Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
82.37 МБ
Рычард Джон, насунуўшы плашч па самыя вушы, глянуў на перон з акна калідора і ўбачыў, як будынкі вакзала пачалі
рухацца назад, у напрамку павольных хваляў мора. «Гэта — канец,— падумаў ён,— ці, хутчэй, пачатак». Твары людзей за акном вагона паплылі назад. Мужчына з кіркай на плячах узмахнуў чырвоным ліхтаром. Дым паравоза ахутаў яго і закрыў святло ліхтара. Тармазы заскрыгаталі, клубы дыму развеяліся, і сонца палыхнула па рэйках, па акне і па вачах. «Хоць бы мне хутчэй заснуць,— падумаў ён з вялікай тугой,— я б здолеў тады помніць лепей усё тое, пра што мне неабходна помніць».
Дзверцы паравознай топкі прыадчыніліся, і адтуль на імгненне шуганула полымя, дыхнула спякота. Машыніст даў поўную пару, і пляцоўка пад яго нагамі здрыганулася ад цяжару вагонаў. Неўзабаве рухавік паравоза пачаў працаваць плаўна і раўнамерна. Апошнія промні сонца заблішчалі, калі цягнік ішоў уздоўж марскога берага цераз Бругэ. Рэгулятар быў перакрыты, хапала маленькай пары. Сонечны захад асвятліў высокія крутыя ўцёсы, марскія залівы, вада якіх адлівала зменлівым святлом. Недзе там, непадалёк, нібыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад — на які шмат дзівіліся, пра які шмат гаварылі, у якім здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзенідзе аднастайнасць пейзажу парушалі непрыкметныя вёсачкі, хаты якіх выходзілі фасадамі на дарогу і былі аздоблены каляровай чарапіцай, аднак фарбы яе былі прыглушаны прыцемкамі. 3 паравоза выляталі іскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалі і тлелі ўскрай чыгункі, апускаліся на дрэвы, кусты, капуснікі на агародах і ператвараліся ў попел. Дзяўчына на кані праводзіла вачыма цягнік і ўсміхнулася, а на беразе ракі, побач з вудай, ляжалі ў абдымках мужчына і жанчына. Потым за вокнамі вагонаў зрабілася зусім цёмна, і пасажыры маглі бачыць у шыбах вокнаў толькі цьмянае адлюстраванне сваіх абліччаў.
— Premier Service, Premier Service1,— рэхам пракаціўся голас па калідоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне-рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столік і ўцягнуў яго ў ветлівую размову, якая, зусім магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прыніжэннем яго годнасці. Канстанцінопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, набліжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталі за вокнамі экспрэса. Калі падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца — Майета будзе чакаць аўтамабіль, потым — мільгаценне мінарэтаў, брудная лесвіца і, нарэшце, містэр Экман, які падымаецца з крэсла пісьмовага стала. Мудрагелістая казуістыка, лічбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калідоры, ён павінен абдумаць кожнае слова, прарэпеціраваць кожную інтанацыю. Лепей яму мець справы з англічанамі ці туркамі, а містэр Экман і недзе там, за кулісамі, загадкавы Стэйн — яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседніка трымаюць цыгару.
У праходзе паявіліся афіцыянты — яны разносілі суп. Майет ізноў сунуў руку ў кішэню і надкусіў разынку — на гэты раз Стэйна, дробненькую і сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая і непазбежная вайна паміж колькасцю і якасцю вялася ў яго свядомасці і не прыводзіла ні да якога пэўнага выніку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзіўся ў сваім лонданскім кабінеце, дзе сустракаўся толькі з прадстаўнікамі Стэйна і чуў голас Стэйна толькі па міжгароднім тэлефоне, хутчэй прывід яго голасу, з інтанацый якога ён не мог дакладна высветліць яго сапраўднае становішча,— Стэйн быў на вяршыні недасягальных скал. Але ж якіх скал? Усярэдзіне акіяна ці каля ўзбярэжжа? Ці пацярпеў ён поўны крах, ці проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калі б прадстаўніка фірмы «Майет, Майет і Пейдж» у Канстанцінопалі, бясцэннага містэра Экмана, не падазрава-
1 Першая змена, першая змена (фр.).
