Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
«ячэйку падпольнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі», сумесныя вечарынкі — у «контррэвалюцыйныя зборышчы», а канфіскаваныя падчас вобыскаў паэтычныя кніжкі — у «нацдэмаўскую літаратуру».
* * *
...Трусіныя вочы зноў утаропіліся на яго:
— Вы былі членам ЛКСМБ?
— Так, быў.
— Па якіх прычынах выбылі?
— Быў выключаны за абарону сына кулака Улашчыка — імя не памятаю — які працаваў тады сакратаром кніжнай палаты... Улашчык хацеў купляць кнігі для падшэфнай вёскі не толькі на рускай мове, але і на беларускай. I я ў гэтым яго падтрымаў.
— Вы сустракаліся потым з Улашчыкам?
— Летам 1936 года выпадкова сустрэўся з ім на вуліцы, у нас была кароткая гутарка...
— Так, зразумела...
Следчы старанна зарыпеў пяром. До-обрыя факты! Заступаўся за класавага ворага, патураў ягоным нацыяналістычным замашкам, вербаваў у якасці агента... Сёння — «ураджайны» дзень!
* * *
Пасля заканчэння папярэдняга следства, азнаёміўшыся з матэрыяламі, Шушкевіч адмовіцца ставіць свой подпіс. Але гэта нічога не зменіць. Ягоны лёс быў прадвырашаны яшчэ тады, як лейтэнант дзяржбяспекі дзюбнуў ручкай у чарніліцу, складаючы пастанову аб арышце.
* * *
3 абвінаваўчага заключэння ад 15 верасня 1937 года:
«Абвінавачваемыя па гэтай справе з’яўляюцца ўдзельнікамі адной з ячэек падпольнай контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі Беларусі, уваходзячай у склад аб’яднанага антысавецкага падполля. Нацыянал-фашысцкая арганізацыя ставіла перад сабой у якасці канчатковай задачы аддзяленне БССР ад Савецкага Саюза і ператварэнне Беларускай Рэспублікі ў буржуазную дзяржаву пад пратэктаратам Польшчы, праводзіла актыўную шпіёнскую і дыверсійна-тэрарыстычную работу... Удзельнікі нацыянал-фашысцкай арганізацыі... стварылі ў асяродку
контррэвалюцыйна настроеных пісьменнікаў, удзельнічаўшых раней у нацыянал-дэмакратычным руху, падпольную контррэвалюцыйную ячэйку... сістэматычна ладзілі контррэвалюцыйныя нарады на кватэрах... абмяркоўвалі пытанне аб арганізаванай барацьбе супраць кіраўнікоў КП(б)Б, Савецкага Урада метадам тэрору».
3 прыгавора спецыяльнай судовай калегіі Вярхоўнага Суда БССР ад 4—5 кастрычніка 1937 года:
«...С. П. Шушкевіча — у якасці пакарання пазбавіць волі ў папраўча-працоўных лагерах тэрмінам на 8 гадоў, усіх асуджаных пазбавіць выбарчых правоў пасля адбыцця пакарання тэрмінам на 5 гадоў».
* * *
Трывожна дрэмле начны Мінск. Яна добра ведае — там, за прычыненымі аканіцамі дамоў, нават у сне людзей не адпускае ліпучы страх, і то адзін, то другі прахопліваецца ў халодным поце, пачуўшы любы гук на двары: няўжо ідуць па мяне?
Алена перахварэла ўжо гэтым страхам, выплакала, здаецца, усе слёзы ў скамечаную падушку. Дома спіць пад бабчыным наглядам Стаська, а яна з сяброўкай шыбуе ўздоўж трамвайных рэек на чыгуначны вакзал. Усе трамваі ўжо даўно прагрукалі коламі ў дэпо, шлях няблізкі, але ісці трэба. Яны цяпер — сяброўкі па няшчасцю: у абедзвюх мужы асуджаны, і ў любую з гэтых начэй вязняў могуць адправіць у Сібір. Хоць бы на хвілінку ўбачыць родны твар, прыціснуцца да грудзей!..
Сёння іх паход будзе дарэмным. I заўтра, і паслязаўтра... Так будзе доўжыцца два месяцы. Аднойчы сяброўка адмовіцца ісці: не стане моцы... А яна менавіта ў тую ноч убачыць ля арыштанцкага вагона свайго Стася і паспее перадаць яму клунак з цёплай вопраткай.
Праз шмат часу, атрымаўшы ліст з Сібіры, яна даведаецца, што муж сяброўкі замерз у тым сцюдзёным зімовым вагоне, а яго, Стася, уратавала менавіта тая цёплая вопратка.
