Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
а Савета перайшла ў яшчэ больш вострую, бескампрамісную фазу.
Лукашэнка пачаў раз за разам з пафасам заяўляць, што Шушкевіч нібыта ўсяляк перашкаджае працы ягонай камісіі. I хоць пераканаўчых доказаў не прыводзіў, абывацель згодна са сваёй логікай ужо мог рабіць выснову: ага, калі так, то ў каго-кольвечы рыльца, відаць, таксама ў пуху...
Тыя, хто даўно марыў зваліць Шушкевіча, толькі паціралі далоні: здаецца, удача сама бяжыць да іх у рукі.
* * *
9 лістапада 1993 года пачалася чарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі — трынаццатая па ліку. Вось і не вер пасля гэтага ў прыкметы: менавіта яна, трынаццатая, стане для Шушкевіча апошняй у ролі спікера. Хоць, калі сур’ёзна, справа была зусім не ў чортавым тузіне — адбылося тое, што рана ці позна мусіла адбыцца...
Перад пачаткам сесіі было яскрава прадэманстравана, што дзеля дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў могуць ужывацца любыя метады. З’явіліся невядома дзе і кім сфабрыкаваныя ўлёткі, у якіх ад імя Народнага фронта і патрыятычнай арганізацыі «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» пракламаваліся заклікі да ўзброенага выступлення супраць уладаў. Усчалася сапраўдная істэрыя: маўляў, апазіцыя рыхтуецца ледзь ці не перастраляць сваіх непрыяцеляў проста ў парламенцкай зале... У дзень адкрыцця сесіі Дом урада густа ачапілі вайскоўцамі. Вядома ж, ніякіх баевікоў ніхто і ў вочы не ўбачыў... Але кругі ад кінутага каменя разыходзіліся яшчэ доўга.
Шушкевіч выступіў на сесіі з дакладам, у якім канстатаваў: нягледзячы на ўсе перашкоды, заканадаўчая база для рэфармавання эканомікі — хай сабе і не ідэальная — створана. Далейшае залежыць перш за ўсё ад урада, ягонай волі і кампетэнтнасці. Грунтоўна выклаў старшыня парламента і сваё бачанне эфектыўных шляхоў выхаду з крызісу.
Аднак урадавыя кіраўнікі, уздымаючыся на трыбуну, не давалі ніякай падставы западозрыць іх у жаданні карэнным чынам мадэрнізаваць старую, няўклюдную дзяржаўную эканоміку. 1х ідэяй фікс да таго часу стала аб’яднанне грашовых сістэм Беларусі і Расіі. Яшчэ ў верасні таго года прэм’ер Вячаслаў Кебіч падпісаў у Маскве адпаведнае пагадненне з расійскім калегам Віктарам Чарнамырдзіным. Урадавая прэса Беларусі гучна рэкламавала мяркуемую грашовую унію як панацэю для нацыянальнай эканомікі: маўляў, зальёмся таннай нафтай, касяком пойдуць з Расіі выгадныя прамысловыя заказы... I толькі малалікая апазіцыя стаяла на сваім: адбываецца цынічны, злачынны распродаж суверэнітэту, ператварэнне Беларусі ў калонію магутнай усходняй суседкі!
Шушкевіч у гэтай сітуацыі, мяркуючы па усім, не рызыкаваў выклікаць на сябе дадатковы агонь: прапановы зняць яго з пасады і так паспелі ўжо неаднойчы прагучаць і на гэтай, трынаццатай сесіі. Праўда, пакуль што былі толькі імпульсіўныя выпады найбольш гарачых адзіночак: парламенцкая большасць не спяшалася «завесціся». Адчувалася: вытрымліваецца прадуманая паўза... Гэтым разам рэжысёры кіравалі спрытней, чым на папярэдняй сесіі.
Праўда, іх задумы ледзь не зблытаў нечаканы бунт кіраўнікоў двух сілавых ведамстваў — міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Ягорава і старшыні Камітэта
дзяржбяспекі Эдуарда Шыркоўскага. Гэтыя законапаслухмяныя дзяржаўныя служачыя вышэйшага рангу, якіх ніколі не адносілі да стану апазіцыянераў, але па праву лічылі сумленнымі, вопытнымі прафесіяналамі, нечакана ўсталі на дыбкі — у сваім адкрытым лісце, які абляцеў рэспубліканскую прэсу, яны сказалі ўсё, што думаюць, пра бесцырымонны, грубы дыктат у адносінах да іх ведамстваў з боку неканстытуцыйнай, на іх погляд, структуры — Дзяржсакратарыята па нацыянальнай бяспецы і барацьбе са злачыннасцю, створанага ў свой час у складзе беларускага Саўміна. Гэтая структура, як вынікала з сэнсу адкрытага ліста, імкнецца паставіць на калені, падмяць пад сябе сілавыя ведамствы, каб стаць усеўладнай, забяспечыць ураду поўную бескантрольнасць.
