Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
лаў, калі вылучым кандыдатам цябе?
Напачатку ён падумаў, што калегі жартуюць. Але тыя сталі даводзіць на поўным сур’ёзе: няўжо, маўляў, так і будзем варон лічыць, між тым як апаратчыкі мандат за мандатам да сваіх рук прыбіраюць? Трэба ж супраціўляцца, ствараць альтэрнатыву! Няхай у дэпутаты праб’ецца хоць невялікая група людзей, не звязаных наменклатурнай кругавой парукай, і то кансерватарам цяжэй будзе правіць на з’ездзе ў Маскве свой баль...
— Карацей, ты толькі не адмаўляйся, калі мы на сходзе тваё прозвішча назавём, і усё будзе выдатна. Ва універсітэце цябе ведаюць і падтрымаюць. Ты здольны перамагчы’
* * *
Тады, вясною 1989-га, выбары ў вышэйшы орган дзяржаўнай улады СССР упершыню праводзіліся па новаму, «перабудовачнаму» закону. Дэклараваўшы палітыку дэмакратызацыі, Гарбачоў не мог ужо трымацца за ўсталяваную Сталіным адыёзную выбарчую сістэму, якая толькі груба імітавала народнае волевыяўленне: безальтэрнатыўныя кандыдаты, папярэдне вызначаныя партыйнымі камітэтамі, аўтаматычна станавіліся «народнымі выбраннікамі» і гэтаксама аўтаматычна галасавалі за ўсе патрэбныя кіруючай эліце рашэнні...
Новы закон упершыню ў савецкай гісторыі зрабіў перадвыбарную барацьбу рэальнасцю. Разам з тым, як і ўся палітыка Гарбачова, ён выглядаў непаслядоўна, палавініста. Партыі надта ж не хацелася выпускаць лейцы са сваіх рук. Трэцяя частка дэпутацкіх мандатаў была адразу зарэзервавана за прадстаўнікамі КПСС, камсамола і іншых паслухмяных «кіруючай і накіроўваючай» грамадскіх арганізацый. Выбары дэпу-
3 Васілём Быкавым на кафедры ядзернай фізікі БДУ
татаў у гэтых арганізацыях ператварыліся ў большасці выпадкаў у знаёмы да болю фарс: за каго загадана, за тых і галасуем... Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што для адводу вачэй выбралі і каго-кольвечы з людзей, далёкіх ад наменклатурнага істэблішменту (такім чынам, напрыклад, сталі народнымі дэпутатамі краіны зорка беларускай літаратуры Васіль Быкаў, нашыя вядомыя мастакі Уладзімір Стальмашонак і Міхась Савіцкі, з якімі Шушкевіч потым будзе актыўна кантактаваць падчас дэпутацкай работы). I ўсё ж за кошт выбараў ад грамадскіх арганізацый перш за ўсё забяспечыла сабе бестурботнае атрыманне мандатаў ладная кагорта апаратных бонзаў.
Але і гэтага здавалася замала. Заставаліся ж яшчэ і выбары па тэрытарыяльных акругах. Практычна ў кожнай з іх, імкнучыся і тут працягнуць як мага болей «сваіх», партыйныя камітэты сталі нахабна, безапеля-
цыйна дыктаваць уласную волю. Самыя беспардонныя метады пайшлі ў ход, каб «заваліць» няўгодных кандыдатаў. Іх шантажавалі, бамбілі ў паслухмяным партыі друку і ўжо зусім бессаромна палівалі брудам у ананімных улётках. А калі і гэта не дапамагала — наладжвалі натуральнае цкаванне на так званых акруговых перадвыбарных сходах. Гэты хітры інстытут быў дальнабачна прадугледжаны наменклатурнымі стратэгамі ў тым самым законе. Канчатковы вердыкт — хто з кандыдатаў дастойны рэгістрацыі, а хто не — выносіўся менавіта на такіх сходах, дзе часцяком вяло рэй магутнае апаратнае лобі, запраграмаванае на бязлітасную расправу з «выскачкамі»-дэмакратамі.
Гэтую брудную методыку добра спазнаў на сабе і Шушкевіч. Ен рызыкне выпрабаваць свой шанц пасля таго, як на першым этапе выбараў у ягонай акрузе з трэскам праваліцца навязаная «зверху» кандыдатура першага сакратара гаркама партыі Уладзіміра Галко. Выбаршчыкі выразна дадуць зразумець, што не жадаюць заставацца пакорлівымі авечкамі...
