Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Найперш звернем увагу на тое, як, прыкрываючыся вучэннем Хрыста, Ордэн белае ператвараў у чорнае і наадварот. Тое, што полацкі князь не наварочваў гвалтоўна сваіх падданых у хрысціянства, ставілася яму ў віну, у той час як адваротныя дзеянні Ордэна аб’яўляліся справай выключна богаўгоднай. Але пяройдзем да
разгляду гэтага ўрыўка «Хронікі». Бясспрэчна, што ён адбіў у сябе далейшае... адступленне Полацка з Прыбалтыкі. Яго князь ужыў тут розныя сродкі націску на біскупа — ад славеснай пагрозы да пагрозы вайсковай сілай,— каб утрымацца ў Лівоніі, аднак вымушаны быў адступіцца ад ліўскай даніны. Немалаважнае значэнне ў гэтым, відаць, мела і хітрая палітыка Ордэна ў падбухторванні ім ліваў супроць Полацка. Менавіта біскуп і згаджаўся на атрыманне яго князем даніны з ліваў, каб гэтым самым настроіць іх супроць свайго ранейшага ўладара. Нездарма ж незадоўга перад гэтым біскуп зменшыў памер дзесяціны з ліваў для Полацка728, чым, вядома, у пэўнай ступені задобрыў іх.
Адной з прычын уступак Полацку, паводле «Хронікі», з’яўлялася летонская пагроза яму. Але, як і раней, Ордэн толькі страшыў ёю Полацк, бо, як мы ведаем з папярэдняга, літва, калі толькі яе разумець пад летонамі, была заўсёды саюзніцай Полацка, што выдатна выявілася праз тры гады, калі ў войску полацкага князя, які збіраўся на Рыгу, былі і летоны.
Праз некаторы час Ордэн канчаткова расправіўся і з Герцыке.
Рыцары з Кукенойса вінавацілі князя Герцыке Усевалада ў тым, што ён ужо шмат гадоў не з’яўляўся да айца свайго біскупа пасля таго, як атрымаў ад яго сваё каралеўства, а ў той жа час заўсёды дапамагае летонам і парадай і справай. Яны (г. зн. рыцары) не раз звярталіся да яго, патрабуючы задавальнення, але той, не звяртаючы на гэта ўвагі, і сам не з’яўляўся, і з адказам не прысылаў. Тады рыцары, спытаўшыся спачатку парады ў біскупа, сабраліся са слугамі сваімі і лэтамі і пайшлі ўверх па Дзвіне. Паблізу замка Герцыке яны злавілі аднаго з русаў, звязалі і ноччу пацягнулі з сабой да замка. Ён першы, як было загадана, перабраўся праз роў і загаварыў з вартавым, а іншыя па адным ішлі за ім. Вартавы думаў, што гэта ідуць свае га раджане, якія выйшлі з замка, а яны між тым адзін за адным узбіраліся наверх, пакуль нарэшце ўсе не апынуліся ў верхняй частцы ўмацавання. Тады, сабраўшыся разам, яны акружылі замак па ўсяму валу і нікому з русаў не давалі выйсці адтуль, пакуль не развіднела. На досвітку яны сышлі ў замак і захапілі ўсё, што было там. Многіх узялі ў палон, а іншым не перашкаджалі бегчы. 3 вялікай здабычай рыцары пакінулі замак, а вярнуўшыся дадому, усё захопленае падзялілі паміж сабою'29.
