Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Ваўкавыск. Старажытнае гарадзішча. XI—XIII ст.
гародская зямля з’яўлялася краем развітых рамёстваў. Тут выплаўлялася жалеза і была наладжана вытворчасць разнастайных вырабаў з яго, апрацоўваліся каляровыя і каштоўныя металы, існавалі ганчарныя, кастарэзныя і іншыя рамёствы. Гэтая вобласць вяла ажыўлены замежны гандаль, аб чым сведчыць вялікая колькасць знойдзеных археолагамі імпартных рэчаў773. У выніку гэтага і дзякуючы наяўнасці густога сельскага насельніцтва на параўнаўча невялікай тэрыторыі Новагародскай зямлі было многа гарадоў: Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Горадзен, Здзітаў, Зэльва, Свіслач і інш. Хоць летапіс упершыню іх упамінае толькі ў сярэдзіне XIII ст., але яны, як сведчыць археалогія, узніклі значна раней. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у Новагародку, Горадне, Ваўкавыску, Свіслачы былі свае князі. Можна думаць, што мелі іх і іншыя гарады, якія, такім чынам, з’яўляліся цэнтрамі паасобных удзелаў. Аднак усе яны шчыльна прымыкалі да Новагародка, князь якога, магчыма, для ўсіх іх меў значэнне вялікага князя. Цэнтральнае значэнне Новагародка і вызначыла назву гэтай зямлі як Новагародскай. Летапісы не зарэгістравалі ніводнага выпадку міжусобнай барацьбы яе князёў.
Новагародская зямля была краінай развітага феадальнага грамадства. Ужо ў XI ст. тут панаваў феадалізм і выдзелілася сацыяльная верхавіна грамадства, быт якой вызначаўся выключнай раскошай. Наяўнасць багатых магіл побач
з мноствам безынвентарных сведчыць аб рэзкай класавай дыферэнцыяцыі.
Сваім высокім развіццём Новагародская зямля была абавязана і Полацку. Наяўнасць мяшанага дрыгавіцкакрывіцкага насельніцтва, інвентар могільнікаў, тып жыллёвых збудаванняў пераканаўча сведчаць пра шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі Новагародскай зямлі з Полаччынай. Нездарма ж некаторыя даследчыкі (М. Ціхаміраў) лічылі, што гэтая тэрыторыя належала Полацку. I хоць гэтае пытанне з’яўляецца спрэчным, аднак працэс узаемнага эканамічнага і культурнага збліжэння паміж беларускімі землямі ў XII—XIII стст. не толькі не абмінуў Новагародскую зямлю, але і выразней за ўсё тут праявіўся.
Выгаднае геаграфічнае становішча Новагародскай зямлі асабліва дало знаць сябе ў сярэдзіне XIII ст. У перыяд двух вялікіх бедстваў, якія абрушыліся на Русь, Полыпчу і Прыбалтыку — крыжацкая агрэсія і мангольскае заваяванне,— Беларускае Панямонне было адносна бяспечнай тэрыторыяй. I таму яно ў сярэдзіне XIII ст. служыць прыстанкам для прадстаўнікоў насельніцтва многіх абласцей Усходняй Еўропы, якія ратаваліся ад жорсткіх заваёўнікаў з усходу і захаду. Прыліў новага насельніцтва выклікаў яшчэ большае развіццё прадукцыйных сіл гэтай зямлі.
Выключна важнае значэнне не толькі для Новагародскай зямлі, але і для ўсёй Беларусі мела тое, што яна не ведала мангола-татарскага пагрому і панавання. Як вядома, апошнія перарвалі і замарудзілі працэс палітычнага аб’яднання рускіх і ўкраінскіх земляў, падарвалі іх прадукцыйныя сілы. Усяго гэтага пазбегла Беларусь. Яе аб’яднанне не было перапынена, а яе прадукцыйныя сілы не толькі не былі падарваны, але ў выніку прытоку новага насельніцтва яшчэ больш узраслі. Усё гэта і было прычынай таго, што фармаванне тэрыторыі Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці пайшлі хутчэй, чым аналагічныя працэсы ў іншых усходнеславянскіх землях.
