Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
іна — Мікіта Хрушчоў — адважыцца сказаць хоць долю страшнай праўды пра чорныя справы «крамлёўскага горца», труну з целам якога аднойчы пад покрывам ночы цішком вынесуць з маўзалея і, апусціўшы ў магільную яму, наглуха зальюць бетонам... I трохі ральней стане дыхаць, і пакрысе, са скрыгатам, асцярожна пачнуць адпускацца асобныя гайкі адмыслова, з д’ябальскай вытанчанасцю і каласальным запасам трываласці, сканструяванай правадыром Сістэмы.
У 1954-ым Стась у складзе дэлегацыі пабывае ў Кіеве на грандыёзных урачыстасцях, прысвечаных 300-годдзю ўз’яднання Украіны з Расіяй. Двума ж гадамі раней яго лічылі занадта «нядобранадзейным» для такіх важных афіцыйных мерапрыемстваў. Тады Шушкевіча, аднаго з лепшых мотаспартсменаў універсітэта, адхілілі ад удзелу ў вялікім, гучна разрэкламаваным мотапрабегу Кіеў—Масква, зноў, як і падчас паступлення ва універсітэт, даўшы зразумець: ты — з кляймом, ведай сваё месца!
Пакрысе загойваліся душэўныя раны ад ранейшых крыўдаў. Прыемна кружыў галаву хмель студэнцкага жыцця — вясёлага, шумнага, свавольнага. Стась часцяком зазіраў на «агеньчык» да сяброў у старую інтэрнацкую будыніну, а яны, у сваю чаргу, хутка сталі сваімі людзьмі ў доміку на Сляпянскай. А калі ён прыдбаў фотаапарат, домік ператварыўся ў сапраўдны філіял фотаатэлье: які студэнт не скарыстае магчымасць бясплатна «шчоўкнуцца» на памяць.
* * *
Грошы на фотакамеру Стась зарабіў падчас сваіх першых студэнцкіх канікулаў. Сорамна было б днямі грэць жывот на пляжы, а потым прасіць у маці капейчыну на свае патрэбы. Хлопец наняўся працаваць у Батанічны сад: вазіў туды ў бочцы ваду і паліваў расліны, за што плацілі дваццаць рублёў у месяц. Потым прымножыў свой капітал, уладкаваўшыся акардэаністам у піянерскі лагер.
3 цягам часу ён прызвычаіўся спалучаць з працай і вучобу. Пасля лекцый спяшаўся ў сваю былую школу, дзе стаў кіраваць аркестрам народных інструментаў. Потым атрымаў прапанову весці заняткі па электратэхніцы ў суседняй 12-ай школе. У той час, дарэчы, хлопцы ўжо зноў сталі вучыцца ў школах разам з дзяўчатамі. Першы раз завітаўшы ў адзін са старэйшых класаў, Стась адчуў сябе трохі ніякавата: за партамі, цікаўна страляючы вачыма, сядзелі практычна ягоныя равеснікі — плячыстыя дзецюкі ды квітнеючыя прыгажуні. Школьнае кіраўніцтва таксама напачатку крыху хвалявалася: ці не сядуць тыя пераросткі на шыю юнаму выкладчыку? Але трывога сталася дарэмнай: Стась здолеў усталяваць такі стыль узаемаадносін, калі іх прастата, таварыскасць не пераходзіць у панібрацтва. Галоўнае ж — нават сухую тэорыю ён выкладаў проста, даходліва, міжволі захопліваючы ўвагу нават адпетых класных гультаёў. I адразу ж дэманстраваў сувязь
тэорыі з практыкай: глядзіце, як рамантуецца сапсаваная разетка, як можна сваімі рукамі змайстраваць лепшую, чым куплёная, электрагірлянду для навагодняй елкі...
* * *
Восенню 1952-га Стасю давялося асабліва пашчыраваць: узяўся абсталяваць ва універсітэце радыёвузел. 3 гэтай нагоды яго аслабанілі ад паездкі на «бульбу», аддалі ў поўнае распараджэнне пакойчык у будынку хімічнага факультэта. Сядзеў там днямі і начамі ў клубах дыму ад паяльніка... He справішся ў тэрмін — тады ж ад сораму хоць скрозь зямлю праваліся!
