Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
Паўзіраўшыся навокал, мужчыны знайшлі месца, дзе юнак выбраўся з вады і ўпершыню ступіў на бераг Выспы Выпрабаванняў. Сляды былі ўжо добра затаптаныя птушкамі і дробным лясным жыхарствам. Буйнейшага ж — тураў, мядзведзяў, ваўкоў і рысяў, якія б маглі пагражаць чалавечаму жыццю, тут не было.
Па слядах вынікала, што Ждан спачатку адразу быў сунуўся ў лес, але потым, бачна, паразважаўшы, вярнуўся да вады і пайшоў аглядаць свае часовыя ўладанні берагам. Такім жа шляхам рушылі і мужчыны.
На вузкім мысе сляды юнака былі асцярожлівыя і нават няўпэўненыя. Пальцы ног глыбока ўціскаліся ў пясок.
Бачна было, што ён тут быў напружаны, кожнае імгненне гатовы кінуцца назад. А хвалявацца тут было з чаго. За нейкія тры пералёты стралы з вады выступала ў чаратовым аблямаванні цёмная ад старых хвой выспачка з закінутымі могілкамі невядомага народу. Ніхто не ведае і не памятае, як і дзе знік той народ з берагоў возера. Спарахнелі буданчыкі нябожчыкаў на выспачцы. Утравелі і ўраслі ў зямлю абмытыя дажджамі косткі, але душы памерлых па-ранейшаму павінны ж недзе кажанамі кружыцца між камлямі хвой — загадкавыя, маўклівыя і пэўна помслівыя, бо ім жа даўно ніхто не прыносіць ахвяры, каб улагодзіць.
— А гэта што такое? — спыніўся раптам шыракатвары і вастрыём дзіды паказаў на пясок,— Ці не зацямніўся хлопцу розум?
Спыніліся і астатнія і ў страху ўбачылі, што на пяску цямнелі і пазнейшыя Жданавы сляды. Яны выходзілі з лесу і былі перад самым краем вады глыбокія, растаптаныя — юнак доўга ўзіраўся ў Выспу Мерцвякоў, а потым сляды вялі ў ваду і там губляліся.
Паспакайнелі мужчыны толькі тады, калі крокаў праз дваццаць прыкмецілі, што з возера зноў выходзіў ланцужок знаёмых слядоў.
— Няўжо ён там быў? — разводзілі рукамі мужчыны.
— Усё можа быць! — узбадзёрыўся Жданаў бацька, радуючыся, што сын жывым і, мусіць, цэлым вярнуўся назад.— A памятаеце, як ён прынёс цэлы ваўчыны вывадак? 3 самага лагва выбраў. Ён у мяне не з баязліўцаў!
Прытулак Ждана знайшлі каля ціхай, зарослай белымі гарлачыкамі затокі на паўднёвым беразе.
— А памятаеце, што і мы, калі пасвячаліся на мужчын, выбіралі гэтую затоку,— заўважыў адзін з шукачоў.— Ды і нашы сыны амаль заўсёды ўладкоўваліся іуг.
Усе згодна заківалі галовамі. А як жа, дзе тут знойдзеш утульнейшую мясціну?
Каля затокі спрэс былі сляды Ждана, знакі ягонай дзейнасці. На каржакаватым дубку ў развілцы сукоў было намошчана галлё са звялым лісцем. Бачна, што юнак першым часам начаваў на дрэве. Але потым, абвыкшыся і пасмялеўшы,
зладзіў сабе будан на зямлі, пад дубком; свой прытулак з галля і трыснягу выслаў сухой травою.
Побач з буданом яшчэ дымілася вогнішча. Тут знайшлі і змайстраваныя прылады для здабывання агню: лук з суканай лубяной цецівою, сухую арэхавую палачку з абсмаленым канцом і шырокую, адшчапаную ад сухастоіны трэску. У трэсцы было некалькі абвугленых ямачак, куды ўстаўлялася палачка, калі «выкручваўся» агонь.
Пад сцяной будана ляжаў запас лубяных валокнаў, з якіх рабілася цеціва для лука і з якіх, магчыма, самотнік спрабаваў зладзіць сабе нейкую апратку. Тут жа, побач з плоскім каменем, было насыпана розных крамянёвых аскабалкаў.
— Шмат напсаваў крэменю,— разглядаючы друз, прамовіў адзін з аглядчыкаў— Для нейкага нажа хапіла б і меней.
— А нічога. Такой бяды! — заступіўся за юнака шыракатвары.— У ягоныя гады і мы з табою былі невялікія майстры.
