Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Барысаглебская, або Каложская, царква — унікальны помнік горадзенскай школы. XII ст.
городенскші», даследчыкамі лічыцца гродзенскім князем687 . У летапісным жа Гарадзенскім княстве князямі былі Усевалодкавічы, апошні з іх, Мсціслаў, як мы бачылі, упамінаецца ў 1184 г., і наўрад ці можна дапусціць, каб тут умацаваўся прадстаўнік полацкай дынастыі, якім быў Ізяслаў Васількавіч. Вось чаму, калі лічыць гродзенскімі князямі Усевалодкавічаў, то да ліку гродзенскіх нельга адносіць Ізяслава Васількавіча і наадварот. На наш погляд, нельга толькі на падставе наймення «гарадзенскі» адносіць упэўнена каго-небудзь да гродзенскіх князёў. Гарадзенаў, як і Гародных, у той час было нямала, і таму да іх геаграфічнай лакалізацыі трэба падыходзіць вельмі асцярожна, улічваючы ўсе іншыя даныя. Такім чынам, пытанне аб месцазнаходжанні Гарадзенскага княства мы лічым праблематычным, яно патрабуе далейшага даследавання. Мы нават не ўпэўненыя, што яно абавязкова было на тэрыторыі Беларусі. Але дзе б ні знаходзілася гэтае княства, яно, калі меркаваць па актыўным удзеле яго ў падзеях 20—80-х гадоў XII ст., было, відаць, магутнае. Заслугоўвае ўвагі выраз «гарадзенскія князі», што можа ўказваць на наяўнасць удзелаў у гэтым княстве. Гэтак жа з’яўляецца паказальным і тое, што ў ім, бясспрэчна, умацавалася дынастыя Усевалодкавічаў, што можа ўказваць на вялікую ступень яго палітычнай самастойнасці.
У В. Тацішчава пад 1182 г. мы знаходзім паведамленне, якога няма ні ў адным з летапісаў. Тут ідзе гаворка аб узаемнай барацьбе князёў — драгічынскага Васількі Яраполкавіча і менскага Уладзіміркі Валадаравіча. У выніку варожасці з боку апошняга Васілька, узяўшы на дапамогу палякаў і мазаўшанаў, пайшоў да Берасця. Каля ракі Буг Уладзімірка сустрэў яго, і адбылася жорсткая бойка. Уладзімірка, страціўшы шмат людзей, пайшоў у Менск, а Васілька ўзяў Берасце. Аднак, баючыся сам тут быць, пакінуў у горадзе палякаў на чале са сваім шваграм мазавецкім князем, вярнуўся ў Драгічын (Падляскі). А Уладзімірка, сабраўшы войска і ўзяўшы дапамогу ад палачанаў, зноў пайшоў да Берасця і праз дзевяць дзён узяў яго, пабіўшы шмат палякаў, а пасля рушыў на Падляшша на Васільку, які з немалым войскам з палякаў стаяў на Нуры за Драгічынам. Уладзімірка, наступаючы на яго, біўся ад раніцы да вечара. Палякі, убачыўшы шмат стратаў ад жорсткага бою, сталі адступаць да лесу. А Уладзімірка, прыйшоўшы ў ярасць, амаль усіх перабіў, і Васілька вымушаны быў з малой колькасцю воінаў ісці да свайго цесця Лешкі. Апошні, адразу сабраўшы войска, пайшоў на Уладзімірку і прымусіў яго пакінуць Падляшша, вобласць Васількаву688.