У прызначаны час радыёвузел падаў голас, які гучным рэхам разнёсся па калідорах універсітэцкіх карпусоў і інтэрнатаў. Праўда, «сур’ёзнае» радыёвяшчанне, аб якім марылі ў парткаме і камітэце камсамола, наладзіць тады так і не ўдалося, але затое музыку круцілі на ўсю моц, што, дарэчы, зусім задавальняла большасць студэнтаў... Ну, а Стась стаў у альма-матэр яшчэ больш вядомай фігурай.
Вельмі дарэчы сталася і музычная вывучка. Што за вечарынка без Стася Шушкевіча, які гэтак «урэзаць» можа на акардэоне, што ногі самі ў скокі просяцца! Ну, а калі раскажа — прычым з абсалютна каменным выразам твару — анекдот ці выдасць экспромтам эпіграму на кагосьці з кампаніі, то мінімум пяць хвілін усе навокал ад смеху аж поўзаць будуць. Хіба што акрамя самога «героя» эпіграмы — той, бывала, і надзімаўся, бо жарты ў Стася часцяком атрымліваліся такія, пра якія кажуць: не ў брыво, а ў вока. Як там ні было б, але адно са з’едлівых рыфмаваных двухрадкоўеў прынесла, як паказаў час, канкрэтную выхаваўчую карысць: самалюбства сакурсніка, які залішне любіў зазіраць у пляшку, было так закранута, што ён «на злосць ўсім» узяў ды і «завязаў» з сумніцельным захапленнем.
А ўвогуле пілі няпімат. Весялосці, імпэту хапала і без штучнага «падагрэву». Пасля вечарынкі часцяком выходзілі прагуляцца па праспекце. Стась і тут не мог стрымацца, каб не паджартаваць з якога-небудзь занадта сур’ёзнага прахожага, хоць заўсёды добра адчуваў тую мяжу, за якой пачынаецца ўжо звычайнае хамства...
3 надыходам жа чарговай сесіі станавілася не да жартачкаў. Стась быў далёкі ад кагорты «зубрылаў», што не прапускалі ніводнай лекцыі і старанна вялі
канспекты па ўсіх дысцыплінах. Шмат што даводзілася навёрстваць перад самымі ўжо экзаменамі. Тады крукам сядзеў над кнігамі ў «Ленінцы», аж пакуль не выганяла з чытальнай залы паўсонная бібліятэкарка. Дзякуй Богу, выручала, як і ў школе, учэпістая памяць. Таму хоць у круглых выдатніках і не хадзіў, але меў у выкладчыкаў сталую рэпутацыю моцнага студэнта.
* * *
Шчыра кажучы, далёка не ўсе выкладчыкі самі маглі пахваліцца рэпутацыяй моцных, Універсітэцкая эліта была ледзь ці не дашчэнту выбіта рэпрэсіямі ды вайной, таму месца за кафедрай нярэдка займалі пасрэдныя, шэрыя, нашпігаваныя прымітыўнымі догмамі людзі. Стаўленне да іх лекцый было, зразумела, адпаведнае.
Але іх курсу пашанцавала. У сярэдзіне 1950-ых на дапамогу беларускай навуцы Масква накіравала групу тытулаваных, масцітых фізікаў і матэматыкаў: акадэмікаў Сеўчанку, Сцяпанава, Ельяшэвіча... Акрамя ўсяго іншага, яны сталі чытаць лекцыі ў Беларускім універсітэце. Прыкмячалі найбольш здольных студэнтаў, працавалі з імі асабліва «шчыльна» — рыхтавалі сваю будучую змену. Сярод тых, каго адразу заўважылі, быў і Станіслаў Шушкевіч. Яму прапанавалі пайсці ў аспірантуру. Доўга не думаючы, згадзіўся. На той час ён сур’ёзна захапіўся новай, для большасці экзатычнай тады галіною фізікі — радыёспектраскапіяй. Шэфства над аспірантам Шушкевічам узяў адзін з самых знакамітых «варагаў» — акадэмік Ельяшэвіч. Стажыроўка ж праходзіла ў Фізічным інстытуце Акадэміі навук СССР, у «вотчыне» славутага Прохарава — таго самага, што стане потым Нобелеўскім лаўрэатам.
Карацей кажучы, на настаўнікаў грэх было скардзіцца. Цяжкасці ўзнікалі іншыя. Чыноўнікі ад навукі, у чыіх руках былі ўсе сродкі і рэсурсы, не выяўлялі, мякка кажучы, асаблівай шчодрасці ў адносінах да новай галіны фізікі: чорт яго ведае, ці атрымаецца яшчэ тут нешта людскае, а справаздачу ж за кожны рубель трымаць давядзецца...
