Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
— He можа быць. У яго такі выразны акцэнт.
— Мне ўдалося зазірнуць у яго пашпарт. Рычард Джон. Школьны настаўнік.
— Дзіўна,— сказаў памочнік капітана. «Сапраўды, дзіўна»,— зноў падумаў ён, неахвотна адлічваючы сцюарду дзесяць франкаў, і прыгадаў, як той стомлены сівы чалавек у плашчы адышоў ад парэнчаў парахода, калі былі ўзняты сходкі і карабельныя сірэны выдыхнулі пару ў напрамку расколіны паміж хмарамі. Ен папрасіў газету, якую-небудзь вячэрнюю газету. «Вячэрнія газеты не выходзяць так рана ў Лондане»,— адказаў яму памочнік капітана. Пачуўшы адказ, той пастаяў крыху ў задуменнасці, кранаючы пальцамі кончыкі доўгіх сівых вусаў. Наліваючы шклянку піва сцюардэсе, перад тым як прагледзець каштарыс, памочнік капітана зноў падумаў пра таго школьнага настаўніка, і ў галаве ў яго стрэльнула думка, што, відаць, сутыкнуўся з чалавекам, які зазнаў шмат пакут, знясіленым, заблытаным у цёмныя справы. Гэты чалавек таксама не выказваў ніякіх скаргаў, і таму яго можна было забыць лягчэй, чым, скажам, маладога яўрэя, ці чараду турыстаў агенцтва Кука, ці хворую жанчыну ў ружова-зялёным адзенні, якая згубіла колца, ці таго дзівака старога, які двойчы заплаціў за спальнае месца. Дзяўчыну ён забыў з паўгадзіны таму. Якраз гэтая акалічнасць і аб’яднала яе з Рычардам Джонам. Тупат ног, пах нафты, мігценне сігнальных агеньчыкаў, заклапочаныя твары пасажыраў, звон шклянак, шэраг лічбаў,— усё гэта прымусіла іх згінуць у цемры свядомасці памочніка капітана.
Вецер сціхнуў на некалькі хвілін, і дым, які хуткімі парывамі гойсаў па прычале, паміж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на імгненне супакоіўся. Нерухомыя вялізныя шматкі дыму здаваліся Майету шэрымі намётамі качэўнікаў, калі ён ішоў па слоце. Ен забыўся на тое, што яго замшавыя
чаравікі зусім сапсаваліся, што нахабны афіцэр мытні прычапіўся да дзвюх яго шаўковых піжам. Ад нахабства гэтага афіцэра, ад яго пагарды, ад здзеклівых шэптаў: «Juif, Juif » ён хаваўся ў засені тых вялізных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нібыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць ні пра сваё дарагое футра, ні пра модны гарнітур, пашыты на Сэвіл-роўд, ні пра свае грошы, ні пра высокае становішча ў фірме. Але калі ён наблізіўся да цягніка, вецер ізноў узняўся, намёты з дыму паразвейваліся, і ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.
Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купіць. Праўда, за іх не заўсёды купіш ветлівасць і далікатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такі забяспечылі. Ён першы прайшоў агляд на мытні і да прыходу астатніх пасажыраў паспеў дамовіцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ен цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць і разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым іншым, бо ён быў яўрэй: тут не абыдзешся проста просьбай і невялікімі чаявымі. Ен мінуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялікія лямпы пад ружавата-ліловымі абажурамі блішчалі на свежых абрусах, засланых для абеду. «Остэндэ — Кёльн — Вена — Белград — Стамбул». Ен прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на іх: маршрут быў яму добра вядомы — назвы праплылі на ўзроўні яго вачэй, нагадаўшы яму шпілі мінарэтаў, купалы цэркваў ці саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасці цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.
Кандуктар, як ён і меркаваў, быў няветлівы. «Цягнік перапоўнены»,— пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон — у красавіку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, і на пароме ён заўважыў толькі некалькі пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калідор вагона праціснулася зграя турыстаў:
Яўрэй, яўрэй (фр.).
