Станіслаў Шушкевіч Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

Станіслаў Шушкевіч

Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
43.83 МБ
 хляве адчыніла. Калі загарыцца, то хай хоць парсюк уратуецца.
— Ой, ды хіба тут да парсюка?! Спяшацца трэба. Людзі кажуць, лепей за ўсё кіраваць на Барысаў...
Стась між тым моўчкі адобрыў бабулін учынак: жвавы, хітраваты парсюк з’яўляўся агульным любімцам, і ягоная пагібель у лютым полымі сапраўды была б зусім недарэчы.
Ідучы па вуліцы, маці з бабуляй раз-пораз прыспешвалі Стася і малодшую Ірынку. Малым жа было чамусьці зусім не страшна, а нават цікава назіраць за ўсім тым вэрхалам, што рабіўся наўкол...
Прайшлі на ўсход кіламетраў, мо, трыццаць. I раптам па ланцужку бежанцаў пранеслася:
— Дэсант! Немцы выкінулі наперадзе дэсант і перарэзалі шлях. Трэба вяртацца!
Як ні дзіўна, але сярод папялішчаў яны ўбачылі на сваёй роднай Сляпянскай зусім ацалелыя дом і хлеў. Побач у зарасніку чулася лянівае рохканне. Бабуля пашыбавала туды і пераможна выцягнула за вушы абсалютна жывога і здаровага парсюка.
Стась жа, без дазволу збегаўшы ў разведку, далажыў маці: ніякіх немцаў пакуль што не бачна, толькі нейкія людзі цягнуць, што трапіла пад руку, з разбітых складаў.
— Можа, і я злётаю чаго прынясу?
Маці не вытрымала:
— Я табе зараз злётаю!..
Стась, аднак, трохі счакаўшы, усё адно выслізнуў цішком з дому, але неўзабаве вярнуўся расчараваны. У разбітых складах ужо толькі гуляў горкі ад дыму вецер...
* * *
Страх прыйшоў пазней.
Будынак у канцы іх вуліцы, дзе раней быў радыёзавод, заняді немцы. Паставілі ахову, кулямёты. Злосна брахалі аўчаркі. Пайшла чутка, што там размясцілі нейкую сакрэтную эсэсаўскую часць з лабараторыяй. Па ўсім відаць, пачуваліся новыя гаспадары будынка не зусім спакойна. Асабліва калі на горад пачалі налятаць савецкія самалёты. Тады кулямётчыкі шалёна лупілі ў белы свет як у капейку. Аднойчы падчас налёту Стась неўпрыкмет ад дарослых выпаўз з выкапанай у садзе ямы, дзе яны хаваліся ад бомбаў, і выглянуў на вуліцу. Яе перабягала нейкая раскудлачаная, відаць, страціўшая ад страху розум жанчына. 1 раптам ударыў кулямёт з таго канца вуліцы... Жанчына снопам павалілася ў пыл.
To было ўпершыню, калі на ягоных вачах забілі чалавека. I кашуля імгненна прыліпла да спіны: гэтаксама ж могуць і маці, і Ірынку, і мяне...
А падчас чарговага налёту бомба разарвалася літаральна ў двух-трох дзесятках крокаў ад іх ямы. Яшчэ б трохі, і... Ад вялізнай варонкі агідна патыхала пахам смерці.
На зіму Стася выправілі ў вёску да дзеда — там спакайней ды і кубелец паўнейшы, а тут, у згалелым горадзе, хоць бы меншую, Ірынку, неяк пракарміць... Сустрэча са сваякамі была, праўду кажучы, трохі азмрочана — Стась нечакана знаравіўся, калі баба Верка плесканула ў ночвы вады з чыгунка, наважыўшыся трохі апаласнуць хлопца з дарогі. Ці то вада падалася занадта гарачай, ці яшчэ які чорт падаткнуў, але закапрызіў так, што аж даў лататы ў лес. У выніку ж ганебна загруз па грудзі ў вялізнай гурбс, дзе і быў неўзабаве злоўлены. Дзед з бабай, як ні дзіўна, не сталі сварыцца, і таму было яшчэ больш сорамна. Ён усяляк стараўся загладзіць віну, і недарэчны інцыдэнт хутка забыўся. А баба Верка — другая дзедава жонка (першая, Ружана, памёрла зусім маладой) — аказалася пры бліжэйшым знаёмстве на дзіва добрай, клапатлівай жанчынай. I хутка ўжо не заўважалася, як страшэнна знявечаны нямецкім асколкам яе твар,— бачыліся толькі заўжды цёплыя, спагадлівыя вочы. Асабліва ж хораша было сядзець вечарамі ля гарачай печы і слухаць, як дзед Пятро з натхненнем, лепей, чым некалі артысты па радыё, дэкламуе, амаль не зазіраючы ў пажоўклы дарэвалюцыйны каляндар, Коласаву «Новую зямлю». Стась ужо ведаў, што пасля слоў «Мой родны кут, як ты мне мілы!..» дзед, хутчэй за ўсё, глыбока ўздыхне і на хвіліну змоўкне — мусіць, зноў згадае пра сваіх
сыноў, Стасевых дзядзькаў, якіх ваенная віхура вырвала з роднага гнязда, кінула ў прамерзлыя акопы, пад чужынскія кулі... Доўга будзе чакаць дзед Пятро звестак з фронта, ды толькі стануцца яны страшнымі, чорнымі. I да скону жыцця не адступяць пакутлівыя думкі пра тое, што, можа, нават непрыбраныя, на пацеху груганам, ляжаць недзе костачкі ягоных дарагіх хлопчыкаў... Паміраючы ў 1954-ым, ён цвёрда загадае, каб адшукалі святара і пахаванне зрабілі па поўным праваслаўным абрадзе — мо, тады хоць на тым свеце знойдзе спакой ягоная збалелая душа...
