Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Матэрыялы «Хронікі Лівоніі», як мы бачылі, пасведчылі аб унутранай моцы Полацкай зямлі. Ужо факт 30-гадовага князявання «Вальдэмара» гаворыць і аб яе выключнай палітычнай устойлівасці. Барацьба з крыжакамі яшчэ болып згуртоўвала полацкія землі. Без гэтага іх князю не ўдалося б
сабраць вялікага войска для паходу на Рыгу ў 1216 г. I яшчэ адну важную акалічнасць выявіла «Хроніка Лівоніі», а менавіта: па меры таго як Полацк траціў свае пазіцыі ў Ніжнім Падзвінні, ён усё болып умацоўваў свае сувязі з Літвой, сілы якой складалі значную частку іюлацкага войска ў 1216 г.
НОВЫЯ ЗАГАДКІ.
УЗАЕМААДНОСІНЫ ПОЛАЦКА СА СМАЛЕНСКАМ, НОУГАРАДАМ I ЛІТВОЙ
Далейшыя звесткі аб полацкай гіторыі, пачэрпнутыя ўжо са старажытных рускіх летапісаў, становяцца ўсё больш рэдкія, урыўкавыя і супярэчлівыя. Адно з такіх паведамленняў мы знаходзім у В. Тацішчава, змешчанае ім пад 1217 г.735. Паводле яго, полацкі князь Барыс Давыдавіч, які меў двух сыноў — Васільку і Вячку — ад першай жонкі, у другі раз ажаніўся з каталічкай, памяранскай князёўнай Святохнай, і меў ад яе сына Уладзіміра. Жадаючы адхіліць пасынкаў ад пасада і вызваліць яго тым самым для яе сына, Святохна намовіла князя Барыса паслаць іх ва ўдзелы. 3 дапамогаю фальшывага пісьма спрабавала іх загубіць, але была выкрыта і пакарана разам з іншымі памяранцамі. Вось такая кароткая фабула гэтай падрабязнай і даволі заблытанай гісторыі. У навуцы ўжо даўно вядуцца спрэчкі аб яе праўдзівасці. Калі адны з даследчыкаў, як А. Сапуноў, абаранялі і даказвалі яе праўдзівасць, то іншыя, як Н. Лыжын, В. Данілевіч, поўнасцю адмаўлялі яе. Трэба зазначыць, што як адзін, так і другі бок, прыводзячы слушныя довады, дапускалі і яўныя нацяжкі. Так, Н. Лыжын, які даводзіў, што гэтая гісторыя не што іншае, як памфлет на парадкі пры двары рускай імператрыцы Ганны Іаанаўны, калі моцным было нямецкае засілле, справядліва гаварыў, што ў 1216 г. у Полацку князяваў не Барыс Давыдавіч, а Уладзімір («Вальдэмар» у «Хроніцы Лівоніі»). Але яго ён атаясамліваў з Уладзімірам Рурыкавічам736, што зусім беспадстаўна. У сваю чаргу А. Сапуноў, абараняючы праўдзівасць гэтай гісторыі, паказаў, што полацкім князем не мог быць Уладзімір Рурыкавіч, які нарадзіўся толькі ў 1187 г., у той час як князь Уладзімір («Вальдэмар») у «Хроніцы Лівоніі» ў якасці полацкага князя ўпамінаецца ўжо ў 1186 г. Ен таксама ўказаў, што архітэктар Яропкін, якому Лыжын прыпісаў аўтарства гэтай гісторыі, не мог карыстацца «Хронікай Лівоніі», бо яна выйшла з друку незадоўга да яго пакарання смерцю. А. Сапуноў таксама звярнуў увагу на тое, што ў Дзвінскай вобласці (пад ёй разумелася Ніжняе Па-
Сучасны выгляд Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, перабудаванай у 30-х гг. XIX ст.