Паколькі культурныя цэнтры Беларусі не былі разбураны, беларуская культура развівалася бесперашкодна, што было прычынай яе высокага ўзроўню. Таму яна і заняла пануючае месца ў Вялікім княстве Літоўскім, а беларуская мова стала ў ім дзяржаўнай.
Высокае эканамічнае і культурнае развіццё, прыліў новага насельніцтва, далейшы рост прадукцыйных сіл, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады — усё гэта павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гіста-
рычных абласцей Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым цэнтрам кансалідацыі беларускіх земляў і балцкіх плямёнаў, што знаходзіліся сярод іх.
Мы ўжо неаднаразова ўказвалі на тыя факты, якія паказваюць сапраўднае месцазнаходжанне Старажытнай Літвы. Зараз коратка паўторым іх. Гэта і тое, што Яраслаў Мудры ў 1040—1044 гг. разбіў Літву на палях слонімскіх і ў выніку гэтага збудаваў Новагародак, і тое, што менскі князь Валадар Глебавіч у 1159 г. «хадзіў у лясах пад Літвою», а ў 1161 г. сілаю яе разбіў свайго праціўніка, і тое, што ў 1190 і 1193 гг. Рурык Расціславіч з Пінска сабіраўся ісці на Літву, і тое, што атрады «літвы» ў 1246 і 1247 гг. нападалі на Валынь праз Пінскую зямлю і вярталіся праз яе,— усё гэта з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, што Старажытная Літва ў XII— XIII стст. знаходзілася ў Верхнім Панямонні. На гэта ўказвае і наяўнасць тут тапонімаў «Літва» (У Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім і Маладзечанскім раёнах).
На падставе сказанага мы можам арыенціровачна вызначыць межы знаходжання Старажытнай Літвы ў прасторы паміж Менскам і Наваградкам з усходу на захад і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень776. Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Нова гародскай землямі — галоўнымі састаўнымі часткамі будучай Беларусі. Зразумела, што пры аб’яднанні гэтых абласцей Літва не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з складнікаў. Такое геапалітычнае становішча Старажытнай Літвы і растлумачвае, чаму яна ў сярэдзіне XIII ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве і атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. 3 узвышэннем Новагародка і закончыўся полацкі перыяд нашай гісторыі.
УТБАРЭННЕ
I ЎМАЦАБАННЕ
БЯЛІКАГА КНЯСТБА ЛІТОЎСКАГА
ГІСТОРЫЯ ПЫТАННЯ
Хоць новагародскі перыяд нядоўгі па сваёй працягласці (ён прыпадае на другую палову XIII ст. і на пачатак XIV ст.), аднак яго значэнне ў гісторыі Беларусі выключна важнае, і найперш тым, што з ім звязана ўтварэнне і ўмацаванне новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Пачатковым асяродкам гэтага гістарычнага працэсу стаў Новагародак (так тады называўся Наваградак), які да сярэдзіны XIII ст., як ужо намі адзначалася7 , вырас ў буйны эканамічны і культурны цэнтр, што і стала вызначаць яго дамінуючае месца ў нашай гісторыі таго часу.
Аднак гэта выдатная роля Новагародка гістарычнай навукай зацемнена да непазнавальнасці. Нават ужо ў 50— 70-я гг. нашага стагоддзя, калі дзякуючы археалагічным пошукам быў выяўлены выключна высокі ўзровень эканомікі і культуры старажытнага Новагародка і яго вобласці, т. зв. Чорнай Русі, даследчыкі па-ранейшаму адмаўлялі яму ў самастойным значэнні і паказвалі яго толькі як аб’ект заваявання Літвы, якая ў сваю чаргу атаясамлівалася з сучаснай Літвой, што зусім скажала гісторыю ўтварэння Вялікага княства Літоўскага' 8.
