Старажытная Беларусь Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне Мікола Ермаловіч

Старажытная Беларусь

Полацкі і Новагародскі перыяды. 2-е выданне
Мікола Ермаловіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2001
120.71 МБ
Нельга не заўважыць, што гэтая прымірэнчая палітыка Гердзеня да Рыгі і Ордэна была ў згодзе з аналагічнай палітыкай Войшалка, які нават спадзяваўся на выкарыстанне крыжацкай сілы ў барацьбе з унутранымі ворагамі841. Усё гэта не можа не наводзіць на думку аб пэўным уздзеянні Новагародка на Полацк для прымірэння яго з Ордэнам аж да тэрытарыяльных уступак яму. Але хоць Полацк быў значна аслаблены стратай Ніжняга Падзвіння, заваяванага Ордэнам, і Літвы, заваяванай Новагародкам, тым не менш ён не ішоў проста пад уладу апошняга. Полацкая зямля і без калоній была ўнушальнай сілай, з якой нельга было не лічыцца, тым больш, як гэта бачна з граматы Гердзеня, Полацк выступаў у адзінстве з Віцебскам. Усё гэта, з аднаго боку, добра разумелі Ордэн і Рыга, якія таму абавязваліся адступіцца ад Полацкай зямлі. 3 другога боку, гэта добра разумеў і Войшалк і таму за падначаленне Полацка павінен быў ісці на пэўныя ўступкі яму. Асабліва гэта стала відавочным для яго тады, калі выгнаны ім Даўмонт апынуўся на княскім пасадзе ў Пскове. Аб’яднаныя сілы Пскова і Полацка маглі быць грознай небяспекай для маладой Новагародскай дзяр жавы, і таму для Войшалка стала асабліва важным не толькі не дапусціць саюзу гэтых дзвюх сіл, але і пасеяць паміж імі варожасць. Вось чаму цалкам дапушчальна, што Войшалк, заваяваўшы Нальшчаны, аддаў іх Полацку, тым болей што зямля апошняга межавалася з гэтай вобласцю ў правабярэжжы Зах. Бярэзіны. Гэтай перадачай і можна растлумачыць, чаму ў падробленай грамаце Міндоўга Гердзень выступае як нальшчанскі князь.
Тэрытарыяльная ахвяра Войшалка мела добрыя вынікі для Новагародка. Яна нацкавала Даўмонта, былога ўладара Нальшчанаў, на Гердзеня, і Полацк мусіў прыняць на сябе ўдары Пскова. I сапраўды, як толькі Даўмонт стаў пскоўскім князем у 1266 г., ён адразу ж і выступіў супроць Гердзеня. Праўда, у Наўгародскім і Пскоўскім летапісах гаворыцца аб
паходзе Даўмонта на Літву. Справа ў тым, што ў гэтых крыніцах усе балцка-літоўскія землі выступаюць пад імем Літвы. Так, Даўмонт называецца князем Літвы, хоць ён быў нальшчанскім князем. He выключана таму, што Даўмонт з пскоўцамі рабіў напады на Нальшчаны, якія ўжо належалі Гердзеню, і таму яны выступаюць у гэтых летапісах пад імем Літвы. Трэба таксама ўлічваць, што наўгародскія і пскоўскія летапісы дайшлі да нас у спісах XV стагоддзя і пазнейшага часу, калі паняцце пра Полацк было забыта і ўбіралася ў паняцце Літвы. Вось чаму часамі цяжка адрозніць, дзе ў гэтых крыніцах гаворыцца пра Полацк, а дзе пра Літву. Сапраўды, калі і ішоў Даўмонт на Літву, то найперш ён павінен быў гірайсці праз Полацкую зямлю. Менавіта на апошнюю і быў накіраваны першы паход Даўмонта. Ен выбраў для гэтага зручны момант, калі Гердзеня не было дома (ён, магчыма, знаходзіўся ў Нальшчанах). Выкарыстаўшы гэта, Даўмонт без асаблівых перашкод прыйшоў у Полацкую зямлю, парабаваў яе і нават захапіў у палон жонку Гердзеня і яго двух сыноў. Вярнуўшыся дадому і ўбачыўшы жахлівыя сляды нападу, Гердзень разам з іншымі князямі з 700 ратнікаў пусціўся ў пагоню за Даўмонтам, «хотяіце н рукамн ятн н лютой смертн предатн»842. Гердзень пераправіўся праз Дзвіну, a