праўда, твой вуек з разраду людзей, якія адважваюцца давяраць паперы свае сумневы і нават імкнуцца пашыраць іх сярод суайчыннікаў. Я аўтар сямі кніг, яны выходзілі ў Вільні і ў Парыжы.
    — Але ніхто не ведае літаратара Аляксандра Незабытоўскага...— зусім слушна зазначаеш ты.
    У адказ я мог бы сказаць, што не шукаў славы, a толькі хацеў прынесці хоць каліва карысці нашай пакутнай зямлі. Праўда, тады я быў бы няшчыры. Homo sum... Я чалавек... Я марыў аб вядомасці. У тваім узросце за адну бяссонную ноч я напісаў параўнальны жыццяпіс Напалеона і Аляксандра Македонскага.
    Усё жыццё я ўтаймоўваў прагу славы. Я пераконваў сябе, што не магу ні дня быць шчаслівы, пакуль няшчасная мая Айчына. I ўсё ж было багата дзён, калі я забываў пра гэта і адчуваў сябе шчаслівым. Я быў малады, Ежы! Але аднойчы, каб адолець свой непамерны гонар, я даў сабе абяцанне, што ні на воднай маёй кнізе не будзе стаяць майго імя. I я не парушыў слова.
    Mae першыя драмы былі надрукаваныя ў Вільні з дазволу цэнзуры. Зрэшты, Шэкспір спакойны за свае лаўры: вялікага драматурга з мяне не выйшла. Суцяшаюся тым, што мае літаратурныя экзерсісы ўсё ж нечага вартыя. He кожны літаратар атрымлівае ў якасці ганарару дваццаць гадоў катаргі.
    Я стрымаў слова, хоць гэта і далося мне з пакутамі. Колькі сіл адабрала выданне рамана! Спачатку друкары не хацелі набіраць тэкст, потым крывадушная і баязлівая зграя парыжскіх гандляроў кнігамі адмовілася купіць раман, напалохаўшыся ягонай назвы. «Мары пра славу, каханне і свабоду»? Крый Божа!
    Як я чакаў у Мадрыдзе паштовы дыліжанс, з якім адправілі маю кнігу! I вось два тамы ў мяне ў руках, і разам з усцехаю — разуменне, што, апроч двух-трох сяброў, ніхто на свеце не ведае і наўрад ці калі-небудзь даведаецца імя аўтара. Гаркаватая радасць.
    Цяпер ты ведаеш, што я ехаў за мяжу не толькі лекаваць сухотку.
    Дарэчы, вярнуўшыся памяццю ў тую пару, хачу цябе крыху развесяліць. Генерал-губернатар двойчы клаў пад сукно мае прашэнні аб выдачы замежнага пашпарта. Ніякіх падстаў для падазрэнняў у яго не было. Тады чаму? Калі здагадаешся — адцаю дамаскую шаблю з маёй гасцёўні.
    Аднаго разу ў Вільні ў нас з губернатарам прычынілася векапомная сустрэча. Уяві такі малюнак. Баль у князя R. Я вяду свецкую размову з дамамі і раптам заўважаю, як усе вакол мяне праглынаюць языкі і са страхам утаропліваюцца на нешта за маёй спінай. Азіраюся — і што? Сам яснавяльможны пан Мірковіч. Вочы па яблыку, шчокі і левая нага трасуцца.