Але адкрыты ліст стаў «гласом вопнюшего в пустыне». Ягораў і Шыркоўскі імгненна трапілі ў апалу, іх пачалі бязлітасна дзяўбсці з усіх бакоў... Праз колькі тыдняў яны развітаюцца са сваімі пасадамі. А ўслед надыдзе і чарга Шушкевіча...
* * * Адступленне. Аўтарскі «допыт» (красавік 1994 года)
— Станіслаў Станіслававіч, а ці не варта было вам тады ўсё ж паспрабаваць неяк абараніць Ягорава і Шыркоўскага? Робячы свой рызыкоўны крок, кідаючы пальчатку магутным сілам, яны, відаць, разлічвалі і на вашу падтрымку, а ў выніку засталіся, мяркуючы па ўсім, расчараванымі і пакрыўджанымі...
— Памятаеце: у свой час я паспрабаваў сказаць сваё слова ў дыскусіі аб калектыўнай бяспецы. I што ж? На пасяджэнні Савета бяспекі апынуўся адзін супраць усіх. I ў сітуацыі з сілавымі міністрамі важкасць майго слова была б гэткай самай. Так, я прамаўчаў, бо іншае было абсалютна бессэнсоўна. Hi Ягораў, ні Шыркоўскі — а я іх лічу вельмі і вельмі сумленнымі, патрыятычна зарыентаванымі людзьмі і прафесіяналамі высокага класа — не задавальнялі большасць. I тым самым іх службовы лёс быў перадвырашаны...
* * *
3 набліжэннем таго дня, калі на сесіі павінен быў выступіць са справаздачным дакладам кіраўнік «антымафіёзнай» камісіі, ажыятаж і ў парламенцкай зале, і ва ўсім грамадстве нарастаў. Лукашэнка інтрыгаваў
публіку заявамі пра тое, што камісія сабрала цэлыя «чамаданы кампрамату» на вельмі вялікіх шышак.
14 снежня, калі Лукашэнка нарэшце ўзняўся на трыбуну, Шушкевіча ў Авальнай зале нс было: напярэдадні ён тэрмінова вылецеў у Ташкент. 3 якой нагоды — прэс-служба Вярхоўнага Савета не тлумачыла...
На людзей недасведчаных даклад зрабіў сапраўды моцнае ўражанне — з выкрывальніцкім пафасам былі названыя дзесяткі імёнаў даволі важных «птушак», якія, па глыбокім перакананні дакладчыка, добра набілі валлякі з дзяржаўнай кармушкі.
Але калі распачаліся спрэчкі, высветлілася: ладная частка «кампрамату» — гэта не што іншае як сякера, знойдзеная пад лавай. Дакладней — пад «лавамі» МУС, КДБ, Пракуратуры. I праваахоўныя органы ў многіх выпадках ужо прымаюць адпаведныя захады па высветленых імі — менавіта імі! — фактах. Назваць жа каго б там ні было злачынцам можа суд і толькі суд, а нс парламенцкая камісія, хай сабе і такая грозная ды бескампрамісная. А яшчэ адна частка «кампрамату» на вачах развалілася бы картачны дамок, калі на трыбуну сесіі пачалі ўзнімацца заклеймаваныя ў дакладзе службовыя асобы і аргументавана адмятаць прыцягнутыя за вушы абвінавачванні. У каго-кольвечы галоўны барацьбіт з мафіяй мусіў адразу ж прасіць прабачэння. Маўляў, так, хлопцы, трохі пагарачыўся, лес сякуць — трэскі ляцяць...
Гэта акалічнасць, аднак, Лукашэнку не збянтэжыла. На прэс-канферэнцыі ў той самы дзень ён заявіў, што «яшчэ не вечар», не ўсе козыры раскрытыя — у прыватнасці, «каб не гаварыць за вочы», давялося выключыць з тэксту даклада інфармацыю пра грахі шаноўнага спікера. Урэшце, намёк на характар грахоў быў зроблены: рамонтна-будаўнічае ўпраўлснне Саўміна шчыравала, маўляў, на чатырох «аб'ектах», запісаных «на імя Шушкевіча»...
