Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Як пакажа далейшы разгляд полацкіх падзей, ніжнядзвінскія ўдзелы, князі якіх паходзілі з роду Ізяславічаў, залежалі ад Полацка, але ўсё ж карысталіся вялікай доляй свабоды як ва ўнутраных справах, так і ў знешніх зносінах. Можна пагадзіцца з думкай, што іх улада абмяжоўвалася невялікай тэрыторыяй, якая прымыкала да цэнтраў удзелаў, а ўся астатняя тэрыторыя Ніжняга Падзвіння ўпраўлялася тубыльцамі — старэйшынамі, якія падначальваліся непасрэдна полацкаму князю'02.
Трэба адзначыць, што залежнасць Ніжняга Падзвіння ад Полацка засведчана, апроч «Хронікі Лівоніі», і іншымі тагачаснымі дакументамі. Так папа Клімент III зацвердзіў біскупства Ікескюль «у Рутэніі», Урбан III у 1264 г. лічыў
Герцыке. Рэчы XI—XIII стст.
усходнюю Латгалію ляжачай «у Русіі»703. Што разумелася пад Русіяй тут, добра засведчыў Арнольд Любецкі, які пісаў: «Кароль Русіі з Полацка меў звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў»704. Указаныя факты яскрава сведчаць, што полацкая ўлада ў Ніжнім Падзвінні з’яўлялася тут старэйшай дзяржаўнай уладай, што князі Полацка былі не толькі фактычнымі ўладарамі ліваў і іншых плямёнаў, якія жылі тут, але і юрыдычна прызнаваліся ў гэтай якасці нават сваімі праціўнікамі і супернікамі, у прыватнасці крыжакамі. Трэба звярнуць увагу і на тое, што сляды працяглага полацкага ўплыву добра захаваліся ў грамадска-палітычнай і культурнай лексіцы мясцовых моваў, а таксама ў тапаніміцы.
Праўда, усе звесткі лівонскіх крыніц аб полацкай уладзе над Ніжнім Падзвіннем звязаны з яе заканчэннем тут. Да разгляду падзей, якія прывялі да гэтага, мы і пяройдзем.
Вышэй ужо адзначалася, што ў 1186 г. полацкі князь «Вальдэмар» даў дазвол нямецкаму місіянеру Мейнарду на яго дзейнасць сярод ліваў, не ўбачыўшы яе сумных вынікаў у будучым для Полацка. Дзейнасць Мейнарда, хоць і працякала цэлае дзесяцігоддзе да самай яго смерці ў 1196 г., не была паспяховай, гэтак жа як і яго наступніка Бертольда, забітага язычнікамі ў 1198 г. I толькі з пачатку дзейнасці біскупа Альберта асабліва яўна выявілася нямецкая пагроза
для Полацка. Менавіта ім у 1201 г. і была ўзведзена ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыга. Вельмі паказальна, што з гэтай сумнай падзеі і пачынаецца полацкая гісторыя XIII ст., што як бы сімвалізавала далейшы цяжкі лёс Полаччыны. Сапраўды, заснаванне Рыгі ў вусці Заходняй Дзвіны з’явілася найболыпым ударам па інтарэсах Полацка, бо крыжакі замыкалі яго галоўную жыццёвую артэрыю, якой была Заходняя Дзвіна. Што вусце гэтай ракі належала Полацку — бясспрэчны факт, які доўга трымаўся ў памяці палачан. Яшчэ ў пачатку XVI ст. радныя паны Вялікага княства Літоўскага пісалі лівонскаму магістру Плятэнбергу, што калі «ён (вялікі маскоўскі князь Васілій III.— М. Е.) паспее завалодаць нашымі крэпасцямі — Смаленскам, Полацкам, Віцебскам, Мсціслаўлем і Оршаю, то вы не зможаце быць у бяспецы, тым болып што, на думку палачан, межы іх краіны распасціраліся па Дзвіне аж да самага мора, што ваш горад Рыга пабудаваны на іх зямлі»'05.
Зразумела, што ўмацаванне крыжакоў у вусці Заходняй Дзвіны не магло не прывесці да барацьбы Полацка з крыжакамі, якія сваімі дзеяннямі нішчылі полацкую ўладу над Ніжнім Падзвіннем.
Наступным крокам біскупа Альберта была арганізацыя ў 1202 г. са згоды рымскага папы адмысловага крыжацкага Ордэна мечаносцаў, ці, як яго інакш называлі, Лівонскага ордэна, для паспяховага заваявання ніжнядзвінскіх земляў і хрысціянізацыі іх насельніцтва. Такім чынам, Полацку прыйшлося мець справу з добра арганізаванай і таму моцнай агрэсіўнай сілай.
