Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
У аўтабіяграфічных нататках «Шляхі выратавання» (1980) Г. Грын сцвярджаў: «Творчасць — форма тэрапіі. Іншы раз мяне здзіўляе, як тыя, хто не піша раманаў, не стварае музыкі і не малюе карцін, не з’ехалі з глузду ад меланхоліі і панічнага жаху, які выцякае з умоў чалавечага існавання». Гэтае сцвярджэнне перагукаецца з поглядамі героя «Стамбульскага экспрэса» пісьменніка Сейвары, які разглядае літаратуру як своеасаблівую споведзь: «Паколькі раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманіст спавядаецца перад чытачом. Гэта і робіць чытача святаром ці псіхааналітыкам ».
Вядома, з цягам часу пісьменнік мяняўся. «Я» саракагадовай даўнасці — гэта не цяперашні «я»,— пісаў Г. Грын у вышэйзгаданай кнізе «Шляхі выратавання», аднак, перачытваючы свой раман «Стамбульскі экспрэс» праз чатыры дзесяцігоддзі, ён зазначыў: «...стары пісьменнік вітае свайго маладога папярэдніка з пэўнай доляй павагі», асабліва вылучаючы, як несумненную ўдачу, сатырычны вобраз палкоўніка Хартэпа, у якім Г. Грын упершыню ў сваёй творчасці заклеймаваў ганебнае аблічча фашызму, што толькі нараджаўся ў Еўропе. Пазней гэтая тэма зрабілася вядучай у яго творчасці. Згадаем гнеўнае выкрыццё фашысцкага рэжыму Дзювалье на Гаіці ў «Камедыянтах» (1966), дыктатуры Стрэснера ў Парагваі ў «Ганаровым консуле» (1979) ці неакаланіяліецкай палітыкі ЗША ў В’етнаме, Сальвадоры, Нікарагуа і Панаме ў раманах «Ціхі амерыканец» (1955), «Знаёмства з генералам» (1984), «Капітан і вораг» (1988) і іншых творах. Рызыкуючы жыццём, пісьменнік выступіў супраць мафіі ў публіцыстычным артыкуле «Я абвінавачваю» (1979).
У «Стамбульскім экспрэсе» з горкай іроніяй і сімпатыяй выведзены вобраз рэвалюцыянера доктара Цынера, які мужна сустрэў смерць у барацьбе з фашызмам. Пазней Г. Грын стварыў гераічны вобраз камуніста доктара Мажыо ў рамане «Камедыянты», а ў «Мансеньёры Кіхоце» (1982) з аднолькавай цеплынёй намаляваны вобразы камуніста Санча і каталіцкага святара Кіхота. Выступаючы на Маскоўскім форуме ў лютым 1987 года, Г. Грын заявіў: «Я чалавек веры, але пры гэтым яшчэ і чалавек сумнення. Сумненне — плённае пачуццё. Гэта галоўная з добрых чалавечых якасцей. Я думаю, што і камуніст павінен мець свае сумненні, як мы, хрысціяне, маем свае. I я лічу, што мы можам пэўным чынам зблізіцца дзякуючы нашым сумненням».
Калі ў «Стамбульскім экспрэсе» пісьменнік выкарыстаў магчымасці дэтэктыўнага жанру, то ў рамане «Хто прайграе, бярэ ўсё» ў абмалёўцы герояў і пабудове фабулы выразна прасочваюцца рысы меладрамы. У традыцыях гэтага жанру пададзены і крыху рамантызаваны і ідэалізаваны вобраз гераіні рамана Кэры, як увасабленне дзявочай прыгажосці, чысціні і лепшых чалавечых якасцей: «На вуліцах,і ў барах, і ў аўтобусах, і ў магазінах мы сустракаем мноства твараў, якія нагадваюць нам пра Першародны Грэх, і так мала такіх, што нясуць на сабе нязменную адзнаку Першароднай Цноты. Такім быў твар у Кэры — яна ўсё жыццё, ажно да глыбокай старасці, будзе глядзець на свет вачыма дзіцяці. Ей ніколі не было сумна: кожны дзень быў у яе новы, нават смутак быў адвечны, а кожная радасць і пагатоў існавала спрадвеку і назаўсёды». Гэты раман сапраўды можна аднесці да «пацяшальных» твораў, але ад звычайнай меладрамы яго адрознівае адчувальны налёт іроніі, майстэрская будова сюжэтных перыпетый і дакладна выпісаныя сацыяльна-псіхалагічныя характарыстыкі персанажаў, хоць, згодна з традыцыямі
жанру, як гераіня рамана Кэры, так і іншыя персанажы крыху ідэалізаваныя. Напрыклад, занадта ружовымі фарбамі абмаляваны вобраз багача-геданіста Герберта Друтэра — добрага анёла закаханых містэра Бертрама і Кэры. Прынамсі, якраз Герберта Друтэра надзяліў пісьменнік сваімі асабістымі літаратурнымі і мастацкімі густамі — юнацкім захапленнем паэзіяй Бадлера і Расіна, сваёй страсцю да падарожжаў. Аднак «злавесная ўсмешка» яшчэ аднаго саўладальніка фірмы Баўлза вызначае наперад героя болып позняга рамана «Доктар Фішар з Жэневы, або Вячэра з бомбай» (1980): ♦ У свеце Друтэра і Бліксана ён з сваім невялікім пакетам акцый выжыў толькі дзякуючы жорсткасці, цвёрдасці і непахіснасці характару». У апошнім рамане-прытчы ганебная ўлада грошай, золата выкрываецца ў рэзкіх сатырычных фарбах, у ім даецца з’едлівы прысуд сацыяльна-маральным заганам уласніцкага грамадства.
