Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Прыняўшы гэтыя ўмовы міру, кароль абяцаў надалей заўсёды быць верным царкве св. Марыі, пазбягаць зносін з язычнікамі і быць саюзнікам хрысціянаў. Перадаўшы сваё каралеўства той жа царкве, ён атрымаў яго зноў з рук біскупа праз урачыстае ўручэнне трох сцягоў, прызнаў біскупа айцом і сцвердзіў, што надалей будзе адкрываць яму ўсе злыя задумы русаў і летонаў (?). Каралева з усімі палон нымі была яму вернута, ён разам з ёю адбыў у сваю зямлю, склікаў людзей, якія разбегліся, і стаў зноў адбудоўваць свой замак. Тым не менш Усевалад у далейшым працягваў удзельнічаць у падкопах летонаў, забыўшыся пра абяцаную вернасць, і не раз падбухторваў язычнікаў супроць тэўтонаў, што былі ў Кукенойсе7 .
Прыведзенае месца «Хронікі» зноў з выключнай выразнасцю пацвердзіла, што Полацкая зямля ў пачатку XIII ст. была галоўнай сілай у барацьбе з крыжакамі, што яе князі з’яўляліся непрымірымымі ворагамі лацінства і таму арганізоўвалі на барацьбу і іншыя народы Прыбалтыкі супроць яго, аб чым з такім азлабленнем гаворыць «Хроніка». Адсюль і зразумела, чаму Ордэн найперш і накіраваў свой
удар на знішчэнне полацкіх фарпостаў у Ніжнім Падзвінні, што яму і ўдалося зрабіць. Мы бачым таксама, якім гвалтам і рабаўніцтвам з боку «божых дваранаў» усё гэта суправа джалася. Адначасова выяўляецца і хітрая ордэнская палітыка ісці на часовыя ўступкі, паказваць сябе абаронцамі ўсіх хрысціянаў, у тым ліку і праваслаўных палачанаў, і гэтым самым перацягваць на свой бок апошніх і тым аблегчыць сабе правядзенне агрэсіўнай палітыкі. Усё гэта добра бачна на прыкладзе абыходжання з князем Герцыке Усева ладам. He менш выразна выступае тут і традыцыйная тактыка ў паводзінах полацкіх князёў. Як гэта, напрыклад, было ў час падзей 1116 і 1127—1129 гг. Бачачы немагчымасць змагацца з пераважаючымі сіламі ворага, полацкія князі знешне пакарыліся, але пасля зноў вялі сваю ранейшую палітыку. Гэтак жа паступаў і Вячка, а ўслед за ім і Усевалад. Ен як бы прыняў усе ўмовы, якія яму былі прадыктаваны біскупам (тут мелі немалое значэнне асабістыя справы, у прыватнасці вызваленне княгіні з палону), а пасля па-ранейшаму арганізоўваў мясцовае насельніцтва на барацьбу з тэўтонамі. У сувязі з апошнім важна падкрэсліць, што Усевалад не прымірыўся і са стратай Кукенойса і таму імкнуўся выгнаць адтуль крыжакоў. Усё гэта сведчыць аб разуменні Усеваладам агульных полацкіх інтарэсаў і здольнасці яго змагацца за іх. Можна думаць, што напад летонаў на Кукенойс723 (вось калі яны напалі на яго — калі ён стаў заваяваны тэўтонамі) быў зроблены не без ведама Усевалада.
ПОЛАЦК АДСТУПАЕ, АЛЕ БАРАЦЬБУ ПРАЦЯГВАЕ
Як ні распісваў Генрых Латвійскі перамогі крыжакоў у Лівоніі, ён быў вымушаны прызнаць, што лівонская царква ў той час (запіс занатаваны пад 1210 г.), знаходзячыся пасярод мноства язычніцкіх плямёнаў, у суседстве з русамі, цярпела нямала бедаў, бо тыя ўсе мелі адно імкненне —знішчыць яе724. Добра разумеючы вырашальнае значэнне По лацка ў гэтай справе, рыжане і вырашылі адправіць паслоў да полацкага караля, каб спрабаваць дабіцца хоць якой небудзь мірнай згоды з ім725. У Полацк было накіравана пасольства на чале з Радольфам з Іерыха, аднак яно, відаць, не дайшло туды, бо ў раёне Вендэна трапіла ў поле ваенных дзеянняў, і таму далей «Хроніка Лівоніі» паведамляе, што ў Полацк прыйшло пасольства на чале з братам рыцарам Арнольдам. Апошняму было даручана даведацца ў караля полацкага, ці згодзіцца ён на мір і ці не адчыніць ён рыж-
скім купцам доступ у свае ўладанні. Полацкі кароль прыняў рыжскае пасольства з выяўленнем зычлівасці і выказаў (праўда, з хітрасцю) радасць з прычыны міру і супакою, паслаў з імі Лудольфа, разумнага і багатага чалавека са Смаленска, каб па прыбыцці ў Рыгу абмеркаваць справы міру і справядлівасці.