I вось у наступны, 1203 год адбылася першая сутычка Полацка з Ордэнам. У «Хроніцы Лівоніі» мы чытаем пра гэта: «Полацкі кароль Вальдэмар раптоўна з’явіўся з войскам у Лівонію, аблажыўшы замак Ікесколу (недалёка на ўсход ад Рыгі.— М. Е.). Няўзброеныя лівы не адважыліся супраціўляцца і паабяцалі даць яму грошы. Пасля гэтага, атрымаўшы даніну, кароль спыніў аблогу. Між тым тэўтоны, пасланыя біскупам з самастрэламі і іншай зброяй, занялі замак Гольм, і, калі прыйшоў кароль, каб аблажыць і гэты апошні, яны паранілі ў яго шмат коней і змусілі да ўцёкаў русаў, якія не рашыліся пад абстрэлам перайсці Дзвіну»70 . Як бачым, першая ж баявая сустрэча з крыжакамі закончылася паражэннем для палачан з прычыны больш дасканалай нямецкай зброі. Звяртае на сябе ўвагу вялікае значэнне конніцы ў полацкім войску, якое, магчыма, толькі з яе і скла далася.
У свой час у навуковай літаратуры ставілася пытанне, што было повадам для наступальных дзеянняў полацкага
Рэшткі гарадзішча і замка ў Кукенойсе. Гравюра XIX ст.
князя супроць крыжакоў у 1203 г. Ф. Кейслер лічыў вялікай памылкай з боку «Вальдэмара», што ён не ўвайшоў у згоду з лівамі і не толькі не схіліў іх на свой бок, але яшчэ і абклаў іх кантрыбуцыяй. Э. Банэль меркаваў, што полацкі князь помсціў за забойства полацкага купца і за абмежаванне плавання па Дзвіне, што, вядома, слушна. У той жа час мае рацыю і С. Салаўёў, які сцвярджаў, што «полацкія князі прывыклі хадзіць вайной на чудзь (відаць, пад ёй разумеліся лівы, што належалі да фінаў-чудзі.— М. Е.) і браць з яе даніну сілаю, калі яна не хацела плаціць яе добраахвотна. Гэтаксама яны хацелі цяпер дзейнічаць супроць немцаў». Пацвярджэнне гэтай думкі мы знаходзім у Арнольда Любецкага, выказванне якога мы часткова ўжо прыводзілі, а зараз даём яго поўнасцю: «Кароль русаў з Полацку меў за звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў, а біскуп у ёй адмаўляў яму. Ад гэтага ён часта рабіў жорсткія напады на тую зямлю і ўпомнены горад» (маецца на ўвазе Рыга). Карацей кажучы, біскуп забараніў лівам плаціць даніну Полацку, што і выклікала раптоўны паход яго князя.
Гэты факт яшчэ засведчыў і тое, што даніну з ліваў, як відаць, і з іншых прыбалтыйскіх плямёнаў непасрэдна збіраў полацкі князь, які, такім чынам, быў іх уладаром.
Адразу пасля паведамлення аб адступленні полацкага князя ў «Хроніцы Лівоніі» гаворыцца, што кароль Герцыке (ён не названы тут па імені, але з далейшага мы ведаем, што гэта быў Усевалад), падышоўшы да Рыгі з летонамі, забраў жывёлу гараджан, якая была на пашы, захапіў двух свята-
роў, што пілавалі з пілігрымамі лес, а аднаго, які разам з гараджанамі пагнаўся за князем, забіў707. Нельга не заўважыць сувязь гэтага факта з папярэднім. Ясна, што дзеянні полацкага і герцыкскага князёў былі ўзгодненымі. Болей за тое, улічваючы вялікую адлегласць Герцыке ад Рыгі, куды наўрад ці пайшоў бы самастойна Усевалад, можна думаць, што полацкі князь па дарозе на ліваў захапіў з сабою і герцыкскага князя, атрад якога, такім чынам, быў дапаможнай сілай і помсціў крыжакам за няўдачу палачан.
Трэба зазначыць, што ў гэтым паведамленні трохі здзіўляе адзін факт, а менавіта тое, што Усевалад ішоў на Рыгу з літоўцамі. Так мы чытаем у перакладзе, а ў арыгінале апошнія называюцца «Lethones»7 . У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а ці правільным тут з’яўляецца пераклад, бо на латыні літоўцы — lithuani, а па-нямецку — Litauer7 . Калі ў апошніх мы бачым адэкватнасць, якая выяўляецца і ў сугучнасці, то гэтага няма паміж летонамі і літоўцамі. Магчыма, што ў «Хроніцы Лівоніі» пад летонамі не ўсюды разумеецца тое самае племя. Ва ўсякім разе, у дадзеным выпадку цяжка зразумець, чаму Усевалад ішоў разам з літоўцамі, калі Герцыке знаходзіўся на тэрыторыі, населенай земігаламі, латгаламі і куронамі. У далейшым мы таксама яшчэ ўкажам на факты, якія супярэчаць атаясамленню летонаў з літоўцамі.
