Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
аная правалам маскоўскага путчу, камуністычна-наменклатурная большасць
Вярхоўнага Савета Беларусі пад магутным націскам малалікай, але бліскуча скарыстаўшай момант апазіцыі мусіла, як у благім сне, міжволі падняць рукі, галасуючы за наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце рэспублікі статуса канстытуцыйнага закона, а таксама за часовае прыпыненне дзейнасці КПБ—КПСС. Закіданы камянямі жорсткіх абвінавачванняў з боку той самай апазіцыі, капітуляваў парламенцкі спікер — былы сакратар ЦК кампартыі Мікалай Дземянцей.
У выніку нервовай, з мноствам закулісных перыпетый, барацьбы дэпутацкіх плыняў Вярхоўны Савет Беларусі ўзначаліў намеснік Старшыні — Станіслаў Шушкевіч.
Урэшце, гэта наўрад ці выклікала ў Крамлі асаблівую трывогу, хоць пазіцыя Шушкевіча на мінулых з’ездах народных дэпутатаў СССР давала ўсе падставы лічыць яго, карыстаючыся тэрміналогіяй Гарбачова, адным з «так званых дэмакратаў».
За «перабудовачныя» гады Цэнтр упэўніўся: жорны беларускай наменклатурнай улады па-ранейшаму спраўна трушчаць кволыя зярняткі дэмакратыі. I ўся гэтая «суверэнізацыя» Беларусі падавалася не болей чым бутафорыяй.
* * *
«Ён так нічога і не зразумеў!»
3 кожным чарговым пасяджэннем Дзяржсавета ў Крамлі Шушкевіч усё ўмацоўваўся ў гэтай выснове: Гарбачоў сапраўды не ўсведамляе, што краіна пасля путчу стаяа зусім іншай. Кіраўнікоў рэспублік ён збіраў толькі для таго, каб чарговы раз навязаць сваю ідэю фікс: маўляў, мы, таварышы, павінны ўдыхнуць другое жыццё ў нова-агароўскі працэс, перапынены жнівеньскімі падзеямі, і дамагчыся заключэння новага Саюзнага дагавора. Усе ж пярэчанні наконт таго, што праект дагавора, нягледзячы на касметычныя карэктывы, па-ранейшаму захоўвае імперскую мадэль супердзяржавы, Гарбачоў адмятаў, што называецца, з парога.
Вяртаючыся ў Мінск, Шушкевіч мусіў раз за разам выносіць на суд беларускіх парламентарыяў прапанаваныя прэзідэнтам СССР варыянты фармулёвак Саюзнага дагавора, нязменна шытыя, аднак, аднымі і тымі ж белымі ніткамі. Безумоўна, апазіцыя адразу разбівала гэтыя фармулёўкі ў пух. Рыкашэтам трапляла і самому Шушкевічу. I паспрабуй тут дакажы, што напярэдадні ў Маскве ці Нова-Агарове даводзіў Гарбачову тое ж самае, ды толькі ўсё — як гарохам аб сценк'’' Урэшце,
нават незаслужаныя папрокі варта было стрываць, каб наступным разам сказаць на Дзяржсавеце: вось бачыце, Міхаіл Сяргеевіч, не толькі мне, а і шмат каму ў Вярхоўным Савеце Беларусі вашыя прапановы не надта даспадобы...
To былі вельмі нялёгкія дні. Апазіцыя беларускага парламента, апанаваная падазрэннямі, выступіла 23 лістапада з жорсткай заявай у друку: «Выклікае здзіўленне, што Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі сп. С. Шушкевіч... не маючы на тое адпаведных паўнамоцтваў ад парламента рэспублікі, спяшаецца абмяркоўваць і, напэўна, нават парафіраваць праект Саюзнага дагавора... Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь папярэджвае Старшыню Вярхоўнага Савета сп. Шушкевіча, што падпісанне любога дагавора, які ліквідуе ці абмяжуе поўны суверэнітэт рэспублікі... можа быць расцэнена выключна як антыканстытуцыйны акт і дзяржаўная здрада Рэспубліцы Беларусь з усімі адпаведнымі наступствамі».
Пра такія сітуацыі звычайна кажуць: між двух жоранаў. Бо Гарбачоў са свайго боку з упартасцю, вартай лепшага прымянення, дамагаўся, каб «працэс пайшоў» у патрэбным яму кірунку.
Але чым далей, тым выразней станавілася бачна, што ідзе гэты працэс хіба што ў поўны тупік. Прэзідэнт СССР быў здольны ператасоўваць толькі адну і тую ж зашмальцаваную калоду сваіх старых ідэй.
