Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
леныя-пералапленыя штаны, У непагадзь шыкавалі звычайна ў бурках з нацягнутымі на іх чунямі — так называлі самаробныя галёшы, змайстраваныя са старых аўтамабільных камер.
I калі малодшая, Ірынка, магла яшчэ іншым разам закапрызіць, каб ёй нешта купілі, то Стасю ўжо не трэба было тлумачыць, якой цаной даецца маці кожная капейчына. Яна разрывалася адразу на трох працах. Гэта — не лічачы хатняй гаспадаркі. Ды яшчэ з яе здароўем, што стала зусім нікуды не вартае пасля жахлівага запалення лёгкіх... Урэшце, і здаровай, моцнай кабеце не ўсякая праца па плячы — патрэбна цвёрдая і спрактыкаваная мужчынская рука.
Неўпрыкмет Стась вучыўся ад дзядзькоў-суседзяў як след увіхацца з сякерай, малатком ды іншым хатнім інструментам.
Аднойчы давялося натачыць сякеру на самотную працу — аслабаняць садок ад знішчаных лютым марозам яблынь. Хоць дрэвы былі ўжо мёртвыя, усё адно здавалася, бы замахваешся на жывую істоту.
Калі ж з нагоды святочнага дня хатняя рада выносіла прысуд якой-небудзь курыцы — рука і ўвогуле не падымалася. Саромеючыся, што палічаць «слабаком», мусіў, аднак, бегчы па дапамогу да суседа. Затое прыемна было браць рэванш у іншых мужчынскіх справах. Калі ў кагосьці, напрыклад, узнікалі праблемы з электрычнасцю, то звычайна беглі ўжо да Стася: ягонае захапленне электратэхнікай (днямі мог карпець з настаўнікам у школьнай фізічнай лабараторыі) зрабіла хлопца першым аўтарытэтам у гэтай справе на ўсёй вуліцы. У вачах жа сястрычкі ягоны аўтарытэт уздымецца аж да казачных вышыняў, калі на навагодняй елцы заззяе ўласнаручна зробленая Стасем электрагірлянда.
* * *
Распавядае сястра — Ірына Мікалаеўна ПУПЛІКАВА: — Жылі мы тады, вядома, сціпла, па сённяшніх мерках — проста бедна, але ж не галадалі. I па каўбасу ў краму не хадзілі — свая гаспадарка выручала. Стась быў у сям’і за мужчыну, на ім усё трымалася. Маці, бывала, захварэе — перажываем, але за адно я спакойная: усё ў доме і на двары будз.е дагледжана, як звычайна. Акрамя іншага, Стась налаўчыўся проста дзівосна квасіць капусту, гуркі саліць. Дарэчы, і праз
шмат гадоў, ужо прафесарам, ён гэтым сваім майстэрствам будзе ўсіх гасцей у захапленне прыводзіць. A пабачылі б, як ён звычайны селядзец разрабляе,— проста віртуозна, я так ніколі не здолею!
Калі муж ці сын у кватэры паліцу да сцяны прыладкуе,— міжволі касавуруся, ці не зваліцца часам на галаву, калі ж гэта Стасева работа,— упэўнена: зроблена навечна. Ен ва ўсіх справах такі — надзейны.
Памятаю, аднойчы маме зрабілася надта дрэнна. Лякарства мы мелі напагатове, трэба было тэрмінова ўкол зрабіць. Я не змагла — рукі калаціліся. А Стась — змог, хоць сам трымаў той шпрыц, мусіць, упершыню ў жыцці. Маці ў апошнія свае гады цяжка хварэла. Ён, калі спатрэбілася, кожны вечар прыязджаў (жыў тады ўжо асобна), даглядаў як мог. I бабулю ў свой час — таксама. Абедзьве яны на Стасевых руках і памерлі...
Хапіла на ягоную долю ўсяго — і працы да сёмага поту, і ліха ўсякага. Таму і заходзіцца ў мяне зараз ад крыўды сэрца, калі чую, як у Вярхоўным Савеце сёй-той з дэпутатаў «ад сахі» абразліва кідае ў ягоны бок: маўляў, адкуль табе сапраўднае жыццё ведаць — прафесар, «белая костка», з маленства толькі па гладкім асфальце ходзіш!
* * *
На вялікім перапынку для дзятвы наставаў момант узнагароды за доўгае карпенне над падручнікамі і сшыткамі. Настаўніца Станіслава Міхайлаўна прыносіла ў клас бясплатны казённы сняданак — лустачкі хлеба і цукеркі-«падушачкі». Згаладалыя шкаляры дружна накідваліся на пачастунак. Здавалася праз хвіліну не застанецца ні крошкі... 3 іх апетытам, вядома, струшчыць усё дашчэнту і сапраўды б нічога не каштавала. Каб не тая строгая дамоўленасць, парушальнік якой меў усе шанцы атрымаць пасля ўрокаў па шыі...