Падзеі 1203 г. азначалі сабою пачатак адкрытай вайны паміж Полацкам і крыжакамі. Важнае значэнне для зыходу яе мелі адносіны да ваюючых бакоў мясцовага насельніцтва. Найперш трэба адзначыць, што досыць вялікая тэрыторыя Ніжняга Падзвіння не была ўсюды ў аднолькавай меры асвоена полацкай уладай. Відаць, болей за ўсё апошняя адчувалася ў прыбярэжнай з Дзвіной паласе, у той час як у аддаленай тэрыторыі яе прысутнасць не была такой відавочнай. Полацкая ўлада, як гэта відаць з крыніц, выяўлялася найперш у збіранні даніны і аказанні Полацку вайсковай дапамогі. Ва ўсім астатнім плямёны кіраваліся сваімі старэйшынамі і самастойна вялі войны і заключалі саюзы з суседзямі. Зразумела, любая іншаземная ўлада — ці яна моцная, ці яна слабая — непрымальная для пакоранага народа. Таму і полацкае ўладаранне не магло карыстацца асаблівай сімпатыяй тубыльцаў. Аднак справа змянілася з наступленнем крыжакоў. Іх добра арганізаваная ўлада з яе паслядоўнасцю і разнастайнымі метадамі прыгнечання, з яе сталым сістэматычным уціскам у параўнанні з менш арганізаванай полацкай уладай успрымалася прыбалтыйскімі плямёнамі выключна жорсткай і таму з’яўлялася для іх большым злом, чым ранейшая. Асабліва важнае значэнне мела і тое, што
палачане не прымушалі залежныя ад іх язычніцкія плямёны Прыбалтыкі пераходзіць у хрысціянства. Гэтым асабліва дакаралі крыжакі полацкіх князёў, якія, маўляў, «стараюцца пакарыць краіны не для адраджэння праз веру Хрыстову, а дзеля падаткаў і здабычы»710. Адсюль зразумела, што пад уплывам такіх акалічнасцей і маглі змяніцца адносіны да полацкай улады насельніцтва Прыбалтыкі, у першую чаргу ліваў, якія адразу з’явіліся аб’ектам нямецкай агрэсіі і таму пачалі глядзець на полацкага князя як на моцную апору ў іх барацьбе з крыжакамі. Гэтым і было выклікана з’яўленне таемнага ад немцаў ліўскага пасольства ў Полацку ў 1206 г., якое хацела схіліць караля да выгнання тэўтонаў. Лівы скардзіліся, што біскуп з яго прыхільнікамі ім у вялікі цяжар, а прыгнёт веры для іх нясцерпны. Даведаўшыся пра гэта, кароль загадаў усім, хто знаходзіўся ў яго каралеўстве, як мага хутчэй рыхтавацца да паходу, каб, узяўшы неабходнае ў дарогу, на караблі ці на плытах з бярвення па цячэнні ракі хутка і зручна падысці да Рыгі. (Звернем увагу на перамяшчэнне полацкага войска па вадзе — не толькі на караблях, але і на плытах.) Аднак у далейшым падзеі набываюць амаль дэтэктыўны характар. Справа ў тым, што біскуп Альберт, бачачы супраціўленне ліваў і разумеючы цяжкасць барацьбы з імі, вырашыў задобрыць полацкага князя і гэтым самым нейтралізаваць яго і з такой мэтай накіраваў да яго пасольства на чале з абатам Тэадорыхам, які павінен быў падарыць каралю баявога каня з узбраеннем (па дарозе гэтыя дары адабралі летоны). Калі тэўтонскае пасольства з’явілася да полацкага караля, то ён наладзіў яму вочную стаўку з лівамі. I на запэўненне тэўтонаў, што прыйшлі дзеля міру і дружбы, лівы заявілі, што тэўтоны не захоўваюць міру. Баючыся выявіць свае тайныя намеры, кароль загадаў немцам выйсці і чакаць на двары. I вось у гэты час абату ўдалося дарамі і грашыма падкупіць аднаго з каралеўскіх дарадцаў, які і выдаў план (маецца на ўвазе план паходу на Рыгу), што трымаўся ў тайне. Даведаўшыся, што ў Полацку ёсць жабрак з Гольма, абат наймае яго і загадвае яму даставіць ліст біскупу і гэтым самым паведаміць аб усім, што ён выведаў у Полацку. Пасля атрымання гэтых вестак многія пілігрымы, што меліся адплыць за мора, вярнуліся назад разам з біскупам. У сваю чаргу і полацкі кароль даведаўся пра ўчынак абата, пазваў яго да сябе і спытаўся, ці пасылаў ён ганца ў Рыгу. Абат прызнаўся ў гэтым. Пасля паслы, што суправаджалі Тэадорыха, сталі ўгаворваць яго адмовіцца ад свайго прызнання, аднак ён, ведаючы, што «слова — не верабей, выпусціш — не зловіш», не хацеў гэтага рабіць. Полацкі кароль, зразумеўшы, што