• Часопісы
  • Станіслаў Шушкевіч Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

    Станіслаў Шушкевіч

    Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека

    Выдавец: Полымя
    Памер: 175с.
    Мінск 1994
    43.83 МБ
    айм-аўт», і ён накіраваўся ва ўрадавую рэзідэнцыю ў Заслаўе, што паблізу ад Мінска.
    Шушкевіч жа тым часам спяшаўся зноў у аэрапорт «Мінск-2», дзе вось-вось павінен быў прызямліцца самалёт украінскага прэзідэнта.
    Краўчук, выслухаўшы прапановы, адразу ж прадэманстраваў дзелавы настрой: нашто гуму цягнуць, Станіслаў Станіслававіч, — вось наш самалёт «на ўсіх парах», месцаў хопіць, сядайце разам са сваімі памочнікамі ды і махнем адразу на Брэстчыну, а Барыс Мікалаевіч дагоніць...
    Побач стаяў і беларускі Як-40, але сапраўды: нашто марнаваць час ды адмаўляцца ад магчымасці лішніх паўгадзіны пагутарыць з Краўчуком на борце ягонага лайнера па дарозе ў Віскулі?
    Атакавалі журналісты, давялося ахвяраваць колькі хвілін. Краўчук нагадаў пра вынікі нядаўняга рэферэндуму на Украіне: 31 мільён чалавек, 90,3 працэнта выбаршчыкаў выказаліся за самастойнасць і незалежнасць украінскай дзяржавы. Трохі «прайшоўся» наконт Міхаіла Сяргеевіча, намякнуўшы, што няварта таму валіць з хворай галавы на здаровую, вінавацячы Украіну за свае ўласныя палітычныя правалы. I рэзюмаваў: «...Усе ў душы разумеюць, што гэты Саюз ужо асуджаны».
    He пазбег журналісцкай цікаўнасці і гаспадар сустрэчы. Адказваючы на пытанне аб яе магчымых выніках, зазначыў:
    — Гэтыя дні павінны пакласці канец тым маніпуляцыям, што робяцца... Я спадзяюся, што першае слова наконт гэтага будзе сказана на Беларусі.
    * * *
    Адступленне. Аўтарскі «допыт» (люты 1993 года)
    — Ці прадбачылі Вы напярэдадні, што сустрэча ў Віскулях можа завяршыцца менавіта такімі радыкальнымі рашэннямі: вынесці бязлітасны «прысуд» старому Саюзу і ўтварыць Садружнасць трох дзяржаў, пакінуўшы Гарбачова «па-за гульнёй»?
    — Калі зусім шчыра, то я на такое не разлічваў, дакладней — не спадзяваўся. Безумоўна, адчуваў, што Ельцын гатовы да самых рашучых крокаў у гэтым кірунку. Але ж вы памятаеце, якое рэха даносілі тады сродкі масавай інфармацыі з Украіны: толькі канчатковае аддзяленне, толькі поўная самастойнасць! I чакаць ад Краўчука той пазіцыі, якую ён у рэшце рэшт заняў у Віскулях, я, прабачце, не мог. Гэта было для мяне нечаканасцю. Гэта змяніла ўвесь падыход да справы.
    — Цяпер хто-ніхто з палітыкаў і газетных каментатараў сцвярджае: Шушкевіч, маўляў, толькі воляй абсгпавін апынуўся ў кампаніі двух зацятых праціўнікаў Гарбачова, якія даўно марылі яму «насаліць», і мусіў падпарадкавацца іх націску...
    — Нагадаю: да таго часу я толькі тры месяцы быў на пасадзе Старшыні Вярхоўнага Савета. Безумоўна, у сэнсе палітычнага вопыту ні з Ельцыным, ні з
    Краўчуком цягацца не мог. I адчуваў, што трохі не «дарос», каб такія крокі прапаноўваць. Я абмежаваўся б, напэўна, меншымі вынікамі. Ну, а тыя два прэзідэнты прадэманстравалі гатоўнасць ісці далей. Так што — скажу шчыра — рашучасцю сваёй яны тады мяне пераўзыходзілі. Хоць чыста лагічна перад сустрэчай я выводзіў тую ж выснову: далей цягнуць немагчыма... I ўжо дарогай у Віскулі адчуў: адным камюніке, адной канстатацыяй сваіх поглядаў на сітуацыю мы не абмяжуемся.
    — Вы не баяліся абвінавачванняў у змоўніцтве, у вераломстве, якія ў рэшце рэшт і абрынуліся з вуснаў палымяных змагароў за аднаўленне «адзінага і магутнага» Савецкага Саюза?