Такім чынам, выбары належала ладзіць занава. Вось тады калегі і наважыліся прапанаваць кандыдатуру Шушкевіча. Прапанова прагучала на універсітэцкім сходзе 7 красавіка. Былі названы і іншыя імёны, але ў выніку тайнага галасавання Шушкевіч прыкметна апярэдзіў астатніх прэтэндэнтаў, , у тым ліку лідэра Беларускага народнага фронту Зянона Пазьняка.
Да гэтага Шушкевіч мала ведаў пра Народны фронт, а на пытанне аб стаўленні да ягонай праграмы і ўвогуле мусіў толькі развесці рукамі, шчыра прызнаўшыся:
— А я з ёй проста незнаёмы...,
Гэта было, па-першае, вынікам той магутнай інфармацыйнай блакады, якую наладзілі вакол толькі што створанага нацыянальна-дэмакратычнага руху тагачасныя партыйныя босы Беларусі, па-другое ж, праца на кафедры «з’ядала» практычна ўвесь час...
Разам з тым сход паказаў: ва універсітэце ў Пазьняка ўжо даволі шмат прыхільнікаў, знаёмых з ідэямі руху па мітынгах і саматужных пракламацыях.
Назаўтра раніцай Шушкевіч знойдзе на сваім рабочым стале ксеракопію праграмы БНФ. I прыйдзе да высновы, што працэнтаў на дзевяноста пяць падзяляе яе палажэнні. Пераход да цывілізаванай рыначнай эканомікі, дэмакратычнага дзяржаўнага ладу, адраджэнне нацыянальнага духу, гістарычнай спадчыны беларусаў — усе гэтыя мэты былі сугучныя ягоным ўласным поглядам. Праўда, пэўныя тэзісы здаліся занадта
На мітынгу БНФ, прысвечаным Чарнобыльскім праблемам
спрошчанымі і катэгарычнымі, адчуваўся дылетантызм складальнікаў праграмы ў шэрагу пытанняў — напрыклад, тых, што тычыліся рэфармавання вышэйшай школы (ужо пра што пра што, а пра гэтую сферу прафесар Шушкевіч мог меркаваць кампетэнтна).
I усё ж галоўным ідэям БНФ ён шчыра аддаў тады свае сімпатыі, пра што неаднойчы казаў падчас наступных публічных выступленняў. Гэта дало яму перадвыбарную падтрымку з боку сяброў Народнага фронту.
Пазней стасункі з БНФ стануць больш складанымі. У адных выпадках проста разыдуцца асобныя погляды, найчасцей жа сама кіруючая пасада ў беларускім парламенце пачне прымушаць Шушкевіча да манеўравання дзеля кампрамісу ва ўпартым, пагражаючым канчатковым расколам процістаянні палярных дэпутацкіх груповак. Гэта дасць апазіцыі падставы для шматлікіх крыўдаў, абвінавачванняў у «здрадзе ідэалам»...
Але пакуль што Шушкевіч пра гэтыя будучыя цяжкасці нават не падазрае. Пакуль што ідзе барацьба за мандат народнага дэпутата СССР.
* * *
На акруговым перадвыбарным сходзе акрамя ягонай разглядалі яшчэ шаснаццаць кандыдатур. Пакінулі ў
спісе для рэгістрацыі толькі шэсць. Выразна адчувалася, што сход імкнуцца весці па добра адрэпеціраванаму сцэнарыю. I ўсё ж Шушкевіч здолеў прарвацца ў лік тых шасцярых.
Каму-кольвечы гэта вельмі не спадабаецца. Праз нейкі час жыхары акругі пачнуць знаходзіць у сваіх паштовых скрынях улёткі, дзе прафесар Шушкевіч будзе абвінавачвацца ледзь ці не ва ўсіх смяротных грахах. Самая бязглуздая сітуацыя — калі замест таго, каб выкладаць перад выбаршчыкамі свае праграмныя ідэі, ты мусіш даводзіць, што не з’яўляешся зладзюгам з вялікай дарогі...
Падчас адной з такіх сустрэч, калі на Шушкевіча агрэсіўна насела купка крыклівых «выкрывальнікаў», раптам падала голас жанчына — як высветлілася, простая працаўніца друкарні:
— Ды каго вы слухаеце, людзі, яны ж самі прымушалі мяне вось гэтымі рукамі тую хлусню друкаваць!
«Выкрывальнікі» неяк адразу панурылі галовы, прыкусілі языкі.
