Станіслаў Шушкевіч Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

Станіслаў Шушкевіч

Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
43.83 МБ
дэпутацый дэмакраты
апынуліся ў прыкметнай меншасці. Каб сабраць сілы ў кулак, яны аб’ядналіся ў Міжрэгіянальную групу. Увайшоў у яе і Станіслаў Шушкевіч.
«Міжрэгіяналы» распачалі надзвычай няроўны бой. Але яны адразу ж заваявалі сімпатыі мільёнаў і мільёнаў людзей, што неадрыўна сачылі за першымі з’ездаўскімі дэбатамі па тэлебачанні. Думку грамадскасці тады ўжо цяжка было ігнараваць. Кансерватары пачнуць здаваць асобныя пазіцыі, ахвяраваць найбольш адыёзнымі догмамі.
I хоць прынятая ў чэрвені 1989 года выніковая пастанова Першага з’езда народных дэпутатаў СССР была яшчэ шчодра нашпігавана замшэлымі тэзісамі, дэмакратам, тым не менш, удалося ўклініць туды шэраг ідэй, за якія яшчэ зусім незадоўга да таго дысідэнтаў саджалі ў лагеры і ізалявалі ў «псіхушках»,— аб неабходнасці радыкальнай эканамічнай рэформы, прыняцця новай Канстытуцыі, дакладнага размежавання функцый паміж КПСС і дзяржаўнымі органамі, ліквідацыі незаконных прывілей кіруючай эліты. Цяпер у гэтых ідэях не бачна нічога рэвалюцыйнага, а КПСС і ўвогуле сышла ў нябыт, але тады...
На наступных з’ездах паўстала пытанне аб пераглядзе сумна вядомага 6-га артыкула Канстытуцыі, гвалтоўна замацаваўшага ў свой час кіруючую ролю КПСС; упершыню прагучала праўда пра злачынную змову Сталіна і Гітлера, у выніку якой савсцкія войскі акупіравалі Балтыю; былі афіцыйна асуджаны афганская авантура, крывавая расправа савецкіх дэсантнікаў над мірнымі жыхарамі Тбілісі...
На той час толькі сказаць пра гэта на ўсю краіну значыла вельмі многа. Але хмель галоснасці пачне пакрысе выветрывацца. Усё выразней будзе бачна, што з’езд народных дэпутатаў — грувасткая, няўклюдная, інертная структура, створаная Гарбачовым найперш Для імітацыі, а не для ажыццяўлення дэмакратычных перамен,— проста не ў стане на справе вывесці велізарную краіну з гістарычнага тупіка. У рэспубліках пачнуць усё больш сур’ёзна задумвацца аб пошуках уласнага, самастойнага выйсця. Стануць імкліва набіраць моц нацыянальна арыентаваныя палітычныя плыні. Гарбачоў не здолее знайсці з імі кампраміс, і гэта паскорыць фінал ягонай палітычнай кар'еры.
Шушкевіч жа, упэўніўшыся ў неэфектыўнасці дэпутацкіх намаганняў на саюзным узроўні, разам з тым адчуе, можа, у нейкай ступені і падсвядома: у бліжэйшы
час найбольш важныя для беларусаў праблемы будуць вырашацца менавіта ў самой рэспубліцы.
Яшчэ дзейнічаў стары, абраны па вядомаму фарсаваму сцэнарыю склад Вярхоўнага Савета Беларусі. Шушкевіч, карыстаючыся правам саюзнага дэпутата, пачаў наведваць пасяджэнні сесій, падключыўся да дэбатаў, што тычыліся, у прыватнасці, закона аб мовах, шляхоў вырашэння чарнобыльскай праблемы. Якраз па гэтых пытаннях, да гонару таго Вярхоўнага Савета, былі ў выніку прыняты даволі прагрэсіўныя рашэнні.
Але стала відавочна, што на тым рэсурс старога дэпутацкага корпуса вычарпаны. Урэшце, сыходзіў і тэрмін ягоных паўнамоцтваў.
Надзеі ўскладалі на новы парламент. Час пакажа, аднак, што і туды праб’ецца магутная кагорта «старой гвардыі». I Шушкевіч яшчэ хлебане з гэтым парламентам ліха.
Але тады быў час надзей. Шушкевіч, які паспытаў ужо смак вялікай палітыкі, цвёрда наважыўся змагацца за мандат народнага дэпутата Беларусі.
