Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
ула з-за хмар сонейка, высвеціла медныя ствалы гонкіх прыбярэжных соснаў, заіскрылася на нарачанскіх хвалях.
Ідылія!
He трэба нікуды спяшацца, раз-пораз кідаць вокам на гадзіннік, старанна ўзважваць кожную фразу. Бы на нейкай іншай планеце застаўся ўвесь той тлум — чуйныя парламенцкія ды журналісцкія мікрафоны, бесцырымонныя вочкі тэлекамер, неўтаймоўныя тэлефонныя апараты,— усё тое, што трымае як у абцугах, не дае ні на хвіліну расслабіцца, перавесці дух.
Палітык рэдка належыць самому сабе. I бязвоблачныя, ціхамірныя хвіліны ў ягоным жыцці гэткія ж нячастыя, як вось гэты сонечны выбліск сярод дажджлівага, свінцова-пахмурнага жніўня 1993-га.
* * *
Урзшце, і апошнія тыдні перад адпачынкам прайшлі для Шушкевіча адносна спакойна, без непрыемных сюрпрызаў і стрэсавых сітуацый. На Беларусі ўсталяваўся на нейкі час палітычны штыль. Пасля баталій XII сесіі дэпутаты раз’ехаліся хто куды: адны спяшаліся набрацца новых сіл у санаторыях, іншых захліснулі гаспадарчыя клопаты — пад дажджамі гінуў ураджай, у многіх калгасах і саўгасах паліўныя цыстэрны стаялі напярэдадні жніва зусім пустыя. Праўда, месяцы за два да таго ўрад запэўніў, што наконт паставак нафты паразуменне з расіянамі будзе, і тая заява супакоіла Шушкевіча — хоць, як потым высветліцца, дарэмна. Пакуль жа Прэзідыум Вярхоўнага Савета нетаропка абмяркоўваў руцінныя
пытанні, да якіх раней не даходзілі рукі. 14 ліпеня, у прыватнасці, вырашылі ўсталяваць дыпламатычныя стасункі з Ямайкай...
Адметнымі ж у ліпені 1993-га былі, бадай, дзве падзеі.
8-га ў Мінску адкрыўся I з’езд беларусаў свету. На Бацькаўшчыну з’ехаліся сотні людзей, якіх лёс — найчасцей жорсткі, драматычны — раскідаў некалі па розных кутках планеты. У камуністычныя часы пра гэтых людзей стараліся не згадваць, калі ж афіцыйная прапаганда і заводзіла гаворку пра беларусаўэмігрантаў, то звычайна запісвала іх усіх без разбору ў лік здраднікаў. Многія ўжо і не спадзяваліся, што ступяць калі-небудзь на родную зямельку. Але часы памяняліся — і вось Радзіма шчыра, цёпла вітае сваіх далёкіх сыноў і дачок, што здолелі зберагчы на чужыне зайздросную пашану да роднай мовы, культуры, гісторыі, пранеслі праз доўгія гады разлукі пяшчотную любоў да бацькоўскага краю.
У Шушкевіча былі напагатове некалькі аркушаў з тэкстам для выступу. Але ў кулуарах з’езда, адразу ж трапіўшы ў шчыльнае кола ўзрушаных людзей, што наперабой імкнуліся паціснуць руку, змахвалі набягаўшыя міжволі сентыментальныя слязінкі,— ён адчуў, што будзе гаварыць іначай. He, на паперцы ўсё было правільна, узважана, грунтоўна — але ж, як стала цяпер зразумела, занадта казённа, афіцыйна. А трэба, каб словы ляглі на душу, прагучалі ва унісон акрыленаму, рамантычна-прыўзнятаму настрою тых, хто тут сабраўся.
Пасля выступу яму доўга апладзіравалі, і па тварах прысутных лёгка было пераканацца, што гэта зусім не дзяжурныя воплескі.
Другой неардынарнай падзеяй ліпеня стаў візіт у Злучаныя Штаты. Шушкевіч аказаўся адным з першых сярод кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік, якога афіцыйна прыняў у Белым доме прэзідэнт Клінтан. Гэтым запрашэннем наймагутнейшая дзяржава Захаду імкнулася падкрэсліць, што ёй даспадобы цвёрды намер маладой незалежнай краіны добраахвотна пазбавіцца ядзернага арсеналу і што на гэтым шляху маленькая Беларусь можа разлічваць на ўсебаковую дапамогу вялікай Амерыкі. Што і засведчыла падпісаная ў Вашынгтоне сумесная дэкларацыя аб адносінах паміж дзвюма краінамі. Злучаныя Штаты паабяцалі дапамогу ў дэмілітарызацыі, рэфармаванні эканомікі, пераадоленні наступстваў Чарнобыля.
