Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Аднак знешне мірныя адносіны паміж Ордэнам і Кукеной сам працягваліся зусім нядоўга. Па ўсім відаць, што Вячка, добра разумеючы захопніцкія намеры рыцараў, вырашыў не даваць ім спакою. Паводле «Хронікі Лівоніі», ён асабліва прычыняў шмат непрыемнасцей людзям якогасьці рыцара Данііла. I вось апошні вырашыў адпомсціць Вячку. Аднойчы ноччу ён разам са сваімі людзьмі хутка рушыў да замка Вячкі. Прыйшоўшы на досвітку, рыцары ўбачылі, што людзі ў замку спалі, а вартавыя на вале не былі пільныя. Узышоўшы нечакана на вал, яны захапілі галоўнае ўмацаванне. Тых, што адступілі ў замак, рыцары не пажадалі забіваць як хрысціянаў, але, пагразіўшы ім мячамі, адных звярнулі да ўцёкаў, а другіх узялі ў палон і звязалі. У тым ліку захапілі і звязалі самога Вячку, а ўсю маёмасць, што была ў замку, знеслі ў адно месца і пільна ахоўвалі. Данііл, які тут жа прысутнічаў, вырашыў звярнуцца да біскупа і расказаў яму аб усім, што адбылося. Той, аднак, не адобрыў усяго гэтага, загадаў вярнуць Вячку ў яго замак і аддаць яму яго маёмасць, а затым запрасіў яго да сябе, з пашанай прыняў, падарыў яму коней і шмат пар дарагога адзення і ў час вялікадня ласкава частаваў яго і яго людзей і, суцішыўшы ўсялякую варожасць паміж ім і Даніілам, з радасцю адпусціў яго дамоў. Але адначасова, памятаючы пра тое, што абяцаў Вячку, прымаючы ад яго палавіну замка, біскуп паслаў з ім дваццаць чалавек са зброяй і коньмі, людзей дзейных — рыцараў і балістарыяў, а таксама муляраў, каб умацаваць
замак і абараняць яго ад летонаў. Усе іх выдаткі і патрэбы біскуп прадугледзеў наперад717.
Гэтае месца «Хронікі» таксама патрабуе некаторых тлумачэнняў. Найперш укажам на наяўнасць суперніцтва паміж рыжскім біскупам і Ордэнам, што выявілася і ў адносінах да Вячкі. Біскуп, як бачым, асудзіў дзеянні рыцара Данііла і ўсяляк аблашчыў Вячку. Аднак гэтыя супярэчнасці датычыліся толькі тактыкі, а не ўсёй заваёўніцкай крыжацкай стратэгіі. Калі рыцары дзейнічалі груба, то біскуп ужываў больш гнуткую тактыку, добра разумеючы, што яна можа прынесці больш пажаданыя вынікі ў заваяванні Ніжняга Падзвіння. Менавіта гэта добра разумеў і Вячка, які ніколькі не паддаўся на біскупскую ласку. Вось чаму, як характарызуе гэта па-свойму «Хроніка Лівоніі», Вячка, вярнуўшыся дадому, быў з выгляду вясёлы, але з каварнымі задумамі ў душы. I апошняе цалкам зразумела: ён добра ведаў, што атрад рыцараў, які ішоў разам з ім у Кукенойс нібыта бараніць яго ад летонаў, у сапраўднасці быў пасланы для таго, каб у зручны момант нанесці яму ўдар у спіну. Вось чаму, вярнуўшыся ў Кукенойс, ён, лічачы, што біскуп з пілігрымамі (якія адслужылі ўжо свой гадавы тэрмін і намерваліся вярнуцца ў Тэўтонію) ужо адплыў і што ў Рызе засталося мала народу, вырашыў расправіцца з рыцарамі і іх людзьмі, якія былі ў яго замку. Дачакаўшыся зручнага дня, калі амаль усе тэўтоны пайшлі на сваю работу (яны секлі камень для пабудовы замка, склаўшы наверсе па краі рова мячы і іншае ўзбраенне і не баючыся Вячкі як свайго айца і гаспадара), раптам прыбеглі слугі Вячкі і ўсе яго людзі, схапілі мячы і зброю тэўтонаў і многіх з іх без зброі і даспехаў перабілі. Сёй-той з іх уцёк і, не спыняючыся ні днём, ні ноччу, каб расказаць, што здарылася, дабраўся нарэшце да Рыгі. Забіта было семнаццаць чалавек, а трое выратаваліся ўцёкамі. Трупы забітых, кінуўшы ў Дзвіну, людзі Вячкі паслалі рыжанам, і тыя, дастаўшы з вады гэтыя целы, пахавалі іх.