А пакуль што дзед Пятро старанна дэкламуе Стасю Коласавы вершы, і абодвум ім добра, утульна.
Вясной, калі надыдзе час вяртацца ў Мінск, развітвацца з дзедам будзе вельмі шкада.
* * *
Вароты адчыніліся, і з-за калючага дроту на вуліцу пачаў выпаўзаць натоўп вязняў, абапал якога крочылі ахоўнікі з бліскучымі кароткімі «шмайсерамі».
Стась заўважыў у натоўпе матчыну постаць, вужом праслізнуў між ахоўнікаў і хуценька перадаў у яе рукі гарачы яшчэ чыгунок з дранікамі.
Сюды, у лагер на вуліцы Шырокай, маці трапіла, нават не ведаючы як след за што — па нейкім выпадковым, недарэчным падазрэнні...
Штодня бабка смажыла з апошніх прыпасаў дранікі, складала ў гліняны чыгунок і, перахрысціўшы Стася, выпраўляла яго на Шырокую. Заставалася толькі цікаваць момант, калі вязняў павядуць на працу ці з працы...
Звычайна авантура ўдавалася. Толькі аднойчы ахоўнік схапіў яго за каўнер ды даў такога кухталя, што чыгунок ляснуўся вобзем і дранікі засталіся ў вулічным пыле...
А месяцы праз два здарыўся цуд: маці вызвалілі. Расказвала, што выпадкова натрапіла на таго немца, які яе арыштоўваў.
— Паночак, даражэнькі, адпусціце да дзетак, я ж зусім невінаватая’
Прасіла, бадай, без усялякай надзеі, але ў таго, відаць, нешта варухнулася ў душы. Можа, успомніў, якімі вачыма глядзелі Стась і Ірынка, як забіраюць матулю?..
To быў найшчаслівейшы дзень, калі яна вярнулася. Але нацярпецца і нагледзецца ім давядзецца яшчэ ўсялякага...
Недалёка ад іх хаты, побач з Камароўкай, гітлераўцы ўсталявалі шыбеніцы. Там каралі смерцю партызан і падпольшчыкаў, зганяючы на жахлівае відовішча жыхароў навакольных вуліц. Аднойчы на былым радыёзаводзе нешта вухнула. Гітлераўскія салдаты імгненна ачапілі ўсю Сляпянскую, пачалася аблава на дыверсантаў. I гора было любому падазронаму, што трапіцца на вочы...
Гэткім жа неадступным, пакутлівым, як і страх, быў тады для многіх голад. Іх сям’ю яшчэ ратавала гаспадарка: садок, градкі, парсючок, а галоўнае — каза. Бабуля на яе малілася ў самым літаральным сэнсе. Пасвіць жа рагатую карміцельку найчасцей даводзілася Стасю. Абавязак гэты далёка не заўсёды выклікаў захапленне, асабліва калі хлопцы клікалі пагуляць. Аднойчы так пасварыўся з сястрой — каму весці казу на пашу,— што са злосці шпурнуў у малую каменем. Дзякуй Богу, не трапіў... Але сумленне ўсё адно грызла, і вечарам Стась сам раскаяўся перад маці. Бо ўвогуле з сястрычкай ён шчыра сябраваў і часта браў з сабой на гульні, хоць малая няўклюда іншым разам была толькі замініцічам у хлапечых забавах.