Калі яны прыбылі ў Рыгу і выклалі жаданне караля, рыжане згадзіліся, і тады ў першы раз быў заключаны вечны мір між імі і каралём, з тым, аднак, каб каралю штогод плацілася належная даніна лівамі ці біскупам за іх. I рады былі ўсе, што цяпер болып бяспечна будуць ваяваць з эстамі і іншымі язычніцкімі плямёнамі726.
Гэтае месца «Хронікі Лівоніі» зноў пацвердзіла факт полацкага ўладання над лівамі. Менавіта пытанне атрымання даніны з іх стала цэнтральным у справе заключэння міру паміж Рыгай і Полацкам. Вядома, біскуп, калі ўжо лівы фактычна былі пад ордэнскай уладай, мог наогул адмовіць Полацку ў даніне з іх. Але, улічваючы сваё крытычнае становішча ў Лівоніі і ў сувязі з усеагульнай нянавісцю да сябе, ён вымушаны быў пайсці на кампраміс, згадзіўшыся на штогадовую выплату даніны Полацку або самімі лівамі, або біскупам за іх. Бясспрэчна, другое было больш выгадна для Ордэна, бо не дапускала непасрэднага кантакту Полацка з лівамі, а таксама давала магчымасць біскупу спаганяць з ліваў большую даніну і нацкоўваць іх гэтым самым на Полацк, адначасова прысвойваючы частку яе (а то і большую) сабе. Часткова і часова гэтая ўмова задавальняла полацкага князя, бо давала яму магчымасць і надалей атрымліваць даніну з ліваў, што, відаць, было важна для папаўнення полацкай казны.
Але гэтае сведчанне «Хронікі» цікавае і тым, што яно паказвае, як побач з вайсковай агрэсіяй Ордэна на Полацк ішла і яго гандлёва-эканамічная экспансія. Мы бачым, што менавіта Ордэн прапанаваў Полацку адчыніць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. Праўда, нельга думаць, што гандлёвая ўмова з Рыгай была зусім нявыгадная для Полацка. He, выгады пэўныя яму былі, нездарма ж пазней гандлёвыя ўмовы з Рыгай узнаўляліся і па яго ініцыятыве. Нельга забывацца, што дзвінскі шлях для Полацка быў яго традыцыйным спрадвечным жыццёвым шляхам і ад яго ён не мог раптоўна адмовіцца, бо гэта азначала б вялікую ступень эканамічнай ізаляцыі Полацка. Вось чаму ён павінен быў пайсці на згоду з прапановай Ордэна. Заслугоўвае ўвагі і тое, што для вядзення перагавораў з Рыгай быў пасланы, як сведчыць яго імя, немец Лудольф, які прытым жыў не ў Полацку, а ў Смаленску. 3 гэтага можна зрабіць
некаторыя вывады. Па-першае, паасобныя немцы, відаць, задоўга да гэтага перасяляліся ўжо ва ўсходнеславянскія землі, у першую чаргу ў іх заходнюю частку, і тут, знайшоўшы сваю другую радзіму, заводзілі сваю справу. Такім мог быць і Лудольф, які перасяліўся (а магчыма, яшчэ і яго бацька) у Смаленск і славіўся тут як багаты і разумны чалавек. Па-другое, Лудольф, відаць, поўнасцю зжыўся з мясцовымі інтарэсамі, быў зацікаўлены ў іх абароне і таму заслугоўваў давер палачанаў. Па-трэцяе, нельга абыходзіць і той факт, што полацкім паслом быў смаленец. Гэта можа гаварыць і аб мірных адносінах у гэты час (падзея гэтая адбывалася ў 1210 г.) паміж Полацкам і Смаленскам, і аб агульнасці іх гандлёва-эканамічных інтарэсаў, у прыватнасці гандлю па Дзвіне.
