• Часопісы
  • Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі  Міхась Чарняўскі

    Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 143с.
    Мінск 2016
    38.52 МБ
    Раніцай пасвятлела, але сонца так і не змагло прабіцца праз суцэльны пласт дыму, які нізка слаўся над возерам. Рэзка пахла папялішчам, далятаў смурод паленага мяса. Калі зусім развіднела, людзі ўбачылі, што ў вадзе побач з імі ратаваліся алені і ласі, мядзведзі і ваўкі. Па самыя пысы забраліся ў ваду туры. I ніхто не чапаў адзін другога. Усе забыліся пра іклы, кіпцюры, лукі са стрэламі. Бяда агаломшыла ўсё жывое, прымірыла на нейкі час драпежніка і палахлівую казулю, паляўнічага і яго штодзённую здабычу.
    Людзі, паволі прыходзячы ў сябе, ачуньвалі, выбіраліся на бераг. Тушылі бліжэйшыя вывараці, корпаліся на папялішчах. Драпежнікі ўжо апасліва адышліся далей ад людзей і ўзяліся снедаць каля абпаленых трупаў жывёл. Тыя, хто не мог харчавацца мясам, разграбалі выгарыны, выпіукваючы ацалелыя касмыкі травы.
    А пушча ўсё гарэла. Пажар заняў наваколле ажно да далягляду. Гарэла ўся зямля ад краю да краю. I ніхто, мусіць, не спадзяваўся, што некалі гэта скончыцца, што зноў заяснее неба і зазелянее счарнелая зямля.
    Перад абедам яшчэ больш пацямнела і паніжэла неба, навісла калматым кажухом над абпаленай зямлёй. Сцішыліся людзі, і сціснуліся ў трывозе іхнія сэрцы. Што гэта яшчэ за навала рыхтуецца? А потым цяжкі грукат пракаціўся над галовамі, быццам кацілі камяні нейкія веліканы, і першая маланка, як вогненная галіна, успыхнула на небе. Потым бліснула і аглушальна загрукатала ўжо за возерам і грымнула
    навальніца з перунамі, і лінула так, быццам уверсе штосьці развязалася, парвалася. Шыпелі і тухлі абгарэлыя пні, чорныя ручаі пабеглі ў возера.
    Цяпер ужо людзі смяяліся і крычалі ад радасці, ловячы ў шырока адкрытыя раты дажджавыя струмені — навальніца патушыць гэты сусветны пажар!
    А праз колькі дзён, калі мужчыны хадзілі да балота, каб насекчы жэрдак для новых хацін, якраз там, дзе быў ударыў у зямлю пярун, яны знайшлі каменную сякеру. Дзіўную яна мела форму — як імклівы човен з узнятым вострым носам. I адтуліна для рукаяткі была вельмі ж адмысловая.
    Як сюды трапіла сякера, хто яе згубіў? Можа, тыя конныя ваяўнікі, што калісьці даўным-даўно прамкнуліся гэтымі мясцінамі? Можа быць. Але зараз людзі былі перакананыя, што нездарма сякера знайшлася менавіта там, куды трапіла вогненная перунова страла.
    — Сякера Перуна! — сказалі старыя.
    — Сякера Перуна! — паказвалі тубыльцы знаходку блізкім і далёкім суседзям.
    Праз шмат гадоў расказвала Палавейка ўнукам і праўнукам:
    «Аднойчы цёмнай ноччу прыляцеў Цмок і ўпаў у лес за ўзгоркамі. А было ў яго сем галоў, і ў кожнай з пашчы выскоквалі вогненныя языкі-змеі. Да чаго ён языком ні дакранаецца — адразу згарыць. 3 рэвам і грукатам нёсся па нашай зямлі Цмок, хочучы спаліць усё жывое, знішчыць нашу пушчу, звяроў і людзей.
    Пачуў пра такую навалу Пярун і прыімчаў па небе на даўгагрывым кані, і капыты ягонага каня высякалі з воблакаў іскры, і грукат стаяў навокал.
    Схапіліся Пярун з Цмокам у смяротным двубоі. Кінуў Пярун вострую сякеру і адсек пачвары першую галаву. Але астатнія жывуць, кусаюцца. Кінуў Пярун яшчэ сякеру, адсек другую галаву. I так сем разоў. Застаўся Цмок зусім без галоў і здох. Ды жывымі яшчэ былі вогненныя языкі-змеі, што павыскоквалі з адсечаных галоў. Пладзіліся яны мноствам і разбягаліся ўсё шырэй па лесе. I не было ад іх паратунку, бо засячэ адну Пярун, а на яе месца некалькі новых звіваецца. Тады паклікаў Пярун навальніцу. Лінуў дождж і затапіў цмокавых дзяцей. I абціх на зямлі пажар».
    * * *
    — Гэта і ёсць тыя старажытныя карані фальклору, як разумею, вытокі сюжэта двубою Перуна і Цмока.
    — Які бытуе, дарэчы, у самых розных народаў. Для першабытнага чалавека лясныя пажары паўсюдна былі найвялікшым стыхійным бедствам. У беларускім фальклоры можна знайсці і іншыя сюжэты, якія дайшлі да нашага часу ажно з бронзавага, a то і каменнага веку. Есць, напрыклад, паданне аб асілках, якія жылі толькі з дзічыны ды рыбы, апраналіся ў звярыныя шкуры, а на паляванне хадзілі з каменнем. У іншых паданнях старажытныя асілкі перакідваліся каменнымі сякерамі. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што ў казках пра звера Цуду-юду захавалася памяць пра маманта. А ён жа знік з тэрыторыі Беларусі больш як дзесяць тысячагоддзяў назад!
    Вогнепаклоннікі
    Ніхто дакладна не ведаў, адкуль быў родам гэты высокі стары з загарэлым гварам і барадою, сівою і пакручастаю, як пена на віры. Хадзіў ён ад паселішча да паселішча, абапіраючыся на ядлоўцавы кій, пабліскваючы меднай бляхаю на грудзях з выяваю крукаватага крыжа.
    Казалі, што яшчэ ў маладосці гэты чалавек трапіў быў у палон да паўднёвых людзей, якія прадалі яго ў рабства. Шмат гадоў лёс кідаў яго па свеце. Нацярпеўся рознага, але, будучы ад роду цікаўным і кемлівым, шмат чаго пабачыў і многаму навучыўся.
    Вярнуўся ён у гэтыя мясціны ўжо ў сталым веку. Прыплыў ажно з-пад паўднёвага мора разам з цёмнавалосымі кучаравымі людзьмі на вялізным чоўне пад ветразем. Вёрткія прыморнікі абмянялі медзь, бронзу і шкляныя пацеркі на звярыныя шкуры, мёд і воск і вярнуліся да сваіх цёплых берагоў. Стары ж застаўся. Ён пачаў хадзіць па тутэйшым краі і навучаць людзей пакланенню сонечнаму свяцілу. Вечарамі распальваў вогнішча, збіраў вакол сябе гурт і гаварыў, размахваючы рукамі. Яго ўтрапёныя вочы быццам пранізвалі людзей, і дзівосныя
    словы глыбока западалі ў сэрцы. А калі сонца адбівалася ад увагнутай меднай бляхі і асляпляла прысутных, усім здавалася, што гэта пасланнік самога Сонца з’явіўся перад імі. I за ўсё гэта клікалі старога Вешчуном.
    — Вы сееце збажыну і гадуеце быдла, але як дзікуныпаляўнічыя, што блукаюць па глухіх пушчах, па-ранейшаму пакланяецеся Месяцу — уладару цёмных начных сіл, якога лічыце вярхоўным боствам,— гаварыў Вяшчун.— Але ж хіба не Сонца прыносіць цяпло на зямлю і растапляе снягі і лёд? Хіба не з ім прыходзіць вясна і наступае час сяўбы? I хіба не сонечныя промні спеляць зерне ў каласах? Хіба не Нябеснае Свяціла дае жыццё ўсяму існаму на зямлі?
    — Сонца — вярхоўнае боства,— навучаў далей стары.— Месяц жа — цемра і ноч, і свеціць ён, толькі адбіваючы сонечнае святло. Падстаўце далоні Сонцу і адчуеце цяпло. А хіба ж дае цяпло Месяц? Хіба не холадам і золкім туманам ахутвае ён зямлю? I хіба не Сонца разганяе туман уранку і прасвятляе над намі неба?
    Агонь у вогнішчы і на паходні — гэта часцінкі Сонца, што апусцілася да людзей. Калі мы спальваем лес і на выгарыны кідаем зерне, то ячмень хутка расце, высокі і каласісты. Гэта агонь зрабіў такой урадлівай зямлю. I гэты агонь нараджаецца ад трэння скрыжаваных палачак. Таму скрыжаваныя палачкі, крыж — сімвал вечнага Сонца!
    Слухалі людзі Вешчуна, дзівіліся, ківалі галовамі. Некаторыя ж пляваліся, адварочваліся і ішлі прэч. Ды ўсё болып было такіх, што пачыналі пакланяцца Сонцу, паліць летняй самай кароткаю ноччу рытуальныя вогнішчы, спальваць нябожчыкаў і насыпаць над імі земляныя капцы. Таму вылюдняліся бажніцы, прысвечаныя Месяцу, усё менш да іх прыносілі ахвяраў. I адпаведна ўсё менш перападала святарам — прыслужнікам каля бажніц — мяса і хлеба, вопраткі і ўпрыгожанняў.
    Аднойчы ў канцы лета Вяшчун з некалькімі вучнямі падаўся на землі, што былі на далёкіх паўночных прытоках. Прыйшлі яны туды і прыпыніліся на высокім прыбярэжным мысе. Зладзілі цёплы будан, каб перабыць у ім зіму, расклалі вогнішча і пачалі залучаць мясцовых жыхароў да
    вогнепаклонніцтва. Але на гэтых глухіх ваколіцах, сярод векавечных пушчаў, дзе былі неўрадлівыя пясчаныя глебы, людзі жылі амаль выключна з палявання і рыбацтва. Зерня тут сеялі мала, і жывёл амаль не разводзілі. Таму новае вучэнне з цяжкасцю пускала карані. Тубыльцы па-ранейшаму пакланяліся Месяцу, выявам Вялікага Лася і Маці-качкі, нябожчыкаў загортвалі ў бяросту і хавалі ў дуплах старых дрэў. Ды ўсё ж паціху-памалу большаў гурт слухачоў каля вогнішча на мысе. Але ўсё гэта дужа не даспадобы было тутэйшым святарам ды і старэйшыны скоса пазіралі на находніка, што муціў у галовах іхніх супляменнікаў.
    I аднойчы на рачны мыс уварваўся натоўп узброеных мужчын.
    — Смерць чужаку, які вучыць нішчыць агнём целы нашых памерлых бацькоў і дзядоў! — крычалі святары-падбухторшчыкі.
    — Смерць яму! — роў натоўп,— I гэтым, што каля яго!
    — Паслухайце, людзі...— узняў рукі Вяшчун.
    — Няма чаго нам цябе слухаць! — перапыніў старога каржакаваты здаравяк з ваўчынай шкураю за плячыма.— Калі твае багі такія вялікія, то пакажы іхнюю моц. Інакш — рыхтуйся сустрэцца з імі! — I ён патрос сякерай.
    — Вучні мае,— загадаў Вяшчун,— нясіце сюды больш сухой травы і галля.
    У насцярожаным маўчанні натоўпу Вяшчун падышоў да нарыхтаванага вогнішча і павярнуўся так, каб сонечнае святло ад нагруднай бляхі, сабранае ў вузкі пякучы прамень, трапіла на сушняк. Доўга стаяў так, не кранаючыся, і ягоныя ворагі ўжо пачалі былі траціць цярпенне. Але вось ад сонечнай плямкі на траве выплыў абвуглены абадок, задыміўся, і нарэшце ўспыхнуў агонь. Гул здзіўлення праляцеў над мужчынамі.
    — Гэта толькі чараўніцтва! He верце яму, людзі! — не здаваліся святары.
    — Нясіце голле на вогнішча. Ды пабольш! — зноў загадаў Вяшчун.
    Нарэшце полымя зашугала гарачынёй і выбухнула вышэй чалавечага росту. Тады Вяшчун узняў рукі да Сонца, нешта пашаптаў і ступіў на вогнішча.
    Крык жаху і ўтрапення скалануў прысутных. Людзі адхлынулі, многія ўпалі ніцма на зямлю. Рэіпта ж са святарамі кінуліся наўцёкі.
    Калі дагарэла вогнішча, вучні Вешчуна насыпалі над ім высокі капец.
    Вестка пра такое нечуванае здарэнне разышлася па блізкіх і далёкіх наваколлях. Уражаныя тубыльцы паступова таксама пачалі пакланяцца агню.
    Яс *
    — Нешта ў цябе тут цьмяна і скорагаворкай. Так і ў сне бачылася?
    — Ну, не зусім так. Тое-сёе дабавіў. Пачатак бронзавага веку быў звязаны з радыкальнымі зменамі ў светапоглядзе першабытнага чалавека. У тым ліку і ў рэлігійных вераваннях, якімі былі прасякнуты самыя розныя бакі тагачаснага жыцця. Справа ў тым, што земляроб бронзавага веку інакш успрымаў і тлумачыў свет, чым неалітычны паляўнічы. Для земляробства важныя змены пораў года, рух нябесных свяціл, па якіх ён вызначаў набліжэнне гэтых змен, важнае сонечнае цяпло, плодная моц зямлі. Старажытнага сейбіта займала таямніца нараджэння расліны з зярняці, чаму спрыялі і дождж, і сонца. Канешне, змены ў духоўным жыцці адбываліся не раптоўна, а паступова. Старое не здавала лёгка свае пазіцыі, працягвала існаваць нейкімі элементамі і ў новую эпоху. Гэта таму, што ранейшыя заняткі, звязаныя з лесам, возерам, працяглы час усё яшчэ мелі важнае значэнне ў забеспячэнні чалавека прадуктамі харчавання.