У пакоі, дзе Шушкевіч працаваў звычайна разам са сваім калегам Патаповічам, практычна ўся «матэрыяльна-тэхнічная база» складалася са сціплага століка ды пары хісткіх зэдлікаў. 3 нічога, можна сказаць, з паветра здолелі сканструяваць адносна прыстойны радыёспектрометр, які дазволіў ужо весці сякія-такія даследаванні, хоць, безумоўна, па мерках тагачаснай
С. С. Шушкевіч — выпускнік БДУ. 1956 год
заходняй навукі гэта было чысцейшай вады саматужніцтва...
Можна было, вядома, і на той саматужнай «базе» скляпаць сяк-так навукападобную дысертацыю (хтоніхто з калегаў, дарэчы, без асаблівых згрызот сумлення менавіта так і рабіў), але да прафанацыі душа не ляжала.
I ўсё ж гады аспірантуры не прайшлі марна: назапашаны тут навуковы капітал добра спрацуе праз колькі часу, калі з’явіцца магчымасць весці справу ў саліднай, прыстойна абсталяванай лабараторыі,— з маланкавай хуткасцю будуць напісаны і кандыдацкая, і доктарская дысертацыі.
* * *
Ну, а тады, у 1959-ым, калі паўстала пытанне, як быць далей, у ролі змея-спакушальніка выступіў адзін знаёмы, што кіраваў лабараторыяй ў спецыяльным канструктарскім бюро прыладабудавання на Мінскім радыёзаводзе (тым самым, з якога вырасла сучаснае аб’яднанне «Гарызонт»):
— Ну, што, не надакучыла яшчэ там усялякай схаластыкай займацца? Гайда да нас — тут жа, зірні, канкрэтная, жывая справа!
Наконт схаластыкі прагучала, вядома, напаўжартам: тэарэтычная падрыхтоўка Шушкевіча была якраз вельмі патрэбна лабараторыі, дзе працавалі добрыя, вопытныя практыкі, якім, аднак, бракавала фундаментальных навуковых ведаў. Новы супрацоўнік удала дапоўніў гэту «каманду». Калі трэба, і сам браў у рукі паяльнік, але найбольш дапамагалі ягоныя ідэі, тлумачэнні, калі чарговая распрацоўка заводзіла ў «цёмны лес» складаных паняццяў сучаснай фізікі. Быў выпадак: адзін з калегаў чыста эмпірычным шляхам зрабіў надзіва добрую вымяральную сістэму. Праўда, растлумачыць як след прынцып яе дзеяння так і не мог. Шушкевіч расклаў яму па палічках тэарэтычны бок справы, той хутка схапіў сутнасць — і ў выніку сумеснымі намаганнямі здолелі зрабіць сістэму яшчэ больш эфектыўнай, дасканалай. Самым жа, бадай, удалым дзецішчам лабараторыі стаў у тыя гады селектыўны ўзмацняльнік TOP «А» — прыбор з характарыстыкамі на ўзроўні тагачасных сусветных стандартаў. Ён пратрымаўся ў серыйнай вытворчасці болын за два дзесяцігоддзі і быў жаданым набыткам для любой фізічнай лабараторыі — і ў Саюзе, і ў іншых краінах СЭУ.
* * *
Маладога супрацоўніка хвалілі, прадказвалі яму на радыёзаводзе выдатную кар’еру. Здавалася б, і сапраўды ад дабра дабра не шукаюць.
Але... Адна размова зрабіла пераварот у жыццёвых планах. Гэта была гутарка з загадчыкам кафедры ядзернай фізікі Беларускага універсітэта Аляксандрам Пісарэўскім, бліскуча адукаваным чалавекам, які незадоўга да таго разам з трыма калегамі прыехаў у Мінск з Ленінграда і адразу ж узняў работу кафедры на якасна новы ўзровень. Ён лёгка жангліраваў у гутарцы такімі тэрмінамі, як «шматканальны аналіз», «дыскрымінатар», «амплітудная селекцыя», што гучалі для Станіслава загадкава, экзатычна. А ён жа з маладой самаўпэўненасцю лічыў, што ўжо сабаку з’еў у электроніцы! Закранутае самалюбства адыграла, бадай, не апошнюю ролю — Шушкевіч згадзіўся на прапанову Пісарэўскага пайсці на кафедру ядзернай фізікі.
На гэтай кафедры пройдуць амаль што тры дзесяцігоддзі ягонага далейшага жыцц