Старажытная Беларусь
Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
Зараз пяройдзем да наступнай падзеі, якая, на думку даследчыкаў, зноў-такі пацвярджае поўнае падначаленне Полацка смаленскаму князю. Маецца на ўвазе гандлёвая ўмова Смаленска з Рыгай, заключаная ў 1229 г. Сапраўды, у ёй ёсць такія словы: «Тая правда латннскому взятн у руской землн, у волостн князя смолненского, н у полотьского князя волостн, н у влтебского князя волостн»7 . I вось па падставе гэтых слоў даводзіцца, што калі першыя ўмовы з Рыгай
(1210, 1212) былі складзены яшчэ ў Полацку ад імя яго князя і ўлічвалі галоўным чынам яго інтарэсы, а смаленскія прадстаўнікі (маецца на ўвазе ўжо вядомы нам смаленскі купец Лудольф у 1210 г.) толькі ўдзельнічалі як прадстаўнікі яшчэ аднаго зацікаўленага боку, то ў наступным дзесяцігоддзі першая роля ў зносінах і гандлі з Рыгай і Готландам пераходзіць да Смаленска. Значыць, Полацк становіцца падначаленым Смаленску749. Пад наступным дзесяцігоддзем тут разумеюцца 20-я гады XIII ст. Але ці ўсё так было, як тут сказана? Вось што мы чытаем у «Хроніцы Лівоніі» пад 1222 г.: «Тады кароль смаленскі, кароль полацкі і некаторыя іншыя рускія каралі адправілі паслоў у Рыгу прасіць аб міры. I ўзноўлены быў мір, ва ўсім такі ж, які заключаны быў раней»75 . Магчыма, што датыроўка тут не зусім дакладная. Паколькі аб прыездзе пасольстваў у Рыгу тут гаворыцца непасрэдна пасля паведамлення аб паражэнні рускіх войскаў у бітве з татарамі на р. Калцы, то, відаць, гэта адбылося на год пазней, прынамсі, не пазней 1223 г. 3 паведамлення «Хронікі» бачна, што хоць смаленскі князь названы і першы, аднак і полацкі князь у шэрагу з іншымі выступае як самастойны князь. Цяжка сказаць, хто былі іншыя князі, але ў адным можна быць упэўненым: сярод іх быў віцебскі князь. Менавіта агульныя інтарэсы гандлю, які мог ажыццяўляцца толькі па Зах. Дзвіне, і змушалі гэтыя тры княствы супольна дамаўляцца з Рыгай і Готландам і пасылаць туды адначасова свае пасольствы. Калі яшчэ Полацк мог абысціся ў сваім заходнім гандлі без узгаднення з Віцебскам і Смаленскам, то апошнія без Полацка абысціся не маглі, асабліва Смаленск, які павінен быў каардынаваць свае гандлёвыя справы па Дзвіне і з Полацкам,і з Віцебскам. Паколькі гандаль Смаленска з Рыгай і Готландам ішоў праз Полацкую і Віцебскую воласці, то вышэйпрыведзеныя словы з гандлёвай умовы 1229 г. і абавязвалі Смаленск захоўваць яе не толькі на сваёй тэрыторыі, але і на тэрыторыі Полацкай і Віцебскай валасцей і, такім чынам, ні аб якім падначаленні Полацка і Віцебска смаленскаму князю не гаварылі. Гэта пацвярджаецца і тым, што ўказаныя словы паўтараліся пры ўзнаўленні гэтай гандлёвай умовы пазней (1270—1277, 1297—1300, першая палова і сярэдзіна XIV ст.)751, калі ніякай гаворкі аб падначаленні Полацка і Віцебска Смаленску не магло быць. Але справа яшчэ не ў гэтым. Даследчыкі, аднагалосна гаворачы аб канчатковым падначаленні Полацка смаленскаму князю, аб чым, на іх думку, сведчаць падзеі 1222 і 1229 гадоў, на гэтым ставяць кропку і робяць выгляд, што самастойная гісторыя Полацка закончылася, і забываюць сказаць аб далейшых красамоўных
падзеях, якія цалкам разбураюць іх штучную схему. Але, перш чым пераходзіць да разгляду далейшай полацкай гісторыі, коратка спынімся на асноўных момантах смаленскай гісторыі ў першыя дзесяцігоддзі XIII ст.