Як бачым, «Хроніка» мімаволі паказала беспадстаўнасць сваіх сцверджанняў аб узаемаварожых адносінах летонаў і палачанаў. Усеваладу найперш быў пастаўлены ў віну яго
саюз з летонамі. I які ўжо раз выявілася спрадвечная полацкая тактыка: пад знешняй пакорлівасцю хаваць цвёрдую непакорнасць. Усё гэта, разам узятае, і з’явілася прычынай жорсткай расправы рыцараў з Герцыке. Чамусьці тут нічога не гаворыцца пра князя Усевалада, і таму ствараецца ўражанне, што яго ў гэты час не было ў замку. Аднак ён па-ранейшаму заставаўся князем у Герцыке, бо ў тым жа 1214 г. супроць яго зноў выступілі рыцары. Дачуўшыся пра гэта, Усевалад паслаў ганцоў да летонаў. Яны з’явіліся і сталі чакаць за Дзвіной. Між тым тыя, што былі з Мейнардам (ён узначальваў паход), не ведаючы пра гэта, прыйшлі і ўзялі Герцыке, захапіўшы вялікую здабычу, коней і іншую жывёлу. Тут, на другім беразе, з’явіліся летоны і прасілі даць ім судны для пераезду, каб перагаварыць пра ўзнаўленне міру. Цалкам даверыўшыся іх словам, далі ім судны, і летоны адразу сталі перапраўляцца, адны другіх перавозілі, і з’яўлялася іх усё болей і болей. Нарэшце ўсё войска кінулася ў Дзвіну і паплыло да рыцараў. Калі тыя ўбачылі такую масу ворагаў, яны не рашыліся дачакацца сутычкі: адны спусціліся на караблях уніз па Дзвіне і непашкоджаныя вярнуліся ў Кукенойс, іншыя ж, вяртаючыся з лэтамі сухой дарогай, падпалі нападу летонаў з тылу, прычым лэты, бачачы малалікасць сваіх, тут жа пусціліся наўцёкі730. Пасля гэтага эпізоду Усевалад надоўга знікае са старонак «Хронікі» (да 1225 г.). Мяркуючы па тым, што актам 1224 г. ён аддае рыцару Конраду фон Меендорфу ў лен палову сваёй часткі княства Герцыке, а затым з’яўляецца да папскага легата ў 1225 г. і тытулуецца ў «Хроніцы» як «кароль Герцыке», можна думаць, што поўнасцю сваіх правоў на Герцыке ён не страціў. Уладанні яго не былі, відаць, захоплены як ваенная здабыча і не канфіскаваны ў карысць біскупа за мяцеж. Некаторыя даследчыкі (М. Таўбе) лічылі, што пасля 1215 г. Усевалад адышоў на Русь, але яго ўладальніцкія правы прызнаваліся асцярожным дыпламатам біскупам рыжскім. А пасля ў ліку іншых спрэчных пытанняў былі ўладжаны і адносіны з Усеваладам, які вярнуўся ў Герцыке ў 1225 г. Ен зноў уступіў ва ўладанне сваёй часткай княства, якая пасля яго смерці перайшла да яго законных (па шлюбу дачкі) нашчадкаў — да роду Ікескюль. Такая «гуманнасць» да Усевалада зразумелая: захопнікам больш выгадна «ўнаследаваць» легальна, чым у будучым сілай абараняць захопленае731. Але зразумела, што ўжо ў 1214 г. Герцыке як фарпост Полацка ў Ніжнім Падзвінні страчвае сваё значэнне. Для Полацка гэта было яшчэ адным цяжкім крокам адступлення з Прыбалтыкі.
I ўсё ж, нягледзячы на гэта, Полацк па-ранейшаму за-
ставаўся ў вачах народаў Прыбалтыкі іх надзейным абаронцам. Вось чаму эсты, якія вялі ў гэты час упартую барацьбу з тэўтонамі, звярнуліся пасля вялікадня 1216 г. да полацкага князя Вальдэмара з просьбай, каб ён са шматлікім войскам прыйшоў абкладваць Рыгу. Самі яны абяцалі ў гэты час цясніць вайной ліваў і лэтаў, а таксама заперці гавань у Дынамюндэ. Такая задума эстаў, якая прадугледжвала наступленне на тэўтонаў з двух бакоў і практычна іх акружэнне, спадабалася полацкаму каралю, тым больш што ён, паводле «Хронікі», заўсёды імкнуўся разбураць лівонскую царкву. I таму паслаў ён у «Русію» і «Летонію» (Літву?) і склікаў вялікае войска з русаў (палачанаў) і «летонаў». Калі ўжо ўсё было ў поўнай гатоўнасці і кароль збіраўся ўзысці на карабель, каб ехаць з войскам, ён раптам паваліўся беспрытомна і памёр адразу, а войска яго рассеялася і вярнулася ў сваю зямлю732.
Вядома ж, для крыжакоў раптоўная смерць полацкага князя не была нечаканая. 3 найбольшай доляй верагоднасці можна меркаваць, што ён быў атручаны, у выніку чаго і сарваўся яго паход. Праўда, цяжка сказаць, ці быў бы ён удалы, калі б і адбыўся. Крыжакі, калі ім стаў вядомы план наступлення на Рыгу, загадзя зрабілі ўсё, каб прывесці яго да няўдачы. У прыватнасці, яны прынялі захады супроць блакады рыжскай гавані. Даведаўшыся пра гэта, а таксама пра смерць полацкага князя, эзельскія эсты адмовіліся ісці на Рыгу і напалі на лэтаў, якія дапамагалі крыжакам733. Але, незалежна ад таго, які фінал меў бы паход полацкага князя, ён бы прынёс нямала клопатаў крыжакам, і яны пастараліся, каб ён быў спынены ў самым пачатку. Тэўтоны добра бачылі, што полацкі князь займаў ключавое месца ў адпоры нямецкай агрэсіі, і таму імі былі прыняты ўсе захады, каб ад яго пазбавіцца.