расійскімі архітэктарамі у стылі класіцызму
19 М. Ермаловіч
дзвінне) сапраўды былі полацкія князі Вячка і Усевалад. Праўда, другі ў В. Тацішчава называўся Васількам, але гэта імя магло перадавацца таксама як «Wissewalde». Заслугоўвала, на думку А. Сапунова, увагі і тое месца, дзе гаварылася, што з прычыны старасці Барыса Давыдавіча, які не мог кіраваць сваімі войскамі, палачане дзеля гэтага запрашалі князёў менскіх, друцкіх і віцебскіх, г. зн. з галоўных удзелаў тагачаснай Полаччыны. Але адначасова A. Ca­ny ноў дапусціў яўныя нацяжкі ў спрэчцы з Лыжыным. Так, гаворачы аб паходжанні Барыса Давыдавіча, ён мяркуе, што гэты князь быў сынам брата Ефрасінні Полацкай Давыда і што гэта ён без упамінання імя па бацьку называецца ў падзеях 1195 г. як друцкі князь. Аднак ці мог ён у такім выпадку дажыць да 1216 г.? Але самым негрунтоўным меркаваннем А. Сапунова было тое, што полацкі князь Уладзімір («Вальдэмар») не хто іншы, як малодшы сын Барыса ад Святохны. Даследчыка чамусьці ніколькі не бянтэжыла, што ўся гісторыя, расказаная ў В. Тацішчава пад 1217 г., круцілася вакол жадання Святохны пасадзіць свайго сына Уладзіміра (яна яго звала Войцехам) на полацкі пасад737 . А гэта ясна ўказвае, што ён не быў полацкім князем і тым болей не князяваў аж 30 гадоў. He меней дзіўным з’яўляецца сцверджанне А. Сапунова, што Уладзімір быў пад моцным уплывам сваёй жонкі-каталічкі і таму нібыта так холадна аднёсся да лёсу Вячкі і Васількі, якія, маўляў, былі моцнымі паборнікамі праваслаўя. Але гэта абвяргаецца «Хронікай Лівоніі», у якой князь Вальдэмар неаднаразова называецца ворагам лівонскай царквы.
Уся гэта гісторыя змешчана пад 1217 г., але адбыцца, вядома, у адзін год яна не магла. А ў ранейшыя храналагічныя рамкі яе нельга ўставіць, бо гэтаму перашкаджае найперш несупадзенне імя Барыса Давыдавіча з імем «Вальдэмара» ў «Хроніцы Лівоніі». Падсумоўваючы спрэчкі вакол гісторыі 1217 г., можна большую перавагу аддаць тым, хто адмаўляў яе праўдзівасць, нягледзячы на наяўнасць у ёй паасобных верагодных дэталяў. Як і тацішчаўскі запіс пад 1182 г., так і гэты трэба лічыць загадкавым, які патрабуе асобнага даследавання.
У Лаўрэнцьеўскім летапісе738 і ў В. Тацішчава 739 пад 1218 г. паведамляецца, што полацкі епіскап Уладзімір прыйшоў з Царграда да вялікага князя Канстанціна ўладзімірскага і, ведаючы пра яго любоў да ўсяго царкоўнага, прынёс яму немалую частку дрэва з крыжа Хрыстовага, мошчы святога мучаніка Логвіна, абедзве яго рукі, мошчы Марыі Магдалены і многа старых грэчаскіх кніг, бо ведаў, што князь любіць іх больш за ўсе багацці. Князь з радасцю прыняў дары,
Наканечнікі дзідаў з Полацка. XIII ст.
а дрэва ўправіў у залаты крыж вялікі. Пад вялікім князем тут, па ўсім відаць, разумеецца ўладзімірскі князь Канстанцін Усеваладавіч, які памёр у тым жа 1218 г. Застаецца незразумелым, навошта было полацкаму епіскапу несці неацэнныя дары з Царграда ва Уладзімір. Магчыма, слова «полацкі» тут напісана было памылкова.
Аднак вернемся да разгляду полацкіх падзей пасля 1216 г. Хто ж стаў князем у Полацку пасля смерці «Вальдэмара»? На гэтае пытанне нельга атрымаць яснага адказу, бо звесткі аб Полацку гэтага часу ў рускіх летапісах засталіся крайне рэдкія, няясныя. Зноў-такі толькі ў В. Тацішчава мы чытаем пад 1218 г., што ў паходзе Мсціслава на Галіч прымаў удзел разам з Уладзімірам Рурыкавічам і полацкі князь Васілька740. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца аб тым самым пад 1217 г., але тут адзначана, што Мсціслаў прыйшоў з полаўцамі, а Уладзімір і Васілька не ўпамінаюцца741. У М. Стрыйкоўскага сказана, што ў Мсціслава было войска рускае, літва і полаўцы742. Цяжка з такімі супярэчлівымі дадзенымі дайсці да ісціны. Упамінанне М. Стрыйкоўскім літвы ў войску Мсціслава можа нейкім чынам указваць на прысутнасць палачанаў, у якіх літва была частым саюзнікам. Але хто ж быў Васілька, калі ён сапраўды з’яўляўся полацкім князем у 1218 г.? У В. Данілевіча былі падставы атаясамліваць яго з віцебскім князем Васількам743, якога многія летапісы (Цвярскі, Ніканаўскі, Васкрасенскі), а таксама В. Тацішчаў
упамінаюць у такой якасці пад 1209 г. з нагоды шлюбу яго дачкі (у В. Тацішчава яна называецца Любоўю) з князем Усеваладам Юр’евічам. Для нас гэтае паведамленне цікавае і тым, што яно зноў такі пацвярджае факт вяртання Віцебска Полацкай зямлі ў выніку падзей 1195 г. Хоць Васілька да 1216 г. і быў даволі старым чалавекам, але гэта не перашкаджала яму заняць полацкі пасад. Вядома, у такім выпадку яго князяванне не магло быць працяглае, і сапраўды, у хуткім часе мы тут бачым іншых асоб, а менавіта: Барыса і Глеба. В. Данілевіч лічыў іх сынамі Уладзіміра («Вальдэмара»), якія нібыта к гэтаму часу (1222 г.) падраслі і змаглі заняць пасад. Аднак цяжка меркаваць, каб у князя, які князяваў 30 гадоў, былі непаўналетнія дзеці. У такім выпадку правільней будзе думаць аб яго бяздзетнасці. Найбольш важнай тут з’яўляецца падзея, у сувязі з якой упамінаюцца гэтыя князі.