Даўмонт недалёка адышоў ад яе (усяго на пяць вёрст). А гэта значыць, што пагоня за ім адбывалася па гарачых слядах. Хоць войска Даўмонта было значна меншае (дзве трэці яго з выведзеным палонам Даўмонт адправіў у Пскоў, пакінуўшы сабе 90 воінаў), Гердзень, уступіўшы ў бой з ім, быў поўнасцю разгромлены. Праўда, самому яму з малой дружынай удалося выратавацца, але загінуў князь Гоўтарт (ён у летапісе нават названы вялікім князем літоўскім, хоць такога тытула ў той час не было), пабіта было і шмат іншых князёў, многія патапіліся ў Дзвіне, і частка іх была выкінута ракой на астравы843. Вядома, такі поспех Даўмонта быў у значнай меры вынікам раптоўнага нападу, якога не чакалі палачане, што і прымусіла іх быць больш пільнымі. Гэтым і можна вытлумачыць, што другі ў тым жа 1266 г. напад Даўмонта на Полацк не быў такім удалым. Хутчэй за ўсё ён і зусім не ўдаўся, бо пра вынікі яго ў летаііісе нічога не сказана844, як гэта было ў адносінах да першага паходу. Таму ў наступным годзе Пскоў звярнуўся па дапамогу да Ноўгарада, які ахвотна адгукнуўся на просьбу, бо таксама добра памятаў пра ўсе крыўды, нанесеныя яму Полацкам. Зразумела, што аслаблены Полацк не змог супрацьстаяць аб’яднаным сілам Пскова на чале з Даўмонтам і Ноўгарада на чале з Елферыем, і ён зноў пацярпеў паражэнне. Яго зямля была «много повоевана», прычым у бойцы загінуў і сам Гердзень845.
У літаратуры нават выказвалася думка, што ў выніку гэтага паходу Даўмонтам быў нават заваяваны Полацк84 . Але з гэтым пагадзіцца нельга, гэта ідзе ад летапісаў XVI ст. тыпу «Хронікі Быхаўца», дзе многія падзеі пададзены ў вельмі скажоным выглядзе. Так, у іх сказана, што Даўмонт заваяваў Полацк у выніку барацьбы не з Гердзенем, а з Трайдзенем, чаго ў сапраўднасці не было, як і не было ў апошняга сына Рыманта, які нібыта помсціў за смерць свайго бацькі, забіў Даўмонта і вызваліў Полацк847. Калі б сапраўды Полацк быў заваяваны Даўмонтам, то не было б сэнсу ў тым самым годзе наўгародцам збірацца ў паход на Полацк. Толькі спрэчкі аб тым, куды ісці, што ўзніклі па дарозе, выратавалі Полацк ад новага спусташэння яго зямлі.
Але і ранейшых нападаў было дастаткова, каб знясіліць Полацк. Апроч таго, гібель Гердзеня не магла не ўнесці разладу ва ўнутранае жыццё Полаччыны, якая перажывала цяпер адзін з самых цяжкіх часоў у сваёй гісторыі. Такі зручны момант і выкарыстаў Войшалк для падначалення Полацка Новагародку. На жаль, у крыніцах гэтая падзея не адбілася ў дэталях. У іх выявіўся толькі яе канчатковы вынік. Гэта мы і бачым у грамаце полацкага князя Ізяслава, што, як і Гердзень, выступаў тут адначасова і ад імя віцебскага князя Ізяслава. Ён адразу нагадаў: «А волн есмн божней н Мойшелговн»848 (гэта яўная апіска, бо ў нямецкім тэксце імя Войшалка напісана правільна). Вядома ж, гэта «воля» пакуль што не была ўсеабдымнай. Ва ўсякім выпадку, у знешніх сувязях з Рыгай і Ордэнам (а гэта і складае змест граматы) Ізяслаў выступае тут як самастойны князь. Папаўшы ў цяжкае становішча, пазбаўлены ўсіх сваіх ранейшых уладанняў, Полацк павінен быў шукаць частковы выхад у развіцці знешняга гандлю, што, вядома, магло ў некаторай ступені палепшыць яго эканоміку і не дапусціць яго ізаляцыі ад знешняга свету. Пэўна ж, упамінанне «волн Войшелгове» не было выпадковым. Гэтым Ізяслаў намякаў, што за ім стаіць Новагародская дзяржава, што намнога ўзмацняла аўтарытэтнасць слова Полацка.