* * *
Вясной 1990-га выбары на Беларусі таксама праводзіліся па новаму закону. Урэшце, ён мала чым адрозніваўся па духу ад адпаведнага саюзнага. Нягледзячы на намаганні Шушкевіча і ягоных аднадумцаў, якія, скарыстоўваючы статус народнага дэпутата СССР, актыўна змагаліся на пасяджэннях беларускага парламента і ў друку за прагрэсіўны варыянт рэспубліканскага закону, наменклатура і тут здолела пакінуць для сябе хітрыя пралазы (у прыватнасці, велізарную квоту для дэпутатаў ад кампартыі і лаяльных да яе грамадскіх арганізацый, тыя ж акруговыя сходы). Перыпетыі перадвыбарнай барацьбы таксама вельмі нагадвалі мінулагоднія: ва ўсіх акругах партапарат імкнуўся любым чынам праштурхнуць «сваіх» і адсеяць «нязручных» кандыдатаў.
Натуральна, што намер Шушкевіча паспаборнічаць за месца ў беларускім парламенце не выклікаў у апаратных колах вялікага энтузіязму. Хто-кольвечы, інтымна ўзяўшы яго ў калідоры пад ручку, спрабаваў напачатку ушчуваць мякка, «па-сяброўску»: ну нашто вам, шаноўны Станіслаў Станіслававіч, яшчэ адзін мандат — хіба мала прасторы для дзейнасці на саюзным узроўні?
Але спружына падзей ужо раскручвалася. Да Шушкевіча звярнуліся прадстаўнікі мінскага завода «Дар-
маш»: мы вас добра ведаем, падтрымліваем вашую палітычную пазіцыю, гатовы вылучыць у кандыдаты ад імя свайго калектыву. Ён згадзіўся.
На гэты раз акруга была значна меншая, чым годам раней: ужо не дзвесце, а толькі каля трыццаці тысяч выбаршчыкаў. Фактычна яна акаляла дом, у якім жыў Шушкевіч. Яго тут ведалі амаль усе (асабліва пасля тэлетрансляцый са з’езда народных дэпутатаў СССР), ды і ён паспеў пазнаёміцца са многімі, сустракаючыся па дарозе ва універсітэт, стоячы ў агульнай чарзе ў прадуктовай краме.
I цяпер, падчас новай выбарчай кампаніі, выступаючы то ў клубе, то ў «чырвоным кутку» домакіраўніцтва, то ў рабочым інтэрнаце, Шушкевіч кожны раз бачыў шмат знаёмых твараў, адчуваў, што для большасці аўдыторыі ён ужо «наш чалавек». He было патрэбы ў доўгіх прэамбулах, сустрэчы хутка пераходзілі ў рэчышча ажыўленага, вольнага ад усялякіх «пратакольных» фармальнасцяў дыялогу.
Шмат гаварылі пра Чарнобыль. 3 праблемы да таго часу ўжо ўдалося амаль што цалкам сарваць камуфляж сакрэтнасці. Ва ўсёй жахлівасці адкрыліся і маштабы трагедыі, і маштабы цынічнай ілжы «правадыроў». Але Сістэма працягвала злачынна марудзіць. У бюракратычным балоце адзін за адным патаналі праекты барацьбы з радыяцыйнай навалай, між тым як рахунак яе ахвяр множыўся з кожным днём.
Калі казаць шчыра, то гэтую балючую тэму актыўна эксплуатавалі тады многія кандыдаты ў дэпутаты. Але хто-кольвечы ствараў сабе імідж толькі на красамоўных філіпіках па адрасу высокіх уладаў ды на легкадумных папулісцкіх абяцанках (якія гэтак жа лёгка забудуцца пасля атрымання запаветнага мандата).
Кожнае ж слова Шушкевіча было сто разоў узважана, грунтоўна падмацавана глыбокім, да драбніц, веданнем самой праблемы і звязаных з ёй закулісных гульняў у высокіх сферах. У яго быў ужо вопыт змагання супраць высмактанай з пальца ва ўгоду кіруючай вярхушцы канцэпцыі маскоўскага акадэміка Ільіна, згодна з якой умераныя «порцыі» нуклідаў выглядалі ледзь ці не дабратворнымі для здароўя... Шмат часу і нерваў было патрачана таксама на пасяджэннях «чарнобыльскай» камісіі саюзнага з’езда народных дэпутатаў, аднак надзеі на тое, што Масква прыме эфектыўную праграму барацьбы з наступствамі катастрофы, сталіся марнымі — у адказ найчасцей гучала цынічнае: «Няма грошай!». Заставалася спадзявацца толькі на ўласныя сілы, на
дзейсныя захады новага беларускага парламента. Увайшоўшы ў ягоны склад, Шушкевіч не забудзецца на дадзеныя выбаршчыкам абяцанні, хоць праз некалькі гадоў, калі рэспубліку ахопіць жорсткі энергетычны крызіс, Старшыні Вярхоўнага Савета давядзецца загаварыць на надзвычай няўдзячную ва ўмовах чарнобыльскага сіндрому тэму — пра магчымае будаўніцтва на Беларусі атамнай станцыі (вядома ж, з непараўнальна больш надзейнымі, чым у Чарнобылі, рэактарамі новага пакалення). I зноў у ягоны бок паляцяць камяні абвінавачванняў у «здрадзе», у тым, што ён, маўляў, у свой час толькі нажываў на чарнобыльскай праблеме перадвыбарны капітал. I зноў давядзецца адчуць, наколькі цяжэй быць кіраўніком, чым знаходзіцца ў апазіцыі...