Арнаменты на крыжы Ефрасінні Полацкай
В. Тацішчаў заўважыў, што гэты ўрывак быў унесены летапісцам у Полацкай зямлі689. He ўсе даследчыкі сыходзіліся ў ацэнцы праўдзівасці гэтага паведамлення. Адны (В. Данілевіч, М. Доўнар-Запольскі) поўнасцю абвяргалі яго, іншыя (А. Андрыяшаў) лічылі яго праўдзівым. Праўда, спрэчка тут ідзе найперш пра асобу менскага князя Уладзіміркі Валадаравіча. М. Доўнар-Запольскі лічыў, што В. Тацішчаў няўважліва прачытаў летапіс і замест «пінскі» прачытаў «мінскі»690. I гэта гучыць нібыта пераканаўча. Але тут жа паўстае пытанне: «А ці быў і нават ці мог быць такі пінскі князь у гэты час?» На жаль, гэтага пытання даследчыкі не ставілі. А адказ на яго хутчэй за ўсё будзе адмоўны, бо пад 1183 г. Іпацьеўскі летапіс называе пінскім князем Яраслава691, які разам з іншымі князямі хадзіў на полаўцаў. Наўрад ці за год да гэтага мог у Пінску князяваць Уладзімірка Валадаравіч, асабліва калі ўлічыць, што ў тураўскіх удзелах князямі былі нашчадкі Юрыя Яраславіча. Усё гэта змушае сумнявацца ў тым, што Уладзімірка Валадаравіч быў пінскім князем. Праўда, усе абставіны выкладзенай В. Тацішчавым гісторыі хутчэй за ўсё маглі адносіцца да Пінскага княства. Менавіта непасрэдна яно магло весці барацьбу за Берасце. Аднак цяжка сабе ўявіць, чаму гэтыя падзеі не знайшлі свайго адбіцця ў галіцка-валынскім летапісанні, дзе б ім найперш і належала быць зафіксаванымі. Але адзначанае не дае падставы лічыць Уладзімірку менскім князем. Хоць у карысць гэтага можа гаварыць яго імя па бацьку — Валадаравіч (г. зн. ён мог быць сынам вядомага нам менскага князя Валадара Глебавіча), а таксама і тое, што ён прасіў дапамогу
Крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы
ў палачан. Выказваецца нават думка, што гэты Уладзімірка быў пазней полацкім князем і што менавіта ён фігуруе ў «Хроніцы Лівоніі» пад імем караля Вальдэмара. Аднак А. Андрыяшаў, які лічыў Уладзімірку менскім князем, вымушаны быў адзначыць недарэчнасць некаторых момантаў гэтай гісторыі, і найперш ён указаў на выраз: «...прннуднл (Уладзімірка.— М. Е.) его (Васільку.— М. Е.), оставя Подляшне, область Васнлькову, выттн к Бресту, за реку Буг», з чаго можна заключыць, што Берасце лічылася ўладаннем Уладзіміркі Менскага, што не пацвярджаецца ніякімі іншымі фактамі6 . Як бачым, указанае тацішчаўскае апавяданне немагчыма аднесці ні да менскай, ні да пінскай гісторыі 80-х гадоў XII ст. Застаецца меркаваць, што тут было заблытана датаванне і, магчыма, гэтыя падзеі адбываліся на сто гадоў пазней, калі сапраўды ішла доўгая барацьба за Берасце.
Заканчваючы разгляд беларускай гісторыі XII ст., хацелася яшчэ звярнуць увагу на высокае развіццё культуры ў нашых старажытных землях у гэты час. Мы не будзем прыводзіць у пацвярджэнне гэтага багаты археалагічны матэрыял, які ярка сведчыць аб высокім узроўні разнастайных рамёстваў. Для нас асабліва важна падкрэсліць, што менавіта ў гэты час з’явіліся першыя імёны нашых выдатных культур ных дзеячаў. Гэта найперш — Ефрасіння Полацкая, з якой звязана і пашырэнне кнігі ў нашым краі, і заснаванне сі-
стэматычнай асветы, і, магчыма, нашага летапісання. 3 Ефрасінняй Полацкай шчыльна звязана і імя дойліда Іаана, якому належыць стварэнне СпасаЕфрасіннеўскай і Барысаглебскай цэркваў, Бельчыцкага манастыра і, магчыма, іншых пабудоў, што сталі фундаметнам арыгінальнай полацкай архітэктуры. Для Ефрасінні па яе заказу зрабіў крыж выдатны полацкі майстар Лазар Богша. На жаль, гэтая наша вялікая святыня знікла ў апошнюю вайну, што, бясспрэчна, з’яўляецца неацэннай стратай. Тураў таксама даў аднаго з выдатнейшых дзеячаў нашага старажытнага пісьменства — епіскапа Кірылу, ад якога, на шчасце, засталося параўнаўча з іншымі тагачаснымі пісьменнікамі нямала твораў. У гэтых адносінах зусім не пашанцавала Кліменту Смаляцічу. Ад яго да нас дайшоў толькі адзін твор — «Пасланне прэсвітэру Фаме»,— які тым не менш выяўляе ў яго аўтару выключна адукаванага чалавека. Нездарма ж у летапісе было сказана, што ён «быў кніжнікам і філосафам, якіх на Русі не было яшчэ». Да ліку выдатных культурных дзеячаў XII ст. трэба аднесці і смаленскага князя Рамана Расціславіча, які сам любіў кнігі і заснаваў шмат вучылішчаў у Смаленску, на што траціў шмат сродкаў, і таму на пахаванне яго прыйшлося рабіць зборы з жыхароў Смаленска. Заслугоўвае ўвагі яшчэ і тое, што адзначаныя культурныя дзеячы сваю высокую адукацыю і майстэрства змаглі атрымаць у сябе дома, не выязджаючы ў чужыя краі, напрыклад у Візантыю. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі былі багатыя нашы духоўныя скарбы ў гэты час, якія сталі ў далейшым грунтам для няспыннага развіцця культуры Беларусі.