    — He, у мяне было адчуванне, што мы маем маральнае права на такія рашэнні, што мы робім адзіна магчымыя ў такіх варунках захады, каб захаваць цывілізаваныя кантакты паміж нашымі краінамі, перавесці іх гістарычныя сувязі на новую, сапраўды справядлівую падставу. Сёння ад многіх чуеш: СНД сябе не апраўдала! Але хто можа сцвярджаць, што без СНД было б лепей, што мы не дакаціліся б да югаслаўскага варыянту распаду унітарнай дзяржавы?
    — I што, сапраўды, там, у Віскулях, вы фармулявалі дакументы экспромтам, маючы перад сабой толькі чысты стос паперы? Няўжо ў Ельцына, напрыклад, не было нейкіх папярэдне падрыхтаваных «шпаргалак»?
    — Калі што і было, то я, ва ўсякім разе, гэтага не прыкмеціў і дагэтуль веру, што ўсё фармулявалася менавіта там, у Віскулях. Хіба што тэзіс аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 года быў падрыхтаваны расійскай дэлегацыяй загадзя. Я гэта адчуў па выказванні расійскага дзяржсакратара Генадзя Бурбуліса адразу ж, калі пачаўся наш дыялог.	„
    — Дарэчы, ёсць версія, што менавіта Бурбуліс, якога нядобразычліўцы ахрысцілі «шэрым кардыналам» Ельцына, стаў галоўным ідэйным натхніцелем белавежскага пагаднення — маўляў, усё рабілася ледзь ці не пад ягоную дыктоўку.
    — Такія выказванні проста зневажаюць Ельцына як магутную, неардынарную палітычную фігуру. У Віскулях жа з поўным напружаннем працавалі ўсе тры дэлегацыі. Вядома, Бурбуліс — філосаф па адукацыі, чалавек вострага, нестандартнага мыслення — актыўна ўдзельнічаў у вызначэнні, так бы мовіць, сэнсавага калідора нашых рашэнняў, а пасля ўжо ідэі «абрасталі» юрыдычна абгрунтаванымі, адточанымі фармулёўкамі.
    Тут, дарэчы, я асабліва адзначыў бы ролю Сяргея Шахрая. Увогуле ў Віскулях сабралася тады даволі шмат тых, каго я ўжо добра ведаў па сумеснай дзейнасці ў складзе дэмакратычнай плыні з’езда народных дэпутатаў СССР — Міжрэгіянальнай групы. У нас быў немалы вопыт сумеснай выпрацоўкі рашэнняў, якія, дарэчы, нярэдка ўяўлялі сабою менавіта альтэрнатыву лініі Гарбачова.
    * * *
    У поўным складзе дэлегацыі сабраліся ў віскулёўскай рэзідэнцыі вечарам 7 снежня. Апошняй, ужо зацемна, прыехала расійская. За вячэрай гаварылі аб усім, акрамя таго, дзеля чаго сюды з’ехаліся. Хоць, бадай, кожны ўжо выразна адчуваў: пачынаецца падзея, рэха якой прагучыць сапраўдным выбухам не толькі ў Крамлі, але і ва ўсім свеце.
    Між тым абслуга ўрадавай рэзідэнцыі звыкла забяспечвала традыцыйную праграму прыёму высокіх гасцей. За мінулыя гады іх тут перабывала досыць. Кіраўнікі БССР любілі здзівіць «важных птушак» з Масквы ці з-за мяжы казачнай патрыярхальнай веліччу гэтага запаведнага кутка Беларусі: векавыя дрэвы, волаты-зубры, неверагодны, першабытны спакой дрэмлючай прыроды... Мусіць, гэткім жа непахісным здаваўся і той лад рэчаў, за які не аднойчы ўздымалі келіхі ў гэтай рэзідэнцыі яе ранейшыя гаспадары і госці. I, вядома ж, нікому з іх нават у благім сне не магло прымроіцца, што некалі менавіта тут збяруцца людзі, якія наважацца паставіць кропку ў гісторыі непераможнай, непахіснай, як падавалася, супердзяржавы.
    А знешне ўсё выглядала напачатку зусім як у ранейшыя часы. Адмыслова дастаўлены з Мінска шэф-кухар шчыраваў над апетытнымі стравамі, якія потым увішна падхоплівалі афіцыянткі, і ўжо былі акуратна складзены камплекты паляўнічай амуніцыі: ну хто ж, трапіўшы ў Белавежу, адмовіцца ад спакусы ўласнаручна заваліць лютага клыкастага дзіка? Ды яшчэ надвор’е як па заказу: марозік бадзёрыць кроў, ні адна галінка не калыхнецца ды ззяе цнатлівай беллю снег пад агромністай поўняй...