Са смерцю князя «Вальдэмара» як бы закончыўся першы акт трагедыі полацкага адступлення з Ніжняга Падзвіння. Прычыны яе ўжо ўказваліся. Цяпер коратка прааналізуем іх. Тут найперш сказалася недаацэнка Полацкам, як і іншымі суседнімі краінамі, выключнай небяспекі крыжацкай агрэсіі, што дало магчымасць апошнім з самага пачатку заняць моцныя плацдармы для далейшага прасоўвання на ўсход. Заснаванне Рыгі было першым і самым моцным ударам па інтарэсах Полацка, яно фактычна і заклала аснову для паспяховага наступлення крыжакоў у глыб полацкіх уладанняў у Ніжнім Падзвінні. Ордэн выкарыстаў племянную варожасць народаў Прыбалтыкі і, распальваючы яе яшчэ больш, перацягваў на свой бок усё большыя мясцовыя сілы. Усё гэта не дало магчымасці Полацку арганіза-
ваць адзіны фронт барацьбы з крыжакамі і вымушала яго да адступлення. Да таго ж не было і адзінага саюзу ў барацьбе з Ордэнам і суседніх усходнеславянскіх земляў, і фактычна Полацк з’яўляўся адзіным, хто доўгі час супрацьстаяў агрэсіі. Толькі пасля ўжо, па меры прасоўвання ў эстонскія землі, уцягваюцца ў барацьбу Пскоў і Ноўгарад, паколькі тут непасрэдна закраналіся іх інтарэсы. Нездарма ж «Хроніка Лівоніі» адзначыла, што пасля смерці вялікага караля Вальдэмара Полацкага з’явіўся новы праціўнік лівонскай царквы — Вальдэмар Пскоўскі734.
Вядома, Полацк, гісторыя якога ўвесь час праходзіла ў барацьбе за права на сваё існаванне, не ўпершыню ў асобе крыжакоў меў выключна небяспечных праціўнікаў. Але гэта былі ворагі іншага, заходняга ўзору, з вытанчанай хітрасцю, гнуткай палітыкай, з метадычнай паслядоўнасцю ў яе правядзенні. Палітыка ж Полацка хоць і была бескампрамісная ў адносінах агрэсараў, але выглядала не зусім прадуманай. Асабліва кідаецца ў вочы імпульсіўнасць у дзеяннях полацкага князя, які, як гэта асабліва выявілася на сустрэчы з біскупам у 1212 г. у Герцыке, пераходзіў з адной крайнасці Ў другую, ад выключнай запальчывасці да празмернай падатлівасці. Зразумела, што ўсё гэта выкарыстоўвалася Ордэнам у сваю карысць. I, урэшце, полацкаму войску з яго састарэлаю зброяй таксама цяжка было супрацьстаяць рыцарам, якія мелі найноўшае еўрапейскае ўзбраенне. Усё гэта разам узятае і абумовіла няўдачу Полацка ў абароне сваіх уладанняў у Ніжнім Падзвінні. Гэта з’явілася вельмі балючым ударам для Полаччыны, у выніку якога яна была адрэзана ад мора, што ў далейшым выключна абцяжарыла гістарычнае жыццё ўсёй Беларусі. I ўсё ж барацьба з крыжакамі не была дарэмная для Полацка. Яго гераічнае супраціўленне не дапусціла ворага ў карэнныя землі палачанаў. Апроч таго, Полацк яшчэ ў гэты час не поўнасцю страціў Ніжняе Падзвінне. Як пакажуць падзеі і дакументы 50— 60 х гг. XIII ст., пэўная частка яго, у прыватнасці Латыгольская зямля, яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў знаходзілася ў руках Полацка. He спынілася і барацьба з Ордэнам, яна яшчэ цэлыя стагоддзі ў многім вызначала гісторыю Полацка. Ён спалучыў свае сілы з сіламі Пскова, Ноўгарада, Прыбалтыкі, Полыпчы, што і дало ў далейшым магчымасць зламаць і спыніць крыжацкую агрэсію.