Пасля ўсяго гэтага Вячка паслаў вялікаму каралю Вальдэмару (полацкаму князю) лепшых тэўтонскіх коней, балісты, панцыры і іншае, а разам з тым прасіў і раіў сабраць войска як мага хутчэй і ісці браць Рыгу, дзе, паведамляў ён, засталося мала народу, пры гэтым лепшыя забіты ім, а іншыя паехалі з біскупам. Пачуўшы пра гэта, Вальдэмар з празмернай даверлівасцю склікае ўсіх сваіх сяброў і людзей свайго каралеўства718. Гэта сведчанне «Хронікі» вельмі паказальнае ў тым, што яно як найлепш засведчыла залежнасць Кукенойса ад Полацка, князю якога Вячка пасылае свае лепшыя трафеі і дапамогі якога ён просіць. Аднак крыжацкія дзеянні апярэдзілі гэтую дапамогу.
Біскуп, затрыманы ў Дынамюндэ адваротным ветрам, даведаўшыся аб тым, што людзі яго ў Кукенойсе перабіты, сабраў усіх пілігрымаў, расказаў ім аб усім, што здарылася, і заклікаў іх мужна стаць на абарону царквы і дапамогу ёй, паабяцаўшы ім адпушчэнне ўсіх грахоў і вечнае жыццё. У адказ на гэта трыста пілігрымаў зноў уздзелі на сябе крыж і парашылі вярнуцца ў Рыгу і стаць сцяной за божы дом. Звыш таго, біскуп пераслаў у Рыгу і многіх нанятых за плату людзей. Усе тэўтоны, рассеяныя ў розных месцах па Лівоніі, разам з іншымі старэйшынамі ліваў сабраліся ў Рыгу на абарону царквы. Калі ў Кукенойсе даведаліся, што тэўтоны і лівы сабраліся ў Рызе, то, баючыся за сябе і свой замак і не адважыўшыся чакаць прыходу рыжанаў, усе яны, абаронцы і жыхары, падзяліўшы між сабой коней і зброю тэўтонаў, падпалілі замак і пабеглі кожны сваёй дарогай. Летгалы і селы, якія жылі там, схаваліся ў цёмныя лясныя гушчары, а кароль Вячка пайшоў у Русію, каб ніколі болып не вяртацца ў сваё каралеўства719.
Даведаўшыся, што замак Кукенойс спалены і русы ўцяклі, рыжане паслалі Мейнарда з іншымі рыцарамі ў пагоню за імі. Некаторых удалося дагнаць, нямала іх знайшлі па лясах і балотах, асабліва летгалаў і селаў, даннікаў караля (Вячкі), аднадумцаў і саўдзельнікаў яго ў здрадзе і забойстве тэўтонаў. Захапілі і некаторых русаў, узялі здабычу і маёмасць іх, а таксама адабралі назад і сёе-тое з тэўтонскай зброі. Усіх, каго знаходзілі з ліку вінаватых у аднадумстве і здрадзе, аддавалі жорсткай смерці і знішчылі здраднікаў у той вобласці720.
Так трагічна закончылася гісторыя Кукенойса — самай заходняй падзвінскай крэпасці Полацка, для якога гэта было выключна цяжкай стратай. 3 гэтага сведчання «Хронікі» мы бачым, як усё цяжэй прыходзілася полацкім удзелам адстойваць свае пазіцыі ў Ніжнім Падзвінні. Ордэну ўдалося перацягнуць на свой бок нават значную частку старшынаў ліваў, якія напачатку былі найболып непрымірымымі ворагамі крыжакоў. Праўда, па-ранейшаму вернымі саюзнікамі палачанаў былі летгалы і селы, якія бачылі ў Кукенойсе сваю непасрэдную апору ў барацьбе супроць крыжацкага нашэсця, за што і жорстка паплаціліся.
Як сведчыць далей «Хроніка», у 1209 г. біскуп, вярнуўшыся з чарговай паездкі ў Тэўтонію з вялікай колькасцю пілігрымаў, напомніў ім аб учынках караля Вячкі, у прыватнасці забойства ім рыцараў, якія былі накіраваны яму ў дапамогу супроць летонаў. Пасля гэтага біскуп Альберт з усімі пілігрымамі і сваім войскам адправіўся ў Кукенойс і, знайшоўшы гару пакінутай, загадаў ачысціць яе ад чарвей
і змеяў і ўмацаваць трывалым валам. Ен пабудаваў там вельмі моцны замак, пакінуў у ім для аховы рыцараў-балістарыяў са сваёй дружынай і, затраціўшы вялікія сродкі, загадаў самым дбайным чынам берагчыся, каб не быць зноў падманутымі якой-небудзь хітрасцю летонаў ці лжывым каварствам русаў. Рыцару Рудольфу ён аддаў палавіну замка, а іншым братам рыцарам — трэцюю частку, пасля чаго біскуп пакінуў іх тут, даўшы ім розныя настаўленні, а сам вярнуўся ў Рыгу721. Так Кукенойс, які быў апорай барацьбы Полацка з Ордэнам, стаў апорай крыжацкай агрэсіі супроць Полацка.