А яна наколькі важная, настолькі і сумная ў гісторыі Полацка. Вось як яна перададзена ў Камісійным спісе Наўгародскага I летапісу пад 1222 г.: «А Ярославнцн, смолняне взялн Полотеск, генваря в 17 день прн князе Борнсе н Глебе»744. Гэта інфармацыя, як бачым, вельмі кароткая і таму цьмяная. Па-першае, незразумела, хто такія «Ярославнцн», якія ішлі разам са смаленцамі ў Полацк. Князем у Смаленску тады быў Мсціслаў Давыдавіч. Узнікае ў сувязі з гэтым шэраг пытанняў: «Ці ён сам узначальваў паход смаленцаў на Полацк, ці даручыў гэта нейкім невядомым для нас Яраславічам?» А магчыма, гэтыя Яраславічы, якія княжылі невядома дзе, і былі ініцыятарамі паходу, а смаленцы з’яўляліся толькі саюзнікамі, бо ў летапісе не сказана «Ярославнцн co смолняны», а кожны з удзельнікаў названы паасобку.
На шчасце, гэтая падзея, але пад 1220 г., знайшла сваё адбіццё ў В. Тацішчава: «Князь Смоленскнй, согласясь с Ярославом Переяславскнм, ходнл на Полоцкую область прн князях Борнсе н Глебе н взял нх два города, а много область нх повоевал»745. Як бачым, разыходжанне з ранейшай крыніцай істотнае не толькі ў датыроўцы, але і ў асвятленні дэталяў падзей. Тут мы знаходзім адказ на пастаўленыя вышэй пытанні. Найперш расшыфроўваюцца загадкавыя «Ярославнцн». У свой час П. Галубоўскі беспадстаўна сцвярджаў, што гэтае паведамленне Наўгародскага летапісу ўзята з Полацкага летапісу, бо толькі, маўляў, палачане ўсіх патомкаў Яраслава (Мудрага) называлі Яраславічамі, а каб падкрэсліць, аб якіх Яраславічах ідзе гаворка, было ўдакладнена: «смолняны»746. У святле ж тацішчаўскага паведамлення бачым, што пад апошнімі трэба разумець войска Яраслава, князя Пераяслаўскага (відаць, Залескага, бо тут сапраўды
Фрагмент наверша.
Пач. XIII ст.
да 1238 г. быў князем Яраслаў Усеваладавіч747). Але самае важнае тое, што тацішчаўская крыніца не сведчыць пра заняцце Полацка, а толькі гаворыць пра здачу двух полацкіх гарадоў (на жаль, невядома якіх) і заваяванне часткі Полацкай зямлі. Адсутнічае тут і дакладная дата, якую мы знаходзім у Наўгародскім летапісе. I каб не ўпамінанне і ў адной і ў другой крыніцах князёў Барыса і Глеба, то можна было б прыняць гэтыя падзеі за розныя. Але якой крыніцы аддаць перавагу? Думаецца, што другой. Яна, як бачым, утрымлівае багацейшую інфармацыю і таму заслугоўвае большага даверу. Сапраўды, узяцце Полацка магло б стаць першаступеннай падзеяй у той час, бо аб ёй бы не змаўчалі і іншыя летапісы. Вядома ж, страта двух гарадоў і спусташэнне часткі зямлі не магло не абвастрыць узаемаадносіны Полацка са Смаленскам.