Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

Стамбульскі экспрэс

Грэм Грын
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 1993
82.37 МБ
— Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? — хрыпла спытала яна. Дзіўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калі яго вымавіла міс Уорэн сваім нізкім мужчынскім голасам.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Піжаму, дарагая. Я хачу ўявіць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.
— Відаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павінны спяшацца. Ты не паспееш узяць інтэрв’ю.
1 Карэнны жыхар Лондана.
Апошнія словы абразілі прафесійную годнасць міс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:
— Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытанні? — сказала яна.— Я толькі кіну на яго позірк і сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.
— Але ж мне трэба зяайсці насільшчыка, каб аднесці мае чамаданы.
Наведнікі пачалі выходзіць з рэстарана. Дзверы адчыняліся і зачыняліся, і туды, дзе яны сядзелі, няясна даносіліся галасы насільшчыкаў і гудкі паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да міс Уорэн:
— Трэба ісці. Калі ты яшчэ хочаш джыну — можаш выпіць, але я пайду.
Аднак міс Уорэн нічога не адказала, міс Уорэн не звяртала на яе ўвагі. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналісцкай практыцы Мейбл Уорэн,— яна на вачах рабілася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках і павеках. Адначасова яна кінула позірк на тое, што адлюстроўвалася ў бліжэйшых кубках, падносе і шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне і яе адбітку — гэта было падобна да чытання алфавіту па табліцы ўрача-акуліста. У гэтым выпадку першая літара — вялізная чорная «А» — пажылы мужчына ў плашчы, які стаяў каля століка, страсаючы з сябе крошкі, ён збіраўся выходзіць, каб паспець да адыходу цягніка.
— Божухна мой,— сказала міс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой.— Я зусім п’яная — нічога не бачу. Хто гэта там?
— Мужчына з вусікамі?
— Так. Ен самы.
— Ніколі раней яго не бачыла.
— Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?
Штосьці адцягнула яе думкі пра блізкую разлуку, яе нос узяў след, і, пакінуўшы недапітую шклянку джыну, яна шырокім крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ен ужо вый-
шаў з рэстарана і хутка ішоў па зіхатлівым чорным вестыбюлі да лесвіцы, а міс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насільшчыкам і ўпала на калені, круцячы галавой, імкнучыся пазбавіцца ад дурыкаў, зычлівасці, маркоты, выкліканых ап’яненнем. Насільшчык спыніўся дапамагчы ёй. Учапіўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправілася з языком.
— Які цягнік ідзе з пятай платформы? — спытала яна.
— На Вену.
— I на Белград?
— I на Белград.
Зусім выпадкова вырвалася ў яе «Белград», а не «Канстанцінопаль», але гук яе асабістага голасу праясніў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:
— Займі два месцы. Я паеду з табой да Вены.
— А білет?
— У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта.— Цяпер ужо яна зрабілася нецярплівая,— Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзіна дваццаць восем. Засталося пяць мінут.— Учапіўшыся з усяе сілы за насільшчыка, яна не адпускала яго.— Слухайце. Я хачу, каб вы перадалі маё паведамленне. Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры.
— Я не магу пайсці з вакзала,— сказаў ён, імкнучыся адчапіцца ад яе рукі.
— Калі закончыцца ваша змена?
— У шэсць.
— Блага. Вы павінны непрыкметна знікнуць. Вы здолееце зрабіць гэта? Ніхто не заўважыць вашай адсутнасці.
— Мяне звольняць.
— Рызыкніце,— сказала міс Уорэн.— За дваццаць франкаў.
Насільшчык адмоўна пахітаў галавой.
—Брыгадзір заўважыць, што мяне няма на працы.
— Я накіну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзіру.
— Брыгадзір не пагодзіцца на гэта. Надта вялікая рызыка, дый да начальніка можа дайсці.
Міс Уорэн адкрыла сумачку і пачала пералічваць грошы. Над яе галавой гадзіннік прабіў палову другой. Да адыходу цягніка засталося дзве мінуты, аднак яна ні на імгненне не выказала свайго адчаю — любое хваляванне спудзіць насільшчыка.
— Восемдзесят марак, а брыгадзіру дадзіце, колькі захочаце. Вас не будзе на працы толькі дзесяць мінут.
— Надта рызыкоўная справа,— сказаў насільшчык, але ўсё-такі ўзяў грошы.
— Слухайце мяне ўважліва. Пойдзеце на Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты «Кларыён». Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што міс Уорэн паехала Усходнім экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе інтэрв’ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапіла на след вельмі важнага матэрыялу для першай старонкі. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала.— Пакуль ён, запінаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гадзіна трыццаць адна з паловай.— Добра. Ідзіце. Але калі вы не перададзіце паведамленне да дзвюх гадзін, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарніцтвам.— Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, і пабегла па лесвіцы.