Карані такога погляду на Новагародак і іншыя беларускія гарады трэба шукаць у сярэдзіне XVI ст., для яго з’яўлення тады склаліся адпаведныя гістарычныя абставіны. Менавіта ў той час Маскоўская дзяржава стала прад’яўляць свае правы на беларускія і ўкраінскія землі, якія знаходзіліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага. А калі ў ходзе Лівонскай вайны ў 1563 г. войскі Івана Грознага занялі значную частку Беларусі, у тым ліку і яе старажытны цэнтр — Полацк,— вось у гэты крытычны момант і наспела неабходнасць абгрунтаваць гістарычныя правы Вялікага княства Літоўскага на беларускія землі. Паколькі з’явілася пагроза іх страты, то і ўзнікла сцверджанне аб іх выратаванні літоўскімі князямі і падначаленні ўладзе Літвы. Вось тады і сталі з’яўляцца летапісы, у якіх усё гэта даводзілася. Прычым
Вежа Шчытоўка ў Наваградскім замку. XIII ст.
у іх на першы план выводзіцца ўласна не Літва, а Жамойць (заходняя частка сучаснай Літвы). I гэта невыпадкова. У той час жамойцкія феадалы, адчуўшы сваю моц (Жамойць у выніку Грунвальдскай перамогі больш не цярпела ад нападаў крыжакоў, што ў пэўнай ступені спрыяла яе дабрабыту) і прэтэндуючы на першынство ў дзяржаве, вырашылі перапісаць гісторыю Вялікага княства Літоўскага з тым, каб прыпісаць сабе заслугу ў яго стварэнні. I таму ў летапісах, такіх, як «Хроніка Быхаўца», апавядалася, як жамойцкі князь Монтвіл, дачуўшыся, што Русь паваявана Батыем, даў войска свайму сыну Эрдзівілу (у некаторых летапісах — Скірманту, залежна ад таго, у інтарэсах якога магнацкага роду пісаўся летапіс: Радзівілаў ці Скірмантаў), які, перайшоўшы Вяллю і Нёман, убачыў гару высокую і прыгожую і на ёй разбураны татарамі Новагародак. Узнавіўшы яго і зрабіўшы ў ім сваю сталіцу, ён пайшоў далей і гэтак жа аднавіў і ўзяў пад сваю апеку і іншыя беларускія гарады: Берасце, Горадзен, Драгічын, Мельнік"9.
Паказаўшы жамойцкае паходжанне новагародскіх князёў, аўтары летапісаў вырашылі зрабіць тое самае і ў дачыненні да полацкіх князёў. У выніку гэтага мы даведваемся, што сын Эрдзівіла заваяваў Полацк і стаў называцца князем
Медная пласціна з Горадна з выявай св. Фядота. XII ст.
полацкім і новагародскім. Унукам яго нібыта быў полацкі князь Барыс, якому прыпісвалася пабудова Сафійскага сабора і іншых выдатных будынкаў у Полацку. Асабліва важна было прыпісаць жамойцкае паходжанне гэтаму князю, паколькі, дзякуючы Барысавым камяням, аб ім з усіх полацкіх князёў найболып захавалася памяць у народзе.
Няма чаго казаць, наколькі выдуманымі з’яўляюцца гэтыя гісторыі. Такой гістарычнай асобы, як Монтвіл, мы не знаходзім у ранейшых крыніцах, якія добра ведаюць тагачасных жамойцкіх князёў. Добра таксама вядома, што Беларусь не ведала батыеўскага пагрому, і таму яе гарады не маглі быць разбураны. I князь Барыс быў сынам не міфічнага Гінгвіла, а вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея. I тым не менш усе гэтыя байкі атрымалі ў гістарычнай навуцы самае шырокае распаўсюджанне і трывала замацаваліся ў ёй. Такое адбылося найперш дзякуючы таму, што польскі гісторык М. Стрыйкоўскі на аснове летапісаў XVI ст. напісаў сваю «Кроніку» і выдаў яе ў 1582 г. у Каралеўцы (Кёнігсбергу). Вялікую дапамогу яму ў гэтым аказаў жамойцкі біскуп Гедройц, што і зразумела. Усё гэта было ў інтарэсах жамойцкіх феадалаў, ідэолагам якіх і з’яўляўся Гедройц. «Кроніка» М. Стрыйкоўскага стала шырокавядомай, яе матэрыялы, у тым ліку і аб заваяванні літоўскімі князямі беларускіх земляў, увайшлі ў шматлікія еўрапейскія кнігі. Новы імпульс для свайго ажыўлення гэтыя міфы атрымалі ў 30—