Шушкевіча па-добраму ўразіла надзвычайная праста-
та, натуральнасць паводзін амерыканскага прэзідэнта: ні ценю пыхі, ганарыстасці (якія часам так, прабачце, і пруць з нашых дробных наменклатурных сошак) — Клінтан вёў гутарку з адкрытай, прываблівай усмешкай, абсалютна нязмушана, як са старым добрым прыяцелем.(«Ну проста свой, беларускі хлопец!» — скажа потым Шушкевіч.) Адна толькі акалічнасць азмрочыла тыя дні: трагічна загінуў лепшы сябар амерыканскага прэзідэнта. Клінтан, аднак, не адмяніў сустрэчу з Шушкевічам, а толькі прапанаваў перанесці яе час.
На развітанне ж гаспадар Белага дома падарыў госцю ігральныя карты. Спадарожнікі жартавалі: «Бачыце, Станіслаў Станіслававіч, ЦРУ ведае нават, штб вы калекцыяніруеце». Ну, а палітычныя апаненты выкарысталі гэту акалічнасць для ядавітага іранізавання: вось, маўляў, і ўсё, з чым вярнуўся з-за акіяна наш шаноўны спікер...
Замежныя паездкі Шушкевіча ўвогуле надзвычай іх раздражнялі. He раз гучала: у нас, маўляў, заводы без сыравіны стаяць, каровы без корму, а ён, бач, з візітамі шастае (гучала ж гэта, дарэчы, пераважна з вуснаў тых, хто непасрэдна адказваў і за сыравіну, і за кармы). Такім чынам прарывалася не толькі непрыязнасць да самога Шушкевіча, але і застарэлая, убітая ў свядомасць у эпоху «жалезнай заслоны» ваяўнічая ксенафобія. Носьбіты гэтага заскарузлага мыслення нават з парламенцкай трыбуны неаднойчы на поўным сур’ёзе даводзілі, што ледзь ці не ўсе нашыя эканамічныя беды — вынік падрыўной дзейнасці нейкіх заморскіх «цэнтраў»...
Пра сапраўдныя ж прычыны крызісу Шушкевіч даволі жорстка (хоць падстава была святочная) сказаў пасля вяртання са Штатаў падчас выступлення па тэлебачанні і радыё 27 ліпеня — у той дзень споўнілася тры гады Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі: «... адсутнасць ліберальна-дэмакратычных традыцый, карумпаваная сістэма кумаўства і блату ў кабінетах улады, недахоп прафесіянальных (ды і проста адукаваных) палітыкаў з прагматычным стылем работы не спрыяюць спакойнаму і эфектыўнаму ходу рэформ... Былая партыйная наменклатура хацела б захаваць за сабой уладу, больш таго — зрабіць яе бескантрольнай. Гэтым, у першую чаргу, тлумачацца і спробы на апошняй сесіі перападпарадкаваць КДБ выканаўчай уладзе, адхіліць ад пасады Старшыню Вярхоўнага Савета і стварыць непераадольныя перашкоды на шляху ўмацавання асноў доўгатэрміновага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі
Амерыкі. Небяспека саюза былой партнаменклатуры, разбагацеўшай на перапродажы дзяржаўнай маёмасці, і мафіёзных камерцыйных структур павялічваецца».
Што і казаць, чарговая гадавіна Дэкларацыі аб суверэнітэце не давала асаблівых падстаў для трыумфавання. Больш таго, менавіта ў тыя дні старая наменклатурная гвардыя, зблакаваўшыся з маладымі неакамуністамі, пачала актыўна разгортваць працэс, які лідэр апазіцыі Зянон Пазьняк з уласцівай яму рэзкасцю і афарыстычнасцю ахарактарызуе так: «Каб застацца хоць на рэшту часу пры ўладзе, яе прадстаўнікі гатовы прадаць нашу дзяржаву ў палон Расіі».
* * *
Кансерватыўнаму беларускаму істэблішменту, які ўсё мацней сумаваў па часах СССР, падалося тады, што дні Барыса Ельцына ў крэсле расійскага прэзідэнта ўжо злічаны. Сапраўды, ягоныя палітычныя праціўнікі хутка акрыялі ад шоку жніўня 1991-га, калі быў разгромлены камуністычны путч. Іх парламенцкае ядро, адчуўшы сваю моц і згуртаванасць, пачало заўзята тарпедаваць рэформы, скандальна правальваць адну за адной Ельцынавы ініцыятывы. На ролю вярхоўнага галоўнакамандуючага антыельцынскага фронту спакусіўся былы паплечнік прэзідэнта па барацьбе з путчыстамі — спікер расійскага Вярхоўнага Савета Руслан Хасбулатаў. Улада — страшны наркотык. I паплечнік стаў ворагам. He разумеючы, што ім карыстаюцца толькі як разменнай фігурай, уявіўшы сябе богам на палітычным Алімпе, Хасбулатаў пайшоў на жорсткую, бескампрамісную канфрантацыю з Ельцыным. Той пачаў атрымліваць адну за адной цяжкія маральныя аплявухі...