Як мы ўжо бачылі, XII стагоддзе для Смаленска закончылася без суцяшальных вынікаў. Хоць, беручы ўдзел у агульнарускіх справах, у прыватнасці ў барацьбе за кіеўскі пасад, Расціславічы і мелі як быццам добрыя поспехі, бо шэраг іх прадстаўнікоў (сам Расціслаў Мсціславіч, яго сыны Раман і Рурык) доўгі час у другой палове XII ст. і ў самым пачатку XIII ст., да 1202 г., былі князямі ў Кіеве, аднак гэта прыводзіла іх да страты сваіх ранейшых пазіцый у Полацку і Ноўгарадзе. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, Смаленск і ў пачатку XIII ст. працягвае сваю ранейшую палітыку. У гэтых адносінах паказальны такі факт. Давыд Расціславіч, які князяваў у Смаленску з 1180 па 1197 год, завяшчае свой пасад пляменніку Мсціславу Раманавічу, у той час як сына свайго Канстанціна адправіў на поўдзень да брата Рурыка. Барацьба за Кіеў цяпер уцягнула Смаленск у канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам, прымусіўшы яго на некаторы час памірыцца і ўступіць у саюз з чарнігаўскімі Ольгавічамі. У 1214 г. Мсціслаў Раманавіч пакідае Смаленск і ў выніку паспяховай барацьбы наўгародцаў і смаленцаў з Ольгавічамі становіцца кіеўскім князем, а смаленскі пасад займае Уладзімір Рурыкавіч. Выкарыстаўшы смерць магутнага суздальскага князя Усевалада Юр’евіча і ўзнікшую ў асяроддзі яго сыноў барацьбу, Смаленск актыўна ўмешваецца ў справы гэтай зямлі з мэтай яе аслаблення, што і ўдалося зрабіць, нанёсшы ў саюзе з Ноўгарадам і Псковам сакрушальны ўдар Суздалю ў 1216 г. на р. Ліпецы. Гэтае паражэнне на працяглы час пазбаўляе Суздальскую зямлю той актыўнай ролі, якую яна адыгрывала як на поўначы, так і на поўдні Русі. У той самы час мацнее палітычная сувязь Смаленска з Ноўгарадам, якая дыктавалася ўзрастаннем гандлёвых зносін з захадам, а таксама супольнай барацьбой з крыжацкай агрэсіяй. I ўсё-такі, нягледзячы на ўсе поспехі Смаленска ў канцы XII ст., яго князь Уладзімір Рурыкавіч у 1219 г. выпраўляецца на поўдзень, дзе і застаецца назаўсёды. Тым не менш пераварот у палітычнай свядомасці смаленскіх князёў адбыўся. Менавіта наступны смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч быў першы з роду Расціславічаў, які нарэшце зразумеў усю марнасць траты сіл на амбіцыйныя імкненні роду і ўбачыў, што найбольш плённым полем яго дзейнасці і ёсць Смаленская зямля. I Мсціслаў Давыдавіч пачаў сабой далейшы шэраг смаленскіх князёў, якія поўнасцю звязалі свой лёс з лёсам роднай зямлі. Характэрна,
што хоць у бітве на Калцы з татарамі і прымалі ўдзел смаленцы, відаць, па патрабаванню Мсціслава Раманавіча, аднак сам Мсціслаў Давыдавіч з імі не пайшоў, а аддаў іх пад камандаванне Уладзіміра Рурыкавіча. Дарэчы, яму толькі і ўдалося з атрадам смаленцаў прабіцца скрозь варожыя сілы і адысці ў Кіеў, дзе ён і стаў князем.
Як мы ўжо ведаем, у 1222 г., паводле «Хронікі Лівоніі», смаленскі князь разам з полацкім і іншымі заключыў мірную і гандлёвую ўмовы з Рыгай. Гэта зноў-такі сведчыла аб усё большым значэнні для Смаленска гандлёва-эканамічных адносін з захадам. Відаць, умова 1229 г., тэкст якой поўнасцю дайшоў да нас, і была ўзнаўленнем умовы 1222 г.
Здавалася б, перад Смаленскам, які к гэтаму часу меў важныя ваенна-палітычныя перамогі, яшчэ не цярпеў ад міжусобіц — біча таго часу — і эканоміка якога перажывала росквіт, адкрывалася перспектыва заняць вядучае месца сярод усходнеславянскіх земляў. Аднак тагачасныя няўстойлівыя абставіны далі сябе знаць і ў далейшым лёсе Смаленска. Як у 1216 г. Смаленск выкарыстаў барацьбу князёў Суздальскай зямлі для ўмяшання ў яе ўнутранай справы і аслаблення яе, так і Полацк зрабіў у адносінах да Смаленска ў 1232 годзе — пераломным у лёсе Смаленскай зямлі.