Тым часам Шушкевіч пакрысе асвойваўся ў кампаніі кіраўнікоў рэспублік, да якой далучыўся пазней за астатніх. Усё часцей — асабліва калі збор быў не ў Крамлі, а ў Нова-Агарове, дзе абстаноўка выглядала больш нязмушанай — завязваліся размовы тэт-а-тэт. Адчуў, што гарбачоўская «непрабівальнасць» паступова ўзмацняе «крамолу», падштурхоўвае найбольш рашучых рэспубліканскіх лідэраў да пошукаў нейкага альтэрнатыўнага выйсця. У ягоныя рукі «выпадкова» трапіў цікавы дакумент: яшчэ ў лютым быў патаемна накіданы праект утварэння «канфедэрацыі чатырох» — Расіі, Украіны, Беларусі і Казахстана — з перспектывай далучэння іншых рэспублік «старога» Саюза. Аўтарства праекта, безумоўна, не афішавалася, ды і сам тэкст меў хаджэнне толькі ў надзейным вузкім коле. Што менавіта перашкодзіла рэалізаваць задуму тады, у лютым, ён, Шушкевіч, мог толькі здагадвацца...
А цяпер на дварэ стаяў лістапад, і падчас адной крамлёўскай размовы з Ельцыным ўзнікла думка: a што, калі неўзабаве ўзяць ды сустрэцца на Беларусі,
каб вальней ды грунтоўней абмеркаваць разам сітуацыю? Трохі пазней, у Нова-Агарове, дамовіліся ўжо больш канкрэтна.
Дарэчы, ўбачыць Ельцына ў Мінску хацела і кіраўніцтва беларускага ўрада. «Суверэнізацыя» дзвюх рэспублік пачала жахліва блытаць, a то і рваць ніці традыцыйных гаспадарчых узаемадачыненняў між Беларуссю і Расіяй. Выйсце бачылася, у прыватнасці, у заключэнні двухбаковага пагаднення аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Украінская ж тэма ў тыя дні не сыходзіла з першых старонак газет. Рэспубліка, што дагэтуль славілася кансерватыўным, замшэлым камуністычным кіраўніцтвам, раптоўна «пайшла ўразнос», ахопленая парывам да поўнай незалежнасці... Былы сакратар ЦК кампартыі Украіны Краўчук, цалкам аддаўшыся змаганню за пасаду прэзідэнта, проста ігнараваў усе гарбачоўскія захады ды і самі пасяджэнні Дзяржсавета. А грунтоўна пагутарыць з ім хацелася... Дык калі таму так не даспадобы Масква, можа, якраз і сустрэцца ўтрох у Мінску?
Згода была атрымана хутка. Пасля гэтага Шушкевіч, размаўляючы па тэлефоне з Ельцыным, паўжартам запытаўся: можа, тады і Міхаіла Сяргеевіча запрасіць на Беларусь, каб сапраўды «саміт» атрымаўся? «Ну, не, з ім я ўжо досыць нагутарыўся!» — пачулася ў адказ.
Пра тое, што ў Мінск прылятае і Краўчук, журналісты даведаліся літаральна за пару дзён да падзеі. Увогуле Шушкевіч стараўся як мага меней афішаваць падрыхтоўку да сустрэчы. Але апазіцыя ўсё адно ўсчала шум: ну, вось, «вялікія браты» злятаюцца на «міжсабойчык», а беларускі бок, ведама ж, будзе толькі зазіраць ім ў рот.
* * *
Ельцынскі Ту прызямліўся ў аэрапорце «Мінск-2» у 9 гадзін 25 хвілін 7 снежня. Хлеб-соль, іншыя пратакольныя атрыбуты — і вось картэж лімузінаў імчыць У горад.
Імчыць — гэта, дарэчы, не дзеля прыгожага слоўца сказана. Барыс Мікалаевіч бы ілюструе сваёй асобай крылатую гогалеўскую фразу — «н какой же русскнй не любнт быстрой езды!» Што ж, калі госцю так падабаецца...
А ўвогуле Шушкевіч, аўтааматар са стажам, аддае на дарозе перавагу іншаму прынцыпу: цішэй едзеш — далей будзеш...
I гаворка ix з самага пачатку бы адлюстравала гэтую розніцу натур. Ельцын адразу ж даў зразумець, што ён і ягоная «каманда» — у самым баявым настроі. Трэба секчы гордзіеў вузел, безнадзейна заблытаны Гарбачовым, неабходна моцная альтэрнатыва няўклюдна прыхарошваемай імперскай канцэпцыі Саюзнага дагавора. Добра, заўважаў ягоны субяседнік, але ці можна спадзявацца, што Краўчук увогуле пойдзе на нейкую форму аб’яднання нашых рэспублік? А калі ён катэгарычна запярэчыць?