Ен цудам ацалее і ў гулагаўскім пекле, вернсцца на Беларусь у 1947 годзе. Ды ненадоўга. У жніўні 1949-га — паўторны арышт. Прысуд Асобай нарады пры МДБ БССР: ссылка. За «старыя грахі». I зноў — Сібір. Толькі пасля смерці Сталіна, у 1954-ым, прэзідыум Вярхоўнага Суда БССР канстатуе: «Як бачна з матэрыялаў справы, папярэдняе і судовае следства праведзены павярхоўна, неаб’ектыўна, без
праверкі. Прысуд вынесены пры адсутнасці дастатковых доказаў». I рэзюмуе: «Прысуд... адмяніць... за недаказанасцю складу злачынства». А канчаткова справядлівасць будзе адноўлена толькі ў 1975-ым, калі той самы Вярхоўны Суд прыйдзе да высновы аб поўнай адсутнасці ў ягоных дзеяннях складу злачынства. Але і потым, калі Станіслаў Пятровіч зноў стане друкаваць свае вершы, у біяграфічных даведках пра аўтара рэдактары доўга яшчэ будуць ужываць цынічны «эўфемізм»: «У 1937—1956 гг. працаваў у геалагічных экспедыцыях у Сібіры». Яны, рэдактары, патыліцай будуць адчуваць: жахлівая пачвара, што ператрушчыла столькі лёсаў, зусім не згінула, яна затоена дыхае недзе побач...
* * *
Стасік круціўся ля маці, торгаў за рукаў: яму хацелася пагуляць, падурэць і было дзіўна, што маці, якая звычайна ахвотна адгукалася, сядзіць цяпер нерухома і застылым позіркам глядзіць на газетны аркуш.
А ў яе бы ўсё скамянела ў душы. I сапраўды, бяда адна не ходзіць. Сённяшні брудны, поўны лаянкі фельетон пра яе, жонку «ворага народа»,— гэта таксама прысуд. На працы цяпер, вядома ж, не ўтрымацца. I добра, калі скончыцца толькі гэтым...
Так яно і сталася: неўзабаве звольнілі. Праўда, перад тым далі «шанц»: устань на сходзе і пры ўсіх закляймуй мужа-злачынцу — мо, неяк і абыдзецца.
Яна з гневам адмовілася... I потым, калі даводзілася запаўняць бясконцыя анкеты, не ўтойвала, а наадварот, з нейкім унутраным выклікам пазначала, што з’яўляецца жонкай асуджанага.
Неўзабаве — новы ўдар: выключылі з камсамола. A гэта яшчэ адна «пляма» ў анкеце, убачыўшы якую ніводзін начальнік не рызыкне браць на працу. Калі галасавалі за выключэнне, яна па вачах бачыла: хто-ніхто спачувае, але страшэнна баіцца мовіць хоць слоўца ў абарону. Затое аж заходзіўся ад выкрывальніцкага пафасу адзін малады, аднак ужо заўважаны «наверсе» за сваю адданасць паэт. Відаць, ён добра ведаў, дзеля чаго так шчыруе,— у хуткім часе ягоныя вершы, зусім не адметныя літаратурным бляскам, але «ідэйна вытрыманыя» з’явяцца нават у школьных хрэстаматыях. Дарэчы, і той гнюсны фельетон напісаў таксама калега-пісьменнік, які некалі па-дружбацку паляпваў яе мужа па плячы...
Што ж, яны свайго дамагліся — паказалі жонцы «ворага народа» дзе ракі зімуюць. Цяпер у хаце ні капейчыны, акрамя ж яе — трое галодных ратоў, малы ды старыя бацькі. (Людвік Антонавіч, бацька, цяжка захварэўшы, неўзабаве памрэ...)
Накінула хустку, рушыла да двярэй.
— Куды, дачушка?
— У дзяржбяспеку.
— Што ты, апамятайся!
Але яна зрабіла па-свойму. Чын з НКУС аж падняўся міжволі з крэсла, калі жанчына, што папрасілася на прыём, раптам выпаліла:
— Арыштуйце і мяне! Жыць няма за што, усе ад нас адвярнуліся... Бярыце, арыштоўвайце!
Вынік быў нечаканы. У хуткім часе ёй дазволілі выкладаць у школе.