Тут меў значэнне і збег неспрыяльных з’яў: землятрус (вельмі рэдкі тут), неўраджай, які выклікаў голад, а за ім, у сваю чаргу, пачаўся масавы паморак людзей — толькі ў Смаленску памерла каля 24 тысяч. Усё гэта само па сабе ўнесла няўстойлівасць у грамадскае жыцдё зямлі. Апроч таго, са смерцю Мсціслава Давыдавіча ў 1230 г. узніклі спрэчкі ў шматлікім родзе Расціславічаў аб заняцці смален скага пасада. Утварыліся дзве партыі, кожная з якіх адстойвала свайго прэтэндэнта: адна — сына Мсціслава Давыдавіча Расціслава, другая — Святаслава Мсціславіча. I вось у Наўгародскім I летапісе пад 1232 г. з’явіўся такі запіс: «...взя Святослав Мстнславлнч, внук Романов, Смолнеск на іцнт с полочаны на память святых мученнков Борнса н Глеба, нссече смолнян много, а сам седя на столе»7 .
Перш чым перайсці да разгляду гэтага паведамлення, хочам звярнуць увагу на адно даволі дзіўнае супадзенне. Як мы ўжо ведаем, Наўгародскі I летапіс адзначыў, што Яраславічы і смаленцы ўзялі Полацк у 1222 г. «прн князе Борнсе н Глебе», а ўзяцце Смаленска князем Святаславам Мсціславічам з палачанамі адбылося ў дзень святых пакутнікаў Барыса і Глеба. Гэтае супадзенне можа навесці на думку аб падробцы, правільней, пераробцы аднаго з гэтых паведамленняў, хутчэй за ўсё першага. Вось чаму цалкам заканамерна паставіць пытанне, а ці не былі ўпомненыя
пад 1222 г. полацкія князі Барыс і Глеб выдуманыя, з’яўленне якіх у летапісе тлумачыцца атаясамліваннем іх са святымі Барысам і Глебам, у дзень якіх адбыліся падзеі ў Смаленску? Вядома, гэта толькі меркаванне і выяўленне сумнення, у якой ступені праўдзівая падзея 1222 г. Як мы ўжо ўказвалі, дакладнасць яе даты можа толькі сведчыць, што яна магла мець месца ў гісторыі.
А цяпер вернемся да разгляду запісу. Найперш кідаецца ў вочы яго значна большая інфармацыйнасць у параўнанні з запісам 1222 г., поўным таямнічасці. Сапраўды, тут з усёй відавочнасцю бачым, што Святаслаў Мсціславіч цалкам абапіраўся на палачанаў, з дапамогай якіх ён і захапіў смаленскі пасад. Ясна таксама, што яму было аказана супраціўленне, інакш ён не знішчыў бы многіх смаленцаў. Мы ведаем таксама, што Святаслаў Мсціславіч быў з роду смаленскіх князёў, бо з’яўляўся ўнукам Рамана Расціславіча. Толькі адно засталося невядомым: як яму ўдалося паразумецца з палачанамі? I вось наконт гэтага ў свой час П. Галубоўскім было выказана меркаванне, што Святаслаў Мсціславіч быў пасаджаны Смаленскам у Полацку ў 1222 г. і княжыў там да 1232 г.753. Аднак у такім выпадку застаецца незразумелым, як мог смаленскі стаўленік у Полацку ператварыцца ў стаўленіка Полацка ў Смаленску. Гэта па-першае. Па-другое, з гісторыі Полацка невядома ніводнага факта, каб палачане аж дзесяць гадоў цярпелі на сваім пасадзе князя другой дынастыі. Калі тут так доўга не маглі трымацца кіеўскія стаўленікі, то наўрад ці маглі столькі часу трымацца смаленскія. На нашу думку, больш верагодна, што справа адбывалася так. Палачане, добра ведаючы пра цяжкія абставіны, у якія трапіў Смаленск, рашылі выкарыстаць гэта і нанесці ўдар па сваім даўнім палітычным канкурэнце. Будучы ў курсе барацьбы за смаленскі пасад, яны зрабілі стаўку на Святаслава Мсцілавіча, увайшлі з ім у сувязь, паабяцалі яму сваю дапамогу. He выключана таксама, што Святаслаў мог уцячы ў Полацк і, дамовіўшыся з ім, з яго сілай увайсці ў Смаленск і сесці на яго пасад. У В. Тацішчава сказана, што Святаслаў Мсціславіч хацеў па смерці Мсціслава Давыдавіча княжыць у Смаленску, але смаленцы яго прыняць не хацелі. Ен жа 24 ліпеня сілаю ўзяў754. 3 гэтага ясна бачна, што Святаслаў, пацярпеўшы няўдачу мірна сесці на смаленскі пасад, павінен быў абаперціся на знешнюю сілу. Яму яе і далі палачане. Але, як бы там ні было, ясна адно, што полацкая гісторыя не спынілася на сваім упадку ў 20-я гады XIII ст., як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, а паспяхова развівалася. Падзеі 1232 г. зноў пацвердзілі ўменне полацкай дыпламатыі прыстасоў-