— Станіслава Міхайлаўна, мы ўжо наеліся. А тут вось трохі яшчэ засталося...
Яны ўсе як адзін па-дзіцячаму любілі гэту зграбную маладую жанчыну з доўгай касой, заўжды ласкавую, добразычлівую і вясёлую — праўда, ва ўсмешцы яе не-не ды і заўважаўся нейкі прытоены сум. Ведалі: адна гадуе дваіх дзяцей. Для іх і прызначалася тая рэшта «падушачак», таму і вялася штодзённа няхітрая гульня пад назвай «мы ўжо наеліся».
Ніхто не ведаў, дзе яе муж. У тыя гады пра такія
рэчы лічылі за лепшае не распытваць. Ужо хто-хто, a Стась разумеў гэта выдатна...
Пасля кожнай школьнай вечарыны хлопцы гуртам падыходзілі да яе:
— Мы вас правядзём, Станіслава Міхайлаўна, a то цёмна ўжо...
Аднойчы завіталі да яе дадому, каб павіншаваць з 8 Сакавіка. Падарунак прынеслі. Стась першы заўважыў у канцы двара гару сукаватых калодак.
— Станіслава Міхайлаўна, дзе тут у вас піла ды сякера?
Праз нейкую гадзіну пад павеццю ляжаў акуратны штабель пасечаных дроў.
Іх дружба захаваецца на доўгія гады. Стась стане завадатарам штогадовых сустрэч былых аднакласнікаў, на якіх нязменнай ганаровай госцяй будзе любімая настаўніца. I з цягам часу ўсё выразней стане адчувацца, як зрадніла іх тая ўжо далёкая пара, калі так многа значыла падзяліцца акрайчыкам хлеба.
* * *
Але памыляецца той, хто думае, што запомніліся ім тыя гады толькі жахамі вайны ды рэпрэсій, галёшамічунямі ды марай пра лішні акраец.
Былі ж і святы! I адзначалі іх тады, здаецца, нават цікавей, весялей, чым зараз, калі многія проста набіраюцца гарэлкі як свіння гразі. Відаць, тады была іншая, падсвядомая прага — перш за ўсё адысці душой, спаўна адчуць асалоду кожнага светлага моманту, каб потым успамін пра яго саграваў падчас новай доўгай паласы цяжкіх, багатых на нягоды будняў.
Стасю і Ірынцы асабліва падабаліся тыя святы, якія даводзілася адзначаць цішком, «канспіратыўна», бо савецкай уладай яны, мякка кажучы, не заахвочваліся — «рэлігійныя перажыткі»! Ражство, напрыклад, ці Вялікдзень. Пад Вялікдзень жанчыны з асаблівым імпэтам скрэблі падлогу, ганак, чысцютка вымяталі двор. Стась тым часам бяліў яблыні. Пераапрануўшыся ва ўсё святочнае, маці з бабуляй на вачах маладзелі, святлелі тварам. А фантастычны водар спечаных імі булак прымушаў штохвілінна глытаць слінкі ў чаканні таго запаветнага імгнення, калі бы між іншым прагучыць:
— Ну, што, дзеці, бадай, час ужо і за стол...
На Ражство бабка любіла наладжваць урачыстыя рэлігійныя спевы. Стась акампаніраваў ёй на акардэоне. Іншым разам трохі свавольнічаў: падпяваючы,
неўпрыкмет зменіць мелодыю на якую-небудзь іншую, мажорную, і бабуля міжволі таксама пачынае падладжвацца пад яе, пакуль не спахопіцца:
— Ах, ты, недавярак!..
Усё гэта рабілася, безумоўна, жартам. А ўвогуле Стась бездакорна схопліваў на слых любы матыў. Здольнасці перадаліся, відаць, ад маці, якая у маладосці добра іграла на раялі, часта і з ахвотай спявала. Потым, праўда, такія хвіліны здараліся ўсё радзей і радзей... Напачатку Стась асвоіў акардэон самавукам: час ад часу яму дазваляў пакарыстацца запаветным інструментам сябар — Ігар Грышын. (Цікава пераплятаюцца людскія лёсы: праз шмат гадоў Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Шушкевіч уручыць прафесару Грышыну Дзяржаўную прэмію рэспублікі.) Потым стаў займацца ў музычным гуртку Палаца піянераў. Між іншым, навучыўся зусім няблага іграць і на домры, балалайцы, гітары, мандаліне... Ну, а калі дзякуючы маці займеў уласны новенькі акардэон, то стаў надзвычай папулярнай асобай на суседскіх вечарынках і вяселлях. Ды і ў школьнай самадзейнасці таксама. Акрамя таго, праз нейкі час упадабаў там і ролю канферансье. Хіба ж не прыемна пад агульны рогат адкалоць са сцэны дасціпны жарт, за які з урока адразу б вытурылі ў тры шыі?..