Гэтак жа, як і грамата Гердзеня, так і грамата Ізяслава, ды яшчэ больш яскрава, пацвярджала еднасць Полацка і Віцебска: «Полтеск Внтьбеск одно есть» ці «А Мзяслав (віцебскі князь.— М. Е.) co мною одно». Усё гэта зноў такі пераканаўча абвяргае сцверджанне аб выключнай раздробленасці Полацкай зямлі напярэдадні яе ўваходжання ў склад Вялі кага княства Літоўскага. Полацкая зямля не таму ўвайшла ў гэтую дзяржаву, што яе заваявала Літва, як гэта гаварылася раней і гаворыцца дагэтуль, а таму, што ўслед за Ніжнім Падзвіннем яна страціла і Літву, заваяваную Новагародкам,
Здымкі пячатак з дагавору Рыгі з Полацкам 1330 г.
і таму вымушана была прыняць яго «волю». У адрозненне ад Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы, дзе Войшалк вынішчаў шматлікіх ворагаў Новагародскай дзяржавы, Полацкая зямля была не заваявана, а мірна аб’ядналася з Новагародкам. I гэта зразумела. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага найперш было падрыхтавана эканамічным і культурнаэтнічным збліжэннем беларускіх гістарычных абласцей. Аднак іх канчатковае аб’яднанне не магло адбыцца без заваявання размешчаных паміж імі балцка-літоўскіх земляў, феадалы якіх супраціўляліся аб’яднаўчаму працэсу і таму бязлітасна вынішчаліся ці выганяліся.
Злучэнне дзвюх беларускіх земляў адразу дало не толькі вайскова-палітычную, але і этнічную перавагу славянскаму элементу над балцкім. Таму становіцца зразумелым, чаму, як слушна заўважыў М. Багдановіч, у далейшым усё дзяржаўнае жыццё Вялікага княства Літоўскага «адбывалася ў беларускіх нацыянальных формах» . Пры гэтым трэба ўлічваць, што вялікую ролю ва ўтварэнні гэтай дзяржавы мела і яшчэ адна гістарычная вобласць Беларусі — Пінская зямля, якая непасрэдна ўдзельнічала ў заваяванні Літвы.
Далучэнне Полацка з яго шматвяковым самастойным палітычным жыццём і высокаразвітай культурай у далейшым плённа жывіла дзяржаўны вопыт Вялікага княства Літоўскага і мела вырашальнае значэнне для шматбаковага развіцця яго культуры. Як бачым, аб’яднанне Новагародскай
і Полацка-Віцебскай земляў было першаступенным момантам ва ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага. Нездарма ж у летапісах XVI ст., дзе да непазнавальнасці скажаўся працэс утварэння гэтай дзяржавы, вялікае значэнне ўваходжання Полацка ў склад Вялікага княства Літоўскага падкрэслівалася тым, што новагародскі князь пасля гэтага прымаў перш за ўсё тытул вялікага князя полацкага, а пасля ўжо пісаўся і князем новагародскім850. Аб’яднанне Войшалкам Новагародскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння Вялікага княства Літоўскага. У гэтым і заключаецца найважнейшая гістарычная заслуга гэтага князя.
Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойць. Магчыма, каб ажыццявіць гэтую мэту, дзеля чаго патрэбна была новая дапамога галіцкавалынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Цікава падкрэсліць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць княства яму, бо асцерагаўся, што, жанаты з яго сястрой, той будзе мець законныя правы на яго ўладанне. Зараз жа ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць, у выпадку яго смерці і княства не пераходзіла ў спадчыну яго нашчадкам. Але перадача гэтая не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі цяпер у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завнстыо оже бяшеть дал землю Лнтовьскую брату его Шварновн»851. Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, больш праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка і апошні зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перагаворы з Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і быў забіты за гэта852. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Створаная Войшалкам дзяржава працягвала сваё самастойнае жыццё.