Наступ праціўнікаў Ельцына ў Расіі акрыліў іх беларускіх братоў па духу. Пачалося актыўнае мацаванне кантактаў. У жніўні ў белакаменную накіроўваецца група эмісараў беларускай парламенцкай большасці. Перамовы з Хасбулатавым і ягонымі таварышамі па барацьбе праходзяць у цёплай, сяброўскай атмасферы.
Дарэчы, сам Хасбулатаў яшчэ за некалькі месяцаў да таго, у красавіку, прылятаў у Мінск на «рэкагнасцыроўку». Напярэдадні патэлефанаваў у прыёмную Шушкевіча. Той вельмі не жадаў прымаць у сябе, як змушаў да таго пратакольны этыкет, расійскага калегу-спікера, што да тае пары ўжо кінуў Ельцыну пальчатку. Але сакратарка, забыўшыся на тайнае Шушкевічава ўказанне («Мяне няма!»), машынальна
ўключыла прамую сувязь. Давялося даць згоду на сустрэчу. Гаворка двух спікераў у Мінску прайшла суха, нацягнута, і, падобна, абодва былі надзвычай задаволеныя, што гэтае фармальнае рандэву хутка скончылася. Хасбулатаў жа, трэба меркаваць, неўзабаве адвёў душу з іншымі суразмоўцамі.
Скаардынаваўшы намаганні, расійскія і беларускія ваяры за рэстаўрацыю савецкай звышдзяржавы дзейнічалі ўсё больш самаўпэўнена, агрэсіўна. Разгарнулася масіраваная прапагандысцкая апрацоўка радавых суграмадзян. На Беларусі, у прыватнасці, скарысталі ў якасці фальшывага козыра ў гэтай палітычнай гульні жорсткі паліўны голад, што апанаваў рэспубліку тым летам. Ранейшыя абяцанкі ўрада Кебіча, што нафта да жніва будзе, сталіся пустым гукам. Расія, натуральна, не жадала больш за «дзякуй» перапампоўваць сваё чорнае золата згалелай, няздольнай разлічыцца малодшай сястрыцы. Але ўрад, які давёў рэспубліканскую эканоміку да ручкі, намаганнямі свайго парламенцкага ды газетнага лобі клапатліва выводзіўся з зоны крытыкі. Затузанаму ж незлічонымі нягодамі абывацелю падсоўваўся просценькі тэзіс: ва ўсім вінаватыя тыя, хто «злачынна разваліў Саюз» у Белавежскай пушчы. Трэба скінуць іх, бязлітасна пакараць і дружным шыхтом, спяваючы эсэсэсэраўскі гімн, рушыць у светлае мінулае — на берагі запаветнага мора таннай нафты і гарэлкі...
Сярод пустэльні эканамічнага крызісу шмат каму хацелася верыць у гэты міраж.
* * *
Над Нараччу ж усё цяжэй навісалі хмары. У пераносным сэнсе — таксама. Апаненты Шушкевіча скарысталі сітуацыю, каб зноў перамыць ягоныя костачкі: жніво зрываецца без паліва, палову Палесся заліла паводка, а вышэйшая службовая асооа рэспублікі, бач ты, прахалоджваецца ў цяньку...
Шушкевіч мусіў перарваць адпачынак. Начны цягнік імчыць яго ў Маскву на тэрміновую сустрэчу з Ельцыным. Трэба неяк адбіць папрокі, быццам ён, Шушкевіч, нічога не робіць дзеля эканамічнай рэінтэграцыі з Расіяй, хоць, калі разабрацца, гэта перш за ўсё клопат кіраўніка ўрада, а не парламенцкага спікера, амплуа якога — накіроўваць заканатворчы працэс, ствараць належную прававую прастору для рэфарматарскай дзейнасці выканаўчай улады. Але прагрэсіўныя законы тармозяцца якраз урадавым лобі, Саўмін зусім не пакутуе ад рэфарматарскага свербу, a
ў выніку менавіта яго, Шушкевіча, робяць нечым накшталт японскай гумавай ляль