У рамане «Хто прайграе, бярэ ўсё», пачынаючы з яго назвы, асноўным мастацкім сродкам выступае парадокс і ў дыялогах, і ў абмалёўцы характараў персанажаў.
Выдатны майстар сучаснай прозы Г. Грын ахвотна звяртаецца да «лёгкіх» жанраў — меладрамы і дэтэктыву. Гэта дапамагае яму знайсці карацейшы шлях да сэрца чытача, каб данесці да яго багатую ідэйна-мастацкую праблематыку сацыяльна-псіхалагічных раманаў, дзе ставяцца і вырашаюцца гуманістычныя праблемы шчасця, сумлення, дабрыні і жорсткасці, даверу і сапраўднай цаны чалавечай годнасці ў наша няпростае XX стагоддзе. Калі параўноўваеш гэтыя два раманы — «Стамбульскі экспрэс» і «Хто прайграе, бярэ ўсё», паміж якімі пралеглі звыш трох дзесяцігоддзяў, то ясна відаць эвалюцыя стылю пісьменніка ад павышанай метафарычнасці і залішняй ускладнёнасці вобразнай сістэмы да празрыстай глыбіні і высокай прастаты яго сталай прозы.
Вадзім Небышынец
СТАМБУЛЬСКІ ЭКСПРЭС
Вівьен Кэндэйс ад шчырага сэрца
Усё ў прыродзе — лірычнае па ідэальнай задуме, трагічнае па лёсе і камічнае ў рэальным увасабленні.
Джордж Сантаяна
Частка першая
остэндэ
1
Памочнік капітана трымаў у руцэ апошні пасадачны білет і назіраў, як пасажыры перасякалі змрочны, мокры прычал, пераходзячы цераз безліч чыгуначных пуцей і стрэлак, абгінаючы кінутыя багажныя цялежкі. Яны цягнуліся, наставіўшы каўняры паліто і ўнурыўшы галовы ў плечы. У доўгіх спальных вагонах на століках ужо запалілі лямпы, якія свяціліся праз дажджавую заслону чарадой блакітных пацерак. Страла гіганцкага пад’ёмнага крана скранулася з месца, паплыла і апусцілася, і жалезны скрыгат лябёдкі на нейкае імгненне заглушыў шум вады — вады, якая лілася з агорнутага хмарамі неба, вады, якая білася аб прычал і плёскалася ўздоўж бартоў парома. Была палова пятай папоўдні.
— Божухна, ну і вясенні дзянёк! — уголас вымавіў памочнік капітана, імкнучыся як найхутчэй пазбавіцца непрыемных уражанняў, назапашаных за апошнія некалькі гадзін марскога падарожжа цераз Ла-Манш,— прамоклай палубы, пахаў пары і нафты, затхлага смуроду нясвежага піва ў бары, шамацення чорнага шоўку сцюардэс, што сноўдалі туды-сюды з алавянымі падносамі. Ен зірнуў уверх на сталёвыя фермы
пад’ёмнага крана, на платформу і на маленькую фігурку ў сінім камбінезоне, якая круціла рулявое кола, і адчуў нязвыклую зайздрасць: там, наверсе, кранаўшчык быў аддзелены трыццаццю футамі смугі і дажджу ад памочніка капітана, ад пасажыраў, ад доўгага, залітага святлом экспрэса. «Мне няма куды дзецца ад гэтых абрыдлых фізіяномій»,— падумаў памочнік капітана, згадаўшы маладога яўрэя ў цяжкім футры, які ўвесь час скардзіўся, што яму дасталася каюта на дваіх — не мог ужо вытрываць якіх-небудзь там дзвюх гадзін!