пажылыя лэдзі трымалі ў руках шалі, пледы і прыгожа аформленыя даведнікі, стары святар скардзіўся, што некуды засунуў і не можа знайсці «Уайд Уорлд Мэгэзін»: «Калі падарожнічаю, я заўсёды чытаю «Уайд Уорлд Мэгэзін»; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы і звыклы з усялякімі перыпетыямі падарожжа гід са значком турысцкага агенцтва. «Voila»1,— сказаў кандуктар і жэстам паказаў, што ў цягніку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесці вакол пальца — ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанія турыстаў, мяркуючы па іх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, які накіроўваецца ў Афіны. Калі Майет павялічыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся і наляпіў на дзверы купэ паперку: «Месца занятае». Уздыхнуўшы з палёгкі, Майет нарэшце застаўся адзін.
Міма праплывалі твары, ад якіх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не бараніла яго ад холаду і сырасці, а калі ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманілася ад яго дыхання, і неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзіў па пероне за вагонным акном: сярдзіты позірк вока, ружавата-ліловая шаўковая сукенка, каўнер святара. Толькі аднойчы ў яго з’явілася жаданне развеяць сваю адзіноту — ён працёр шыбу далоняй і ўбачыў зграбную постаць дзяўчыны ў белым плашчы, якая прайшла па калідоры да вагона другога класа. Адзін раз дзверы адчыніліся, і ў купэ заглянуў пажылы мужчына. У яго былі сівыя вусы, акуляры і пацёрты мяккі капялюш. Майет сказаў яму па-французску, што купэ занятае.
— Адно месца,— сказаў мужчына.
— Відаць, вам трэба купэ другога класа? — спытаў Майет, але мужчына адмоўна пакруціў галавой і пайшоў далей.
Містэр Оўпі выгодна ўладкаваўся ў сваім кутку і пачаў з цікаўнасцю, хоць і з некаторым расчараваннем, разглядваць
Вось бачыце (фр.).
невялікага бледнага мужчыну, які сядзеў насупраць. Знешне сусед быў надзвычай непрыкметны, колер яго твару выдаваў нейкую хваробу. «Нервы»,— падумаў містэр Оўпі, заўважыўшы, як пацепваюцца яго пальцы, аднак у іх не было ніякіх знешніх адзнак павышанай чуллівасці — яны былі кароткія, грубаватыя і тоўстыя.
— Я заўсёды лічу,— сказаў містэр Оўпі, спрабуючы пераканацца, што яму так не пашанцавала са спадарожнікам,— калі вам удалося дастаць месца ў спальным купэ, зусім няма ніякай патрэбы ехаць у першым класе. Вагоны другога класа даволі камфартабельныя.
— Так... вы маеце рацыю... так,— жыва адгукнуўся сусед.— Аднак адкуль вы даведаліся, што я англічанін?
— У мяне такі звычай,— адказаў містэр Оўпі з усмешкай,— заўсёды думаць пра людзей лепшае.
— Вядома,— сказаў бледны мужчына,— вы як святар...
Звонку пачуліся галасы хлапчукоў-газетчыкаў, і містэр Оўпі высунуўся з акна.
— «Le Temps de Londres». Qu’est que c’est que ?a? Rien du tout? «Le Matin» et un «Daily Mail». C’est bon. Merci'.
Яго французская мова здавалася іншым перапоўненай фразамі з школьных падручнікаў — вымаўляў ён іх з яўнай асалодай, аднак не зусім правільна.
— Combien est cela? Trois france. Oh la-la2.
— Можа, вам патрэбна мая дапамога? — прапанаваў ён чалавеку з бледным тварам.— Якую газету вы хочаце? Пэўна, «La Vie»3.
— He, не трэба мне ніякай газеты, дзякуй. У мяне ёсць кніга.
Містэр Оўпі глянуў на гадзіннік.
— У нас засталося яшчэ тры мінуты.
1 Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй (фр.).
2 Колькі каштуе? Тры франкі. Ну і ну! (фр.)
3 «Жыццё» (фр.).
Некалькі хвілін дзяўчына баялася, што ён распачне гаворку ці, пэўна, гэтая высокая хударлявая жанчына, яго жонка. Крышку памаўчаць — вось чаго ёй зараз хацелася болей за ўсё на свеце. «Калі б я магла дазволіць сабе спальны вагон,— разважала яна,— цікава, ці была б я там у купэ адна?» У цёмным купэ запалілі лямпачкі, і мажны мужчына зазначыў:
— Ну, цяпер ужо хутка паедзем.