Гадзіна трыццаць дзве. Ей здалося, што яна пачула свісток паравоза, і адным махам пераскочыла праз тры прыступкі. Цягнік ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступіць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: «Пасведчанне!» Апошнія вагоны трэцяга класа праходзілі міма, набіраючы хуткасць. «Божухна, я кіну піць»,— паклялася яна ў думках. Потым ухапілася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкі насільшчык з крыкамі паспрабаваў утрымаць яе. Доўгія дзесяць секунд, адольваючы пранізлівы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. «Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохі — і маё плячо
не вытрымае. Лепей зваліцца на платформу і атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагі. Аднак жа які цудоўны матэрыял згіне»,— з горыччу падумала яна і скочыла на прыступку. Яе калені дацягнуліся да прыступкі якраз у той момант, калі скончылася платформа. Знік апошні ліхтар станцыі, дзверы пад націскам яе цела адчыніліся, і яна дагары тварам упала на калідор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай і зласлівай усмешкаю: «Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявіла пасадку ў экспрэс!»
Ранішняе святло пранікла скрозь шчыліну паміж фіранкамі і закранула паліцу насупраць. Калі Корал Маскер прачнулася, першае, што кінулася ёй у вочы, была гэтая паліца і скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць і яшчэ трывогу, калі прыгадала цягнік, на які ёй трэба паспець на вакзал Вікторыя, засохлую яечню і чэрствыя лустачкі заўчарашняга хлеба, што чакалі яе на кухні. «Шкада, што я пагадзілася на гэтую працу!» — падумала яна. Цяпер, калі набліжаўся час ад’езду, яна палічыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвіцы на Шафтсберы-авеню і аддала б перавагу штучнай весялосці пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхінула фіранку, і на імгненне яе здзівіў тэлеграфны слуп, які хутка праляцеў міма, зялёная рачулка з аранжавымі блікамі ранішняга сонца і парослыя лесам пагоркі. I раптам яна ўспомніла ўсё.
Было яшчэ рана —сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамі. У вёсцы на другім беразе замігцелі агеньчыкі, некалькі дымкоў прамымі струменьчыкамі ўздымаліся ў бязветраным паветры над драўлянымі хаткамі: сяляне там распальвалі печы, гатавалі снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункі, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткі на блізкім беразе і прывязаныя там лодкі шпарка знікалі з віду. Яна адхіліла фіранку на шкляных дзвярах у калідор і ўбачыла Майета — ён спаў, прыхінуўшыся спінаю
да сцяны. Інстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзіць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спіць, а самой зноў легчы на паліцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасці блізкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нібыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькі заўсёдная барацьба і ўсяго трэба дабівацца сваімі намаганнямі. Бадай што, свет быў не такі ўжо жорсткі. Яна нагадала, як цёпла паставіўся да яе памочнік капітана, як ён крыкнуў на развітанне: «Помні пра мяне!» Зусім магчыма, што памочнік капітана ўсё яшчэ помніць яе,— гэты ж малады чалавек, які спіць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькімі гадзінамі свайго жыцця дзеля зусім незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслівая думка: «Магчыма, я жыву ў памяці іншых людзей, не толькі тады, калі яны бачаць мяне ці гавораць са мной». Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскі ўжо не было відно, таксама як і тых цудоўных зялёных пагоркаў, якія яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькі раку. I Корал ізноў заснула.
Міс Уоран, хістаючыся, ішла па вагонах. Ей цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзіны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбітай, яе крыху нудзіла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкі блыталіся, аднак яна трымала нос па ветры і не губляла следу. За дзесяць гадоў журналісцкай кар’еры — дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыі пра жаночыя правы, згвалтаванні, забойствы — яна ніколі не была такая блізкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такі матэрыял, сам карэспандэнт газеты «Таймс» ахвяраваў бы год жыцця. «Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я,— з гордасцю падумала яна,— ды яшчэ п’яная ўдрызг». Яна ішла, хістаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нібыта на ёй была набакір карона.
Удача не пакідала яе. 3 купэ выйшаў мужчына і накіраваўся ў туалет. Калі яна прыціснулася да сцяны, каб прапусціць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку і ў купэ болей няма нікога. Мужчына ўзняў вочы і ўбачыў у дзвярах міс Уоран, якая крыху хісталася туды-сюды.
— Можна да вас? — спытала яна.— Я села ў Кёльне і не магу знайсці месца.— Голас у яе быў нізкі, амаль мяккі, нібыта яна ўгаворвала любімага сабаку ўвайсці ў камеру, дзе яго збіраліся ўсыпіць.
— Месца занятае.
— Толькі на хвіліначку,— сказала міс Уорэн.— Хай адпачнуць крышачку ногі. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-англійску. Мяне заўсёды агортвае страх, калі падарожнічаю ў цягніку, дзе няма нікога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбіцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго.— Яна нацягнена ўсміхнулася.— Па-мойму, вы доктар?