Гандлёвая ўмова 1210 г. паміж Рыгай і Полацкам і была ўзаемным кампрамісам. Полацку, які толькі знешне прымірыўся з Ордэнам, што, як мы бачылі, адзначана і ў «Хроніцы», гэта давала магчымасць болып умацавацца, каб пасля з новымі сіламі супрацьстаяць нямецкай агрэсіі. Рызе гэта давала магчымасць заручыцца часовым мірам з Полацкам і перанесці сваю агрэсію з Падзвіння ў Эстонію, на якую і пачалося з гэтага часу ўзмоцненае крыжацкае наступленне. Да гонару Полацка трэба сказаць, што ён не быў саўдзельнікам Ордэна ў гэтай справе ў адрозненне ад Пскова. Пасля пакарэння эстаў, у прыватнасці найбольш іх стойкай вобласці Сакалы, у 1212 г., як можна было чакаць, наступіў круты паварот ва ўзаемаадносінах Рыгі з Полацкам. Полацкі князь, занепакоены гэтым, першы праявіў ініцыятыву ў наладжванні сустрэчы з біскупам у Герцыке. Галоўнымі тэмамі яе паводле «Хронікі» былі: першае — пытанне аб лівах, былых падданых караля (князя полацкага), другое — пытанне аб бяспецы плавання купцоў па Дзвіне і трэцяе — узнаўленне міру з мэтай лягчэй супрацьстаяць летонам.
Біскуп, узяўшы з сабой сваіх людзей і караля Уладзіміра (пскоўскага князя, выгнанага пскоўцамі, які ўцёк у Рыгу да свайго зяця) з братамі рыцарамі і старэйшынамі ліваў і лэтаў, адправіўся на сустрэчу караля. 3 імі ішлі і купцы на сваіх караблях, пры гэтым усе надзелі даспехі, асцерагаючыся засад летонаў па абодвух берагах Дзвіны. Прыйшоўшы да караля, сталі з ім абмяркоўваць, што патрэбна было па справядлівасці. Кароль жа, імкнучыся то ласкай, то суровасцю з пагрозай пераканаць біскупа, прасіў яго ад хрышчэння ліваў адмовіцца і сцвярджаў, што толькі ў яго ўладзе або ахрысціць рабоў яго ліваў, або пакінуць нехрышчонымі, бо каралі русаў, пакараючы зброяй
які-небудзь народ, звычайна клапоцяцца не аб яго хрышчэнні, а аб пакарэнні ў сэнсе выплаты падаткаў і грошай. Але біскуп вырашыў, што больш належыць падпарадкоўвацца богу, чым людзям, больш цару нябеснаму, чым зямному. Таму ён, біскуп, цвёрда заявіў, піто і ад пачатага не адступіць, і справу пропаведзі, даручаную яму вярхоўным святаром (г. зн. папам), не можа занядбаць, але выплаты даніны каралю ён не аспрэчвае, кіруючыся сказаным у евангеллі: «Аддайце кесару кесарава, а богава богу», бо і сам біскуп часамі плаціў за ліваў гэтую даніну, тады як лівы, не жадаючы служыць двум панам, г. зн. Полацку і тэўтонам, заўсёды ўгаворвалі біскупа назусім вызваліць іх ад ярма русаў. Кароль, незадаволены гэтымі довадамі («справядлівымі» паводле «Хронікі»), нарэшце раззлаваўся і, пагражаючы аддаць агню ўсе замкі Лівоніі, а разам і самую Рыгу, загадаў свайму войску выходзіць з замка, а затым, нібы пачынаючы вайну з тэўтонамі, выстраіў на полі ўвесь свой народ са стралкамі і рушыў на рыцараў. Тады ўсе людзі, што былі з каралём Уладзімірам (былым пскоўскім князем), разам з братамі рыцарамі і купцамі ў сваіх даспехах смела выступілі супроць полацкага караля. Калі сышліся адны з другімі, Іаан, настаяцель царквы св. Марыі, і кароль Уладзімір з некаторымі іншымі, прайшоўшы паміж двух войскаў, сталі пераконваць караля полацкага не трывожыць вайной маладую царкву, каб і яго не трывожылі тэўтоны: усе людзі моцныя ў сваім узбраенні і поўныя жадання ўступіць у бой з русамі. Збянтэжаны іх храбрасцю, кароль полацкі загадаў свайму войску адысці, а сам прайшоў да біскупа і гаварыў з ім з павагай, называючы айцом духоўным. Са свайго боку, біскуп прызнаваў яго сваім сынам. Яны заставаліся некаторы час разам, старанна разбіраючы ў перагаворах усё, што датычылася міру. Нарэшце кароль, можа быць, па божаму ўнушэнню прадаставіў біскупу ўсю Лівонію безданінна, каб умацаваўся паміж імі вечны мір як супроць летонаў, так і супроць іншых язычнікаў, а купцам каб быў адчынены заўсёды свабодны шлях па Дзвіне. Пакончыўшы з гэтым, кароль з купцамі і ўсім сваім народам паплыў уверх па Дзвіне, з радасцю(?) вярнуўся ў свой родны Полацк. I біскуп разам са сваімі, радуючыся яшчэ болей, паплыў уніз і вярнуўся ў Лівонію.