Трэба было неяк жыць, гадаваць Стасіка. Пакрысе пачала вучыць з ім літары. Хлопчык, хоць і рос непаседам, адразу быў прыліп да буквара. I к чатыром гадам ужо чытаў па-сапраўднаму. У іх хаце заўжды размаўлялі па-беларуску, але з матчынай дапамогай Стасік неўзабаве пачаў як семкі лускаць і рускія і польскія тэксты. Поспехі ўнука ў польскай мове асабліва цешылі каталічку-бабулю, якая цішком пачала заахвочваць яго да вывучэння малітваў. Справа ішла пры задаволенасці абодвух бакоў, бо за вывучаны «ўрок» выдавалася шчодрая ўзнагарода: пяць капеек, за якія па суседству, у заводскай сталоўцы, можна было пачаставацца шклянкай казачна смачнага кісялю, што з’яўлялася непараўнальнай асалодай для кожнага хлапчука з іх вуліцы.
А яшчэ — цяпер ён мог сам пісаць лісты бацьку ў Сібір. Шлях у іх быў, відаць, доўгі і цярністы, пільныя цэнзары прыдзірліва вывучалі, ці няма якой крамолы ў няроўных дзіцячых радках... У адным з адказаў бацька распавёў пра гэта вершамі:
У таежную глуш ты прыслаў мне пісьмо, Яно доўга шукала мяне і блукала, На ім надпісаў шмат, і пячатак каймо, I канверцік чужая рука разарвала.
Кожны ліст ад таты адгукаўся ў сэрцы адначасова і радасцю, і болем.
Радасцю — ад таго, што ён жывы і спадзяецца рана ці позна вярнуцца дадому. Болем — ад таго, што невядома, колькі яшчэ давядзецца чакаць той хвіліны.
Вось так выглядаў будучы Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў маі 1937 года
«Дарагі мой сын!
Моцна засумаваў я па табе, так як ніколі засумаваў. Днём і ноччу цяжкія думы прыходзяць у галаву. Вясна ідзе, усё ажывае, усё радуецца, а ў мяне на сэрцы восень. Да гэтага часу яшчэ не разгледжана мая заява і мая справа ў пракуратуры СССР... Заява на чарзе да перагляду. А калі перагледзяць, дык сам не ведаю.
Апошняе пісьмо, якое ты датаваў 23 студзеня, атрымаў я ў лютым. За пісьмо моцна, моцна дзякую. Пару дзён таму атрымаў кнігі (2 бандэролі). За іх і слоў не знаходжу для падзякі. Моцна абрадаваўся і адразу, як толькі вярнуўся з работы, да позняй начы сядзеў над імі.
...У мяне дык зусім няма ніякіх навін. Кожны новы дзень нічым не розніцца ад папярэдняга. Толькі адно ў мяне і засталося — гэта ўспаміны пра цябе.
Дарагі мой сын, адно памятай, што калі не хопіць у мяне сіл перамагчы вялікую несправядлівасць, калі не прыйдзецца цябе ўбачыць, калі не хопіць сіл даказаць, што я не заслужыў гэтай кары, якая звалілася на мяне, дык памятай, што я быў і застаюся чэсным савецкЬч грамадзянінам...
Родны мой, харошы!
Цалую цябе тысячу разоў, моцна, моцна.
Твой тата Стах.
28.III.1940 г.»
* * *
3 заявы зняволенага Шушкевіча С. П. у прэзідыум Вярхоўнага Суда БССР ад 23 кастрычніка 1940 года:
«...Я не вінаваты. Паклёп стаў падставай для суровага, несправядлівага прысуду... Былі парушаны нават самыя элементарныя законы аб судовым ладзе. Частка абвінавачванняў была пабудавана на маіх вымушаных паказаннях. Прашу перагледзець маю справу, я не вінаваты».
3 заключэння старшыні Вярхоўнага Суда БССР ад 2 чэрвеня 1941 года:
«...скаргі зняволеных пакінуць без наступстваў».
* * *
Аднойчы ў нядзелю бабуля ўрачыста абвясціла: ідзём у парк Горкага!
Стасік быў на сёмым небе. I раптам...
— Вайна!
Дарослыя, скамянеўшы, слухалі металічны голас з талеркі рэпрадуктара.
* * *
Усё наўкол гарэла. У небе над Мінскам вылі самалёты з крыжамі на крылах. Па вуліцы з клункамі цягнуліся жанчыны, дзеці, старыя. Трэба было неяк ратавацца і ім. Хуценька кінулі тое-сёе ў торбы. Алена трывожна азірнулася: а куды ж падзелася маці?
Але старая Францішка ўжо з’явілася на парозе, дзелавіта далажыла:
— Дзверы ў