Праўду кажучы, залішне востры язык падводзіў іншым часам і на занятках. Але такі ўжо характар — не мог утрымацца, асаблівд калі ў класе, здавалася, аж мухі ад суму дохлі ці пачынаў лютаваць хтосьці з нелюбімых настаўнікаў. А такія, што і казаць, былі. Узяць тую ж хімічку. Хоць і ганарылася яна сваім ордэнам, атрыманым «за заслугі ў камудістычным выхаванні падрастаючага пакалення», але выкладала надзвычай нудна, нецікава ды і ўвогуле была крыклівай, як гандляркі на суседняй Камароўцы.
—...Запомніце, дзеці: бяспечную руднічную лямпу вынайшаў англійскі навуковец Гэмфры Дэві...
Стась узнімае руку:
— Прабачце, Ганна Натанаўна, а я нядаўна ў газеце прачытаў, што гэтую лямпу вынайшаў наш суайчыннік Іван Падкавыркін...
Нямая сцэна. У хімічкі бялее твар. I паспрабуй не спалохайся, калі апошнім часам пад кіраўніцтвам Іосіфа Вісарыёнавіча разгарнулася, як вядома, бязлітасная барацьба супраць «бязродных касмапалітаў» і «нізкапаклонства перад Захадам» — цяпер у аналах айчыннай гісторыі старанна адшукваюцца забытыя імёны тых, хто,
як высвятляецца, раней за славутых іншаземцаў выказаў тую ці іншую геніяльную навукова-тэхнічную ідэю... Можа, і прыярытэт Дэві ўжо абвержаны, а яна яшчэ не ведае? Які жах!
— Добра, Стась, дзякую, не выключана, што ты маеш рацыю. Я зазірну ў найноўшыя даведнікі. А пакуль што, дзеці, давайце называць гэтую рэч не «лямпа Дэві», а проста — «руднічная».
Потым, праз шмат гадоў, стане трохі сорамна ад успаміну пра той жарт. Бо крыклівая хімічка, якой баяліся многія вучні, сама, калі ўдумацца, была прыціснута штодзённым страхам: сказаўшы на ўроку нешта «не тое», «ідэалагічна шкоднае», яна, нягледзячы на свой ордэн, магла як двойчы два трапіць туды, адкуль мала хто вяртаўся...
* * *
Ягоны бацька вярнуўся.
Калі яго арыштавалі, Стасю не было яшчэ і трох гадоў, і, вядома ж, дзіцячая памяць практычна нічога з тае пары не захавала. Ён уяўляў бацьку, бадай, толькі па фотакартцы, што неяк ацалела падчас вобыскаў у 1936-ым. Са здымка глядзеў прыгожы малады мужчына: адкрыты твар, ніводнай зморшчынкі. I цяпер, падчас сустрэчы праз дзесяць гадоў, углядаючыся ў бацькава аблічча, лёгка было зразумець, колькі ліха паспеў сербануць гэты чалавек...
Дзесяць гадоў — вялікі, вельмі вялікі тэрмін. Тым больш — у сібірскай няволі, калі не ведаеш, ці наканавана вярнуцца ў свой край, ці пашанцуе ўвогуле ўбачыць заўтрашні світанак. А жыццё ёсць жыццё, і пакуль дыхаеш, хочацца цяпла і спагады...
— Ты ўжо вялікі, Стах. Ты павінен усё зразумець як след...
3 Сібіры бацька вярнуўся з другой жонкай — Кацярынай, якая ўжо чакала дзіця. Аселі яны пад Мінскам, у Данілавічах. Бацька стаў настаўнічаць у вясковай школе. Але праз пару гадоў людзі з той самай установы, адна назва якой наводзіла жах, знойдуць яго і там. Відаць, настане ўжо дэфіцыт на новых «ворагаў» — пойдуць «па другім крузе». I хоць Асобая нарада пры МДБ БССР не зможа інкрымінаваць былому вязню нічога, акрамя тых «злачынстваў», за якія ён ужо адседзеў, яго зноў сашлюць у Сібір — «згодна з дырэктывай № 6624ІСС». Стась зноў будзе перапісвацца, слаць бандэролі з кнігамі ды газетамі. А ад бацькі, акрамя лістоў, будуць прыходзіць час ад часу
нават грашовыя пераводы — і як толькі выкройваў тыя рублі?
Іх сяброўства пра