лі ў тайных зносінах з Стэйнам — ён балансаваў на грані закона.
Майет апусціў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былі даспадобы стравы тлустыя, з рознымі спецыямі, вострыя і спажыўныя. За вокнамі ў цемрадзі нічога не было відаць, толькі зрэдку мільгалі агеньчыкі невялікіх станцый ці палыхаў рэзкім святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькі цьмянае адлюстраванне свайго твару і рук, якое, нібыта дзівосная рыба, плавала ў зіхатлівай і вадзе і багавінні. Яго крыху бянтэжылі гэтыя прывіды, і ён збіраўся ўжо апусціць фіранку, калі заўважыў за адбіткам свайго твару аблічча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, які нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру і трываласці тканіна, усё яшчэ захоўвала адбітак элегантнасці, уласцівай старамодным гарнітурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокі накрухмалены каўнер, зашпілены на ўсе гузікі пінжак. Мужчына цярпліва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволіў сабе трошкі адпачыць ад мудрагелістых хітрыкаў Стэйна і містэра Экмана, аднак перш чым афіцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На імгненне яго твар знік, калі агні станцыі ператварылі сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якія быў бачны натоўп правінцыялаў з дзецьмі, скрынкамі і скруткамі, якія чакалі прыходу мясцовага цягніка. 3 вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, які апусціўся ў сон, узнік ізноў.
Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае — «Шамбертэн 1923 года», каб запіць цяляціну, хоць і разумеў, што купляць добрае віно ў цягніку — марная трата грошай, бо ніякі букет не вытрымліваў бесперапыннай трасяніны. Па ўсім вагоне быў чуцен жаласлівы звон і бразганне шкла, калі экспрэс на поўнай хуткасці імчаў у Кёльн. Смакуючы першы келіх віна, Майет ізноў вярнуўся ў думках да Стэйна — поўны безнадзейнага адчаю ці мудрагелістых хітрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцінопалі. Ён зможа прадаць усе свае акцыі за неблагую цану — Майет
у гэтым быў упэўнены,— аднак пайшлі чуткі, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзін пакупнік. Якраз тут і ўзнікла падазрэнне, што містэр Экман вядзе двайную гульню, імкнучыся ўзняць цану насуперак інтарэсам сваёй фірмы — за гэта, як меркавалі, Стайн абяцаў яму вьшлаціць пятнаццаць працэнтаў камісійных. Містэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыі і за перадачу правоў на фірму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам і пад час размовы, нібыта выпадкова, згадаў прозвішча Стэйна. Моўлт не яўрэй, у яго няма тонкасці, ён не знае навукі выкрутасаў і хітрыкаў: калі ён захоча зманіць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамі — яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калі ён меў справу з англічанамі, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседніка цыгарай — калі чалавек гаварыў няпраўду, то, які б хуткі ні быў адказ, рука яго заўсёды на імгненне затрымаецца. Майет добра запомніў, што сказаў пра яго некалі Джэнтыль: «Мне не падабаецца гэты яўрэй. Ен ніколі не глядзіць табе ў вочы». «Вы, дурні,— радаваўся ён сам сабе,— у мяне на вас назапашаны яшчэ не такія трукі». Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн ці містэр Экман.
