• Газеты, часопісы і г.д.
  • Стамбульскі экспрэс  Грэм Грын

    Стамбульскі экспрэс

    Грэм Грын

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1993
    82.37 МБ
    — Так, вам трэба адпачыць, і вы будзеце спаць у маім купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. I маё футра — вы павінны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, a зараз вам лепей паспаць.
    — Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самі будзеце спаць.
    — Знайду дзе-небудзь. У цягніку гэтым разам шмат свабодных месцаў.
    Ізноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе,— здавалася, што яе падхапіла цёплая хваля, і здарылася гэта непадалёк ад берага, і нават калі страх агорне яе, яна зможа стаць нагамі на пясчанае дно,— і гэтая хваля нясе яе, без ніякіх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца,— да ложка, да падушкі, да свежых прасцін, дзе яна зможа залезці пад цёплую коўдру і заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнуліся міласэрнасць, літасць, дабрыня, і замест таго каб прасіць прабачэння і нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрыні і зычлівасці.
    Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкідным сядзенні ў калідоры, склаў накрыж рукі і ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмі холадна. Хоць усе вокны на калідоры былі зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку паміж вагонамі. Дый грукатанне цягніка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаіцца: паміж Гербершталем і Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з іх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: імклівы напор выпушчанай пары і скразняк з дзвярэй, які халадзіў яму твар, ублытваліся ў яго трывожны сон. Калідор ператварыўся ў Спаніердз-роўд1, абапал якой цягнуліся зараснікі верасу. Ісаак павольна вёз яго ў сваім «бэнтлі»2, яны разглядвалі дзяўчат, якія шпацыравалі парамі ўздоўж асветленага ліхтарамі ўсходняга боку вуліцы,— гэта былі прадаўшчыцы, якія рызыкоўна прапаноўвалі сябе за келіх віна ў гатэлі, прагулку ў аўтамабілі і за магчымасць павясяліцца на дармаўшчыну; на другім баку вуліцы ў прыцемках сядзелі .на лаўках прастытуткі, азызлыя, знябытыя
    1 Вуліца ў Лондане.
    2 Марка дарагога аўтамабіля кампаніі «Ролс-ройс».
    і старыя; спіны ў іх былі павернуты да пясчаных адхонаў і кустоў верасу, яны чакалі якога-небудзь нямога ці сляпога мужчыну, зусім лядачага, які б прапанаваў ім дзесяць шылінгаў.
    Каля ліхтара Ісаак прытармазіў «бэнтлі», міма праплывалі незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Ісааку чамусьці хацелася пухленькую бландзінку, а Майету — стройную брунетку, аднак падчапіць якраз такіх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вуліцы цягнулася чарада машын іх супернікаў, а дзяўчаты палілі цыгарэты і пасміхаліся, прыхіліўшыся да адчыненых дзвярэй; на другім баку вуліцы цярпліва вяла назіранне толькі іх адзіная двухмесная машына. Майета пачалі ўжо злаваць бескампрамісныя дамаганні Ісаака, у «бэнтлі» было холадна, у твар дзьмуў скразняк,— і ўбачыўшы, што міма праходзіць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпіўку і, нарэшце, паездку ў машыне. «Такія дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць,— думаў Майет,— яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, і, калі твой выгляд ім не даспадобы, яны проста гавораць, што іх чакаюць дома». Аднак Корал Маскер згадзілася пакатацца з ім у машыне, і яны разам хаваюцца ў цемрадзі аўтамабіля. Ліхтары, гатэлі, будынкі засталіся ззаду, абапал дарогі пацягнуліся дрэвы, у зялёным святле фар яны здаваліся нібыта сілуэты, выразаныя з паперы, потым узніклі кусты з водарам вільготнай лістоты, якая хавала ў сабе свежасць ранішняга дажджу, і нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Ісаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожніцай, хоць і цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялізным носам і вялікімі зубамі. Аднак калі гэтая дзяўчына садзіцца побач з Ісаакам на пярэднім сядзенні, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсміхаецца і кажа: «Я не захапіла з сабой візітнай карткі, але маё прозвішча — Стэйн.». Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялізнай лесвіцы, учапіўшыся за сярэбраныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае
    яго наверсе, і на твары ў яе ён бачыць чамусьці вусікі; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швівам, і крычыць: «Пазнаёмцеся, гэта — містэр Экман!»
    Корал Маскер у адчаі адкінула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала і танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлітасны рэжысёр усё біў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнілася на месяц і парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала і танцавала, не звяртаючы на яго ніякай увагі, а ён усё біў яе палкай па нагах.
    Місіс Пітэрс павярнула галаву і сказала мужу:
    — Гэтае піва. Мой страўнік ніяк не сціхае. Усё бурчыць і бурчыць. He магу заснуць.
    Містэру Оўпі прыснілася, што ён — апрануты ў стыхар, з крыкетнай бітай пад пахай і спартыўнай пальчаткай на запясці — узыходзіць па агромністай мармуровай лесвіцы да святога прастола ў божым храме.
    Доктар Джон, які нарэшце заснуў з горкай пілюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, і скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамі загучала павольнае і распеўнае: «Кёльн, Кёльн, Кёльн».
    Ч астка другая
    КЕЛЬН
    1
    — Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п’яная,— сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло.— Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук.— Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
    — Мы жывём разам тры гады,— сказала міс Уорэн ніз-
    кім маркотным тонам,— і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
    Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
    — Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, a табе — інтэрв’ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
    Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер — чырвоныя ад слёз.
    — Ты ж ведаеш, чаму я п’ю,— запярэчыла яна.
    — Усё гэта глупства, любая,— сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая.—Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
    — Трымайся далей ад мужчын! — пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася за яе руку.— Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калі б толькі я магла паехаць з табой! — Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну.— Ой, глянь толькі, што я нарабіла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнітур! — Вялікай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысціць спадніцу Джанет Пардаў.
    — Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл,— сказала Джанет.
    Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.
    — Ты кажаш, я п’яная. Так, сапраўды, я п’яная. Але я нап’юся яшчэ болей.
    — Лепей пойдзем хутчэй.
    — He, ты вып’еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.
    Джанет Пардаў саступіла:
    — Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.
    Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.
    — Яшчэ адзін джын,— папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.
    У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя,— даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота — зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? — з маркотай, уласцівай п’яніцам, падумала яна.— Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць,— а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: — Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв’ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні — ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна — мастак, і яе задача — крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы — яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.
    — У каго ты будзеш браць інтэрв’ю? — спытала Джанет
    Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу.— Табе трэба прычасацца.
    Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.
    — У Сейвары,— адказала міс Уорэн.— Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні'. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.
    — А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?
    — Едзе на Усход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв’ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.
    Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.