— Вам не туды, міс,— папярэдзіў ён апошнюю пасажырку другога класа.— Зала мытні вунь там.
Настрой у яго крыху палепшыўся, калі ён убачыў ветлівы твар юнай незнаёмай — хоць яна ні на што не скардзілася.
— Вам трэба насільшчык, міс, паднесці ваш сакваяж.
— He, нічога,— адказала яна.— Дый не разумею я іхняй мовы. А сакваяж у мяне зусім не цяжкі.— Вусны ў яе расквітнелі ўсмешкай над узнятым каўнерыкам таннага белага плашчыка.— Вось калі б вы дапамаглі мне... капітан.
Яе нахабства пазабавіла яго.
— Калі б я быў крыху маладзейшы, вядома, вам бы не спатрэбіўся зараз ніякі насілыпчык. He разумею, куды гэта толькі глядзяць сённяшнія маладыя людзі! — Ен кіўнуў галавой на маладога яўрэя ў чорных замшавых чаравіках, які выходзіў з мытні, а за ім цягнуліся два нагружаныя багажом насільшчыкі.
— Вам далёка?
— Да самага канца,— адказала яна, кінуўшы журботны позірк на рэйкі, на кучу багажу, на асветленыя вокны вагона-рэстарана і цёмныя абрысы экспрэса.
— У вас спальнае месца?
— He.
— Вам трэба было абавязкова ўзяць месца ў спальным вагоне,— сказаў ён,— калі вы едзеце да канца. Тры ночы ў дарозе. Гэта не жарты. А што вы збіраецеся рабіць у Канстанцінопалі, калі не сакрэт? Выйсці замуж?
— Калі б я ведала.— Яна крыва ўсміхнулася, агорнутая
сумам ростані і страхам перад невядомасцю.— Хто ведае, што мяне там чакае.
— Працаваць?
— Танцаваць. У вар’етэ.
Яна развіталася з ім і пайшла далей. Плашч падкрэсліваў яе тонкую статную постаць. Дзяўчына трымалася прама, нават тады, калі, спатыкаючыся, ішла паміж рэйкамі ўздоўж спальных вагонаў. Агеньчык святлафора змяніўся з чырвонага на зялёны, і з выхлапной трубы цягніка вырваўся тонкі струмень адпрацаванай пары. Яе твар, такі звычайны, але пікантны, яе манеры, абуральныя і адначасова сціплыя і далікатныя,— затрымаліся на момант у яго свядомасці. «Помні пра мяне,— у думках звярнуўся ён да дзяўчыны.— Праз месяц-другі мы зноў з табой сустрэнемся». Аднак ён добра разумеў, што сам ён яе не ўтрымае ў памяці, бо надта многа твараў мільгае перад ім у акенцы яго канторы, звяртаючыся з просьбамі пакінуць асобную каюту, ці размяняць грошы, ці заказаць спальнае месца, каб ён мог запомніць кожную асобу — дый нічога прыкметнага ў ёй і не было.
Калі ён падняўся на борт, палубы ўжо былі вымытыя, і паром быў падрыхтаваны да рэйсу. Настрой у яго значна палепшыўся, бо на судне ўжо нікога чужога не было. Вось так бы і заўсёды: некалькі матросаў-іншаземцаў, што балбочуць між сабой на сваёй мове, знаёмая сцюардэса, з якой прыемна прапусціць шклянку-другую піва. Ен крыху пабурчаў на матросаў па-французску, а тыя лагодна ўсміхнуліся яму ў адказ, праспяваўшы непрыстойную песеньку пра ашуканага мужа і яго няверную жонку.
— Цяжкі выдаўся рэйс,— сказаў ён па-англійску галоўнаму сцюарду. Некалі той працаваў афіцыянтам у Лондане і ведаў англійскую мову, а без пільнай патрэбы памочнік капітана не гаварыў па-французску.— А той яўрэй, ці шмат ён даў табе зверху?
—• Ніколі не здагадаецеся! Цэлых шэсць франкаў!
— Яго не загайдала?
— He. Але той стары з вусамі — ён ванітаваў увесь час.
Дарэчы, аддайце мае дзесяць франкаў. Я выйграў заклад. Ен — англічанін.