БЕЛАРУСЬ
У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ
XIII
СТАГОДДЗЯ
ЗА КРЫЖАМ ПРАПАВЕДНІКА — МЕЧ ЗАВАЕЎНІКА
Мы ўжо бачылі, наколькі беднымі і ўрыўкавымі былі звесткі рускіх летапісаў пра Полаччыну ў канцы XII ст. Яшчэ ў болыпай меры гэта адносіцца і да пачатку XIII ст. I вось гэты прагал у значнай ступені запаўняюць Лівонскія хронікі, і ў першую чаргу «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага. Менавіта некаторыя яе звесткі і праліваюць святло на зацемненыя старонкі гісторыі Полаччыны, асабліва што датычыць яе пранікнення ў Ніжняе Падзвінне.
Заходняя Дзвіна была першай і галоўнай гістарычнай дарогай Полаччыны, і таму натуральна, што палачане імкнуліся ўсё далей і далей пранікнуць на захад да самага Балтыйскага мора. Але калі быў пакладзены гэтаму пачатак? У свой час Э. Банэль выказваў думку, што яшчэ каля 980 г. палачане маглі ўжо валодаць умацаванымі пунктамі ў Ніжнім Падзвінні, якімі маглі быць Герцыке, Кукенойс і Ашэрадэн693. Указваючы на гэтае меркаванне, В. Данілевіч зазначыў, што яно хоць і не пацверджана ніякімі фактамі, але можа быць прызнана даволі верагодным694. I з гэтым можна пагадзіцца. Тут дарэчы будзе нагадаць тое, што пры сваім рассяленні крывічы пакінулі досыць значныя свае калоніі ў раёне Дзвінска, пра што яскрава сведчыць тапаніміка695. Зразумела, што гэтыя і іншыя крывіцкія паселішчы, якія ўзніклі раней за Полацк на захад ад яго, маглі ў далейшым з’явіцца для палачанаў плацдармамі іх уладарання ў Ніжнім Падзвінні. Разглядаючы дзейнасць Усяслава Чарадзея, мы ўказвалі на магчымасць таго, што гэты князь ужо ўладарыў над Ніжнім Падзвіннем, што і з’яўлялася адной з асноў вайсковай сілы Полацкага княства.
Вядома, толькі мірным шляхам нельга было падначаліць Ніжняе Падзвінне. Яго плямёны аказвалі супраціўленне полацкаму ўладаранню і нават выходзілі з-пад яго, як гэта было з земгаламі ў 1106 г., супраць якіх пайшло вялізнае аб’яднйнае полацкае войска. I ўсё ж, нягледзячы на паасобныя няўдачы, Полацк змог трымаць у сваім падначаленні
ніжнядзвінскія плямёны, аб чым мы можам меркаваць хоць бы па ўдзелу ліваў у паходзе полацкіх князёў на Друцк. I тым не менш усе гэтыя звесткі рускіх летапісаў трэба лічыць толькі ўскоснымі сведчаннямі аб прыналежнасці Полацку Ніжняга Падзвіння. Толькі Лівонскія хронікі і іншыя пісьмовыя дакументы заходняга паходжання далі непасрэднае пацвярджэнне гэтаму факту, аб чым мы ўжо гаварылі, разглядаючы падзеі 1186 г. У гэтых крыніцах мы знаходзім і канкрэтныя ўказанні на полацкія ўдзелы ў Ніжнім Падзвінні, якімі былі Герцыке і Кукенойс. У іх цэнтрах наяўнасць славянскага насельніцтва побач з селамі і летгаламі засведчылі і археалагічныя даследаванні696. Што ж сабой уяўлялі гэтыя гарады і іх удзелы?
Герцыке, відаць, з’яўляўся адным з першых фарпостаў Полацка ў Ніжнім Падзвінні. Калі ў ім магутныя ўмацаванні ўжо былі ў X ст., як сведчыць археалогія697, то трэба лічыць абгрунтаваным меркаванне аб пранікненні палачанаў ужо ў той час у гэты рэгіён Дзвіны. Упершыню ў «Хроніцы Лівоніі» Герцыке ўпамінаецца пад 1203 г. На пачатку XIII ст. ён уяўляў сабой досыць багаты горад, у якім было некалькі праваслаўных цэркваў з дарагім убраннем, а таксама шмат срэбра, дарагога адзення, жывёлы, грошай і іншага дабра. Горад з’яўляўся рэзідэнцыяй князя, якога Генрых Латвійскі нават называе «каралём»698. Кукенойс (Кокнесе) знаходзіўся далей ад Герцыке на захад (ад Полацка за 338 км). Ён, відаць, узнік пазней, магчыма, у XI ст. Упершыню са сваім князем Вячкам, які таксама называецца каралём, упомнены ў «Хроніцы Лівоніі» пад 1205 г.699, а пад 1206 г. ён названы рускім горадам700, што ясна ўказвае на яго прыналежнасць Полацку. Дадзеныя археалогіі характарызуюць яго як сапраўдны горад, г. зн. гандлёва-рамесніцкі цэнтр. Як лічаць даследчыкі, ён, накшталт Герцыке, быў месцам, куды сцякалася даніна з мясцовых плямёнаў701.