Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
82.37 МБ
«Узброенае паўстанне камуністаў у Белградзе,— чытала яна.— Учора позна ноччу банда ўзброеных камуністычных бунтаўшчыкоў зрабіла спробу захапіць вакзал і турму ў Белградзе. Паліцыя была заспета знянацку, і амаль тры гадзіны бунтаўшчыкі бесперашкодна ўтрымлівалі галоўны паштамт і таварны склад. Сёння ўся тэлеграфная сувязь з Белградам была перапынена да раніцы. Аднак а другой гадзіне наш прадстаўнік у Вене гаварыў па тэлефоне з палкоўнікам Хартэпам, начальнікам паліцыі, і даведаўся, што парадак у горадзе адноўлены. Колькасць паўстанцаў была нязначная, і ў іх не было сапраўднага правадыра, іх напад на
турму адбілі ахоўнікі, а пасля гэтага некалькі гадзін яны заставаліся ў будынку паштамта, не праяўляючы ніякай актыўнасці, відаць, спадзяваліся, што жыхары раёнаў, населеных беднякамі, прыйдуць ім на дапамогу. Тым часам урад змог паслаць дадатковыя падмацаванні паліцыі, і з дапамогай узвода салдат і дзвюх палявых гармат паліцэйскія адбілі паштамт пасля асады, якая працягвалася не болей чвэрці гадзіны». Гэтае кароткае паведамленне было надрукавана буйным шрыфтам, а ніжэй, дробным шрыфтам, давалася падрабязнае апісанне ўзброенага паўстання.
Міс Уорэн сядзела, утаропіўшыся ў газету, яна крыху насупілася і адчувала, што ў яе перасохла ў горле. Доктар Цынер растлумачыў:
— Яны выступілі на тры дні раней.
— А чым бы вы ім дапамаглі? — агрызнулася міс Уорэн.
— Людзі з трушчоб пайшлі б за мной.
— Яны даўно забыліся пра вас. Пяць гадоў — гэта процьма часу. Маладыя людзі былі яшчэ дзеці, калі вы ўцяклі.
«Пяць гадоў!» — падумала яна, уяўляючы, як яны няўхільна наваляцца на яе ў будучым, дні, падобныя на бясконцыя дажджы ў сырую зіму. У думках перад ёю паўстаў твар Джанет Пардаў, устрывожанай першымі маршчынамі, першымі сівымі валасамі альбо тым, у што ператвараецца яе гладкая пасля пластычнай аперацыі скура і чорныя пафарбаваныя валасы, сівыя карані якіх вылазяць кожныя тры тыдні.
— Што вы зараз збіраецеся рабіць? -— спыталася яна, і яго хуткі і лаканічны адказ: «Я выходжу ў Вене»,— выклікаў у яе падазрэнне.— Вось і добра, выйдзем разам і пагутарым далей. Цяпер ужо ў вас не будзе пярэчанняў супраць інтэрв’ю. Калі вам спатрэбяцца грошы, наша бюро ў Вене пазычыць вам. Яна адчувала, што ён глядзіць на яе больш пільна, чым раней.
— Там, пэўна, можна будзе пагаварыць,— павольна сказаў ён.
Зараз яна была ўпэўнена, што ён гаворыць няпраўду. «Ен
збіраецца заблытаць след»,-— думала яна, але намеры яго адгадаць было цяжка. Яму трэба выйсці ў Вене ці ў Будапешце, далей ехаць было б даволі небяспечна. Але тут яна ўспомніла яго на судовым працэсе над Камнецам: цвёрда ўпэўнены ў тым, што ніякія прысяжныя не асудзяць генерала, ён усё-такі даў свае небяспечныя, але дарэмныя паказанні ў той час, як Хартэп чакаў яго з ордэрам на арышт. «Яму хопіць дурасці, каб пайсці на ўсё»,— разважала яна, і ёй прыйшло ў галаву, што, пэўна, пад маскай спакойнага чалавека ён ужо ў думках на лаве падсудных разам са сваімі аднадумцамі і прамаўляе апошняе слова, не зводзячы вачэй з перапоўненай галерэі. «Калі ён паедзе далей,— вырашыла яна,— я паеду з ім. Я свайго даб’юся. I дастану пра яго матэрыял». Аднак яна адчула дзіўную слабасць і няўпэўненасць у сабе — яна ж не магла болей пагражаць яму. Глыбокі стары, ён быў пераможаны, загнаны ў кут. На пыльнай падлозе валялася газета, і ўсё-такі ён атрымаў перамогу. Сочачы за тым, як яна выходзіць з купэ, забыўшыся пра «Бедэкер», ён адказаў маўчаннем на яе развітальныя словы:
— Убачымся ў Вене.