    Егераў, аднак, чакала лёгкае расчараванне. Шушкевіч (а ён, дарэчы, сам тут быў упершыню) увогуле, як высветлілася, не аматар цэліць у нешта жывое з дубальтоўкі («Ведаеце, толькі аднойчы, у 1954 годзе, падстрэліў нейкую качку, дык і дагэтуль не ўцямлю, нашто я гэта зрабіў...»). Катэгарычна адмовіўся ад
    палявання і Ельцын. У рэшце рэшт колькі энтузіястаў усё ж назбіралася і традыцыя парушана не была. (Назаўтра, калі на сняданак было пададзена мясное, астатнія паўжартам-паўсур’ёзна цікавіліся: а ці не з вашай, панове, дзічыны?)
    Болынасці ж тым вечарам было зусім не да палявання. Сумесная мазгавая атака ішла да глыбокай ночы. Пасля таго як лідэры паразумеліся ў галоўным, іх «каманды» адпрацоўвалі чарнавыя варыянты дакументаў.
    Раніцай 8 снежня справу ўзяла ў свае рукі шасцёрка кіраўнікоў: ад Расіі — Ельцын і Бурбуліс, ад Украіны — Краўчук і прэм’ер Фокін, ад Беларусі — Шушкевіч і Старшыня Савета Міністраў Кебіч. Выбралі найбольшае ў рэзідэнцыі памяшканне — більярдную залу на першым паверсе. Туды хуценька зацягнулі чатыры сталы, саставілі іх у «карэ», накрылі абрусам. Адсунутыя ўбок більярдныя сталы таксама аказаліся дарэчы: на іх раскладвалі розныя «дапаможныя» паперы, чарнавікі... Па суседству, за дзвярыма, ля якіх застылі двое мажных ахоўнікаў, знаходзіліся астатнія члены дэлегацый. Разпораз даводзілася запрашаць у більярдную залу то Гайдара, то Шахрая, то беларускага міністра замежных спраў Краўчанку, то яшчэ кагосьці: трэба яшчэ падумаць вось над гэтым абзацам, абмазгаваць вось гэтую фармулёўку — падключайцеся да справы... Лісты паперы з накідамі тэкстаў качавалі міма ахоўнікаў то туды, то сюды. Афіцыянткі ледзь паспявалі падносіць каву і мінералку. У рэшце рэшт у більярдную залу праплыў паднос з кілішкамі малдаўскага каньяку. Гэта было тады, калі «шасцёрка» адчула: галоўныя, ключавыя думкі, можна лічыць, ужо адчаканены па ўсіх канонах. «Што ж, мы, бадай, і сапраўды заслужылі нешта трохі мацнейшае за каву!» — усміхнуўся хтосьці. Вядома, дозы выглядалі зусім сімвалічнымі: наперадзе чакаў яшчэ кавалак працы. (Потым, дарэчы, «алкагольны» аспект белавежскай сустрэчы стане адной з улюбёных тэм для найбольш зацятых нядобразычліўцаў: маўляў, трэба было няйначай як у сцельку набрацца, каб гэткае сатварыць!)
    Тым часам па калідорах рэзідэнцыі, апасліва касавурачыся на ахоўнікаў, нецярпліва кружылі некалькі цудам трапіўшых сюды з Мінска журналістаў. Прафесійны нюх падказваў: будзе нешта так-о-о-е!.. Адзін з іх крадком зазірнуў праз нечае плячо ў толькі што аддрукаваную машыністкай паперчыну: «Саюз ССР...
    спыняе сваё існаванне». Аж дух заняло: нічога сабе «заявачкі»!
    Між тым у фае перад більярднай залай адчулася нейкае ажыўленне. Доўгі стол аздобілі мініяцюрнымі дзяржаўнымі сцяжкамі трох краін. Журналісты імгненна занялі пазіцыі побач і літаральна свідравалі поглядамі дзверы більярднай залы.
    Вось яны нарэшце расчыняюцца. Першы выходзіць Ельцын, за ім — астатняя пяцёрка. Садзяцца за стол і ставяць подпісы пад галоўным дакументам сустрэчы. Спахапіўшыся, мінскі газетчык фіксуе для гісторыі час падзеі— 14 гадзін 17 хвілін 8 снежня 1991 года.
    Праз колькі часу кіраўнікі трох дзяржаў падымуцца на другі паверх, у апартаменты Ельцына, і Шушкевіч патэлсфануе Гарбачову...
    * * *
    У свой час ён, Шушкевіч, тады яшчэ проста прафесар-фізік, перажыў перыяд сапраўднага, шчырага захаплення новым савецкім лідэрам, фігура якога так кантраставала з абліччам ягоных крамлёўскіх папярэднікаў — знясіленых старэчымі хваробамі людзей, што адзін за адным сыходзілі ў магілу на пачатку 1980-ых: Брэжнеў, Андропаў, Чарненка...
    У красавіку 1985-га ў цяжкой, гнятучай, бы наскрозь прасякнутай тым могілкавым п