Гулялі ж, як і ў ранейшыя часы, у даганялкі, жмуркі, «пікара». Мабыць, падчас такіх дзіцячых зборышчаў і сталі яны добрымі таварышамі з чорнавалосым Гарыкам Шыфрыным. У гэтага хлопчыка, нават калі ён смяяўся, не згасаў у вачах нейкі дарослы сум. Шмат хто з ягоных сваякоў загінуў у Мінскім гета. А іх сям’ю выратавала тое, што маці была армянкай і некалі запісала малых у свой пашпарт. Але суседзі ўсё адно стараліся трымацца ад іх далей, бо добра ведалі: калі акупацыйная ўлада разнюхаё што да чаго, то за дружбу з сям’ёй яўрэя, які да таго ж ваюе ў Чырвонай Арміі, па галоўцы не пагладзяць...
У Стасеву хату Гарык заходзіў першы раз баязліва сцяўшыся: а раптам дарослыя закрычаць, прагоняць? Але цётка Алена наліла і Стасю, і яму па кубку казінага малака, дала па лусце хлеба. Асмеліўшыся, хлапчук стаў аглядаць хату. Больш за ўсё яго ўразіў велізарны стары раяль. Так і не дапяўшы, як яго маглі зацягнуць праз такія маленькія дзверы, Гарык зрабіў адзіна верагодную выснову: напачатку, мусіць, паставілі раяль, а потым ужо вакол яго зрабілі сцены і столь.
А яшчэ Стась паказаў яму свае кнігі. Гэта былі толькі рэшткі бацькавай бібліятэкі — тое, што не забралі
і не спалілі тыя людзі, што прыходзілі арыштоўваць яго ў 1936-ым. Але і ацалелыя кнігі падаваліся сапраўдным багаццем. Асабліва ганарыўся Стась дзесяццю тамамі «Малой Советской Энцнклопеднн». Мог гадзінамі чытаць усё запар, пачынаючы наўгад з любой старонкі, і часам нават маці ставіў у тупік экзатычнымі малавядомымі тэрмінамі. Праўда, Чэхаў і Талстой пакуль што выглядалі нецікавымі, сумнаватымі — да іх чарга дойдзе пазней.
3 тае пары Гарык ужо без боязі завітваў да сябра. Цікава было гартаць са Стасем кніжкі, седзячы на цёплай, утульнай печы. А вяршыняй шчасця было, калі на развітанне цётка Алена давала скварчыну. (Гарыкава маці толькі зрэдку магла купіць на Камароўцы шматок сала і заўсёды рэзала на драбнюткія кавалачкі — глытнеш і не заўважыш.) Хлопец бег з пачастункам дахаты, у пакойчык, дзе на дзевяці квадратных метрах туліліся яшчэ маці, брат і сястра, і тады ў іх сям’і было сапраўднае свята.
А потым надышоў дзень, які святкавала ўся вуліца.
Немцы беглі з горада. Яшчэ біў іхні кулямёт са старога касцёла, што стаяў непадалёк, ля каталіцкіх могілак, але ўжо было зразумела: ідзе вызваленне!
I сапраўды: у хуткім часе па суседняй Савецкай вуліцы прагрымеў гусеніцамі першы танк з зоркаю на вежы.
Хлапчукі адразу ж сталі шастаць па пакінутых немцамі будынках. Стась, вядома ж, не адставаў ад іншых. Асабліва цікава было, калі ў адным месцы згледзелі партрэт Гітлера, вывалаклі на двор і сталі спаборнічаць: хто трапіць фюрэру ў вока? Білі, між іншым, не толькі з рагатак: найбольш увішныя паспелі разжыцца сур’ёзнымі трафеямі — накшталт ракетніцы ці нават пісталета. Зрашаціўшы партрэт, сталі лупіць па знойдзеных тут жа гляках са спіртам. Апошняя акалічнасць, праўда, прыйшлася недаспадобы савецкім салдатам, што з’явіліся неўзабаве... Урэшце, жыхары Сляпянскай, відаць, знайшлі чым пачаставаць вызваліцеляў і вечарам на вуліцы было весела: смех, звон чарак, пераборы гармоніка... Пад кашлатым клёнам насупраць Стасевага дома стаяў танк: яго схавалі пад шаты для маскіроўкі на выпадак налёту. I не дарэмна: крыху ачомаўшыся, фашысты пачалі раз’юшана бамбіць страчаны горад, ператварыўшы яго на некалькі дзён у суцэльнае пекла. Тысячы мінчан, здолеўшых перажыць тры гады акупацыі, загінулі
менавіта ў тыя дні. Армады бамбавозаў найчасцей наляталі пад покрывам цемры,