Калі міс Уорэн выйшла, доктар Цынер нахіліўся за газетай і зачапіў рукавом пустую шклянку, яна ўпала на падлогу і разбілася. Далонь яго легла на газету, а ён утаропіўся ў разбітую шклянку, не маючы сілы сабрацца з думкамі, не маючы сілы вырашыць, што ж яму рабіць далей — ці падняць газету, ці пазбіраць вострыя чарапкі. Потым ён паклаў акуратна складзеную газету на калені і заплюшчыў вочы. Падрабязнасці той карэспандэнцыі, якую прачытала міс Уорэн, азмрочвалі яго душу. Ён ведаў кожны паварот лесвіцы на паштамце, мог дакладна ўявіць сабе, дзе была пабудавана барыкада. «Яны разгубіліся, ідыёты»,— падумаў ён, імкнучыся выклікаць у сябе нянавісць да тых людзей, якія знішчылі яго надзеі. А з імі разам зруйнавалі і яго самога. Яны кінулі яго ў пустым будынку, дзе ніхто не хацеў жыць, бо ў пакоях зрэдку чуліся галасы людзей, што жылі там раней, і сам доктар Цынер апошнім часам ператварыўся ў прывід.
Калі часам чыйсьці твар зазіраў у акно, ці чыйсьці голас даносіўся з верхняга паверха, ці шамацеў дыван, гэта мог быць прывід доктара Цынера — усе пяць змарнаваных гадоў ён шукаў магчымасць вярнуцца да рэальнага жыцця, ён пракладаў сабе шлях, абыходзячы вуглы партаў, стаяў, як прывід, перад класнай дошкаю і вучнямі-неслухамі, кленчыў на набажэнстве, хоць у ранейшым жыцці ў бога не верыў, і маліў бога разам з шматгалосым натоўпам багаславіць яго, адпусціць яго душу на пакаянне.
Часам здавалася, што прывід здольны вярнуцца да жыцця, бо ён ведаў, што і ў выглядзе здані ён можа адчуваць душэўныя пакуты. У гэтай здані былі ўспаміны, ён мог згадаць таго доктара Цынера, якога так любіў просты народ, што ўлады мусілі былі наняць забойцу, каб прастрэліць яму галаву з рэвальвера. Успамінамі пра гэтую падзею ён вельмі ганарыўся: неяк ён сядзеў у піўной, у тым куточку парку, які асабліва любілі беднякі, і пачуў стрэл, які разбіў люстра за яго спінай. Ён высока ацаніў гэты стрэл, як пераканаўчае пацвярджэнне гарачай любові да яго беднякоў. Але прывід Цынера, які знаходзіў надзейны прытулак, калі ўсходні вецер дзьмуў уздоўж берага і шэрае мора шпурляла гальку, навучыўся аплакваць гэтыя ўспаміны, а потым вяртацца ў школьны будынак з чырвонай цэглы, да гарбаты і вучняў, якія ўтыкалі ў яго вышчарбленыя стрэлы пакут. Пасля вячэрні, звыклых гімнаў і поціскаў рук прывід Цынера зноў дакрануўся да плоці Цынера — гэты дотык быў адзінае, што прыносіла яму душэўны спакой. Цяпер не засталося нічога іншага, як выйсці ў Вене і вярнуцца назад. Праз дзевяць дзён тыя самыя галасы школьнікаў запяюць: «Божа, даруй нам тваё багаславенне. Нам, што зноў сабраліся тут».
Доктар Цынер перагарнуў старонку газеты і крыху пачытаў. Самым моцным пачуццём да гэтых блытанікаў была зайздрасць: ён не мог ненавідзець, калі прыгадваў падрабязнасці, якія ніводзін карэспандэнт не палічыў патрэбным прывесці: чалавек, які стрэліўг выкарыстаўшы свой апошні патрон, а потым яго праткнулі штыхом каля сарціравальнай
залы, быў ляўко, ён любіў журботную музыку Дэліуса, кампазітара, які не верыў ні ўва што, апроч смерці. А ў другога, таго, што выскачыў з акна трэцяга паверха тэлефоннай станцыі, была жонка, скалечаная і аслеплая пасля аварыі на фабрыцы; ён кахаў яе, але неяк маркотна, без асаблівага імпэту, часта здраджваў ёй.