Затым уважліва агледзелі вугалі вогнішча і траву навокал і вывелі, што Ждан харчаваўся малюскавымі бяззубкамі і смаўжамі, налоўленай нейкім чынам рыбай, пёк карані белай лілеі. У лейкаватай пасудзіне з бяросты яшчэ крыху заставалася натоўчанай з сушаных трысняговых каранёў мукі. Але больш за ўсё здзівіліся мужчыны, калі знайшлі абгрызеныя косткі зайца.
— Няўжо каменем? Ці ў якое сіло загнаў?
Па ўсім было бачна, што Ждан вытрымаў выпрабаванне выдатна. Заставалася толькі паглядзець, як ён умее затойвацца ў гушчары і што выбраў на схованку.
Шукачы расцягнуліся паскам у лясным зарасніку і пачалі паволі прачэсваць выспу, зазіраючы пад кожную вывараць, аглядаючы кусты арэшніку і ядлоўцу. Выспа была нешырокая, і асабліва патаемных куткоў тут было няшмат, да таго ж мужчыны іх усе добра ведалі. Але дзе яны ні шукалі, усюды было пуста — ніякіх адзнак, што там схаваўся юнак. Трапляліся, праўда, ягоныя сляды, але даўнія, не сённяшнія.
— I куды ён зашыўся, не пад зямлю ж? — бурчалі мужчыны, зноў беручыся перашукваць выспу.
I тут яны заўважылі дзядка, якога пакінулі сторажам каля даўбёнкі. Дзядок спяшаўся да іх з надзвычай разгубленым выглядам. За колькі крокаў ад загону ён задыхана выгукнуў:
— Чоўна няма!
— Як няма? — страпянуліся мужчыны.
— Няма! Як пад ваду пайшоў!
— I як гэта здарылася? — пачалі яны распытваць у дзядка, калі прыбеглі на апусцелы бераг.
— Сяджу каля чоўна, чакаю. А вас ўсё няма і няма, ажно нудзіцца пачаў. А тут адно чую — у арэшніку нешта зашастала. Ждан, думаю, затаіўся. Вось тут яго і злаўлю. Я — туды. Палазіў па кустах — нікога. I тут мяне быццам кальнула што — каб якой бяды не здарылася. Выбег з арэшніку, зірнуў на бераг і абамлеў — даўбёнкі як і не было...
Угледзеліся мужчыны ў пясок — каля шырокай умяціны ад чоўна вільгатнелі ўжо знаёмыя да драбніц адбіткі босых Жданавых ступакоў. Гэта ён, паршывец, мабыць, каменьчыкі кідаў у кусты, каб звабіць туды старога, а сам сапхнуў даўбёнку ў ваду і знік з ёю ў трыснягу.
Вось будзе сораму на ўсё наваколле, калі хлопец надумаецца паплысці ў паселішча, пакінуўшы іх на выспе. Смеху і кпін не абярэшся.
— Ждан, не дурніся! Аддай човен! — гукалі мужчыны ў трыснёг.
Той толькі шапацеў сваім вузкім лісцем.
— Так і быць,— пачалі здавацца «экзаменатары»,— ты перамог — мы цябе не здолелі знайсці!
— I праўда, сынку, выплывай. Хопіць жартаў! — гукнуў і бацька.
I тады мацней зашапацеў трыснёг, і з яго высунуўся човен, у якім сядзеў Ждан. На ягоных сцёгнах была плеценая лубяная апаяска, за ёю тырчэў крамянёвы нож. 3 пляча юнака звісала заечая шкурка. I хоць гэта і не было мядзведжае футра, але Ждан усё адно зараз выглядаў сапраўдным паляўнічым.
— Хітры ты, Ждан,— дабрадушна бурчаў шыракатвары, заграбаючы вяслом, калі вярталіся з Выспы Выпрабаванняў,— Але і лупцоўкі табе не шкодзіла б. За непавагу да старэйшых.
А бацька не выцерпеў і запытаўся:
— А на той Выспе Мерцвякоў... як там?
— А я да яе не даплыў. Пад самым берагам страх узяў...
— I правільна зрабіў,— пагадзіліся мужчыны.— Хай з чужымі духамі разбіраюцца святары, а наша з табою справа — на тура ды мядзведзя хадзіць, зямлю ад чужынца бараніць, ячмень сеяць. Ды і ці мала ў нас мужчынскіх заняткаў.
* * *
— Калі не памыляюся, усё гэта этнографы на лацінскай мове называюць ініцыяцыяй — пасвячэннем.
— He, не памыляешся, Іван Пятровіч. I зараз у жыцці юнака ці дзяўчыны ёсць такія рубяжы, калі яны «юрыдычна» становяцца паўнапраўнымі дарослымі — атрымоўваюць пашпарт, могуць жаніцца або выйсці замуж, адказваюць за свае ўчынкі перад законам, пачынаюць працаваць і гэтак далей. Нешта падобнае адбывалася і ў старажытнасці. I гэты пераход у даросласць быў важным этапам і суправаджаўся адпаведнымі дзеяннямі і абрадамі пасвячэння. Пры гэтым пасвячаемага падвяргалі розным выпрабаванням.
