Стамбульскі экспрэс
Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
— Што з вамі? Вам дрэнна?
Яна адказала павольна, вочы ў яе былі прыплюшчаныя:
— Зараз лепей. Вы зачынілі акно, і стала душна. Але зараз мне зусім добра. Дакраніцеся да мяне.— Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, і яго ўразіла, якая яна гарачая.
— Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду і прынясу вам каньяку. Вы захварэлі.
— Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер ізноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.
— Вазьміце маё футра,— неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волі прапанову словамі накшталт «часова» ці «пакуль не сагрэецеся», як яна асунулася на падлогу.
Ен узяў яе рукі і пачаў расціраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. I раптоўна адчуў пільную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, ці чакаць яе на ярка асветленай вуліцы каля тэатральнага пад’-
езда,— там яна была б яму толькі цацка ў любоўнай гульні, але тут, у калідоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай і хворай, пакутлівы жаль. Яна не скардзілася на холад, a проста нагадала пра яго як пра непазбежнае ліха. I раптоўна ён зразумеў, з якой безлічы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокі — ён і раней заўважыў, што незнаёмы хадзіў туды-сюды па калідоры міма свайго купэ,— і пайшоў яму насустрач.
— Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.
Незнаёмы спыніўся і спытаў абыякава:
— Дзе яна?
Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.
— Яна сапраўды вельмі хворая,— настойліва папярэдзіў ён.
— Добра, я зараз пагляджу яе.
Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калі ён схіліўся над дзяўчынай. Ен абыходзіўся з ёй мякка, асцярожна — гэта была безаблічная мяккасць, уласцівая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекі. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасці ўсё пераблыталася. Ей здавалася, што гэта яна схілілася над незнаёмым з доўгімі, няроўна падстрыжанымі вусамі. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калі яна злавіла яго мяккі погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: «Ен, відаць, хворы» — і на імгненне забылася на тое, як дзіўна падаюць цені, нібыта лямпачка знаходзіцца на падлозе.
— Хто вы? — спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомніць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. «Ніколі не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога»,— падумала яна.
— Доктар.
Корал разгублена глянула на яго і тут усё адразу зразуме-
ла: гэта яна ляжыць на падлозе, на калідоры, а незнаёмы схіліўся над ёю.
— Я самлела? Мне было так холадна.
Яна ясна адчула, як павольна і цяжка рухаецца цягнік. Праз вокны промні святла слізгалі па твары доктара і асвятлялі за ім маладога яўрэя. «Майет. Мяў». I задаволеная, раптам усміхнулася сабе. Здавалася, што на імгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнік здрыгануўся і спыніўся, і Майета адкінула ўбок, да сценкі. Доктар не рушыў з месца — яго толькі пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ен углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, і сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымліваючы свае пачуцці, але яна разумела, што яго пачуцці не датычацца яе, і ён да яе ставіцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымі словамі: «Калі б у мяне былі нават такія ножкі, як у Містангет, ён і на іх не звярнуў бы аніякай увагі».
— Што са мною? — спытала яна, але гучныя галасы, якія даносіліся з платформы, і тупат людзей у блакітнай форме не дазволілі ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошніх слоў: «...гэта быў проста мой чалавечы і ўрачэбны абавязак».
— Падрыхтуйце пашпарты і багаж,— загадаў голас з акцэнтам.
Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:
— Я дагледжу вашы рэчы.
Яна аддала сваю сумачку і з дапамогай доктара села на адкідное месца каля сценкі.
— Ваш пашпарт?
Доктар адказаў павольна, падбіраючы словы, і яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.
— Мой багаж у першым класе. Я не магу пакінуйь гэту даму. Я доктар.
— У вас англійскі пашпарт?
— Так.
— Добра.
Да іх падышоў яшчэ адзін мытнік:
— Багаж?
— Прад’яўляць мытні няма чаго.
Мытнік пайшоў далей.
Корал Маскер усміхнулася:
— Гэта і ёсць граніца? Ну, у такім разе тут можна правезці кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусім не правяраюць.
— Усё, што хочаш,—сказаў доктар,— але толькі з англійскім пашпартам.
Ен сачыў за мытнікам, пакуль той не знік, і не вымавіў болей ні слова, пакуль не вярнуўся Майет.
— Бадай што, зараз я магу пайсці ў сваё купэ,— сказала яна.
— Вы ў спальным вагоне?
— He.
— Вам выходзіць у Кёльне?
— Я еду да канца.
Ен параіў ёй тое самае, што і памочнік капітана:
— Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.
Марнасць гэтай парады ўзлавала яе і прымусіла на хвілінку забыцца на павагу да яго ўзросту і на ўдзячнасць за тое, што ён зрабіў для яе.
— Хіба ж я магу дазволіць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.
Ен глянуў на яе вачыма, поўнымі маўклівага спачування.
— Вядома ж, такіх грошай у вас няма.
— Што мне рабіць? Я хворая?
— Хіба я магу даваць вам парады? Калі б у вас былі грошы, я мусіў бы сказаць вам: вазьміце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцілі прытомнасць, бо вельмі стаміліся і замерзлі. Вядома, я ўсё гэта магу вам параіць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае cappa. Шмат гадоў вы яго перанапружвалі.
Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:
— Дык што ж мне рабіць?