Ен наліў сабе яшчэ келіх віна. «Дзіўна,— падумаў ён,— што якраз я, падарожнічаючы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, адпачываю, а не містэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень — ён зараз зачыняе пісьмовы стол, бярэ з вешалкі брыль, спускаецца па лесвіцы, звыкла пакусваючы вострымі зубамі кончык тэлеграмы, атрыманай ад фірмы: «Містэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганізуйце сустрэчу Стэйнам». У цягніку, як бы хутка ён ні імчаў, пасажыры мусяць адпачываць, паміж шклянымі сценамі дарэмна марна траціць эмоцыі, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б’е зараз Экмана і Стэйна з усіх ба-
коў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзі перабіваюць плынь іх думак размовамі, жанчыны наладжваюць абеды і вечарынкі. Але ў імклівым экспрэсе, які грукоча і бразгае, шум такі роўны, упарадкаваны, што ён эквівалентны цішыні, рух такі працяглы і бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькі за вокнамі цягніка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнік забяспечвае яму спакойны роздум над планамі на гэтыя тры дні, а ў канцы гэтага тэрміну яму будзе зусім ясна, як паводзіць сябе са Стэйнам і з містэрам Экманам.
Пакончыўшы з марожаным і дэсертам, аплаціўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запаліць цыгару, і апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ен ізноў убачыў, як той засынае паміж першай і другой стравамі — паміж недаедзенай цяляцінай au Talleyrand1 і пудзінгам з марожаным, які толькі што падалі яму на стол,— хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сілы.
Пад пільным позіркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
— Ну, што тут такое? — спытаў ён.
Майет мусіў быў папрасіць прабачэння:
— У мяне не было намеру вас будзіць.
Мужчына падазрона паглядзеў на яго, і штосьці ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасці, штосьці ў яго старанна прыбраным гарнітуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ен успомніў пра іх нядаўнюю сустрэчу:
— Спадзяюся, вы знайшлі сваё купэ?
— Знайшоў.
— Здаецца мне, вы абралі не лепшае месца на адпачынак,— вырвалася ў Майета.— У мяне ў сакваяжы ёсць аспірын. Mary даць вам некалькі таблетак.
Мужчына рэзка абарваў яго:
— У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
1 Па-талейранску (фр.).
Па прывычцы Майет уважліва глянуў на яго рукі, тонкія, з выступаючымі костачкамі. Ен ізноў папрасіў прабачэння, з падкрэсленай прыніжанасцю схіліўшы перад ім галаву:
— Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабіць вам?
— He. Нічога мне не трэба. Нічога.
Але калі Майет адышоў, мужчына азірнуўся і аклікнуў яго:
— Час. Каторая зараз гадзіна дакладна?
Майет адказаў:
— Восем сорак. He, сорак дзве мінуты.
I ён убачыў, як пальцы мужчыны дакладна да мінуты паставілі стрэлкі гадзінніка.
Калі ён набліжаўся да свайго купэ, цягнік запаволіў рух. Вялізныя доменныя печы Льежа ўздымаліся ўздоўж чыгункі нібыта старажытныя замкі, агорнутыя полымем пад час варожага набегу. Цягнік гайдануўся, і стрэлкі чыгункі бразнулі. Абапал узняліся сталёвыя фермы моста, а далёка ўнізе па дыяганалі бегла некуды ў цемру пустая вуліца, над уваходам у кафэ зіхацела лямпачка, рэйкі разбегліся ў розныя бакі, і да экспрэса, вывяргаючы гудзенне і пару, наблізіліся манеўраныя паравозы. Святлафорныя агні загарэліся зялёным абапал экспрэса, і арка вакзальнага даху ўзнялася над вагонам Майета. Пачуліся выкрыкі хлапчукоў-газетчыкаў, а на платформе стаялі ў шарэнзе паважаныя, сталыя мужчыны ў чорных суконных паліто і жанчыны пад чорнымі вуалямі. He выказваючы цікаўнасці, падобныя да натоўпу прыстойных незнаёмых на пахаванні, яны сачылі, як прамільгалі перад імі вагоны першага класа: «Остэндэ — Кёльн — Вена — Белград — Стамбул» — і прычапны вагон да Афінаў. Потым, з клумкамі, сумкамі і дзецьмі, яны ўскараскаліся ў апошнія вагоны, якія ішлі, відаць, да Папіньера ці Вервье — міль пятнаццаць далей па чыгунцы.