Станіслаў Шушкевіч
Пуцявіна лёсу: Партрэт палітыка, навукоўца, чалавека
Выдавец: Полымя
Памер: 175с.
Мінск 1994
аму Стась разам са сваімі хадзіў начаваць за горад. I проста не верылася вачам, калі штораніцы сярод бясконцых дымных руін і папялішчаў (здавалася, у Мінску не засталося ўжо каменя на камені) яны зноў знаходзілі свой зусім цалюткі дамок! Бабуля чарговы раз горача дзякавала Богу, які пасля столькіх выпрабаванняў вырашыў, мусіць, нарэшце злітавацца над іх сям’ёй. Фронт каціўся ўсё далей на захад, і неўзабаве бамбёжкі сціхлі. Мінск стаў пакрысе вяртацца да паўзабытага ўжо мірнага жыцця.
I трэба было збірацца ў школу.
ШКОЛА
— Хлопцы, давайце ў футбол! Дзе вароты будуць?
У якасці варотаў аднадушна выбралі пралёт нечага паркана.
Да першага ўрока яшчэ пяць хвілін — процьма часу! — і як тут не скарыстаць магчымасць, каб атрымаць невялічкі зарад бадзёрасці перад доўгім сядзеннем ў цесным класе! Тым больш што пад ногі трапіла выдатная бляшанка з-пад тушонкі.
Стась кінуў у траву процівагазную сумку з падручнікамі (сапраўдны, куплёны партфель меў у іх класе, здаецца, толькі адзін хлопец — сын дацэнта) і з задавальненнем далучыўся да ігракоў.
— Го-о-ол!
Бляшанка гучна бразнулася аб штыкетнік, на двары заліўся брэхам сабака, а яны, падхапіўшы сумкі, стрымгалоў панесліся ў школу.
Засопшыся, уляцелі ў клас разам са званком. Стась з пачуццём перавагі паглядзеў на купку хлопцаў, што ліхаманкава спісвалі з нечага сшытка хатняе заданне. У яго такіх праблем няма, таму і можна бесклапотна паганяць лішнюю хвіліну тую бляшанку. «Энцыклапедычныя веды!» — як сказаў напаўжартам хтосьці з настаўнікаў. А калі сур’ёзна, то прачытаныя падчас вайны амаль ад вокладкі да вокладкі дзесяць тамоў «Малой Советской Энцнклопедіін» ды іншыя кнігі сапраўды далі адчувальную фору. Рабіць тыя хатнія заданні, над якімі іншыя б’юцца як галавой аб сцяну, для яго — бы семкі лускаць. Ды і вершы напамяць, здаецца, самі сабой завучваюцца — дастаткова раз-другі прабегчы вачыма па радках...
Праўда, як высветлілася, любы медаль мае і адваротны бок. Стась засвоіў гэтую класічную ісціну, атрымаўшы неяк пасля заняткаў пару добрых кухталёў. Тое, што ён бездакорна («з інтанацыяй», як любяць казаць настаўнікі) прадэкламаваў напамяць велізарны
лермантаўскі верш «Смерць паэта», які больш ніхто з класа так і не адолеў,— гэта зайздроснікі, можа, яшчэ і даравалі б, але тая акалічнасць, што ён з пераможным выглядам працытаваў яшчэ і мудрагелісты эпіграф, ужо ніяк не магла сысці з рук.
Увогуле рэй у класе вялі даволі крутыя. хлопцы. (Дарэчы, тады савецкая педагогіка спавядала прынцып асобнага навучання хлапчукоў і дзяўчынак — іх 13-ая школа была выключна «мужчынскай».) Стась, які дзякуючы хатняй падрыхтоўцы амаль адразу быў залічаны аж у чацвёрты клас, аказаўся там самым малодшым. Многія ж з-за вайны мусілі сесці за парты з вялікім спазненнем. Хто-ніхто паспеў ужо зведаць і партызанскае жыццё, раней за вучнёўскую ручку патрымаць у руках вінтоўку. Воўка Рубежын, напрыклад, выводзіў у лес яўрэйскія сем’і з гета... Засмаліўшы дзе-небудзь у патаемным месцы самакруткі, старэйшыя хлопцы любілі важна распавесці пра свае гераічныя партызанскія будні. I, безумоўна, звысоку пазіралі на такую «малечу», як Стасік. Але і ён закусіў губу: хай пабачаць, што «малеча» таксама нечага вартая! Неўзабаве прыйшлі салодкія хвіліны рэваншу, калі тыя бамбізы, многім з якіх навука давалася туга, усё часцей пачалі прасіць, каб ён даў спісаць задачку ці практыкаванне...