Яму засталося толькі бездапаможна развесці рукамі:
— Нічога. Жывіце, як жылі. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.
Прагучаў свісток, і цягнік, уздрыгнуўшы, пачаў рухацца. Лямпы станцыі паплылі міма і зніклі ў цемры. Перад тым як пайсці, доктар звярнуўся да яе:
— Калі я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцім вагоне. Маё прозвішча Джон. Доктар Джон.
— А мяне завуць Корал Маскер,— з нясмелай ветласцю сказала яна.
Ен злёгку схіліў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, і пайшоў прэч. У яе ў памяці засталіся яго вочы, якія ўжо былі затуманеныя адчужанасцю, нібыта асеннім дажджом. Ніколі раней ёй не даводзілася сутыкацца з тьім, што пра яе так хутка забываліся. «Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць»,— праспявала яна ціхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.
Але не паспеў доктар адысці некалькі крокаў ад яе, як нехта яго спыніў. Гэта быў невысокі бледны чалавечак, які пракраўся ціха і асцярожна, трымаючыся за парэнчы калідора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:
— Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? — Ен быў на цэлы фут ніжэйшы за доктара, і яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закінуўшы галаву, ён пільна ўглядаецца ў твар субяседніку.— He думайце, што гэта простая цікаўнасць,— гаварыў ён, ухапіўшы доктара за рукаў.— Святар у маім купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсці і ўсё высветліць,— горача дадаў ён.
Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калідоры вагона, замест таго каб сядзець у кампаніі іншых пасажыраў у сваім купэ. Цяпер жа, насуперак яго волі, ён апынуўся ў цэнтры ўвагі: дакучлівыя пытанні і просьбы назалялі яму, як калючкі дзядоўніку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накінецца на гэтага назойлівага тыпа з пракляццямі і той, зганьбаваны, ні з чым
вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветліва і далікатна, і гэта яе ўразіла.
— Вы сказалі — каталіцкі святар?
— He, не,— пачаў апраўдвацца чалавечак.— Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такі здарылася? Нехта памірае?
Доктар Джон, відаць, зразумеў, што апошнія словы напалохалі Корал, і крыкнуў ёй з канца калідора, каб яна не звяртала на іх увагі, а потым вырваўся з рук незнаёмага, які затрымліваў яго, Маленькі чалавечак на нейкі момант заставаўся шчаслівым гаспадаром становішча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны і запытаўся ў яе:
— Што тут здарылася?
Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, які зычліва паставіўся да яе:
— Я ж не такая ўжо хворая, праўда?
— Што мяне асабліва ўразіла, дык гэта яго акцэнт,— працягваў незнаёмы.— Адразу відаць, што ён чужынец, хоць і назваў сябе нейкім англійскім прозвішчам. Бадай што, пайду і пагавару з ім.
Розум у яе зусім праясніўся з таго моманту, калі яна прыйшла да памяці: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахілілася над ім, і яму патрэбная была нібыта яе спагада і клопат,— крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.
— He трэба яго турбаваць,— папрасіла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, і ён не пачуў яе просьбы.
— Як вы думаеце? — спытаў Майет.— Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямніца?
— У кожнага з нас ёсць свае асабістыя тайны.
— Магчыма, ён хаваецца ад паліцыі?
— Ен добры,— сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлівасці гэтага сцвярджэння.
Майет пагадзіўся з ёю — гэта дазволіла ім болей не думаць пра доктара.
— Вам трэба легчы,— сказаў ён,— і пастарацца заснуць.
Яна адказала няпэўна:
— Я не змагу заснуць, калі побач тая жанчына з яе страўнікам.
Ен адразу прыгадаў містэра Пітэрса, які сядзіць у сваім кутку і чакае, калі яна вернецца, каб узнавіць на дармаўшчыну бязвіннае задавольванне плоцкіх пажадаў, якое не выклікае ніякіх непрыемнасцей. I Майет прапанаваў:
— Вы павінны пайсці ў маё спальнае купэ.
— Як? У вагоне першага класа?
Тое, што яна не паверыла яму, хоць і вельмі хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабіць шырокі жэст у духу ўсходніх багацеяў — паднесці дарагі падарунак, не чакаючы і не патрабуючы нічога ўзамен. Скнарлівасць — традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасці, аднак ён пераканае адну з хрысціянак у тым, што гэта зусім не так. Сорак гадоў жыцця ў пустыні, далёка ад урадлівых земляў Егіпта, выпрацавалі ў яго продкаў суровую звычку — абыходзіцца некалькімі фінікамі і глытком вады. Дый і тысячагоддзі, праведзеныя ў пустэчы хрысціянскага свету, дзе даводзілася дзеля бяспекі хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасці. Аднак свет змяніўся, пустыня расквітнела, у розных месцах свету, асабліва ў Заходняй Еўропе, яўрэй можа выявіць іншыя якасці характару, раней уласцівыя толькі арабам,— якасці па-царску шчодрага гаспадара, які здатны абмыць ногі жабраку і накарміць яго са сваёй талеркі; часам ён можа з ворага багатых хрысціян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што імем госпада бога папросіць прытулку. Спакваля грукат цягніка аціхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калі ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасці паставіў у аазісе намёт і выкапаў у пустыні калодзеж. Ен развёў перад дзяўчынай рукі: