Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
Калі аддыхаліся і страх крыху прайшоў, бо ад вёскі былі ўжо далекавата, старэйшы азёрац запытаў у таго, што быў у хаціне:
— А ты не памыліўся?
— Каб я не пабачыў сваіх бацькоў! У іх былі пачарнелыя твары, усе ў язвах!
— Што ж будзем рабіць? — непакоіўся трэці азёрац.— Чорная смерць падкрадаецца нябачна. Ідзе ад вёскі да вёскі, і няма ад яе ратунку. Дзед расказваў, як калісьці вось так вымерлі ўсе людзі з суседняга роду. Да апошняга чалавека. I ў іншых родах яна шмат каго забрала. Выжыў толькі той, хто адразу ўцёк у пушчу. А далей на поўнач увогуле была апусцела зямля... I як мы зараз вернемся дадому? Яна будзе красціся па нашых слядах і прынясе пагібель і ў нашу вёску. Яна ж ужо на руках у Лася, бо ён заходзіў у хаціну!
Лось здрыгануўся і памярцвелымі вачамі паглядзеў на свае рукі, быццам на іх ужо былі знакі непапраўнай бяды. Астатнія ж азёрцы паціснуліся ўбок ад яго,— ужо асуджанага, аддадзенага Чорнай смерці.
— Я ведаю паратунак,— рашуча прамовіў старэйшы.— Чорная смерць баіцца агню. Яна адступае перад ім. Так казаў наш вядзьмар.
Трэннем двух кавалкаў сухога дрэва азёрцы здабылі агонь і расклалі вогнішча. Затым на пашкоджаных хваёвых камлях назбіралі жывіцы і паклалі яе на полымя. Смала плавілася і з трэскам гарэла, а мужчыны пачалі ўторкваць у гарачую жывіцу канцы стрэл і выпускаць іх па хацінах. Стралялі, слаба нацягваючы цеціву, каб у хуткім палёце не збівалася полымя. Стрэлы паволі апісвалі высокую луку, пакідаючы за сабой дымны след, і ўпіваліся ў чаратовыя стрэхі. Успыхнула адна хаціна. Затым і другая. Хутка занялася агнём і дымам уся вёска. Аднекуль прыбег здзічэлы сабака і па-ваўчынаму завыў, гледзячы на пажар.
Калі агонь увабраўся ў самую моц, з трэскам і гулам пажыраючы чалавечае жытло, Лася пакінула здранцвенне. He развітваючыся, толькі кінуўшы на былых таварышаў затуманены пагляд, ён, хістаючыся, павольна рушыў да агню. Астатнія ж азёрцы зніклі, не азіраючыся, у пушчы.
Вярталіся мужчыны дадому кружным шляхам, заблытваючы сляды. Некалькі разоў на сваім шляху раскладвалі вогнішчы і пераступалі праз агонь. I невядома, што дапамагло, але на гэты раз бяда мінула вёску на далёкім лясным возеры.
* * *
— Тут як медык я магу цябе і дапоўніць. Эпідэміі хвароб ажно да нядаўняга часу былі страшэнным бічом чалавецтва. Напрыклад, у чатырнаццатым стагоддзі ад чумы вымерла амаль палова насельніцтва Еўропы. Хвароба, пачаўшыся на Далёкім Усходе, праз Кітай і Індыю вясной 1347 года трапіла ў Еўропу. У Італіі, напрыклад, з тысячы жыхароў тады выжываў толькі дзясятак. Думаю, што ў бронзавым веку было не лепш.
— Адкуль жа яно магло быць лепш? Лячыліся ж толькі травамі ды замовамі. Можа, толькі эпідэміі не так лютавалі, бо рэдкае было насельніцтва, розныя групы яго мала паміж сабой кантактавалі. Ды і без эпідэмій бяды хапала. Каля пасёлка Краснасельскага на Росі ў адной крэменездабыўнай шахце было знойдзена пахаванне мужчыны. Ці не супляменнік гэта
быў старога Крэма? Па костках вызначылі, што небарака пакутаваў запаленнем зубоў, меў адклады солей у хрыбетніку, а памёр, бачна, ад нейкага захворвання костак. He кажу ўжо, колькі разоў пры жыцці хварэў з прастуды!
Малы гаспадар тарфянікавай вёскі
Старэйшыя разышліся хто куды. Мужчыны пабралі мярэжы і паплылі за выспы — гэткай парой там збіраліся касякі сялявы. Жанчыны пайшлі на затоку па спелыя вадзяныя арэхі. Падлеткі таксама былі занятыя — хто пасвіў жывёлу на прыазёрнай лугавіне, хто дапамагаў старэйшым, а некаторыя падаліся ў грыбы. Веташок таксама з ахвотаю пайшоў бы ў лес — ён ужо нагледзеў добрую баравіковую мясціну, але бацькі не пусцілі, сказалі: «Будзь з малымі, пільнуй селішча». I яшчэ розных абавязкаў надавалі, а самі пайшлі.
Веташок пакрыўдзіўся і з самай раніцы сядзеў у хаціне, стругаў крамянёвым ножыкам палачку і наракаў на свой нешчаслівы лёс. Было ціха і нудна навокал, ажно пакуль не трапіла ў павуцінне муха і не пачала басавіта гудзець. Хлопец схапіў галінку і пачаў шастаць у цёмным куце; муха змоўкла. Але яна хутка зноў абрыдліва заныла, і тады Веташок выйшаў на вуліцу. I ў пару: з-за суседняй хаціны выбег крываногі і замурзаны малы і закрычаў:
— Паласяты ўцякаюць!
Нудна-санлівы настрой як рукою зняло. Веташок кінуўся за малым і ўбачыў, што віславухі парсючок ужо весела рыў лычам дзірван за загарадай, а пад зламаную жэрдку ціснуўся на волю ягоны брат. Астатнія таксама, рохкаючы, мітусіліся побач, шукаючы выйсця са свайго зняволення.
Веташок спехам паправіў жэрдку, улупіў дубцом парасятам, каб супакоіліся, і кінуўся да віславухага, растапырыўшы рукі. Малыя, а іх у вёсачцы было з паўдзясятка, узяліся дапамагаць Веташку. Парсючок жа падумаў, што пачынаецца вясёлая забава, і з падскокам паімчаў паміж хацін. Шум і вэрхал распачаўся навакол — крычалі і смяяліся дзеці, віскаталі парасяты, брахаў і рваўся з прывязі сабака. I ніяк таго віславухага
не ўдавалася злавіць, бо нават, калі яго хапалі за вушы, ён вырываўся з дзіцячых рук.
I тады хлопец даўмеўся, што рабіць. Ен прынёс з бацькоўскай хаціны старую, але яшчэ моцную сетку. Яе расцягнулі паміж будынкамі і загналі ў пастку свавольніка.
Усадзіўшы ўцекача ў загараду, Веташок загадаў дзецям назбіраць парасятам травы. Гэтыя ловы парсючка, які мог збегчы ў лес проста ў зубы ваўку ці рысі,— што б тады ён вечарам сказаў старэйшым,— абудзілі ў хлопца пачуццё адказнасці. Зараз ён адчуваў сябе чалавекам, які павінен клапаціцца і пра малых, і пра парсючкоў у загарадзе, і пра сабаку.
Веташок прайшоўся берагам каля вёсачкі, выцягнуў з вады суседскага хлопчыка, што яшчэ слаба хадзіў, а ў возера вось папоўз ужо, шлёпнуў яго за гэта пару разоў ніжэй спіны. Затым наказаў дзецям, каб не адыходзіліся ў лес, бо там можна заблудзіцца. Навёўшы парадак на дварах і вулачцы, зазірнуў у адну хаціну, другую — што дзеецца там. У трэцяй, апошняй, якая стаяла пад лесам, учуў пах дыму.
Дымам пахла ў кожнай закуранай хаціне, да таго ж у агнішчах у тоўстых пластах попелу захоўваліся гарачыя вугалі, якія, каб распаліць агонь, выграбалі з глыбіні і раздзьмухвалі. Але тут пахла моцна і асабліва — гарэлым торфам.
Прыгледзеўся — з агнішча клубочкамі выкочваўся рудаваты сыры дымок. Старым дрэўкам ад дзіды хлопец паварушыў у попеле, і яно нечакана лёгка пайшло ўглыб. Адтуль вылецелі іскры, і дыму адразу паболела.
Веташок жахнуўся — агнішча прагарэла, і агнём узяўся торф, на якім і было збудавана іхняе паселішча! Тарфяны пажар страшней за лясны. Лясны праносіцца, як віхура, але хутка і абтухае. Торф жа будзе тлець і гарэць ажно да позніх восеньскіх дажджоў, да зімы. Выгарае ён у глыбіні, і тады ў вогненныя ямы правальваюцца людзі, жывёла, абсоўваюцца хаціны.