Авалодаўшы Кукенойсам, Ордэн адразу накіраваў свой удар на Герцыке. Перад восенню гэтага ж, 1209 г. біскуп Альберт сабраў на раду разумнейшых са сваіх і ўважліва абмеркаваў з імі, якім чынам пазбавіць маладую царкву ад падкопаў летонаў і русаў. Успомніўшы ўсё зло, прычыненае каралём Герцыке разам з летонамі гораду Рызе, лівам і лэтам, рашылі ісці вайной супроць ворагаў роду Хрыстова, бо кароль Усевалад (Wissewalde) з Герцыке заўсёды быў ворагам хрысціянскага роду, а болей за ўсё латынянаў. Ен быў жанаты на дачцэ аднаго з найбольш магутных летонаў і, будучы як зяць яго для іх амаль сваім, звязаны з імі звыш таго і дружбай, часта ўзначальваў іх войскі, аблягчаў ім пераправу праз Дзвіну і забяспечваў іх харчовымі прыпасамі, ці ішлі яны на Русію (што пад ёю разумець?), Лівонію ці Эстонію... I вось, сабраўшы войска з усіх абласцей Лівоніі і Лэціі, Альберт разам з рыжанамі, пілігрымамі і з усім сваім народам пайшоў уверх па Дзвіне да Кукенойса. Паколькі кароль Герцыке быў заўсёды ворагам для рыжанаў, ваюючы з імі і не жадаючы заключыць мір, біскуп накіраваў сваё войска да яго горада. Русы, здалёку бачачы падыходзячае войска, кінуліся да брамы горада насустрач, але, калі тэўтоны напалі на іх са зброяй у руках і некаторых забілі, тыя не маглі супраціўляцца і пабеглі. Гонячыся за імі, тэўтоны ўварваліся за браму, але з павагі да хрысціянства забівалі толькі нямногіх, болей бралі ў палон ці дазвалялі выратавацца ўцёкамі. Над жанчынамі і дзецьмі, узяўшы горад, злітаваліся і многіх узялі ў палон. Кароль, пераправіўшыся ў лодцы праз Дзвіну, бег з многімі іншымі, але каралева была захоплена і прадстаўлена біскупу з яе дзяўчатамі, жанчынамі і ўсёй маёмасцю. У той дзень усё войска заставалася ў горадзе, збірала па ўсіх яго кутках вялікую здабычу, захапіла адзенне, срэбра і пурпур, шмат скаціны, а з цэркваў — званы, абразы, іншае ўбранне, грошы і шмат дабра. I ўсё гэта павезлі з сабою, хвалячы бога за тое, што так раптоўна даў перамогу над ворагамі і дазволіў без страт
пранікнуць у горад. У наступны дзень, расцягнуўшы ўсё, падрыхтаваліся да вяртання, а горад падпалілі. Убачыўшы пажар з другога боку Дзвіны, Усевалад быў у вялікай тузе і ўсклікнуў са стогнамі і рыданнем: «О Герцыке, мілы горад! О спадчына бацькоў маіх! О нечаканая пагібель майго народа! Гора мне! Навошта я нарадзіўся, каб бачыць пажар майго горада і знішчэнне майго народа!»
Пасля гэтага біскуп і ўсё войска, падзяліўшы паміж сабою здабычу, з каралевай (княгіняй) і ўсімі палоннымі вярнуліся ў сваю вобласць, а каралю было прапанавана прыйсці ў Рыгу, калі ён толькі хоча яшчэ заключыць мір і атрымаць палонных назад. З’явіўшыся, той прасіў дараваць яму, называючы біскупа айцом, а ўсіх латынянаў — братамі па хрысціянству, і прасіў забыць мінулае зло, заключыць з ім мір, вярнуць яму жонку і палонных. Усевалад гаварыў, што агнём і мячом тэўтоны вельмі жорстка пакаралі яго. Біскуп, як і ўсе яго людзі, злітаваўшыся над каралём, прапанаваў яму ўмовы міру ў такіх словах: «Калі згодзішся надалей пазбягаць зносінаў з язычнікамі, не будзеш спрабаваць з імі разбураць нашу царкву, не станеш разам з летонамі спусташаць зямлю тваіх рускіх хрысціянаў (?), калі ты згодзішся прынесці сваё каралеўства ў вечны дар царкве прасвятой Марыі, так каб зноў атрымаць яго ўжо з нашых рук і разам з намі цешыцца сталым мірам і згодай, тады толькі мы аддадзім табе каралеву з усімі палоннымі і заўсёды верна будзем аказваць табе дапамогу (?)».