Паветра ў купэ было напоўнена пылам і вільгаццю. Мігаценне святла звонку нагадала ёй на імгненне штосьці знаёмае і звыклае: электрычныя агні рэкламы, што загараліся і змяняліся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мітусня натоўпу на пероне, беганіна хлапчукоў-газетчыкаў і і насільшчыкаў нагадалі ёй «гусіны кірмаш», і яна засяродзілася на ўспаміне пра рынак, намагаючыся ўзнавіць яго цагляныя будынкі, драўляныя лаўкі ў дэталях, каб ён стаў такім самым рэальным, як і сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань і зменлівыя агні святлафораў. 3 утульнага свету фантазіі ў рэчаіснасць яе вярнуў мужчына, які загаварыў з ёй, і дзяўчына мусіла надзець на сябе маску зычлівасці і весялосці.
— Ну, міс, у нас наперадзе доўгае падарожжа разам. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Пітэрс, а гэта мая жонка Эймі.
— Мяне завуць Корал Маскер.
— Купі мне сандвіч,— папрасіла хударлявая жанчына.— Я такая галодная, што чую, як мае кішкі граюць марш.
— Можа, вы гэта зробіце, міс? Я не ведаю французскай мовы.
«Чаму вы думаеце, што я яе ведаю? — яна амаль не крыкнула яму ў адказ.— Я ніколі не была за межамі Англіі». Але яна прызвычаілася заўсёды браць на сябе адказнасць, калі б і ў якой бы форме яна на яе ні звальвалася, таму яна не выказала ўголас ніякага пратэсту, адчыніла дзверы і пабегла б па слізкай цёмнай дарозе паміж рэйкамі, шукаючы таго, чаго ён хацеў, калі б не глянула на гадзіннік.
— He паспею,— сказала яна.— Да адыходу цягніка засталася толькі адна мінута.
Вяртаючыся назад у купэ, яна азірнулася і ўбачыла ў канцы калідора твар і постаць чалавека,— у яе перахапіла дых ад страснага жадання кінуцца да яго: яна нагадала апошні мазок пудрай па носе, сказанае спехам «дабранач» швейцару — і хутчэй на двор, у зіхатлівую цемру, дзе яе чакаў малады яўрэй, каробка шакаладу, аўтамабіль за рагом вуліцы, хуткая язда і таемная небяспечная блізкасць цел. Аднак гэта быў не той, каго яна ведала, і ў думках яна зноў вярнулася да тых непажаданых, жахлівых прыгод у варожым свеце, дзе ніякая старанна ўзважаная ласка не зможа абараніць ад непазбежнай цемры нязведанага. Нацыянальнасць мужчыны, рэзкія характэрныя рысы яго твару і футра ўвялі яе ў зман.
«Адыход затрымліваецца»,— падумаў Майет, выходзячы ў калідор. Ен намацаў у кішэні камізэлькі скрыначку разынак. Яна была падзелена на чатыры секцыі, і яго пальцы наўздагад выбралі адну разыначку. Паклаўшы ягаду ў рот, ён ацаніў яе на смак. Якасць яе была не лепшая. Гэта прадукцыя «Стэйн і компані». У іх ягады з цягам часу робяцца дробнымі і сухімі. У іх разынкі дробныя і еухія.
У канцы калідора нейкая дзяўчына ў белым плашчы павярнулася і ўважліва зірнула на яго. «Неблагая фігурка,— падумаў ён.— Недзе, здаецца, яе бачыў». Ен узяў яшчэ адну разынку і, не гледзячы, сунуў яе ў рот. На гэты раз трапіла ягада яго асабістай фірмы. «Майет, Майет і Пейдж». Трымаючы ягаду пад языком, ён на імгненне пачуваў сябе ўладаром свету, вяршыцелем лёсу. «Вось гэта — мая, і яна — выдатная»,— зазначыў ён. Уздоўж калідора бразнулі дзверы купэ, прагучаў гудок паравоза.