Дзівак Вячорка
— Усё забаўляешся драўляшкамі, а твае аднагодкі ўжо даўно на паляванне ходзяць, мяса дадому прыносяць,— упікнула аднойчы маці свайго сына.
Суседзі таксама пакеплівалі, а некаторыя і бурчалі:
— Займее сям’ю, і трэба будзе стаць яе кармільцам ды і бацькам, калі састарэюць, дапамога спатрэбіцца, а ён, як кабета, баіцца парсюка закалоць ці авечку зарэзаць, I ў лесе з лукам яго не ўбачыш.
Крыўдна робіцца Вячорку за такія словы, бо ён не быў баязліўцам. Калі летаіпняй зімою мядзведзь-бадзяга ўламаўся праз загароду ў быдла, хіба не ён, Вячорка, першым з дзідай кінуўся на яго? Але ён не мог падысці з касцяным кінжалам да кабанчыка, якога сам выгадаваў з пацешнай малечы, або з нажом да барана, якога калісьці зімою адаграваў у хаце каля агнішча і цішком ад маці ласаваў кавалачкамі праснака.
Ды папрокі маці падзейнічалі, і Вячорка, уздыхнуўшы, сабраўся на тое паляванне. Пайшоў не з мужчынамі ў загон на лясных коней-тарпанаў, а адзін — на бераг ракі, дзе ведаў зацішны звярыны вадапой.
Выйшаў пад раніцу, калі начныя цені пасвятлелі і сталі лілова-шэрымі, аў буйных кроплях расы ўжо адбівалася злёгку паружавелае неба. Пакручастымі сцежкамі, дзе чалавечымі, a дзе і звярынымі, трапіў на рачны бераг і затаіўся пад касагорам у хмызняку.
Лёгкі ток паветра нёс ад ракі саладкаваты пах цвітучай чаромхі, зараснікі якой, быццам успененыя, бялеліся побач. У кусце ля самай вады пералівіста зацёхкаў салавей. Услухаўшыся ў ягоную песню, хлопец налічыў ажно сем каленаў і ўзрадаваўся — такога майстра чуў упершыню. У бок возера шумна праляцела качыная пара. Высока ў асінніку зацінькалі сініцы. Разам са світанкам прачыналіся лес і ўсё наваколле.
На супрацьлеглым недалёкім беразе пачаўся нейкі рух. 3 хмызняку выткнулася пушыстая мордачка і натапыраныя доўгія вушы. Мордачка паразглядалася ў бакі, павадзіла вушамі, ловячы падазроныя гукі, а затым да вады кароткімі скачкамі прашалэпаў і сам заяц. Звярок напіўся, і толькі паляўнічы пачаў нацягваць цеціву, як шарак, які намачыў свае вусы, стаў слупком і пачаў заўзята выціраць іх лапамі; дакладна, як Вячоркаў дзядзька. Хлопец не ўтрымаўся і ціхенька хіхікнуў, затуляючы рот рукою, але заяц пачуў і вялізным скачком шаснуў у кусты, толькі з-пад лап сыпануў у ваду пясок. Уцякла здабыча, але Вячорка і ўзрадаваўся гэтаму — няхай бегае, няхай жыве касавокі!
Праз нядоўгі час на бераг выйшла натапыраная кабаніха, а за ёю высыпалі паласатыя, як жукі, парасяты, якія віскаталі, тоўхаліся лычыкамі, муцілі ваду і ўзрывалі пясок. I зноў у Вячоркі не паднялася рука выпусціць стралу.
А потым затрашчала галлё, і непадалёку ад паляўнічага ў ваду, узбіваючы пырскі, усунуўся лось і пачаў гучна піць. Ён стаяў якраз бокам да чалавека. Заставалася толькі кінуць дзіду, і яна ўвап’ецца якраз пад лапатку звера, дзе сэрца. Але Вячорка забыўся на дзіду. Як зачараваны, ён глядзеў на
гарбаносую галаву жывёліны, упрыгожаную шырачэзнымі рагамі, быццам растапыранымі пясцямі нейкага велікана, любаваўся дужай постаццю. I міжволі прыйшлі ў рух Вячоркавы пальцы. Яны апісвалі ў паветры выразны профіль лася, абмалёўвалі яго рогі, спіну, доўгія ногі. У гэту ж хвіліну праз лясную прагаліну засвяціла сонца і адлюстравалася ў рацэ. Сляпуча-чырвонае, як начышчаная медная бляха, пляма пераломвалася і рассыпалася на хвалях.