Гэта нагадвала дзелавую гульню на тэму «Як зацікавіць украінскага прэзідэнта?» Ягоны самалёт прыбываў у аэрапорт праз некалькі гадзін. (Дарэчы, у першыя ж хвіліны пасля прызямлення Краўчук яскрава прадэманструе сваю пазіцыю перад прэсай, адказваючы на пытанне, ці не ўгавораць-такі Украіну ўступіць у Саюз: «Ніхто нікога не можа ўгаварыць... Калі можна ўгаварыць Краўчука, то нельга ўгаварыць украінскі народ».)
А тым часам Авальную залу Вярхоўнага Савета Беларусі запаўнялі дэпутаты, урадавыя асобы, журналісты. Сцішана каменціравалі змену ў інтэр’еры: там, дзе раней быў бюст Леніна, цяпер застаўся толькі п’едэстал. Веянне часу — ці проста каб не раздражняць Барыса Мікалаевіча?
Сустрэча з расійскім прэзідэнтам пачалася ў адзінаццаць гадзін.
Напачатку выступлення той нагадаў аб агульных каранях Расіі і Беларусі, блізкасці моў і нават назваў рэспублік, неабходнасці ўмацоўваць і развіваць узаемавыгадныя стасункі ў сённяшніх няпростых умовах.
Усё гэта былі правільныя, але ж агульныя словы. Зала чакала...
Голас Ельцына зазвінеў металічнымі ноткамі.
— Адышла ў нябыт спроба аднаўлення Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у ленінскай інтэрпрэтацыі!..
Хто-ніхто міжволі скіраваў позірк на пусты п’едэстал.
...Рэспублікі адмовіліся добраахвотна дэлегаваць Цэнтру такі аб’ём паўнамоцтваў, які ён ад іх запатрабуе. Сёння церпяць няўдачу і «паўфедэрацыя», і «паўканфедэрацыя»... Такія гульні нельга весці бясконца. Усіх палохае наяўнасць Цэнтра і яго магчымае адраджэнне. Удзельнікаў перамоў становіцца ўсё менш. Калі так будзе працягвацца, за стол перамоў не будзе каму сесці, нават нягледзячы на тое, што ў дзяржаў ёсць узаемная зацікаўленасць і ўзаемнае прыцягненне... А гэта дастатковая падстава для садруж-
насці нашых дзяржаў, тым больш, што ў нас ёсць воля стварыць менавіта такі тып адносін... Галоўнае — не патрабаваць адзін ад аднаго немагчымага ў дадзены момант.
Апошнія словы «падрэсорылі» ўсю тыраду. Ельцын бы спахапіўся, што занадта адкрыта выкладае намеры. A так — можна лічыць, што ён у звычайнай сваёй манеры правёў яшчэ адну псіхалагічную атаку на пазіцыю Гарбачова: рабі, маўляў, высновы, пакуль не позна.
Крыху пазней, адказваючы на пытанні, Ельцын стараўся абыходзіцца і ўвогуле дыпламатычнымі фармулёўкамі. Калі пацікавіліся магчымымі рашэннямі лідэраў трох рэспублік, адказаў даволі няпэўна: «У нас будзе не менш чатырох-пяці варыянтаў».
Рэшту часу да прылёту Краўчука занялі афіцыйныя мерапрыемствы, дзеля якіх, згодна з версіяй для прэсы, і прыбыў сюды маскоўскі госць. Ельцын і Шушкевіч абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі ў сувязі з дагаворам паміж Расіяй і Беларуссю, падпісалі пагадненне аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Расійская дэлегацыя ўсклала вянок да абеліска Перамогі на аднайменнай мінскай плошчы. За цырымоніяй з цікаўнасцю назірала даволі шматлюднае кола сталічных жыхароў: не кожны дзень выпадае пабачыць «жывога Ельцына». Вакол яго тады яшчэ ярка ззяў арэол жнівеньскай славы, калі, стоячы на танкавай вежы, расійскі лідэр патэтычна клікаў масквічоў на змаганне з путчыстамі. Тыя кадры ўбачыла на тэлеэкранах уся краіна. Пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым жнівеньскія падзеі згубяць першапачатковую чорна-белую ірактоўку і шмат кім пачнуць пераасэнсоўвацца, а сам Барыс Мікалаевіч атрымае не адзін балючы ўдар па рэпутацыі героя-дэмакрата...
А тады, 7 снежня, у Ельцына выдаўся пасля афіцыйных мерапрыемстваў невялікі «т