Тады, у 1990-ым, яму, напрыклад, здавалася, што можна адным махам скасаваць шматлікія прывілеі кіруючай эліты. Натуральна, што падчас перадвыбарных сустрэч гэтую пазіцыю кандыдата горача падтрымлівала тая абсалютная большасць аудыторыі, якая ніколі ў жыцці не каштавала далікатэсаў з апаратных спецразмеркавальнікаў. Праз пару гадоў Шушкевіч пераканаецца, што быў тады ў пэўным сэнсе ідэалістам, мяркуючы, што з заганнай, амаральнай з’явай удалося б справіцца нейкім адным суровым дэкрэтам... Сістэма прывілей паўстане ў выглядзе міфічнай гідры, у якой замест кожнай адсечанай галавы вырастаюць дзве. Уладу маючыя прадэманструюць фантастычны спрыт у церабленні новых і новых хітрых шляхоў да смачнейшага кавалка грамадскага пірага. I, што самае прыкрае, хто-ніхто з колішніх палымяных крытыкаў прывілей, атрымаўшы дзяржаўнае крэсла, імгненна адкіне ранейшы выкрывальніцкі пафас і з вялікім задавальненнем прыладкуецца ля той самай кармушкі.
Увогуле ж для наступу на старыя парадкі знойдзецца не надта шмат сілаў. «Дзякуючы» вытанчанай сістэме адсеву ў беларускі парламент трапіць толькі невялікая група дэмакратаў. Іх ідэі, прапановы сутыкнуцца з зацятым супраціўленнем той большасці, якая не пажадае ніякіх карэнных пераменаў,— бо гэтым людзям зусім нядрэнна жылося і ў ранейшыя часы. Разам з тым у дэмакратычнай апазіцыі будуць здаваць нервы, яна пачне раз-пораз збівацца на залішнія эмоцыі, пракламаваць занадта жорсткія, катэгарычныя лозунгі. Шушкевіч, заняўшы ў парламенце кіруючую пасаду, апынецца ў надзвычай няўдзячнай сітуацыі...
Але вясною 1990-га, ён па ўласнай волі выбіраў
далейшы лёс. Зноў жа асабіва ўдала складваліся стыхійныя, імправізаваныя сустрэчы з выбаршчыкамі, што адбываліся ў тыя дні ледзь ці не на кожным кроку. Калі ты стаіш не на трыбуне, а проста на тратуары, калі кожны суразмоўца бачыць выраз тваіх вачэй,— фальш у іх прачытаюць імгненна. Але і шчырасць — таксама.
Людзі павераць Шушкевічу. Яны прагаласуюць за яго. На жаль, не ўсе ідэі ягонай кандыдацкай праграмы пачнуць увасабляцца ў жыццё так хутка, як уяўлялася. I не таму, што ён да іх ахаладзее... Неаднойчы згадаецца добра знаёмы тэхнічны тэрмін — «супраціўленне матэрыялаў». Матэрыялы, закладзеныя ў канструкцыю Сістэмы, акажуцца неверагодна ўстойлівымі. А ісці на таран — не заўжды найлепшае выйсце з сітуацыі.
* * *
Пачатак першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі новага склікання быў запланаваны на май 1990-га. Вынікі выбараў паказалі: дэмакратаў у ягоным складзе нягуста. Гэтыя людзі адразу адчулі: ім трэба як мага шчыльней групавацца. Усё сведчыла пра тое, што партакратыя наважылася з першых хвілін весці рэй па добра адпрацаванаму за дзесяцігоддзі сцэнарыю: апарат рыхтуе патрэбныя рашэнні, а галасаванне — ужо справа тэхнікі. Праўда, партыя не магла ўжо так бесцырымонна, непрыхавана, як раней, дыктаваць сваю волю ў вырашэнні дзяржаўных спраў. Таму Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мікалай Дземянцей — былы сакратар камуністычнай партыі рэспублікі, якога цэнтральны яе камітэт незадоўга перад тым «кінуў на новы адказны ўчастак»,— пачаў напярэдадні першай сесіі цішком перапампоўваць у свой апарат выпрабаваныя кадры з ліку партыйных чыноўнікаў. На свет Божы выцягнулі прапахлыя нафталінам «ідэі» з куфэрка дзядулі Сталіна. Пайшла, напрыклад, гаворка пра «савет старэйшын», які, маўляў, будзе мудра расстаўляць усе кропкі над «і», калі дэпутаты пра нешта занадта заспрачаюцца.
Шушкевіч з’едліва пракаменціраваў у інтэрв’ю газеце «Знамя юностн»:
— Ну ш