Так, лідэрства ў вучобе ўдалося заваяваць даволі хутка і лёгка. Але тая лёгкасць утойвала і небяспеку... Школа праз нейкі час здалася занадта сумнай установай, бо настаўнікі часцяком распавядалі на ўроках пра тое, што ён і так ужо добра ведаў, пра што даўно прачытаў сам.
— Хопіць, у наступны клас не пайду — буду на друкара вучыцца! — агарошыў ён неяк маці.
Чакаў абурэння, падрыхтаваў ужо аргументы (вялікі ж хлопец, адзіны мужчына ў сям’і, а ўсё матчын хлеб есць), але тая, як ні дзіўна, толькі паціснула плячыма:
— Добра, заўтра пойдзем уладкоўвацца...
У друкарскай вучэльні іх уважліва выслухалі, a потым сівы дзядзька, відаць, старэйшы, разгладзіўшы вусы, разважна сказаў:
— Ведаеш, хлопец, мы цябе за мілую душу возьмем. Але ўмова такая: напачатку сем класаў скончы. Малапісьменных друкароў нам не трэба. Так што чакаем з атэстатам. Вучыся, хлопец!
Толькі праз шмат гадоў Стась даведаецца: напярэдадні маці збегала ў вучэльню: дапамажыце ўкласці сыну розум — няўжо ж ні на што іншае, як у друкарні
1949 год
свінцом дыхаць, ён не варты? Здольны ж хлопец, толькі вось ад рук адбіўся...
Сівы дзядзька, праз чые рукі прайшоў, відаць, не адзін дзесятак падшыванцаў, не пакрыўдзіўся за шчырасць. Згодна кіўнуў галавой:
— Усё, кабета, уладкуем як мае быць...
* * *
У пранізліва-блакітнай марской прасторы плывуць вялікія белыя параходы. Залатым вадаспадам льюцца промні шчодрага паўднёвага сонца. I бронзавая ад загару дзятва з радаснымі клічамі бяжыць насустрач ласкавым хвалям...
Стасю здалося, быццам ён ужо бачыць усё гэта на ўласныя вочы. Але тут цётка-рэдактарка раптам перапыніла паэтычны расказ пра чарнаморскае ўзбярэжжа і строга бліснула акулярамі:
— Дарэчы, ледзь не забылася спытацца: а як у цябе зараз з вучобай? Спадзяюся, усё добра, як і раней?
Сэрца ёкнула. Сказаць шчыра? Тады — бывайце, блакітныя хвалі і белыя параходы!
Ён апусціў вочы і выціснуў:
— Ага... Як і раней...
— Ну, тады добра. Ідзі, хай маці збірае валізку.
Усю дарогу ад Дома друку дахаты яго грызла сумленне. Згадваліся тыя шматлікія ўчынкі апошняга часу, якія зусім не гарманіравалі з правіламі паводзін савецкага школьніка і тым больш не пасавалі юнаму карэспандэнту рэспубліканскай піянерскай газеты.
Складаць заметкі ў газету яму сапраўды падабалася (разгортваеш нумар, а там буйнымі літарамі — «Стаснк ШУШКЕВІ4Ч, деткор»). А вось з вучобай, шчыра кажучы, справы пайшлі зусім наперакасяк. Першапачатковы імпэт неўпрыкмет згас (бадай, якраз таму, што многае давалася занадта лёгка) — і раптам аказалася, што ў жыцці ёсць шмат цікавейшых для хлапчука заняткаў. Напрыклад, калі добра дапячы настаўніцу, яна загадае выйсці з класа, і ты разам з такімі ж свавольнікамі будзеш зухавата ганяць дзе-небудзь у зацішным месцейку ў футбол на зайздрасць тым, хто застаўся карпець над нуднай дыктоўкай.
Апошнім жа разам іх кампанія сцягнула вогнетушыцель і, вырашыўшы пагуляць у «партызанскую засаду», стала падпільноўваць, стаіўшыся на даху двухпавярховай будыніны, якога-небудзь выпадковага прахожага. Добра, што неўзабаве так ніхто і не з’явіўся,
таму чырвоны .балон, які карцела хутчэй пусціць у справу, скарысталі для «святочнага салюту».
Без сумнення — каб у рэдакцыі піянерскай газеты ведалі б хоць пра дзесятую частку ягоных «подзвігаў», не бачыць яму ганаровай пуцёўкі ў «Артэк» як уласных вушэй.
Стась яшчэ раз згадаў ганебную хвілінў, калі салгаў цётцы-рэдактарцы, і даў сабе страшную клятву — стаць узорным савецкім піянерам.
* * *
А потым былі два месяцы казкі. Першы раз ехаў па сапраўднай чыгунцы. Першы раз убачыў Маскву — Красную плошчу, метро... I нарэшце упершыню — мора!
Акрамя паўднёвай экзотыкі, там чакаў яшчэ адзін цуд-
To быў хлеб. Горы, горы хлеба! Духмяныя лусты ляжалі ў хлебніцах на кожным стале: бяры — не хачу.