А ўвогуле ўсе гэтыя недазволеныя прыёмы выклікалі ў яго нешта накшталт здаровай спартыўнай злосці: не, браткі, не на таго натрапілі!..
Шушкевіч удала набіраў ачкі падчас стыхійных, спантанных сустрэч, якіх было ў тыя дні багата. Хутка знайсці кантакт з суразмоўцамі, закрануць нерв іх інтарэсаў — гэтае ўменне далі яму гады працы ў студэнцкай аўдыторыі. Пазбягаў доўгіх нудных маналогаў, імкнуўся вылучыць галоўнае ў канкрэтным выпадку пытанне і энергічна, доказна выкласці свае погляды на гэты конт, скарыстаўшы не больш за дзесяць—пятнаццаць хвілін. Потым абавязкова пераводзіў сустрэчу ў рэжым дыялогу, лаканічна, упэўнена адказваючы на пытанні. I такім чынам выгадна вылучаўся на фоне тых кандыдатаў, што ператваралі свае сустрэчы ў сумныя акадэмічныя лекцыі.
Яму не давялося адмыслова шукаць давераных асоб — людзі, знаёмыя і незнаёмыя, самі пачалі прапаноўваць свае паслугі.
Удалося раз-другі прарвацца з тэзісамі перадвыбарнай праграмы ў друк, аднойчы — нават на тэлебачанне. Журналісты, што спрыялі гэтаму, даволі сур’ёзна рызыкавалі: кампартыя яшчэ надзейна трымала прэсу пад жалезнай пятой. Пераказваючы адзін з тэзісаў Шушкевіча у газетным артыкуле, ягоны аўтар палічыць за лепшае прышпіліць для страхоўкі няшчырую рэпліку:
«Ці не занадта радыкальна, ці не перагіб?». Гаворка ж ішла ўсяго толькі аб прапанове Шушкевіча даць грамадзянам СССР права свабодна выязджаць за мяжу... Тады і такой «крамольнай» думцы цяжка было прабіцца праз цэнзарскія фільтры.
Вельмі дапамаглі ў тыя дні калегі — іншым разам хадзілі агітаваць за Шушкевіча ледзь ці не ўсёй кафедрай. Іх таксама захапіў азарт гэтай напружанай, драматычнай барацьбы.
Пасля двух тураў галасавання прарэктар Белдзяржуніверсітэта Станіслаў Шушкевіч стаў народным дэпутатам краіны..
* * *
Ён быў абраны ад Беларусі, бадай, адным з апошніх. У большасці акруг барацьба закончылася раней, і ў Мінску паспелі ўжо нават правесці дэпутацкую нараду, якая ператварылася ў непрыхаваны партыйны інструктаж — як сябе паводзіць і за што галасаваць беларускім выбраннікам у Маскве на з’ездзе. Рэй вялі вядомыя выхаванцы КПБ — Анатоль Малафееў, Мікалай Дземянцей... Яны лічылі сваю ролю «камісараў» самой па сабе зразумелай, не падлягаючай ніякаму сумненню. Шушкевіча паспрабавалі далучыць да такіх рэгулярных інструктажоў ужо ў Маскве. Ён адрэагаваў наўмысна рэзка — каб адразу адчапіліся:
— Ведаеце, я ў гэтых вашых харавых спевах удзельнічаць не збіраюся.
3 дзесятак ці трохі болей прадстаўнікоў беларускай дэпутацыі (а налічвалася ў ёй 96 чалавек) занялі гэткую ж пазіцыю. Сярод іх — малады мінчанін, будучы лідэр Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі Аляксандр Дабравольскі, гомельскі рабочы Віктар Карніенка, доктарка з Магілёўшчыны Зоя Ткачова, знакаміты беларускі навуковец Аляксандр Сцепаненка... Там, у Маскве, Шушкевіч добра пазнаёміцца і з дэпутатам Мікалаем Ігнатовічам, у якім убачыць прынцыповага чалавека, выдатнага прафесіянала следчай справы і якога потым прапануе на пасаду Генеральнага пракурора Беларусі. На жаль, лёс адвядзе Ігнатовічу кароткі век...
Гэтая невялічкая група стане рэзка кантраставаць з паслухмяна-кансерватыўнай большасцю дэпутатаў ад Беларусі, якія будуць дысцыплінавана галасаваць згодна з чарговай устаноўкай «камісараў».
Сюжэт выбараў на ўсім абсягу Саюза развіваўся падобна, таму і ў складзе іншых