«Ну, што мне засталося рабіць?» Доктар Цынер адклаў газету і пачаў хадзіць па купэ: тры крокі да дзвярэй, тры крокі да акна, туды і назад. Падалі рэдкія камякі снегу, але вецер гнаў іх назад, міма акна, у дым паравоза, і нават тады, калі шлапкі снег наліпаў да акна, ён быў ужо шэры, як шматкі газеты. Але футаў на шэсцьсот вышэй, на пагорках, схілы якіх спускаліся да палатна чыгункі ў Нейемаркеце, снег быў падобны да клумбаў белых кветак. «Калі б яны крыху пачакалі, калі б яны толькі пачакалі!» — думаў доктар Цынер, і ў думках ён вяртаўся да загінуўшых, да тых, хто выжыў і павінен быў паўстаць перад судом. Ен зразумеў, што лёгкага выйсця з гэтага становішча яму няма, і гэта так узрушыла яго, што ён усхвалявана прашаптаў: «Я павінен ехаць да іх».— «Ну, і які ў гэтым сэнс?» Ен ізноў прысеў і распачаў спрэчку сам з сабой, даводзячы, што такі ўчынак дасць рэальную карысць. «Калі я здамся і паўстану перад судом разам з імі, свет прыслухаецца да майго апошняга слова так, як ніколі не стаў бы слухаць мяне, калі б я быў у бяспецы ў Англіі». Рашэнне, да якога ён прыйшоў, падбадзёрыла яго, надзея мацнела. «Яны паўстануць, каб уратаваць мяне, хоць і не паўсталі ў імя выратавання іншых»,— думаў ён. Прывід Цынера зноў рабіўся зямной істотай, і цёплыя пачуцці растапілі застылую адлучанасць ад жыцця.
Але шмат чаго трэба абдумаць. Перш за ўсё трэба адчапіцца ад карэспандэнткі. Ен павінен увінуцца ад яе ў Вене, тут асаблівых цяжкасцей ён не бачыў: цягнік прыходзіць не раней дзевяці гадзін, а яна, напэўна, да гэтага позняга для яе часу нап’ецца. Ен перасмыкнуўся ад холаду і ад думкі пра далейшыя размовы з гэтай небяспечнай жанчынай, ад яе хрыплага голасу. «Ну што ж, у яе джала вырвана,— падумаў
ён, беручы ў рукі «Бедэкер» і не ўтрымаўшы газету, якая склізганула на падлогу.— Пэўна, яна ненавідзіць мяне, цікава — за што? Відаць, тут крыецца нейкая незразумелая прафесійная гордасць. Мне, бадай, трэба вярнуцца ў сваё купэ». Але, дайшоўшы да купэ, ён працягваў хадзіць па калідоры, заклаўшы рукі за спіну, з «Бедэкерам» пад пахай, захоплены думкай пра тое, што гады жыцця, калі панавала здань, скончыліся. «Я зноў жывы,— думаў ён,— бо я ўсведамляю, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне чакае смерць, амаль напэўна: наўрад ці мне зноў дадуць магчымасць пазбегнуць яе, калі я пачну абараняць сябе і астатніх хай сабе нават і анёльскімі прамовамі». Знаёмыя твары паварочваліся да яго, калі ён праходзіў міма, але нікому не ўдалося спыніць яго роздум. «Мне страшна,— паўтараў ён сабе з радасцю,—■ мне страшна».
2
— Вы той самы Куін Сейвары? — спытала Джанет Пардаў.
— Так,— сказаў містэр Сейвары.— Другога я не ведаю.
— «Развясёлая віхура»?
— «Развясёлае жыццё»,— рэзка паправіў яе містэр Сейвары.— «Развясёлае жыццё».— Ен узяў яе пад руку і павёў па калідоры.— Якраз наспеў час выпіц'ь шэры. Падумаць толькі, вы сваячка той жанчыны, якая брала ў мяне інтэрв’ю. Дачка? Пляменніца?
— Ну, не зусім сваячка,— адказала Джанет Пардаў.— Яе кампаньёнка.
— А вось гэтая роля вам зусім не пасуе.— Пальцы містэра Сейвары моцна паціснулі ёй руку.— Вам трэба знайсці іншую працу. Вы надта маладая. Гэта пашкодзіць вашаму здароўю.
— Вы маеце рацыю,— сказала Джанет Пардаў, на хвілінку спыніўшыся ў канцы калідора і кінуўшы на яго погляд, поўны захаплення.
Міс Уорэн пісала пісьмо, аднак заўважыла, як яны прайшлі міма. На каленях у яе быў блакнот, аўтаручка скакала па паперы, крэмзаючы яе і пырскаючы чарнілам.