Ад страху ажно ворах прайшоў па спіне хлопца, і ён, ухапіўшы гліняны гаршчок, які трапіўся пад руку, пабег да возера, але хутка зразумеў, што адзін ён тут нічога не парадзіць. Тады сабраў дзяцей, даў кожнаму ў рукі, каму — глінянае, каму — берасцяное начынне і загадаў насіць ваду. Сам жа стаў каля агнішча, не падпускаючы малых блізка да пажару,
пераймаў напоўненыя пасудзіны і ліў ваду ў дымны правал. У прагарыне шыпела. Адтуль уздымаліся клубы дыму і пары. Спачатку не было і знаку ад тушэння. Але паступова дыму стала менець, і, нарэшце, пад самае паўдня, калі дзеці ўжо выбіліся з сіл, выгарына напоўнілася вадою, і агнішча стала выглядаць, як брудная лужына.
Пасля абеду вярнуліся жанчыны, прынеслі поўныя торбы вадзяных арэхаў. I засталі яны някормленых парасят, якія ажно разрываліся ад віскату, і страшэнна выбруджаных і мокрых дзяцей. Кінуліся былі жанчыны лаяць Веташка, але, даведаўшыся, што адбылося ў вёсачцы, толькі ўзмахнулі рукамі і сталі цалаваць хлопца: «Ну і малайчына, Веташок!»
Назаўтра мужчыны вычарпалі з выгарыны чорную, змешаную з попелам і торфам жыжку, прынеслі з недалёкага ўзгорка зямлі і засыпалі яму. Потым надралі са старых ялін кары, намасцілі яе, зверху насыпалі тоўсты пласт пяску, каб агонь зноў не дабраўся да торфу. Так было зроблена новае агнішча. А ўжо жанчыны паклалі на агнішча сухіх дроў, у арнаментаванай магічнымі знакамі адмысловай пасудзіне прынеслі ад суседзяў жару і пад рытуальныя спевы і заклінанні адрадзілі, вярнулі да жыцця агонь. I наварылі вялізны, які толькі меўся, гаршчок толькі што злоўленай сялявы, і першаму рыбы паклалі Веташку.
3 таго часу, калі дарослыя надоўга пакідалі паселішча, амаль заўсёды даручалі сачыць за парадкам Веташку. I ён болып не аднекваўся. Калі чоўны адплывалі далёка на возера, хлопец паважна абыходзіў вёсачку, аглядаў кожны закутак і абавязкова зазіраў у хаціны, супыняўся каля агнішчаў і прынюхваўся — ці не пахне паленым торфам.
* * *
— Mary сказаць,— не ўцерпеў я пахваліцца, калі Іван Пятровіч скончыў чытанне,— што менавіта такое агнішча з пясчанай падсыпкай і вымасткай з пластоў кары мне давялося раскопваць са сваімі памочнікамі-школьнікамі на адной тарфянікавай стаянцы каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна. Спачатку нават не мог зразумець, што гэта за такое
мноства кары, ажно пакуль не натрапіў на попел і вугалі. Каля агнішча ляжалі раздушаныя вялізныя гаршкі. Іх удалося склеіць. Дык вось, у адным гаршку былі рэшткі жалудоў, у другім — падсмажаныя вадзяныя арэхі. Непадалёку ляжаў плоскі камень з гладкім канавападобным паглыбленнем. На ім паліравалі і вастрылі каменныя, а можа, і бронзавыя прылады. Калі прадоўжылі раскопкі ў бакі, выявілі кавалкі нахільных жэрдак, што ўтваралі каркас двухсхілай страхі. 3 гэтага мы і заключылі, што трапілі якраз на рэшткі хаціны. He кажу ўжо, колькі ў ёй знайшлі рознага дабра — крамянёвыя і касцяныя наканечнікі стрэлаў і дзідаў, нажы і кінжалы, сякеры і долаты, гарпуны і рыбалоўныя кручкі. Трапіліся гліняныя грузілы да сетак, берасцяныя паплаўкі, касцяныя лыжкі, драўляныя палонікі і мноства іншых рэчаў. На гэтай жа стаянцы мы знайшлі ўпрыгожанні з зубоў і прывазнога балтыйскага бурштыну, а таксама творы першабытнага мастацтва, пра што я ўжо крыху раней казаў — статуэткі людзей, птушак, жывёл і змей. I наогул выявіць старажытную стаянку пад торфам — велізарная ўдача для археолага, бо ў бедным кіслародам асяроддзі захоўваюцца рэчы з арганічных матэрыялаў — дрэва, кары, костак, рога, нават з травы. А на звычайных стаянках, размешчаных на пясчанай паверхні, могуць уцалець толькі вырабы з каменю і гліны.