У наступныя два дні парламент нагадваў вулей, у які кінулі палаючую галавешку. Лукашэнка зноў узяў слова і стаў выграбаць з «чамаданаў» новыя порцыі «кампрамату». У прыватнасці, была «агучана» чарнавая давсдка пра дзейнасць РБУ Саўміна, з чаго вынікала, што Шушкевіч нібыта недаплаціў за выкананыя па ягоных заказах работы.
Абвінавачаныя дэпутаты і службовыя асобы адзін за адным рваліся да мікрафонаў, каб даць гнеўны «адлуп». Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. Усчаўся даволі непрыгожы абмен слоўнымі аплявухамі. У рэшце рэшт,
каб не ладзіць пасмешышча на ўсю краіну, вырашылі перапыніць трансляцыю...
Шушкевіч, які да таго часу ўжо вярнуўся з Ташкента і заняў крэсла ў Авальнай зале, стрымліваўся як мог, хоць збоку было добра бачна, чаго гэта яму каштуе. У рэшце рэшт нервы, відаць, не вытрымалі: падчас чарговай філіпікі Лукашэнкі старшыня парламента загадаў адключыць мікрафон. У Авальнай зале ўсчаўся нябачаны вэрхал... Пасяджэнне было сарвана.
Калі пасля перапынку дэпутаты зноў сабраліся ў зале, Шушкевіча сярод іх ужо не было. Прагучала інфармацыя: ён шпіталізаваны з дыягназам «гіпертанічны крыз».
Неўзабаве ўсё той самы няўрымслівы Лукашэнка заявіць, што старшыня парламента сімулюе хваробу, і дэпутат Рыгор Вячэрскі мусіць зачытаць медыцынскую даведку, з якой большасць прысутных на сесіі ўпершыню дазнаецца, што Шушкевіч пакутуе ад перыядычнага павышэння артэрыяльнага ціску яшчэ з 1981 года, a 20 снежня 1993-га, у прыватнасці, лекарскі манометр зафіксаваў у хворага скачок ціску да 190 на 110 міліметраў ртутнага слупа...
3-за хваробы Шушкевіч не здолее паляцець у Ашгабат на чарговы саміт лідэраў СНД — беларускую дэлегацыю ўзначаліць Вячаслаў Кебіч (які, вярнуўшыся, не праміне яшчэ раз закрануць ужо зашмальцаваную тэму падпісання-непадпісання дагавора аб калектыўнай бяспецы: маўляў, тую форму, у якой гэта нібыта зрабіў Шушкевіч, кіраўнікі іншых дзяржаў не прызнаюць...).
Сесія ж у адсутнасць спікера неўзабаве перапыніць працу, і дэпутаты раз’едуцца на калядныя вакацыі, адклаўшы фінал «сацыяльнага спектакля» (выраз Зянона Пазьняка) на другую палову студзеня наступнага года. Праўда, да перадкаляднага разбору андатравых шапак у парламенцкім гардэробе быў закладзены арганізацыйны падмурак далейшых дзеянняў: у кулуарах Вярхоўнага Савета распачаўся збор подпісаў за адстаўку ягонага кіраўніка. Хтосьці ставіў свой аўтограф са шчырай ахвотай, кагосьці з прадстаўнікоў «балота» давялося настойліва агітаваць, камусьці, падобна, паабяцалі «тое за тое»... Слупок подпісаў хутка рос, і ўжо можна было з пачуццём глыбокага задавальнення канстатаваць, што фінал спектакля пойдзе як па масле,— тым самым масле, што для соцень тысяч радавых грамадзян рэспублікі паспела ўжо стаць амаль неверагоднай раскошай на навагоднім стале.
* * *
Адступленне. Аўтарскі «допыт» (красавік 1994 года)
— Калі вы адчулі, што адстаўка непазбежная? Ці, можа, да апошняга моманту цеплілася-ткі надзея, што ўсё неяк абыдзецца, што нейкім цудам тая чаша вас міне?
— He, ніякіх ілюзій не было ўжо летам 1993-га. Цудам хутчэй варта лічыць тое, што адстаўка не адбылася раней. I справа не ў Лукашэнку — пракамуністычная большасць выкарыстала б любую даўбешку.
Калі я канчаткова ўпэўніўся, што ўсё перадвырашана, заставалася адна мэта — н