Дома маці заўжды танютка наразала атрыманы па картцы бохан і выдавала па лустачцы, кожная з якіх, здавалася, прасвечвалася наскрозь. Хлебныя карткі адменяць толькі праз год...
Згадаўшы пра дом, пра маці, ён зноў адчуў сорам: колькі нерваў каштавалі ёй апошнім часам сынавы свавольствы, дрэнныя адзнакі! I вось цяпер ён тут есць ад пуза, а яны там кожную скібку лічаць...
Два месяцы ў «Артэку» прымусілі шмат пра што перадумаць. Вярнуўшыся дадому, Стась сур’ёзна, падаросламу заявіў:
— Ведаеш, мама, я вырашыў стаць іншым чалавекам.
Вядома, ператварыцца ў стопрацэнтна ўзорнага савецкага піянера яму, як і любому нармальнаму хлапчуку, было не пад сілу — такія існавалі толькі на плакатах. Але з вучобай, ва ўсякім разе, праблем з тае пары практычна не ўзнікала.
* * *
Распавядае Станіслава Міхайлаўна ПЕТРУШКЕВІЧ, былая настаўніца 13-ай мінскай школы:
— Быў Стась дзіцем няпростым. У якім сэнсе? Вельмі шмат энергіі, якой пастаянна патрэбна было нейкае выйсце. Іншым разам яна скіроўвалася і не туды, куды трэба. Памятаю, у шостым класе з-за нечага з Абрамам Затурэнскім моцна пабіўся, аж да крыві... Потым, аднак, яны сталі сябрамі, вельмі блізкімі. I дагэтуль сябруюць.
Стась прагна цікавіўся ўсім — шмат чытаў звыш школьнай праграмы, музыкай захапіўся... Наколькі
памятаю, вельмі падабалася яму старажытная гісторыя, міфалогія. Часта браў таксама ў школьнай бібліятэцы прыгодніцкую літаратуру (асабліва Джэка Лондана любіў), свабодна чытаў кнігі на польскай мове. Выдатна пісаў сачыненні — настаўнікі заўжды іх ставілі ў прыклад. Але, безумоўна, найбольшыя здольнасці — асабліва гэта стала бачна ў старэйшых класах — выявіліся ў яго да фізікі і матэматыкі.
3 цягам часу я заўважыла, што ў ягоным характары адбываюцца рэзкія змены,— стаў больш стрыманым, сур’ёзным, адказным за свае ўчынкі. Працаваць з ім у старэйшых класах для настаўнікаў было адно задавальненне. Стаў сярод аднакласнікаў сапраўдным лідэрам, ягонае слова заўжды гучала аўтарытэтна, з яго стараліся браць прыклад.
У нашай школе вучыліся толькі хлопцы, таму на вечарыны запрашалі дзяўчат з суседніх школ. Стась танцаваў то з адной, то з другой, але, здаецца, нікога не вылучаў. Думаю, сардэчныя справы яго тады не надта цікавілі. Нават з выпускнога балю, адкуль усе разыходзіліся парамі, ён пайшоў адзін...
Калі стаў студэнтам, школу не забываў. Мы, шчыра кажучы, часта яго эксплуатавалі — прасілі то разеткі адрамантаваць, то факультатыўныя заняткі правесці.
Даведаўшыся, што наш Стась выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савета, я і парадавалася, і ўздыхнула... Вельмі ужо няўдзячную ношу ўзяў ён на сябе. Што ні кажыце, а палітыка большай часткай робіцца бруднымі рукамі. А ён — іншы. Цяжка яму там...
* * *
— Ну, давай, кавалер, прымервай!
Стась накінуў паліто, старанна зашпіліў на ўсе гузікі. Маці, прыдзірліва агледзеўшы яго, засталася задаволеная сваёй работай. Можа, трохі і свабаднавата пашыта, але ж яно і лепей — навырост. Хто ведае, калі ўдасца справіць наступную абнову... Ды і гэты твор яе кравецкага майстэрства абновай можна было лічыць даволі ўмоўна: зыходным матэрыялам паслужыў прыдбаны на таўкучцы шынель (да таго ж — жаночы). Урэшце гэтая акалічнасць сына, здаецца, не бянтэжыла. Зірнуўшы ў люстэрка, Стась пераканаўся, што дзякуючы тытанічным матчыным намаганням пра паходжанне паліто наўрад ці хто здагадаецца і ўвогуле ён будзе выглядаць цяпер сярод сяброў-шасцікласнікаў сапраўдным зухам. Пра абновы з крамы амаль ніхто з іх тады і не марыў. Насілі найчасцей тое, што даставалася
ад старэйшых,— перашытыя гімнасцёркі, замытыя да няпэўнага колеру світкі, ла